лiтaрa.net | тэорыя |
Зайграўка да беларускае духахрамнасьці
Лявон Вашко, 12 сакавiка 1998
Інаўгурацыйная прамова пад час атрыманьня літаратурнай прэміі "Гліняны Вялес [http://litara.net/doc/vieles]".
Хочацца, скарыстаўшыся зь сёньняшняга прыемнага выпадку, сказаць пра асаблівае жыцьцё беларускага мастацтва ў вакольным цяперашнім сьвеце – пра ягоную жывасьвятасьць. У нашай краіне мастацтва заўсёды існавала дваяка:
- як прадмет рэчаіснасьці, якая процістаяла творчасьці жывога Беларускага Духу;
- і як зьява, якая ў канчатковым выніку духатварыла паўсюдную чужынскую прадметарэчаіснасьць.
Іначай, мастацтва як дух знаходзілася ў заўсёдным проціборстве з рэальнасьцю, разам з тым пераўтвараючы яе. Галоўная роля гэтай адмысловай творчасьці-дойлідзтва належала, вядома ж, прыгожаму пісьменству.
Якраз прыгожае пісьменства нарадзіла нацыянальную рэчаіснасьць на пачатку XX стагодзьдзя; нараджэньне гістарычнай Беларусі – фэномэн найперш мастацкі, духовы, псыхічны, а тады ўжо сацыяльна-гістарычны. Гістарычнае ўрэчаісьненьне беларускае дзяржаўнасьці напрасткі вынікае з глыбіннага мастацкага вобразу Беларусі, які стварыла маладая нашаніўская, і пасьлейшая, літаратура. Як засьведчыў наступны час, вобраз гэты неўміручы, бязьмежна-паўняльны і бязьмежнатворчы; па сутнасьці, Беларусь ніколі не жыла напоўніцу істапраўдна-рэчаісна, і як прадметная рэчаіснасьць яна заўсёды была проста этнічным краем, мёртвым, ня здатным на якоесьці паўнавартаснае нацыянальнае жыцьцё; і разам з тым ад першых сваіх дзён Беларусь жыватварылася духам, вобразамастацкім – і гэтае карэнным чынам бурыла ўсе аб’ектыўныя законы сьвету акурат мастацкаю свабодаю Духа; паводле гэтае бязьмежнае мастацтвасвабоды, насуперак аб’ектыўным і мізэрным законам рэчаіснасьці раб стаўся творцам, той, хто нарадзіўся поўзаць, здолеў паляцець да неба, а старажытныя гукі і сугуччы, якім было наканавана ціха сканаць-змоўкнуць пад гэтым небам, спалучыліся ў тайнічную песьню маладое беларускае душы й выявілі ў сьвеце новы народ і новую культуру.
Разуменьне велічы й сілы духатворчасьці асабліва важнае сёньня, калі беларускае мастацтва апынулася на новым вітку рэчаіснага проціборства. Паўсюдная паняверка, што апанавала нашых пісьменьнікаў – вынік гэтага процістаяньня, у якім выявілася абавязковае пярэчаньне між мастацкім чынам і аб’ектыўнасьцю: моц выбухаў Духу заўсёды выяўляе моц рэчаіснае процівадуховасьці; і ўвадваротку, духазаняпад азначае ўладу мёртвага рэчаіснага прадметасьвету над жывіннаю дзеяю Духу, уладу сатаны-разбуральніка над чалавекам-творцам. Вось чаму паняверка ў сучаснай нацыянальнай літаратуры, маральны паралюш, нежаданьне ейнае тварыць з пустасьвету наш духакрай сёньня вядзе да ўнутранага заняпаду мастацтватворчасьці.
Выйсьце ў гэткім становішчы можа быць толькі адное: трэба як хутчэй выцерці сьлёзы і ўшчыльную брацца за будаўніцтва беларускага Храму Духу – краіны нашае духовае Творчасьці; іначай кажучы, мастацкі творчы чын, сьвядомае проціпастаўленьне беларусазьнішчэньню беларусатворчасьці мусіць зрабіцца галоўнаю задачаю, галоўнаю мэтаю й галоўным спосабам нацыянальнага існаваньня. Той бяздонны мастацкі вобраз беларускасьці, запалены на пачатку ХХ стагодзьдзя нашымі першымі дойлідамі, вобраз, які надалей вырэчаісьніў і Беларусь, і нас саміх, трэба асьвяціць новымі выбухамі Беларускага Духу, трэба збудаваць новымі сполыскамі Беларускага Сьветатварэньня. Сатану, які сёньня гуляе баль на абсягах Бацькаўшчыны, мы здолеем змагчы, калі патрапім вытварыць насуперак яму наш боскі сьвет – чысты, ясны, беларускі, сьвет Духу й Творчасьці. Вайна ж з сатаною ў той спосаб, да якога ён штурхае, павяртае да разбурэньня й заняпаду, да яшчэ большай паняверкі й да яшчэ большага асатаньня, якія ёсьць зараз. Плюгавага можна выкараніць, адно ствараючы, але не руйнуючы; толькі ў гэтае барацьбе між тварэньнем і руйнаваньнем згіне тое, што даўно мусіць згінуць і бяз нашых высілкаў, і народзіцца тое, што сёньня чакае ад нас аграмадных духовых вымогаў у справе беларускага сьветатварэньня. На мёртвых пацяробах, што пакідае па сабе плюгавы, мы пасеем мільёны жывых беларускіх словаў і высьпелім мільёны неўміручых беларускіх ідэяў; мы наталім жывымі мастацкімі вобразамі беларускага сьвету мільёны сэрцаў, якія прагнуць гэтых вобразаў і мастацкага сутварэньня, і абудзім прагу да сьвятой беларушчыны ў мільёнах людзей, якія ўсё яшчэ дрэмлюць у навакольным прамінулым, ужо ўчорашнім сьвеце.
Вось некаторыя мае меркаваньні наконт духахрамнае творчасьці, якімі мне хацелася б падзяліцца сёньня і якімі б мне хацелася кіравацца ў пісьменстве.
© лiтaрa.net, пры перадруку не забудзьцеся паставiць на нас спасылку