| Вiтаю, дружа! |
| увайсьцi | зарэгiстравацца |
| Сэксуальны Алфавiт Аповесць у навелах Пісаніна і я Не пішы! Ты толькі пра гэта не пішы! Вой, я не скажу, а то напішаш!.. І ўсё такое, падобнае. Нібыта ад таго, што нешта напішу, тое нешта можа змяніцца. Дзіўна, але яшчэ засталіся людзі, якія вераць у моц напісанага і надрукаванага слова. Зрэшты, для іх і занатоўваю тое-сёе з пачутага і падслуханага, убачанага і падгледжанага, адчутага і перажытага. Каб ніхто не верыў у сказанае і прамоўленае, у тэкстуальнае і кніжнае, хіба пісаў бы я? Не пісаў бы. Ч. і прафілактыка Графаман Ч. спытаў у мяне, колькі жанчын пазначана ў маім донжуанскім спісе. 66! Назваў я сваю ўлюбёную лічбу, хоць яна і недакладная, але не далёкая ад рэальнасці. Так мала? Графаман непадробна здзівіўся. Я калі чытаў твае дамавікамэронскія показкі, думаў пра зусім іншую лічбу, пра 500 – 600. Ты мяне расчараваў… Спадара Ч. я не зачароўваў, а таму і расчараваць не мог. Наогул, з графаманамі, калецыянерамі і рэвалюцыянерамі трэба быць асцярожным. Іх варта ўхваляць. А колькі ў тваім спісе жаночых імёнаў? Больш за сотню! Ч. узбудзіўся. Раней, тыдня не праходзіла, каб я не ўспароў якую падушку. Спецыяльна дзеля гэтых акцыяў я абсталяваў машыну. І коўдра была, і шклянкі з талеркамі, і аптэчка з прафілактычнымі сродкамі. Пасля ўспоркі я вельмі дасканала апрацоўваў ворган, і хварэў толькі тры разы. Галоўнае, пасля сэксу адразу неадкладна зрабіць прафілактычныя працэдуры. Толькі гэта, між намі… Б. і памер Большасць маладых людзей шчыра верыць, што памер чэлеса мае ў сэксе вызначальную ролю. Яно канешне так, калі сабраўся здымацца ў порнафільме, ці намерыўся ўдзельнічаць у конкурсе… Падобныя спаборніцтвы ладзяць у войску, у турмах, у студэнцкіх асяроддзях. Вусаты студэнт Б. меў чэлес надзвычайнага памеру і лёгка перамагаў па ўсіх параметрах: даўжыня, таўшчыня, эрэкцыйнае павелічэнне. На конкурсах ён быў непараўнальны, а таму ўвахвотку ў іх удзельнічаў, і сам іх ладзіў. Толькі маладосць кароткая, а полавае жыццё доўгае. Б. так і не змог выкарыстаць лаўры пераможцы, ён не стаў сэкс сымбалем і не паймеў нават тых аднакурсніц, да якіх заляцаўся. Дзяўчаты, чамусьці, гідзіліся гэтых конкурсаў і нават слухаць не хацелі пра іх. Так што гісторыя пра памеры чэлеса студэнта Б. мае большае значэнне да гісторыі ўніверсітэта, які ён скончыў, чым да сэкса. А. і месяц Палітык А., калі паверыць ягоным найлепшаму сябру і прэс-сакратарцы, займаецца сэксам толькі з жонкаю і толькі адзін раз на месяц і лічыць гэта вельмі нармальным. Тое што палітык, які думае надоўга застацца ў палітыцы, сэксуецца адно з жонкаю, а не з рознымі там сэксоткамі, вельмі дальнабачна. Але тое, што раз на месяц, не правільна. Палюцыя ўсё ж адрозніваецца ад месячных, як жанчына ад мужчыны, прабач за ўдакладненне. І калі жанчына сыходзіць крывёю толькі раз на месяц, гэта не азначае, што і мужчынскае семя павінна выпускацца ў такім рытме. Больш за тое, калі палітыка задавальняе такі сэкс, гэта не значыць, што ён задавальняе жонку палітыка. У падобных варунках нельга слухаць ні іміджмэйкера, ні прэс-сакратарку, ні найлепшых сяброў, ні самых адданых паплечнікаў. Трэба ў жонцы бываць часцей, трэба ў жонцы