лiтaрa.net | тэорыя |
Як я … Хадановіча
Павал Сьвярдлоў, 22 кастрычнiка 2003
Задума артыкула ў тым, каб разьвянчаць культ асобы да яго ўзьнікненьня.
Андрэй Хадановіч — літаратар папулярны. Дабраўся да вяршыні без піяру й скандалаў, ціха-ціха. Выкладаў сабе на філфаку БДУ, пісаў, пакрысе выдаваўся. Нікому нічога дрэннага не рабіў, палкамі ў колы братоў па пяры ня торкаў, а толькі ўсьміхаўся й чытаў вершы прыемным голасам. І вось — у Хадановіча закахаліся ўсе.
Спачатку складана было паверыць у яго выяву на вокладцы "ARCHE". Потым складана было лічыць ягоныя кніжачкі, якія адна за адной заляталі на палічкі бібліяфілаў. Зараз складана ўявіць безь яго ўдзелу філфакаўскую вечарыну ці прэзэнтацыю якой-небудзь мадэрновай кніжкі літаратара сярэдняй велічыні.
Ніякага культа асобы Хадановіча зараз, вядома ж, няма. Але што перашкаджае яму зьявіцца? Калі не Хадановіч — надзея беларускай літаратуры — то хто? Каму наканавана, перажыўшы ўсіх старых пердуноў, пераехаць з Парнаса на Алімп? Толькі не кажыце мне пра Курэйчыка, ён нават ня член саюза пісьменьнікаў… Наш Бог — Андрэй Хадановіч!
Ну што, зараз бачыце, якога я на..баў чалавека?!
Гэта адбылося ў будынку нейкай наваполацкай школы, на прыступках якой зладзілі сцэну й сьвяткавалі Дзень горада. Хадановіч прыехаў пачытаць вершы разам з гуртоўем бязглуздых пэрформэраў, якіх апошнім часам разьвялося што бяздомных катоў, бо пэрфоманс — гэта чамусьці модна. Шляхам да слаўнага Нафтаграду пэрформэры і Хадановіч пасябравалі, і нават вырашылі тусавацца разам.
Ён адбіўся ад сваіх, заседзеўшыся ў сталоўцы, і ў адзіноце шпацыраваў па холе школы. Пабачыўшы мяне, падыйшоў і спытаў, ці ня бачыў я, куды пайшлі хлопцы. Я хлопцаў ня ведаў і ў вочы ня бачыў, але рукой махнуў у напрамку дзьвярэй (верагоднасьць, што хлопцы пайшлі туды, была каля 80 адсоткаў). Хадановіч хутка выйшаў. Мабыць, нікога там не знайшоў, бо вярнуўся й хітравата на мяне паглядзеў. Нахіліў галаву, крыху прыжмурыўся й паглядзеў, як ён адзін гэта ўмее. З калідору паказаліся яго сябры, якія нікуды й не сыходзілі. Тут паэт і выдаў.
Дагэтуль я ніколі ня чуў ад Хадановіча мацюкоў. Мы пазнаёміліся чатыры гады таму ў валянтэрскім летніку й потым бачыліся там-сям, досыць рэгулярна. Не падумайце, што ён чытаў мне курс французкай літаратуры… Проста Андрэй грае ў інтэлектуальныя гульні, і я таксама. Нашыя каманды раз-пораз дабіваліся посьпехаў, таму нам было за што паважаць адзін аднаго. Варта зазначыць, што посьпехі ў "Што? Дзе? Калі?" — гэта, бадай, адзінае, за што Хадановіч мог паважаць мяне.
Бо вершаў я не пішу.
А калі б я пісаў, Хадановіч бы ад іх пляваўся. І мяне б зусім не паважаў.
Там, дзе мы пазнаёміліся, было шмат зялёнай травы й сьвежага паветра, побач цякла рака. Там патыхала Пушкіным. Мы ўсе жылі ў намётах, і Хадановіч таксама жыў у намёце. Тры тыдні. Гэта быў той самы Хадановіч, якога вы ведаеце. Ён прачынаўся, чысьціў зубы, жартаваў за сьнеданьнем, граў з намі ў інтэлектуальныя гульні. Увечары ён абавязкова сьпяваў пад гітару — сваё й чужое. Супергіт лета '99 — опэра "Сусанин и старцы". Калі вам давядзецца ўбачыць Хадановіча зь гітарай, папрасіце — няхай бы ён узгадаў, бо я амаль нічога ня памятаю. Хіба што:
"Меня зовут Каренина,
Я ненавижу Ленина,
Он сволочь, сифилитик и шпион…
Пусть минус семь по цельсию —
Вам перекрою рельсы я.
