| Вiтаю, дружа! |
| увайсьцi | зарэгiстравацца |
| Дзеяслоў як часціна літаратуры «Выданне, адкрытае для ўсіх». Так прэзентуе сябе новы літаратурна-мастацкі часопіс «Дзеяслоў». Гэтае «для ўсіх» настройвае на іранічны лад — «трыбунай для ўсіх» абяцалася быць і «ARCHE», якое, нягледзячы на самауганараванае званне «народнага часопіса», застаецца выданнем элітарным, немасавым, з добрымі рэдактарскімі традыцыямі. Тое, што гэтыя два недзяржаўныя часопісы будуць канкурэнтамі, — зразумела ўжо сёння. Аднак пісьменніцкія імёны на густоўна аформленых вокладках паўтараюцца — не так ужо многа ў нас папулярных пісьменнікаў, а добра пралічаная стратэгія «Дзеяслова» друкаванне іншых, як быццам, і не прадугледжвае. На жаль, часопіс змяшчае шмат тэкстаў, ужо вядомых па публікацыях цалкам альбо ва ўрыўках. Так, версэты Алеся Разанава вядомыя па кнізе «Вастрыё стралы», штрыхі да партрэту сучаснай беларускай літаратуры «Белы крыж над белаю зямлёй» Людмілы Рублеўскай — па публікацыі ў «Савецкай Беларусі», урыўкі з паэмы «Паланэз» Уладзіміра Някляева друкаваў «ЛіМ», а «Мой народ» Сяргея Дубаўца — ні што іншае як скачаны з інтэрнэту форум. Такая палітыка выглядае дзіўна, бо гаворка ідзе пра «пілот» — нумар, які так ці інакш увойдзе ў гісторыю літаратуры. Стваральнікі часопіса — рэдактар Барыс Пятровіч, намеснікі Эдуард Акулін і Алесь Пашкевіч — абралі дастаткова традыцыйную кухню: класікі — дэбютанты, суачыннікі — замежнікі… Незапоўненай засталася хіба што ніша авангарыстаў. Рызыкоўных — у мастацкіх адносінах — тэкстаў у «Дзеяслове» проста няма. Аднак твораў, здольных выклікаць спрэчныя меркаванні, некалькі. Найбольш эмоцый павінна, на мой погляд, абудзіць аповесць «Ліст у Галактыку «Млечны шлях» Юры Станкевіча, якога апошнім часам крытыкі абвінавачвалі то ў «ачарніцельстве» рэчаіснасці, то ў расізме. Станкевіч — з тых, хто ўпарта адмаўляецца быць «паліткарэктным». Развіваючы думку Артэга-і-Гасэта пра анамальнае развіццё масавага чалавека, галоўны герой аповесці вясковы настаўнік астраноміі Андрэй Корбат піша ліст да іншапланецян: «Па-сутнасці, адкат чалавецтва назад да варварства пачаўся даўно, з «лёгкай нястраўнасці» (Ніцше), гэта значыць, з рэвалюцыяў — спачатку французскай, а пасля і іншых, уключаючы самую разбуральную — расійскую. Ужо тады, у час французкай Камуны, была зафіксаваная, на першы погляд, дзіўная дэталь: знішчэнне па расавай прыкмеце (на гільятыны, якія стракаталі нібы швейныя машынкі, адпраўляліся, у першую чаргу, светлавалосыя, са светлымі вачыма — блакітнымі, шэрымі — рослыя асобы). Хам, з»яўляючыся, наадварот, асобай другога гатунку, ліхаманкава знішчаў прыгожых і разумных. Пачалося расчалавечванне чалавека і размнажэнне недачалавекаў». Вось гэты «ніцшыянскі» ўрывак з аповесці — ці не самы правакатыўны на старонках «Дзеяслова». Аднак, асабіста мне, зразумелая чалавечая пазіцыя Ю.Станкевіча, які прама гаворыць пра тое, што «ліберальныя каштоўнасці» і «дэмакратычныя вартасці» добрыя толькі тады, калі за імі стаіць дзеянне, скіраванае супраць фізічнага і духоўнага выраджэння. Выразны гуманістычны пафас твора — з»ява даволі рэдкая ў сённяшняй беларускай прозе, якая практыкуецца пераважна ў інтымных дзённіках і псеўдаінтэлектуальных рэфлексіях. «Ці здолее чалавецтва змяніць памылковы шлях, які цяпер вядзе яго ў бездань?» — пытаецца Станкевіч. Ці зможа яно абысціся без «Вялікай зачысткі», унутранай ці вонкавай, касмічнай? Актуалізаванае схільнай да песімізму еўрапейскай літаратурай ХХ ст., гэтае пытанне сёння находзіць новыя адказы, напрыклад, у даволі распаўсюджанай фенаменалогіі цуда, якая акрыяла на мяжы філасофіі і тэалогіі. Адгалоскі яе можна пачуць і ў аповесці «Ліст у галактыку», напрыклад тады, калі вуснамі свайго героя Станкевіч сцвярджае: «Пісаць пра нешта — гэта значыць задзейнічаць невядомыя нам сілы». Вера ў моц свядомасці, здольнай перайначыць рэальнасць — толькі адзін са спосабаў выратавання, дадзеных «Лістом». Дзевяць поглядаў на адну і тую ж падзею, дзевяць герояў, дзевяць лёсаў… Так і хочацца дадаць — дзевяць праўд… Не, праўда можа быць толькі адна — і гэтая ісціна вяртаецца да нас яшчэ раз з аповесцю, якая трымае ўвагу чытача з першай да апошняй сваёй старонкі. Недахопам твора