бываць не госцем і не палітыкам, а штотыднёвым мужчынам. Тым больш, што хапае ж у палітыка сілаў ўстаўляць калонку сваіх развагаў у газету раз на тыдзень. М. і спіс Электрык М. вёў спіс жанчын, з якімі ўступаў у полавыя зносіны, больш за тое пазначаў калі і як тое блудлівае дзеялася. Калі нехта піша, дык будзь спакойны, нехта і прачытае. І прачытае не абавязкова той для каго пісалася. Зазвычай, чытае якраз тая асоба, якую ты хацеў бы пакінуць у няведанні сваіх таямніцаў. Спіс электрыка М. знайшла ягоная трэцяя законная жонка. Здарылася тое на чацвёрты дзень пасля вяселля. Асаблівае абурэнне выклікаў факт полавага акту з роднай малодшай сястрою гэтай жа трэцяй жонкі ўтвораны пад час іх вяселля проста на гаўбцы. Што было тое было, я сам быў сведкаю, няўчас высунуўся на той гаўбец пакурыць. Давялося ўсунуцца назад у пакой і папрасіць трэцюю жонку электрыка выпіць са мною горкай на брудэршафт. І сястра, і электрык, і я думалі што нас пранесла. Не! Спіс знайшоўся, прачытаўся і пашкамутаўся на дробныя кавалачкі. Толькі электрык М. спіс той аднавіў і вядзе далей, старанна хаваючы ад сваёй пятай законнай жонкі. І. і рэкорд Выкладчык І. захапляўся студэнткамі. А так як штогод кантынгент абнаўляўся, І. трымаў сябе ў добрай цялеснай форме. І. гуляў у футбол два разы на тыдзень. І. граў у ансамблі народных інструментаў кожную пятніцу. І. еў садавіну, не піў і не курыў, наркотыкі, вядома ж, яго абыходзілі. У здаровага цела здаровы секс; пад такім лозунгам выкладчык распачынаў чарговае спакушэнне чароговай першакурсніцы. Колькі іх перакаштаваў ненатольны І.? Не палічана. Але ёсць адна ракавая лічба, якую ён запомніў на ўсё жыццё. Лічба 6. І. любіў рэкорды. Пачыналася ўсё з простага, задача стаяла: скончыць два разы ўзапар. Скончыў без праблемаў. За 2 ішла 3, за 3 – 4, за 4 – 5, за 5… Тут трэба быў сведка, бо хто ж паверыць у такое без сведкі. І. распавёў пра намеры свайму былому аднакурсніку, які трымаў уласную рэстарацыю. Аднакурснік, як і ўсе сучасныя карчмары, меў схільнасць да авантурызму. Мужчыны знялі кватэру, замовілі па тэлефону дзяўчатак і выкладчык, выпіўшы паўпляшкі каньяку з лімонам, прыступіў да здзяйснення сексподзвігу. Пасля кожнага сканчэння мяняўся кандом. Калі І. запоўніў насеннем шосты прэзік, ён радасна па-пераможнаму ўскрыкнуў і страціў прытомнасць. Тры наступныя тыдні ён праляжаў у бальніцы. Чаму ў І. адмовіліся працаваць ныркі дактары так і не высвятлілі, але настойліва параілі не паўтараць і не біць рэкорд. Т. і ананізм Манекенніца Т. распавяла сяброўкам, як заспела сына за ананізмам. Хлопчык пералякаўся, і каб супакоіць сына яна ўласнаручна дапамагла дзіцяці выпусціць сперму. Цяпер сын займаецца ананізмам пры ёй. Сяброўкі спрабавалі абвінаваціць Т. у вычварэнстве. Але тая халаднакроўна адстойвала сваё права маці на прысутнасць у час станаўлення сына як мужчыны. Тады раззлаваныя сяброўкі пачалі распытваць, ці не пайшлі іх адносіны далей за ананізм, ці не смактала яна ў сына, ці не прапаноўвала матчыну похву ў якасці найлепшай прылады для хуткай эяўкуляцыі, ці не давала яму смактаць свае смочкі??? Т. з ледзяным спакоем, манекенніца ёсць манекенніца, яна сапраўды больш лялька чым жанчына, астудзіла