| Вiтаю, дружа! |
| увайсьцi | зарэгiстравацца |
| Сакатала бочачка, у піўніцы стоячы… Калі мяне не вып’еце Я сама разліюся Крыніцай чыстай вадзіцы Піва – самы капрызны з алкагольных напояў. Бо яно самае смачнае, калі жывое -непастэрызаванае і нефільтраванае, без дадатку кансервантаў, з рэшткамі жывых дражджэй. Таму піва спрадвеку рэдка возяць далёка – сярэдні спажывец ва ўсім свеце на 90 % наталяе смагу півам, звараным у родным горадзе. Яшчэ 3-4 гады таму так было і ў Беларусі. То трэба было пастарацца, каб беларускае піва ва ўласным доме амаль выцесніў рускі прадукт не тое што з Піцера ці Цвяры, а нават з Уфы ды Казані. Нават дома наша піва трымаецца ў асноўным дзякуючы нізкай цане, - мала хто п’е яго з меркаванняў свядомай лаяльнасці, ці проста таму, што лічыць самым смачным. Дый адкуль узяцца ў нас якаснаму піву ? Беларускі ячмень найбольш прыдатны на фураж, бо змяшчае шмат бялку, але для піваварства патрэбны ячмень з высокім утрыманнем цукраў – беларускія калгасы даўно развучыліся такі вырошчваць. Беларускія півавары, здаецца, не ведаюць розніцы паміж горкімі і араматычнымі гатункамі хмелю, і купляюць любы, які давядзецца, часам ня грэбуючы шчыра пратэрмінаваным. Хмелеводства, якое было экспартнай галіной яшчэ ў ВКЛ 16-17 ст., а пазней у 19-м ізноў зазнала бум пасля скасавання прыгону і пачатку урбанізацыі (Беларусь была другім па значэнню рэгіёнам хмелеводства ў Расейскай імперыі пасля Валыні), у 1985-м было скасаванае дашчэнту. Сёння на ўсю Беларусь засталося толькі 2 хмельнікі, якія спрабуюць аднавіць энтузіясты-іншаземцы. Гэтыя часы, здаецца, мінаюць. Нас чакае бум інвестыцый і мора тутэйшага піва. Капіталісты з усяго свету сталі ў чаргу за ганаровым правам рэканструяваць айчынныя бровары.Якім жа будзе новае беларускае піва ? Ці будуць новыя гаспадары “гнаць вал” – пераважна свет лыя лагеры пільзенскага тыпу, не надта клапоцячыся пра разнастайнасць густаў ? Ці з’явяцца ў нас белае (пшанічнае) піва, eis bier ды іншыя спецыяльныя гатункі, якія ўжо масава вараць усе нашыя суседзі ? Ці будзе ўвесь рынак падзелены паміж некалькімі броварамі-гігантамі, ці застанецца месца і для ініцыятыўных мікрабровараў, здольных прапанаваць спажыўцу штосьці больш якаснае і адмысловае за стандартны mainstream ? Ці шмат піва будзе разлівацца ў кегі і ці шмат з’явіцца прыстойных месцаў, дзе яго можна будзе спакойна папіць увечары ? Ці будуць беларускамоўнымі этыкеткі, атрыбутыка, рэкламная прадукцыя, асабліва тых гатункаў, якія цалкам спажываюцца на ўнутраным рынку ? А галоўнае – ці стане піва арганічным элементам беларускай культуры ? На сучасным рынку прадаецца і спажываецца не столькі пэўнае спалучэнне вугляводаў, фарбавальнікаў, ферментаў і кансервантаў, якія складаюць той ці іншы прадукт, колькі менавіта ўяўленне пра гэты прадукт, тая сістэма вобразных асацыяцый, якую ён выклікае, карацей кажучы, легенда або міф. Да якой міфалогіі будуць апеляваць беларускія півавары ? Пілі піва ў даўніну вельмі шмат. У Польшчы, Літве, на Беларусі яно лілося амаль як вада — асабліва ў вышэйшых класах. Вадой грэбавалі, што на тагачасны ўзровень санітарыі было досыць абгрунтаваным. Нават прыгонны селянін, як лічыцца, выпіваў да 100 літраў піва ў год. “Устава на валокі” прызнавала піва такім жа прадуктам штодзённага спажывання, як і хлеб: пад час абавязковай чатырохдзённай летняй талакі панскі