| Вiтаю, дружа! |
| увайсьцi | зарэгiстравацца |
| Мая альфа і амэга Інаўгурацыйная прамова пад час атрыманьня літаратурнай прэміі "Гліняны Вялес". У маім жыцьці ўжо здараліся літаратурныя прэміі, але сёньня я перажываю нязвыклае хваляваньне, бо ўпершыню атрымліваю ўзнагароду ў маім родным Полацку, за што шчыра ўдзячны ТВЛ. Муза Кліо, якая так утульна пачуваецца ў гэтых сьценах, выхавала ў мяне схільнасьць да лапідарнасьці, і менавіта ў такім стылі будзе вытрыманая мая прамова. Я ведаю: што б ні здарылася, у мяне ёсьць Радзіма. Яе імя – Беларуская Мова. Раскіданыя па розных краінах і кантынэнтах выспы і абтокі, дзе гавораць і пішуць на ёй, дзе на ёй мрояць і сьняць сны, дзе па-беларуску маўчаць нябожчыкі і яшчэ ненароджаныя немаўляты, - гэтыя выспы і абтокі ўтвараюць Архіпэлаг Беларусь, зацятае існаваньне якога (не ўважаючы на рызыкоўную алюзію ў назьве) дае нам спадзеў на гістарычную пэрспэктыву. У каардынатах майго жыцьця найзначнейшаю выспаю гэтага мэтафарычна азначанага Валянцінам Акудовічам архіпэлягу ёсьць Полацак. І рэч нават ня ў тым, што тут пачатак нашае дзяржаўнасьці і нашае мэнтальнасьці. У Полацку пасьля глухіх гадоў расейскамоўнае нематы былі прамоўленыя і напісаныя першыя беларускія словы. У Полацку я навучыўся беларускаму сьветабачаньню, сьветаразуменьню і сьветаўяўленьню. Тут альфа й амэга майго зямнога падарожжа. Калі Лютэра спыталі, што ён будзе рабіць, даведаўшыся, што заўтрашні дзень у ягоным жыцьці – апошні, ён адказаў: буду садзіць яблыні. Калі пра апошні дзень спытаюцца ў мяне, я адкажу, што прыеду ў Полацак, на радзіму маёй душы, маёй веры і майго стаіцызму. Dixi. |
| |||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
|