цікаўнасць распуснаязыкіх сябровак: “Толькі рукою напрыканцы дадрочваю да першага выштурхоўвання насення”. Ю. і шкарпэтка Адпачыннік Ю… Насамрэч, Ю. – фатограф, але раз на год ён, як і большасць працаўнікоў ходзіць у адпачынак і набывае вышэйназваную мянушку. Ю. нежанаты і бяздзетны, усе непрыемнасці з завядзеннем уласнай сям’і ён спіхвае на чэлес, на маленькі памер свайго дзетаробнага рыштунку. Зрабіць аперацыю па павелічэнню хера Ю. не можа з некалькіх прычынаў: няма грошаў, баіцца сур’ёзна гаварыць на тэму праблемы, палохаецца самой аперацыі, яна можа пры дрэнным складзе абставінаў зрабіць з яго канчатковага кастрата. Так Ю. кастрат толькі напалову, толькі ва ўласных думках у яго кароткі струк, а тут можна ураз абесстручыцца. Ю. – баязлівец. Калі ж Ю. робіцца Адпачыннікам, выходзіць на пляж, разгортвае плечы, крочыць уздоўж мора у адных плаўках, усе (ну амаль што ўсе) жанчыны заглядаюцца на Ю., яны ж не ведаюць, што Ю. запіхвае ў плаўкі дзве шкарпэткі. Ц. і мёртвы муж Удава Ц. пахавала мужа найлепшым чынам: з лакавай труною, аркестрам, хлебасольным жалобным сталом. Месца на могілках атрымалася добрае, каля царквы, таму чыстае і дагледжанае. Ц. хадзіла на могілкі штодня, калі дождж і іншая праява капрызлівай беларускай прыроды, можна было перачакаць пад скляпеннямі сабора сярод залатога мігцення васковых свечачак. Само сабою Ц. пачала гаварыць з нябожчыкам. Муж уважліва слухаў Ц. пры жыцці, а пасля смерці стаў наогул ідэальным слухачом, ні разу не запярэчыў, ні разу не папракнуў. Удаву Ц. папракнулі бабулі з царквы. Гэтым ведзьмам пераапранутым у божых служак да ўсяго трэба дапасці сваімі шорсткімі языкамі. Яны, усе ў чорным, абступілі ўдаву Ц. на царкоўным ганку і папрасілі больш не смяяцца на ўсе могілкі, і не палохаць пералівістым рогатам людзей у жалобе. А яшчэ яны проста забаранілі ёй расказваць мёртваму мужу пахабныя мацерныя показкі. Удава Ц. так зазлавала на царкоўных вядзьмарак, што наогул перастала праведваць мужа. Показкі яна цяпер расказвае ягонаму фотапартрэту. Муж любіць, каб словы былі з перцам. І яны разам смяюцца ён на фота, а Ц. на варэльні, гатуючы, як і раней, вячэру на дзве асобы. Ж. і пахмелле Музыкавед Ж. на вялікай папойцы пасля “Рок Каранацыі” разважаў пра сродкі апахмельвання. Музыкаведу, тым больш сябру журы, вельмі небяспечна піць з музыкамі пасля ўручэння прызоў, яшчэ больш страшна заводзіць гутарку пра якасць музыкі, гуку, вакалу, гітарных пройгрышаў і выйгрышных тэм. Лепш пра пахмелле. Яно ж абавязкова надыдзе ў незалежнасці атрымаў ты карону ці толькі суцяшальную прэмію за вялікі ўнёсак у рок-рух. Тэму пахмелкі падхапілі ўсе. Хто агурковы расол хваліў, хто кефір, большасць папраўлялася півам, меншасць астограмлівалася гарэлкаю, жаночая палова ўхваляла анальгінавыя і аспірынавыя колы… Вядомыя сродкі выклікалі ў Музыкаведа скепсіс на твары, ён папрасіў маўчання, і ў цішы сказаў: “Найлепшы сродак ад пахмельнага сіндрому – вылізванне жаночае похвы! Лізаць трэба да поўнага анямення языка, каб сківіцы пачало зводзіць сутаргай… Звычайна жанчына паспявае раз-другі скончыць. А на дэсерт трэба найпростым чынам трахнуць яе ў похву і спусціць! Не ведаю чаму, але бадун знікае! Адзіная