лiтaрa.net | рэцэнзii |
Аркуш беларускі
Андрэй Хадановіч, 27 чэрвеня 2002
з нагоды выхаду кнігі Алеся Аркуша “Проста ў сярэдзіну”
Мабыць, у жыцьці кожнага літаратара раней ці пазьней настае пара (націск адвольны) балючых і рытарычных пытаньняў. І ён, як цікаўнае дзіця, што пазнае сьвет, заводзіць сваю катрынку: “Што рабіць?”, “Хто вінаваты?”, “А хто там ідзе?”, “Як нам абустроіць Расію?”, “Быць альбо ня быць сярэднеэўрапейцам?”, “З чаго пачынаецца Жодзіна?..” Для мяне Жодзіна так напраўду пачалося з Аркуша. Менавіта Алесь Аркуш (аматарам атрымліваць літаратуру поштаю больш вядомы як “Аляксандар Козік”) стаўся першым і покуль апошнім сапраўдным жодзінцам, сустрэтым мною, як бы сам паэт сябе ні называў: палачанінам ,рэгіяналістам, правінцыялам альбо проста таварышам усіх вольных літаратараў.
Упершыню Аркуш уварваўся ўмаё жыцьцё праз тэлефон, каб замовіць перакладыз накамітага чуваскаг апаэта Генадзя Айгі. “Колькі плаціш за аркуш?” – ледзь незапытаўся я, ды своечасова стрымаўся. З таго часу так і супрацоўнічаю зь ім – на грамадзкіх пачатках.
Пазьней было знаёмства ў цягніку “Менск – Харкаў”, якім мы ехалі на фэстываль “Паэзія нумар адзін”. Аркуш глыбока ўразіў мяне тым, што ўсю дарогу не куляў гарэлкі, а якраз наадварот– чытаў кнігі. Ды шчэ й мяне падбухторыў, паказаўшы сьвежанадрукаваны нумар часопіса “Калосьсе”. Так і чыталі ўдвох, покуль іншыя дзеячы беларускай культуры радаваліся жыцьцю ў суседнім купэ. Мальчишество, скажаце вы? А мне падабаецца, што ў душы ёнз астаўся крыху рамантыкам.
Нават пострамантыкам, як вынікае зь яго праграмных заяваў. Выхаваны “Тутэйшымі”, нязломлены Саюзам Пісьменьнікаў, нястомлены Парыжам (глядзі адпаведны разьдзелу кнізе), выпрабаваны развоем (ледзь не сказаў “разбоем”), Аркуш знаўся й на асаблівасьцях нацыянальнага ксэракапіяваньня, і ў квартале “Блакітных ліхтароў” быў сталым наведнікам. А далей ужо трыдзесятаецарства замежных вольных літаратараў ды зялёнае мора Айгі.
Менавіта апошняму й прысьвечаны верш, што падарыў назоў усёй кнізе, – “Проста ў сярэдзіну”. Што азначае гэты загаловак, шчыра скажам, падазроны для папулярызатара рэгіянальнай літаратуры?З аконнае жаданьне вярнуць Полацку колісь страчаную ім ролю культурнай сталіцы? Ці, магчыма, дантаўскае “Я пасярэдзіне жыцьця зямнога”? А можа, пошук гарацыянскай “залатой сярэдзіны” ва ўсім, імкненьне да ўзважанасьці й памяркоўнасьці, разумнага балянсаваньня паміжкрайнасьцямі: паэзіяй і прозай, молатам экспэрымэнту й кавадлам традыцыяў, айчынным пісьменствам і сусьветнай культураю, паміж пушчамі й балотамі беларускай зямлі ды пяскамі зямлі эгіпэцкай?
Чытача кнігі – а я, яе нязьдзейсьнены рэдактар, быў сярод першых – уражвае ўвага аўтара да птушынай тэмы. Два цыклі “Птушыны рай” і “Парыскія вераб’і”, а таксама верш праптушку - Свабоду, якую корміць з далоні лірычны герой. Аўтар выявіў тут не абы-які талент дзіцячага паэта. Усё ў гэтых вершах проста й стабільна, і кожная птушка (нават не згаданая ім) паводзіць сябе так, як ёй ітрэба паводле айчынных літаратурных канонаў. Лебедзь зьдзяйсьняе свой вычын у імя іншых. Зязюля кувае з выразным ляўкоўскім акцэнтам. Бусел кружыцца над роднаю хатай. А гусь, як ёй і належыць, рымуецца зь “Беларусь”. Заслужаны арнітоляг Беларусі, пясьняр “птушынага раю” (слова “рай” тут зусім нерэгіянальная прыстаўка да “выканкаму”!), Аркуш могбы сёлета з поўным правамп рэтэндаваць на Глінянага Вялеса ў намінацыі “птушка-суайчыньнік”. Чайка зь імені Джонатан Лівінгстон, як выразілася б нашая агульная прыяцелька Ганна Кісьліцына. Кірля на крылах кірыліцы, як сказаў бы я. Кнігаўка зь імені Алесь Аркуш. Што ж, кажуць, што рэкі птушкамі створаны, і наш паэт упэўнена капае рэчышча ўласнай.
Нядаўна адна сяброўка апавядала, як спрабавала замовіць у чытальнай залі філфаку БДУ газэту “Наша Ніва”. Бібліятэкарка ветліва растлумачыла: “Мы сельскагаспадарчых выданьняў не выпісваем”. Напраўду, “аграрнасьць” назоваў нашых культурных выданьняў кідаецца ў вочы, і часопіс Аркуша тут не вынятак. Але ж ці прыдумаў чалавек лепшую мэтафару для культуры? Дый немэтафару зусім, бо кожны слоўнік лаціны падкажа, што “культура” – гэта найперш “земляробства”. Зерне, кінутае ў ніву, усходзіць ды красуе, нават калі камбайнёр няведае цытаты. Так што рабі сваю “аграрную” справу й далей, шаноўны Алесю Аркуш! “Калосьсе” – пад сярпом тваім! А лёс новай кнігі –у руках нашых чытачоў, якім засталося яе набыць і пачаць чытаць. З тытульнага аркуша. Альбо зазірнуць проста ў сярэдзіну.
Упершыню надрукавана ў газэце "Наша ніва"
© лiтaрa.net, пры перадруку не забудзьцеся паставiць на нас спасылку