лiтaрa.net | няшчырасьць |
Няхай жыве кансумерызацыя !
Маnn Kurt, 9 кастрычнiка 2002
Чым будзем закусваць "Усяслава Чарадзея" ?
Спадзяюся, не трэба даказваць, што нават у нашай беднай краіне разгортваецца няўхільны працэс “кансумерызацыі” грамадства. Традыцыйнае стаўленне да яго з боку г.зв. “інтэлігенцыі”, выхаванай у савецкай, а больш глыбока – у руска-візантыйскай – традыцыях, амаль адназначна адмоўнае. “Бездухоўнасць” – самы бяскрыўдны і банальны эпітэт у бок гэтай “заходняй пошасці”. Але калі ўсё ж паспрабаваць разважаць рацыянальна, дык давядзецца прызнаць, што “кансумерызацыя” – працэс непазбежны, і “змагацца” з ім - бяссэнсоўна.
Звычайна лічыцца, што “кансумерызацыя” знішчае культуру. Больш дакладна – яна стварае пагрозу культуры, перш за ўсё праз неразборлівасць. Але культура, каб абараніць сябе ў новых умовах, можа дзейнічаць больш разважліва. Трэба знаходзіць спосабы “ўбудавання” культуры ў спажыванне. На самой справе, выдзеліць “чыстую духоўную” ці “чыста матэрыяльную” культуру немагчыма – сёння, як і рэтраспектыўна ў любую мінулую эпоху. Нізкі ўзровень культуры ў Беларусі, як “духоўнай”, так і “матэрыяльнай”, выражаецца перш за ўсё ў неразборлівасці, непатрабавальнасці, калі чалавеку (спажыўцу) ўсё роўна, у якім доме ён жыве, якую кілбасу-сыр-бульбу есць, якое віно-піва п’е, якія відовішчы глядзіць, дзе вучацца ягоныя дзеці і г.д. Новыя тэхналогіі апрацоўкі мазгоў праз мас-медыя не спрыяюць выхаванню разборлівасці (= высокай культуры) – у гэтым сэнсе яны дзейнічаюць інстынктыўна-салідарна з ідэялагічным апаратам савецкай дзяржавы.
Калі прыняць, што спажыванне – не чыста фізіялагічны (біяхімічны) працэс, і што ён так ці інакш вымагае разважання над спажывецкім прадуктам, дык высокай культуры трэба засяродзіцца на змесце гэтага разважання. Спажыванне прадуктаў з даўняй гістарычнай традыцыяй (сыр “Roquefort”, гарбата “Twinings”, піва “Paulaner” ці “Leffe” і г.д. – або Наваградскі рыцарскі фэст, які таксама можна разглядаць як спажывецкі прадукт), у людзей, якія гэтую традыцыю ўсведамляюць і культывуюць, адбываецца не толькі праз рэцэптары смаку, зроку і г.д., але і праз пэўныя культурныя асацыяцыі. Задача культуры – развіць і ўдасканаліць, “ашляхетніць” гэтыя асацыяцыі. Больш таго, спажыванне ў многіх выпадках можна сумясціць з творчасцю – яскравым прыкладам чаго служыць кулінарыя. Можна пыхліва-паблажліва ставіцца да захаплення хатніх гаспадынь той жа кулінарыяй, але калі гутарка ідзе пра ўзнаўленне нейкіх даўніх гістарычных страў, звязаных з пэўнымі падзеямі, вядомымі асобамі – хіба ж гэта не творчасць і не культура ?
Вядома, буйным транснацыянальным манаполіям, вытворчым і інфармацыйным, патрэбны іншы тып спажыўца – які кіруецца не свядомасцю, а рэфлексамі (загадзя сфармаванымі). Такім спажыўцом (можна сказаць – такім грамадзянінам, калі разглядаць дзяржаўнае кіраванне як разнастайнасць “паслуг”) прасцей кіраваць, ён гарантуе ўстойлівы збыт прадукцыі, за якасць якой можна не клапаціцца.
У Беларусі амаль адсутнічаюць высокія стэрэатыпы спажывання, традыцыйныя прадукты, якія б культываваліся і ўдасканальваліся, якія б годна рэпрэзентавалі краіну, фарміравалі яе твар. Няма больш “смаргонскіх абаранкаў”, урэцкага ды налібоцкага шкла, “літоўскага” сыру, свержанскага фаянсу, слуцкіх ды гарадзенскіх паясоў і г.д. Густы, спажывецкія прыхільнасці не маюць гістарычнай пераемнасці, ў лепшым выпадку маюць асацыятыўныя сувязі з савецкім мінулым, у горшым – “наваробы” іміджмейкераў постмадэрнісцкай эпохі. Разбурэнне традыцый ідзе нават у такіх “моцных” краінах як Англія, Францыя ці Італія – але, магчыма, для нас гэта гістарычны шанц ? У нас усё так дрэнна, што можа быць толькі адносна лепш :-)
Усё гэта – аргументы на карысць таго, што спажывецкія традыцыі, спажывецкую культуру Беларусі трэба вывучаць і фарміраваць нанава. Маю на ўвазе і гісторыю, і сучасны стан – а галоўнае, пошук пераемнасці паміж імі.
© лiтaрa.net, пры перадруку не забудзьцеся паставiць на нас спасылку