загана гэтага сродка – дапамагае толькі мужыкам”. П’яныя музыкі абяцалі Музыкаведу раніцай паспытаць ягоны рэцэпт, і паспрабавалі і нават дзячылі, у адрозненне ад тых парадаў, што Ж. пісаў на старонках газет, гэта была сапраўды ўдалая. Л. і талерантнасць Дудар Л. неверагодна талерантная асоба. Ён тры дні праляжаў у ложку з распуснай жанчынаю і застаўся цнатліўцам. Тры дні і тры ночы правесці пад коўдраю з аголенай самкаю і натапыраным хобатам трэба ўмець стрымлівацца. Другі б мог і звар’яцець, а ён толькі страшэнна агаладаў, бо з’елася ўсё чыста яшчэ ў другі дзень. Галодны Л. пабег на базар, каб купіць кавун, яму страшэнна хацелася салодкай ружовай мякаці вялікага кавуна. Пакуль выбіраўся кавун, у кватэру да Л. завітаў іншы дудар, які пабачыў разабраны ложак і смуглявую распусніцу, скінуў апранахі і два разы ўзапар адпердоліў дзявулю. Калі вярнуўся Л., ён заспеў сябрука, які трэці раз, узабраўшыся на раскінутую дзеўку, устаўляў ёй праміж цыцак. “Арбуз будзеце?” – кротка запытаўся Л. Арбуз быў смакотны, але Л. ён падаўся недаспелым і прэсным. Талерантнасць Л. не ведала межаў, але ён меў слабасць, кепска ўтрымліваў у сабе газы, а таму ўсіх асоб жаночага полу дудар Л. называў “сухабздзеіхі”. С. і газы Карціншчык С. любіў пасля акту гучна даць газ. Каханка, што ўпершыню матрашылася з С., магла і спужануцца, такі стрэл давала дупа карціншчыка. “Мне без пердзежа няма поўнага кайфу, нібыта карціна засталася без рамы. Калі не прухну на поўны гук, лічу і не трахаўся…” Самае цікавае, С. лічыў, што ўсе так робяць, толькі не гавораць. Сам ён крыху паляк, таму вельмі любіць слоўцы “пердол”, “пердоліць” і выраз “ прошу пані до пердолу” часта ўжывае. Х. і сіфіліс Барэц Х. падчапіў сіфіліс, як ён казаў “сіфон”. Х. быў проста барэц, не за розныя там справядлівасці і правы чалавека бароўся Х., ён бароўся ў вольным стылі на кіліме і выбараў сабе званне чэмпіёна Мінска. Здаровы быў Х., як мядзведзь, а тут бац і сіфон. І хто? Ніколі не паверыш… Сіфіліс Х. атрымаў ад галоўнай доктаркі роднага спартыўнага таварыства. Паважная жанчына: муж, двое дзяцей. Барэц Х., як толькі яе ўбачыў, адразу гарачыню ў пахавінні пачуў. Перад спаборніцтвамі яна яго аглядала, а ён вазьмі і вывалі ёй на стол сваё багацце. Яна дзверы на ключ. Ён яе стоячы пры дзвярах і агораў. Потым слабкасць, скула на чэлесе – жанкр, аналіз крыві і прыгавор. Ні адна параза на кіліме так не гняла Х., як гэтая ганебная хвароба. Барэц праз гардаведку знайшоў адрас доктаркі, пазваніў у дзверы, зайшоў не пытаючыся, і пры дзецях і мужы адным ударам зламаў нос мамцы свайго сіфона. Р. і поспех Палітыканша Р. праславілася неверагодным поспехам сярод мужчын. Яна лёгка ўскручвала галовы юрлівым кнурам. Тыя купалі яе ў шампанскім, дарылі даўганогія ружы, вадзілі ў шыкоўныя рэстарацыі, частавалі дэлікатэсамі, вазілі ў еўрапейскія сталіцы на ўікэнды і нават у міжземнаморскія круізы на параходах. Між тым, знешнасць Р. мела зусім стандартную, без хібаў і выключнасцяў, каб не тэмперамент, яе знешнасць можна было б ахарактарызаваць, як мышына-шарую. Яе палітдзейнасць таксама насіла чарнаватае адценне цьмянага прыстасаванства. Вось і паўстае пытанне на які такі кручок лавіла яна