• лiтaрa.net | няшчырасьць |
Трэйцяе Вялікае Адраджэньне
Маnn Kurt, 20 лютага 2003

Адно толькі слова сказаў, і тады яны адкрылі вочы.




Ува ўсіх народаў, культур і рэлігій 3 (тры) заўжды было лікам сакральным. Тры іпастасі, тры галіны ўлады, тры сэктары грамадства, тры крыніцы і складовыя часткі, тры багатыры, саабразім на траіх. Trinity rules. Паводле гэнай лёгікі, Адраджэньняў мусіць быць таксама тры. Прынамсі, нашых свойскіх, самых дарагіх. Пра два першыя мне ўжо даводзілася пісаць, а вось трэйцяе ‘шчэ чакае свайго праўдзівага летапісца. Распачну мо я сваёй сціплай ратай. Распачну з казкі:

Было ў тундры шмат сляпых. Але вось прыехаў нечакана ТАНЬГА (рускі). Сабраў ён сляпых і сказаў слова. Адно толькі слова сказаў, і тады яны адкрылі вочы. ЛЕНІН – было гэтае слова !

Чыя гэта казка, дзеткі мае шчырыя ? Alles richtig, чукоцкая. Тых самых чукчаў, пра якіх расейскія вялікадзяржаўныя шавіністы столькі крыўдных ды ганебных анекдотаў павыдумлялі. А казка, між іншым, аўтэнтычная, шчырымі этнакультуролягамі Поўначы сумленна зафіксаваная і ў архіве тамтэйшага інстытута Вечна Глыбокага Фальклёру ў адмысловай капсуле захаваная.

Пры чым тут мы, запытаешся, чытачу ? Няма ж бо больш далёкага ад нас адзінарускага краю, як Чукотка ? Яна ж напалову ўжо ў Заходнім паўшар’і ! Але ўсё адно, блізкае замежжа… А рэч у тым, што згаданы ў казцы “таньга” – (бела)рускі – наш славуты зямляк ! Міхаіл Сяргеевіч Мандрыкаў з Горак (дзе с.г. акадэмія). Перад Акадэміяй на’т бюст ягоны стаіць: ганарыцеся, землякі, народ… такі ! Балтыйскі матрос, бальшавік, усталёўваў у Чукоцкай Тундры Савецкую Ўладу і адчыняў вочы сляпым, як мог (Попера тады ‘шчэ не было).

Класік чукоцкай нацыянальна-адроджанай літаратуры Ю. Рытхэў (ціпа чукоцкага Айтматава) напісаў пра М.С. Мандрыкава нацыянальны раман-эпапею: “Канец вечнай мерзлаты”. Такая во гісторыя з афтальмалёгіяй.

А хто сумняваецца ў нашай глыбіннай повязі, мусіць прыгадаць і нашу гітовую казку – Ленінская праўда. Пераканаліся ? Прыклад двух вялікіх Нацыянальных Культур, Беларускай і Чукоцкай, паказвае, што сапраўднае Нацыянальна-Культурнае Адраджэньне магчымае толькі на цвёрдым этнакультуралягічным грунце.

Нездарма пісаў адзін наш клясык: Доўгімі вякамі нашая нацыянальная культура зьзяла ўсімі колерамі сваёй красы, як іскры яе блеску сыпаліся далёка на чужыя нівы, буйна там узышлі і закаласілі…

Як каму, а мне бясконца дарагая гэная повязь, узмацнёная ў брэжнеўскія гады шчырымі дружбакамі з ЛіМаўскае сям’іскі. Як меў бы талент, нізку вершаў бы пра нашае пабрацімства напісаў. Але і прозай маёй не пагрэбуй, чаноўны чытачу.


Як аленя ? Як цюленя ? Як маржа ? Не, як бульба, як парсюкі.


© лiтaрa.net, пры перадруку не забудзьцеся паставiць на нас спасылку