лiтaрa.net | тэорыя |
Мая альфа і амэга
Уладзімер Арлоў, 12 сакавiка 1999
Інаўгурацыйная прамова пад час атрыманьня літаратурнай прэміі "Гліняны Вялес [http://litara.net/doc/vieles]".
У маім жыцьці ўжо здараліся літаратурныя прэміі, але сёньня я перажываю нязвыклае хваляваньне, бо ўпершыню атрымліваю ўзнагароду ў маім родным Полацку, за што шчыра ўдзячны ТВЛ.
Муза Кліо, якая так утульна пачуваецца ў гэтых сьценах, выхавала ў мяне схільнасьць да лапідарнасьці, і менавіта ў такім стылі будзе вытрыманая мая прамова.
Я ведаю: што б ні здарылася, у мяне ёсьць Радзіма.
Яе імя – Беларуская Мова.
Раскіданыя па розных краінах і кантынэнтах выспы і абтокі, дзе гавораць і пішуць на ёй, дзе на ёй мрояць і сьняць сны, дзе па-беларуску маўчаць нябожчыкі і яшчэ ненароджаныя немаўляты, - гэтыя выспы і абтокі ўтвараюць Архіпэлаг Беларусь, зацятае існаваньне якога (не ўважаючы на рызыкоўную алюзію ў назьве) дае нам спадзеў на гістарычную пэрспэктыву.
У каардынатах майго жыцьця найзначнейшаю выспаю гэтага мэтафарычна азначанага Валянцінам Акудовічам архіпэлягу ёсьць Полацак.
І рэч нават ня ў тым, што тут пачатак нашае дзяржаўнасьці і нашае мэнтальнасьці.
У Полацку пасьля глухіх гадоў расейскамоўнае нематы былі прамоўленыя і напісаныя першыя беларускія словы.
У Полацку я навучыўся беларускаму сьветабачаньню, сьветаразуменьню і сьветаўяўленьню.
Тут альфа й амэга майго зямнога падарожжа.
Калі Лютэра спыталі, што ён будзе рабіць, даведаўшыся, што заўтрашні дзень у ягоным жыцьці – апошні, ён адказаў: буду садзіць яблыні.
Калі пра апошні дзень спытаюцца ў мяне, я адкажу, што прыеду ў Полацак, на радзіму маёй душы, маёй веры і майго стаіцызму.
Dixi.
© лiтaрa.net, пры перадруку не забудзьцеся паставiць на нас спасылку