мужыкоў? За якой такой блясной-воблерам ганяліся юрпаршыўцы. Каб не калега Р. па палітыканству, ніхто б і не даведаўся пра сакрэты. Калега меў карыкатурную знешнасць, пусты кашалёк і процьму не вернутых пазыкаў, таму на каханка Р. ён зусім не цягнуў, ён прыкідаўся сябрам. Р. забылася, што ў палітыканстве не бывае сяброў, і неабачліва пусціла калегу ў сваё жытло. Там усё было створана і прыстасавана для ананістычнага існавання. Трэнажоры, масажоры, вібратары, порначасопісы, порнакасэты, порнакампакты, порнараманы… Сакрэт Р. быў у тым, што па-сапраўднаму добра ёй было толькі з сабою, са сваімі цацкамі, у сваім маленькім сэксбардэлі на адну асобу. А мужыкі? Грошы патрэбны, імідж вялікай каханкі, ну і голас у тэлефоннай слухаўцы мог крышку наблізіць ананістычны аргазм… Калега выдаў Палітыканшу Р. з-за крыўды. “Яна лічыла мяне ні на што не годным, нават вячэру не дала прыгатаваць, хоць усе ведаюць, які я выбітны кухар! Яна паспрабавала апусціць мяне ніжэй за гумовы чэлес… Хрэн ёй на талерачцы!” В. і чын Тэлевядучы В. меў зорную знешнасць. Такія твары з’яўляюцца гады ў рады. Ён меў такі твар, што нават тэлевізійныя жанчыны, што захапляюцца толькі сабою, рабілі выключэнні і захапляліся В. Адна з тэлежанчын так закахалася ў В., што, страціўшы розум, распавяла пра пачуццё мужу – міліцыянтскаму чыну. Чын, як і належыць рабіць чыну ў пагонах, выклікаў чыннікаў меншых і загадаў пачыніць сітуацыю. Чыннікі так адчыхвосцілі зорную знешнасць, што В., у адрозненне ад жонкі мянта, страціў розум не на нейкае імгненне, а назаўсёды. Цяпер В. збірае пустыя бутэлькі і выпрошвае грошы ў наведнікаў паркаў. Дарма гавораць, што можна мець знешнасць і не мець розуму. Знешнасць і прыгажосць гэта ў першую галаву – розум, а яго так лёгка страціць і немагчыма пачыніць. Ш. і лізанне Хуліган Ш. адчуваў, што сядзе ў турму. Ягонае юнацтва прыпала на сярэдзіну 70-х, калі пра парнаграфію ў СССР ведалі слаба, а пра эротыку толькі чулі, таму адносіны да сэксу ў хуліганска-бандзіцкім асяродку мелі сваеасаблівы кшталт. Ш., выпіўшы з сябрам бутэльку таннага вермуту, пусціў слязу і дрыжачым галаском пачаў: “Толькі скажы, што нікому не скажаш!” “А каму я скажу?” “Не, ты скажы “не скажу!” “Ну… Не скажу!” “Я лізаў пі-ду!” “І што?” “Як што? Піз-у я лізаў! Ты яе ведаеш. Учора яна пазычыла нам рубель на вермут, а сягоння я лізаў яе п-зду. Яна папрасіла… Яна на каленях стаяла і прасіла, і сказала, што дазволіць засадзіць у дупу. Я ніколі не спрабаваў бабе ў дупу ўстаўляць. Захацелася так, ажно залупа пабялела, -уй ледзь не разарваўся, так напнуўся. Палізаў. Ты перастанеш мяне паважаць?” “Калі купіш вермуту, не перастану”. “У мяне грошай нуль”. “Ты схадзі і ў піз-ы пазыч”. “Ты пачакаеш?” “Му-гу!” Ш. схадзіў і прынёс дзве бутэлькі вермута, і хуліганы выпілі за маўчанне. Праз колькі часу Ш. у турму сеў, а ягоны сябра ўсім распавёў як той саромеўся лізання пізд… . Ё. і Пукімон Пасажырка Ё задыханая і расчырванелая ўлезла ў мікрааўтобус маршрутнай таксоўкі. За ёй самастойна зайшоў пяцігадовы сын. Уладкаваўшыся побач з мамкаю ён завёў дзіцячую-жабрачую песенку: “Мам, купі мне Пукімона. Мам, мам, купі, купі… Тут у кіёску быў чырвоны Пукімон! Давай сходзім!..” Паступова