| Вiтаю, дружа! |
| увайсьцi | зарэгiстравацца |
| У гасьцях у козкі Інтэрвію з “каралевіхай” віртуальнай трэш-літаратуры baba_bronia. “Мааааць!” – саскокваючы з папуткі, я абедзьвюмя нагамі ўляпалася ў каровіну ляпёшку – па самыя калашыны. Рэдакцыя ня ведала, што маё падарожжа сюды ўляціць ім у пакупку мне новых кедаў. Так-сяк адшкрэбаўшы гной з абутку, я пацеляпалася па галоўнай вуліцы в. Рэчыца С***кага раёну. …Натужлівае рыпеньне нязмазаных весьнічак – і я патрапляю на затравелы падворак, на які, падаваецца, ніколі не ступала нага чалавека. На ім скубе траву нейкая зьдзічэлая каза нэўратычнага выгляду. Пракаветны дамок таксама выглядае нежылым. “Адно з двух, - думаю я, - тут жыве альбо зьнямоглая пэнсыянэрка, альбо зацяты інтэрнэтаман”. Але першую вэрсію прыйшлося адкінуць, бо ў тую ж хвілю невядомая сіла заціснула мяне ў абдоймы і зь енкамі “унучачка Эвачка прыехала!” пачала кружыць па ганку. Забягаючы наперад, хочацца сказаць, што зрок – гэта адзінае слабое месца бабы Броні. – Дзень добры ў хату, - кажу я, ледзьве вырваўшыся, - я да вас па інтэрвію прыехала. З часопісу “Студэнцкая думка”. – Вой як файно! Зусім нядаўна (гаду можа ў 84-м) да мяне прыяжджалі карыспандэнтыя з амаль такога ж часопісу. Толькі з назвай такой непрылічнай. Амаль “Плэйбой”… А!“Юны натураліст” зваўса… Бралі інтарв’ю пра тое, як мы з маім Доцікам у вайну вывелі навюткую прагрэсіўную пароду лася… Нязмушана гамонячы, мы праходзім у хату. Ваў – я ўсё так сабе і ўяўляла: на буфэце – гадзіньнік у стылі позьняга ар-дэко, побач у рамачцы антыкварна красуецца партрэт “Доціка” – сэксапільнага афіцэра ў нейкай зусім не савецкай форме, на стале пад абразамі – наварочаны лэптоп, падарунак “унучачкі Эвачкі”, на маніторы шпалеры з героямі мульціку “Саўт Парк”… Крыху выйшаўшы са стану афіге, ізноў настройваюся на хвалю гаспадыні: – …Пагражалі нат домам церпімасьці… цьху, прыстарэлых, але я ім нічога не сказала і нат чаю не дала. Дарэчы, чаю хочаш? – Дзе тут у вас кеды памыць можна? – Авой. А ціж тваю раз… А дзе гэто ты ўлезла? У нас ва ўвёске апошнюю карову яшчэ немцы зьелі… Козка столькі не наваляе. Ладна, пакажу дзе сажалка, як сьцямнее. А то людзі убачаць – будуць сьмяяцца. Не павераць што з гораду прыйехала… Пачуваючыся пасьля пачутага адначасова пацыентам “Навінак” і апошняю калгасьніцаю, спрабую раскінуць сталічныя панты: – Бабуля, ці чыталі Вы CD і што думаеце пра наш часопіс? – Так, чытала! Асабліво апошні нумар. Вельмі, вельмі цікавы й прыгожы! Бо там была мая фотакартачка і пра мяне напісано было шмат. Шкада толькі, што шрыўт такі дробны. Чамусьці вы плюеця на пажылых людзей са слабым зрокам, якія хочуць чытаць ваш часопіс. І добра было б, каб паболей было матэрыалаў пра кулінарыю, хатнюю жывёлу і ляндшафтны дызайн. І паболей фотакартачак голых хлопчыкаў і дзевачак. – Дарэчы, пра хлопчыкаў. Ходзяць чуткі, што на фінале літартурнага конкурсу ў Менску вас прадстаўляў нейкі малады хлопец… – Памыляесса. Гэто фіналісты конкурсу прадстаўлялі, што гэты малады хлопец – я. Я як пра конкурс даведаласа – адразу склала страшны план, каб там перамагчы… Гэто ж друкаваць ня будуць, так? Дык. Гэтыя з ПЭН-цэнтру, яны такія даверлівыя! Паверылі, што дзяучынка.. цьфу, хлапец, які і па-нашаму гаварыт па бумажке, можа быць Бабай Броняй. Ягорку мне дапамагла знайсці мая ўнучка Эва. Праз дошку знаёмстваў. Па ўзросту Андруша добра падышоў. – Андруша? Вы ж сказалі Ягорка. – Ну так, Эвачка гэтаму Сірожу сказала, што ня пойдзе да яго на спатканьне, аж пакуль ён мне не дапаможа і ня