Гип-гип ура! Керенский — чемпион!"
…Палае вогнішча, Хадановіч перабірае струны. Вакол яго — карэ слухачоў. Мы, тады яшчэ дзеці, прыстаем да яго: Андрэй, прасьпявайце нам "О любви" Чижа, калі ласка… Ён адмахваецца: "Я вам не магнитофон!" І сьпявае нешта вясёлае й цёплае.
Аднойчы ён перапыніў песьню й пачаў лупіць мяне па галаве. Усе вельмі здзіўлена тады на яго паглядзелі, а ён патлумачыў, што пабачыў у маіх валасах чырвоную плямачку вугольля. І патушыў. Ён часта заплюшчвае вочы, калі сьпявае. Здаецца, мне пашэнціла.
Вядома ж, не абышлося ў летніку без інтэлектуальных гульняў. Быў у нас на ўсіх адзін томік "Сваёй гульні", і неяк сам сабой арганізаваўся чэмпіянат. Мы трапілі з Хадановічам у адну тройку й вымушаныя былі граць адзін супраць аднаго. Ён, вядома ж, перад апошнім, вырашальным пытаньнем апярэдзіў мяне. Яго перавага была ня вельмі значнай (70 маіх супраць 100 ягоных). Дакладны адказ на апошняе пытаньне падвойвае стаўку. Я вырашыў пайсьці ва-банк, і ён, прадчуваючы гэта, паставіў 40. Паставіў так, каб у выніку дакладнага адказу ў нас было роўна. Мой дакладны адказ нічога не вырашаў. Заставалася спадзявацца, што ён адкажа недакладна — толькі тады я меў шанец. Тады я паставіў 9.
Мы адобва адказалі недакладна.
Ня ведаю, ці запомніў ён гэты выпадак.
Але маю натуру, схільную да хітраватай камбінацыі, трэба было раскусіць яшчэ тады Зрабіўшы гэта, Андрэй, магчыма, ня даў бы сябе на..баць у Наваполацку.
Цікавымі былі яго стасункі з кіраўніцтвам летніка, у якое ён уваходзіў хутчэй па ўзросьце, чым па характару. Ён ні ў чым не пярэчыў гэтым пахмурным людзям, якіх, відавочна, не задавальняла жыцьцё. Як уласнае, так і нашае, піянерскае. Ён не пярэчыў і ніколі не змагаўся з своеасаблівым рэжымам падпарадкаваньня з усьмешкай свабоды на вуснах, які яны ўсталявалі ў лягеры. Гэта была не ягоная справа. Ён проста працаваў. Потым — яшчэ лета. І яшчэ…
Андрэй Хадановіч, як усе, любіць якасныя напоі, але ніколі ня быў супраць лідзкага піва. Ён не пагарджае півам, як не пагарджае людзьмі. Нават такімі, як я.
Ня ведаю, як ставяцца да яго студэнты філфаку, і якія стасункі ён вядзе з гэтымі сваімі навучэнцамі. Не зьдзіўлюся, калі амаль кожнаму зь іх уражаньняў пра асобу Хадановіча хопіць, каб напісаць нешта кшталту майго артыкулу. Бо Хадановіч, здаецца, ня любіць вытрымліваць дыстанцыю (бясьпекі). Але іх уражаньні мяне не цікавяць.
Я не ствараю партрэт. Я проста ўзгадваю тое, што здольны ўзгадаць.
Перачытваючы, я прыходжу да высновы, што з Андрэя Хадановіча хутчэй узрасьце культавы літаратар, чым культ асобы. Бо ён пакідае зашмат сьведкаў свайго баявога сталеньня. Сьведкі заўсёды схільныя перабольшваць сваю ролю ў жыцьцях таленавітых людзей. Таму, перачытваючы, менш зважайце на займеньнікі ў першай асобе…
© лiтaрa.net, пры перадруку не забудзьцеся паставiць на нас спасылку