голас сынка набіраў моц. “Давай сходзім!” – гучала ясна і чыста на ўвесь салон. Таксоўшчык чакаў яшчэ аднаго-двух пасажыраў да поўнай загрузкі. “Мам, калі ты не купіш мне Пукімона, я раскажу татку, як ты ў дзядзькі Рамана піську цалавала!” Ё. пачырванела, як райскі яблык. Пасажыры, як маглі заціскалі ў сабе рогат і хіхіканне. Шафёр таксоўкі павярнуўся да Пасажыркі Ё.: “Я б Вам настойліва раіў: набыць сыну Пукімона!” Ё. вылезла з маршруткі. За ёю падаўся і патрабавальнік Пукімона. Н. і жонка “Табе падабаецца мая жонка?” – п’яны Магілакапальнік Н. кінуў пытанне ў сабутэльніка. “Нармальная…” “Я пытаю: жонка мая табе падабаецца?” “Падабаецца”. “Яшчэ з год яе па-бу і табе аддам”. “Нашто мне твая жонка?” “Ты сказаў “падабаецца”!” “Ты хацеў, каб я сказаў “падабаецца”, я і сказаў “падабаецца”, а яна мне зусім не падабаецца!” Магілакапальнік Н. расплёхаў рэшту гарэлкі па шклянках і прамармытаў: “Мне мая жонка падабаецца, яму не падабаецца… Падабаецца, не падабаецца… Яшчэ з год пая-у яе і кіну…” Г. і цягнікі Бізнесовец Г. здраджваў жонцы ў цягніках. Замаўляў двухмеснае купэ і валтузіўся-вагоніўся там з каханкаю ўсю ноч, ад Мінску да Масквы. У расійскай сталіцы ладзіў гешэфты, вадзіў каханку ў крамы і рэстарацыю і зноўку вагоніўся-валтузіўся цэлую ноч, ад Масквы да Мінска. Сэкс-туры ладзіліся раз на месяц. Калі каханка надакучвала Г, за пару хвілінаў да адыходу цягніка ён казаў, што паехаць не зможа, а замест сябе выпраўляе намесніка, які абавязкова зводзіць каханку і ў краму, і ў рэстарацыю. Каханка апыналася ў купэ з незнаёмым мужчынам, які пачынаў казаць, што сам даведаўся пра паездку гадзіну назад… Пасярод ночы да іх у купэ ўрываўся Бізнесовец Г. з падрыхтаваным маналогам-абвінавачваннем: “Табе ўсё адно з кім спаць! Табе абы вышэй ногі задралі і глыбей уставілі!..” З бразгатам дзвярэй купэ ўзаемаадносіны з гэтай каханкаю Г. сканчаў і рушыў у суседні вагон, у знятае на дваіх чатырохмеснае купэ, дзе яго чакала новая жанчына для вагонных уцехаў і валтузаванняў. П. і студэнт Акадэмік П. выгнаў свайго любімага студэнта нібыта за бойку з манголам. Студэнт сапраўды біў мангола, які жыў з ім у адным інтэрнацкім пакоі. Але спачатку студэнт украў у мангола гарэлку, прыхаваную на Новы год, выпіў яе, а рэшткамі спрабаваў пачаставаць уласна гаспадара. Мангол пакрыўдзіўся і аблаяў студэнта, той збіў шырокі мангольскі твар на горкі яблык і прымусіў азіята хадзіць страявым крокам па інтэрнацкіх калідорах. Злачынства было навідвоку, яно проста чарнела на лобе і пад вачыма мангола. Толькі акадэмік П. прагнаў студэнта за тое, што не папярэдзіў пра трыпер. Акадэмік запрасіў да сябе дахаты лабарантку, якая раней кахалася са студэнтам, падпаіў яе і займаўся любошчамі. Лабарантка акрамя хвілінаў пяшчоты падаравала П. класічны трыпак. Тут яшчэ бойка з манголам у інтэрнаце здарылася. Акадэмік выключыў студэнта з акадэміі. Праз год студэнт выпіў з любімым Акадэмікам П. каньячку і аднавіўся на факультэце. Канешне ён казаў П., што ведаць не ведаў пра трыпер, хаця менавіта ён з рэўнасці, даведаўшыся пра заляцанні Акадэміка да лабаранткі, і заразіў яе трыперам, які так дарэчы падвярнуўся пад руку. Е. і тралейбус Пасажырка Е ледзь