сходзіць на гэтыя вячоркі. А я ў гэты час бульбу садзіла. І каза у мяне акацяніласа. Во, іх цяпер у мяне дзьве. Малако ня ведаю куды дзяваць. – А яго хіба можна піць? – дэманструю я поўнае няведаньне аграрна-прамысловага комплексу. – Гэто, што ў пляшчцы? Гэто не! Гэто не малако. Гэтым я манітор праціраю. Малако там, кала дзьвярэй ува агарод. Пі за здароўе! Я казе вымя прамываю, як даіць. Яно чыстае і казлом не сьмярдзіць. Тут у нашай размове ўзьнікла адносна няёмкая паўза. Я, зь ветлівасьці выправіўшыся па малако, зачапілася за нейкую хярню, і перакуліла бідон… Зрэшты, мая мара зьдзейсьнілася – кеды я, можна лічыць, памыла… Падымаючыся з падлогі, тэрмінова пераводжу гутарку на высокае: – Спадарыня Браніслава, што найбольш натхняе Вас на творы? Сусьветныя падзеі альбо згадкі мінулага? – Вядома ж, “Паследнія ізьвесьція” мяне натхняюць значна больш, чым праграма “Падарожжы дэлетанта”. Навогул, я іду ў нагу с праграмай “Урэмя”. Дарэчы, трымаецца старая так, нібы да яе штодня журналісты прыяжджаюць. Зрэшты, мо яно так і ёсьць: вунь колькі кантактаў міргае на ўключанай у наўтбуку асьцы… - Якія вашыя творчыя пляны? Якія пачатыя файлы зараз вісяць на працоўным стале вашага лэп-топу? - Я пішу раман. Спачатку ён быў жаночы, цяпер – навукова-фантастычны. Баюса, у канцы атрымаецца эпічны дэтэкціў. Ужо напісала амаль палову – 7 старонак. Скончыць ніяк не магу, бо кожны дзень страчу ананімкі на маю суседку Тэклу. Мы зь ёй палаіліса. Зараз я многа пішу ў Літву. Мая мэта – каб яны зрабілі магільнік ядзерных атходаў на Тэкліным гародзе. Няхай ведае, як падпільваць карані маёй сьліве. А я ей яшчэ давала насеньне высакарослых таматаў! - Калі мы ўжо загаварылі пра жаночую прозу… Апішыце, калі ласка, мужчыну Вашай мары. - Калі каротка, гэто – Якаў Науменка***. Хачу паехаць да яго на канцэрт. І яшчэ мне падабаецца той актор, які грае голоўныя ролі мужчынаў ува ўсіх індзійскіх фільмах. - На Эўрабачаньні ўсіх адназначна парвала пажылая кабета, якая выступала за малдоўскі гурт Zdob si Zdub. Зь кім зь беларускіх выканаўцаў пагадзіліся б выступіць Вы? - Група “Сярэбраная свадзьба”. Яны пяюць простыя душэўныя песьні для людзей на зразумелай для іх мове. Ім бы я падаравала… палац праўсаюзаў, как магла… Тут баба Броня, урубіўшы MP3ку зь нейкім псэўдафальклёрным шансонам (відаць, таго самага Я. Навуменку) папрасіла прабачэньня. Маўляў, тэрмінова трэба зрабіць допіс у ЖЖ. Ветліва пачакаўшы паўгадзіны і дапіўшы рэшткі казінага малака зь бідону, я вырашыла разьвітацца са старушэнцыяй. - А дзе тут у вас старшыня калгасу жыве? Мне б камандзіроўку адзначыць… - Дай я табе адзначу. Старшыня як апошнім разам за самагонкай да мяне прыходзіў, та пячатку сваю забыўса. Давай, шлёпну куды трэ. Не бабка, а скарб! Каб адзьдзячыць за плойму атрыманага пазытыву ад гутаркі, ветліва пытаюся: - Можа, што ўнучачцы Эвачцы ў Менск перадаць? - Той куль, аб які ты пабіла каленку, як па малако ішла, і перадасі. Там казіны тваражок. І папрасі каб прывезла мне новы катрыж у прынтар. А то я запарыласа залу з печкі ў стары пхаць… Вось так на ўласныя вочы я пераканалася што баба Броня – гэта не выдумка сталічных нацыянальна сьвядомых праграмэраў. А з “унучачкай Эвачкай” мы потым перасякліся ў Менску. Яна аказалася энэргічнаю бізнэс-вумай, якая вызнае культ дыеты на казіным тварагу і носіцца зь ідэяю беларускага выданьня Cosmopolitain. Што ні кажы, а гены пальцам не замажаш… Упершыню апублікавана ў часопісе “Студэнцкая думка”: CD #6-2005 |
| |||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
|