з»яўляецца хіба што перагружанасць навуковай тэрміналогіяй і, празмерны, на мой густ, натуралізм шостай часткі. Агіаграфія Хама — так можна было б акрэсліць найбольш агульна змястоўныя межы апавядання «Чарнавікі і пісьмы» Андрэя Федарэнкі. Гэты твор — яшчэ адна «гісторыя хваробы». Гіперрэалістычнае, псіхалагічна-дакладнае пісьмо гэтага пісьменніка па-ранейшаму здзіўляе незвычайным спалучэннем аўтарскай зацыкленасці на фізіялагічных падрабязнасцях чалавечага жыцця і лірызма ў адносінах да нежывой прыроды. «Прышэсце Хама» як гістарычныя дэкарацыі, на тле якіх разгортвалася драма творчага лёсу Купалы, разглядаецца ў літаратуразнаўча-філасофскім артыкуле «Паэт і дыктатура» Анатоля Сідарэвіча, які лічыць, што гэтая тэма можа быць «спасцігнутая ў большым набліжэнні і праз вывучэнне псіхалогіі( індывідуальнае, творчае), і пры выкарыстанні метадаў культурнае антрапалогіі.» «Аўтарскае купалазнаўства» — так можна ахарактэрызаваць артыкул Сідарэвіча, які вылучаецца адначасова дасведчанасцю і суб»ектывізмам. Сапраўдным жа святам суб»ектывізму стала інтэрв»ю Алеся Асташонка «…Каб стаць мастаком , патрэбны дазвол Бога», якое ён даў Леаніду Галубовічу. Літаратурнае жыццё Беларусі вачыма таго, хто ўжо пяць гадоў жыве ў краіне-суседцы, чытаць цікава ўжо хаця б таму, што аўтар — таленавіты і густоўны ва ўласнай творчасці. Але, перад усім, таму, што ён не мае патрэбы ці неабходнасці дагаджаць усім. Дарэчы апошнімі словамі «Дзеяслова» сталіся гэтыя: «Горай за ўсё аўтару( а пасля яго — крытыку): усім жа не дагодзіш!..» Даволі дзіўна чуць такое ад маладога крытыка, бо сама ідэя «быць прыемным» у крытыцы выглядае калі не абсурднай, то падазронай. Ірына Шаўлякова не паленавалася зрабіць агляд вялікай колькасці кніг, прычым палова з іх належаць пяру яе калег літаратуразнаўцаў. Сярод іх Ул.Гніламёдаў, І.Штэйнер, В.Новак, А.Андрэеў. Некаторыя з яе заўваг выглядаюць занадта банальнымі (напрыклад, пра «адметны паэтычны голас» Навума Гальпяровіча). Некаторыя — занадта правакатыўнымі ( напрыклад, «Кожнае «сёння» заслугоўвае свайго «Буало» ў рэцэнзіі на кнігу «Ад даўніны да сучаснасці» Ул.Гніламёдава, пры тым, што ў ролі Буало апынуўся… Славамір Адамовіч). Некаторыя занадта катэгарычнымі( «Бізнэсоўцы дарма не чытаюць часопіс «Полымя»). Усе скрайнасці аб»ядноўвае сказ-заўвага, які адносіцца не столькі да крытыкуемых, колькі да аўтаркі, здольнай нават у зборніку фальклорна-этнаграфічных матэрыялаў адкрыць «сусвет» — «…і ўжо ты сам — чалавек-аркестр і чалавек- свята, першаадкрывальнік простай радасці — быць.» «Простыя радасці» — традыцыйная аб»ект мастацкага адлюстравання ў танках, жанры японскай паэзіі, абсалютна нечакана ўзятым на ўзбраенне Нілам Гілевічам, які прыўнёс сюды нацыянальны каларыт (бульба, ралля, яблыня) і пакінуў рэшту ўсходняга містыцызму («Хіба ж я снам у сне загадаю?»). «Сон у сне» — вобраз, скарыстаны і ў лірыка-драматычнай паэме Уладзіміра Някляева «Паланэз». На мой погляд, гэта лепшы паэтычны матэрыял часопіса. І адна з самых тонкіх »рэчаў» паэта за апошні час. Каханне, настальгія, містыка… Лёгкасць, меладычнасць верша, які падае ў душу гукамі паланэзу — усё гэта павінна зрабіць паэму паэтычным хітом, асабліва для маладых чытачак. Больш сталыя, напэўна, выбяруць два аповяды пра каханне Святланы Алексіевіч, зробленыя, як заўсёды «нон-фікшын», і, здольныя выклікаць слёзы, не залежна ад колькасці перачытванняў. Не спыняючыся на змесце п»есы «Электрычка на Вялікдзень» вядомага ўкраінскага пісьменніка Аляксандра Ірвянца, адзначу перакладчыцкую працу Уладзімера Арлова. які не пабаяўся рызыкоўнай ва ўсіх адносінах «трасянкі», што, верагодна, адпавядае не менш аблаянаму «суржыку». Вопыт Ул.Арлова цікава спалучаецца з заклікамі часопіса, адысці ад «расейшчыны» ў беларускай мове. Стваральнікі «Дзеяслова» пайшлі на неадназначны эксперымент, названы імі «рэабілітацыяй» мяккага знаку. Аднак і без гэтага кроку «моўная сітуацыя» у выданні пакуль што складаная. Зразумела, што аглядзець у с е творы у с і х аўтараў — а іх, між іншым, дваццаць шэсць! — немагчыма ды і не патрэбна. Часопіс толькі -толькі з»явіўся і ў с е жадаючыя могуць яго набыць. Ён таго варты. |
| |||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
|