уцягнула ў перапоўнены тралейбус дзесяцігадовую дачку. Расшаторыўшыся, як кура над кураняткам, Е. стаяла над дзіцём, каб не надта душылі. А ціснулі з усіх бакоў моцна. “Сікаць хачу!” – прапішчала дзяўчо. Е. скамянела. “Сікаць, сікаць хачу!!!” – не сунімалася дачка. Е. трымала паўзу. “Сікаць, мне пасікаць трэба!!!” “Сь-ь-ьціхні!!!” – сыкнула Е. Дзяўчо заціхла і ціхенька пусціла сікуны па сцёгнах. З. і хлопцы Залатавалосая З. закахалася ў дызайнера. З. мела доўгія, да дупы, цёмна-залатыя валасы і спакушала імі ўсіх аднакурснікаў: дызайнераў, прамграфікаў, керамістаў, скульптараў, графікаў… Шмат хто марыў пра сэкс з такім золатам як у З. Пашанцавала жывапісцу. Ён жыў з дызайнерам у адным пакоі. І зусім выпадкова, пасля капусніка, п’янкі і танцаў лёг на ложак дызайнера. Лёс такі, п’яным шанцуе. Не паспеў ён вочы заплюшчыць, як у пакой завітала Залатавалосая З. Не запальваючы святла, яна распранулася й голая шуснула пад коўдру да жывапісца. Той не разгубіўся і змастачыў сэкс з золатам. “Што ты ўсё маўчыш?” – запытала З. па сэксе. “Зуб забалеў!” – схлусіў жывапісец. Пакрыўджаная З. выслізнула з-пад коўдры і ўцякла. Залатавалосая ніколі б і не даведалася пра падмену, каб не прафесійны крэтынізм жывапісца, які пачаў з усімі разважаць пра тое, што колер валасоў у цемры аніякай ролі не іграе. “Мог бы гад і памаўчаць бо там жа акрамя колеру і даўжыня была па самую дупу”, - гэта заўважыў жывапісцу дызайнер, які пасля начной блытаніны разлюбіў залатавалосую З. У публікацыях… У публікацыях не пераношу наступнае: “Скарочаны варыянт”, “Часопісны варыянт”, “Рэдакцыя не нясе адказнасці за факты выкладзеныя аўтарамі”… Калі не маеш магчымасці выдрукаваць узгоднены з аўтарам тэкст дык лепш зусім яго не чапай. Усе гэтыя скароты і безадказнасці паказваюць на непрафесійнасць выдання. Таму такія тэксты я зусім не чытаю і нікому не раю чытаць. Не люблю і кропак замест лаянкі. Можна ж вылаяцца па-мастацку. Падумаць і сказаць: “Ідзі ты на гуй!!!” Але ёсць святы час карнавала, калі героі хаваюцца за маскамі. Лягчэй лёгкага сарваць маску і наўпрост сказаць хто каму шкроб чэлес, але тады разбурыцца гульня, знікне паэзія феерычнай карнавальнай начы, а так хочацца свята, агнёў, святла і маскараднай радасці. Д. і паэт Паважаная паэтка Д. шкрабла чэлес маладому паэту. Бывае паэткі лашчаць, песцяць, гладзяць ворганы паэтам. Прырода і паэзія рэчы блізкія. Роднаснасць лірыкі і зменлівасці прыродных настрояў ніхто не аспрэчыць. Толькі Д. мела запенсійны ўзрост, а яе абраннік толькі пачаў бараду галіць па-сапраўднаму. Дысананс пары каханкаў проста кідаўся ў вочы. Вачэй вакол тога пашкрэбвання зіркала процьма, бо дзея адбывалася ў музеі паэта Максіма. Адгула паэтычная вечарына. Абраныя засталіся на фуршэт. Урачыстае баляванне перарасло ў п’янку-пагулянку. Пагулянка хіліць народ да распусных дзеянняў. Майстрыца паэтычнага радка назюзюкалася вінішча, маладзенькі талент нажлукціўся брэндзі. Каханкі збрэндзілі. Згубіўся самакантроль. Д. пачала шкрэбсці пазногцямі паэтавы нагавіцы ў тым месцы, дзе пад тканінаю налілася крывёю мужчынская сутнасць. Супрацоўнікі і супрацоўніцы музея з дзівам назіралі за праяваю пяшчоты, але нічога сказаць не наважыліся, вельмі