двор быў абавязаны забяспечыць парабкам “хлеб і піва”. Стандартнай жа штодзённай нормай шляхціца было паўгарца вялікага або малы гарнец (каля 2,8 літра) — што ў год складала да 700—1000 літраў ! У параўнанні нават з сучанымі чэхамі, сусветнымі рэкардсменамі ў спажыванні піва (160 літраў на чалавека ў год) гэтыя лічбы больш чым уражваюць, не кажучы пра сціплыя сярэднестатыстычныя 20 літраў у сённяшняй Беларусі. Чым у абраднасці царкоўнай – што «рымскага», што «грэцкага» законаў – было віно, тым ва ўрачыстых цырымоніях людзей цывільных , асабліва цэхавых майстроў, было піва. На ўсёй разлеглай прасторы ад Бергена да Львова і ад Воршы да Антвэрпэна, ўсюды, дзе распаўсюдзіліся магдэбургскія парадкі і дзе сонечнай цеплыні недастаткова, каб выспець гронкам вінаграда, прыстойны гараджанін-рамеснік, будучы дробны буржуа, ён жа будучы «мідл», сярэдні клас, піў піва. Ад гарэлкі розум мелкі, а куды майстру без сякога-такога розуму ? Віно дарагое, а гараджаніну эпохі першапачатковага назапашвання трэба ашчаджаць грошы. Пасля 3-га пазделу Рэчы Паспалітай спажыванне піва на захадзе Беларусі складала каля 20 літраў штогод на чалавека – амаль столькі ж, колькі і ў сучаснай Беларусі. Гэта ў 10 разоў перавышала сярэднерасійскія паказчыкі. Піва ў заходніх губернях, натаваў адзін праезжы чыноўнік, служит не столько хмельным напитком, сколько приправою к сухой пище. Тагачасных прыезджых з Расіі ўражвала велізарная колькасць маленькіх гарадскіх і шляхецкіх броварчыкаў, асабліва на захадзе Беларусі. “Вольнае піваварства”, з мінімальным падаткавым кантролем – для шляхты ў яе ўладаннях, а для гарадоў у межах 2-вёрстнай рысы вакол гарадской мяжы – нягледзячы на прымітыўную тэхналогію, забяспечвала ўсе пласты насельніцтва даступным півам, разнастайнай якасці і цаны. Вольнае піваварства ў “заходніх губернях” пачало абмяжоўвацца практычна з самага далучэння да Расійскай імперыі, з 1773 г. З кожным годам заканадаўства рабілася ўсё больш жорсткім, і на пачатку ХХ ст., нягледзячы на тэхналагічны пераварот, спажыванне піва ўпала да 1,5 літраў на чалавека штогод – ніжэй за сярэднерасейскія паказчыкі. Яшчэ ў сярэдзіне ХІХ ст. у Беларусі вымерла хатняе піваварства, застаўшыся толькі ў песнях – а ў нашых паўночных суседзяў, літоўцаў, яго не здолелі знішчыць ніякія савецкія рэпрэсіі. Магчыма, народ, які не варыць піва сам, проста не можа мець уяўлення пра тое, якім мусіць быць “старое добрае” ? Ці могуць вярнуцца ці ўзнікнуць нанова ў нашай паспалітай свядомасці «гарохавае», «ярычнае», «росъходное», «марцовае», «дубельтовае», «граматка», «Вязынскі портэр», «веха на піва» (пук саломы, прымацаваны да даху карчмы, што здалёк паведамляў падарожным: Піва ёсць !), піўныя фэсты — з паўгарцавымі шкляніцамі з трыма абручыкамі, з бочкай піва ў коміне ці жартоўным «ярдам элю» - доўгай шклянай палкай з вялікай булдавешкай на канцы, п’ючы з якой, трэба ламацца і выгінацца ўзад, каб не абліцца? Ці хопіць нам эрудыцыі, кемлівасці, добрага густу, нацыянальнай згоды, самапавагі, волі і настойлівасці, каб заявіць упэўнена ўсяму свету і самім сабе: беларускае піва — гэта не каламутная вадкасць невядомага паходжання, без традыцый і перпектыў, але трунак годных людзей ? Сакатала бочачка, У піўніцы стоячы: Калі мяне не вып’еце Я сама разліюся Крыніцай чыстай вадзіцы |
| |||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
|