ўжо паважаная была была Паэтка Д., ды і старэйшая яна была за ўсіх тых супрацоўніц. Сталасць трэба паважаць, асабліва калі да яе дададзены вядомасць і прызнанне. О. і баляванне Палітык О. завітаў у беларускі Іерусалім – Вільню. О. меў правыя погляды, любіў Вільню ўсім сэрцам, таму і не дзіва, што распачалося баляванне. Ого-го якое то было баляванне, гула ўся беларускаслоўная Вільня. О. сам піў і сяброў паіў у барах. Сам смачна еў і дружбакоў частаваў у шынках і рэстарацыях. На начных дыскатэках О. тупатаў так, што скляпенні ходарам хадзілі. На трэцюю ноч у рэдакцыі “Нашай Нівы” кансерватыўны палітык О. запатрабаваў у тамтэйшых змагароў за беларушчыну простую прасталытку. З ягонай вагою, з ягоным ледзь-ледзь рухомым сэрцам, з ягоным ціскам, з ягоным… Запатрабаваў. “Вязіце прасталытку!” Пабеглі. Паляцелі. Знайшлі. Прытарабанілі. О. адпалітыкаваў з дзеўкаю аплочаную гадзіну. Супакоіўся. Абмыў халоднай вадою бурачковы нос і з’ехаў у родны Мінск, здабываць свабоду і незалежнасць беларускага народу. Э. і даляры Камерсантка Э. перавозіла праз мяжу даляры ў трусах. Так робяць большасць сучасных камерсантак, запіхваюць купюры ў сваё найтаемнае месца, бліжэй да похвы. Камерсанты пхаюць банкноты ў абутак і шкарпэткі. Розніца мыслення мужчынскага і жаночага нават у кантрабандзе сябе выяўляе. Э. давазілася-дакантрабандзілася да алергіі. Усе верхнія губы похвы і ніз жывата абраслі дробнымі жоўтагаловымі прышчыкамі. Высыпка зудзела так, што не дакрануцца. Дактары запэўнівалі Э., што высыпка алергічная на нервовай глебе. А Э. казала, што даляр трапіўся брудны, размаляваны арабскім шрыфтам, і яе яўрэйская кроў не вытрымала ганьбы і ўзбунтавалася. Так ці йнакш, а камерсантка Э. перастала класці грошы ў майткі. Яна прыдбала красоўкі на памер большыя і хавае баксы пад сцелькамі. К. і плеўка цнатлівасці Піяністка К. страціла цнатлівасць. Захацела стаць жанчынаю і зрабілася ёю, перайшла рубікон. Мужчына выбраўся пад цнатлівазнішчэнне вопытны, крыві не спалохаўся. Ён спужаўся іншага. К. запэцканая ў кроў вывудзіла з сябе кавалачак плеўкі цнатлівасці, памахала ім у паветры і сказала: “Маме трэба паказаць. Трэба ёй у нос гэту плеўку тыцнуць. Пяць гадоў яна мяне піліла, папракала цнатлівасцю. Усё. Во ёй мая цнатлівасць!!!” Піяністка імгненна набрала на сотавіку нумар. “Мама, зайдзі да мяне. Нештачка пакажу”. Мужчына падумаў, што К. жартуе. Ён, пачуўшы званок у дзверы, быў упэўнены, што гэта супадзенне. К. голая і ў крыві расхінула дзверы, паднесла плеўку пад самы матчын нос і радасна праверашчала: “Вось табе, мама, мая цнота!” “Віншую!” – сказала мама і сышла. Ф. і кроў Лінгвістка Ф. пазіравала мастаку аголеная. Як вядзецца ў такіх сітуёвінах, Ф. дапазіравалася да кахання. Яна пазіравала і кахалася з мастаком. Каханне ў лінгвісткі скончылася раней чым мастак завяршыў працу. Ён абрыд ёй настолькі, што калі ўсё ж скончыў палатно і ўрачыста паказаў ёй ўстаўленую ў залатую раму карціну, Ф. задрала спадніцу, зняла белыя трусы са свежай плямінай менструальнай крыві і прараўла: “Твая карціна – фігня, вось твор прыроды непараўнальны і жывы – мае майткі з плямай маёй крыві!” |
| |||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
|