| Вiтаю, дружа! |
| увайсьцi | зарэгiстравацца |
| Я б у пісьменьнікі пайшоў Ганарар за электронную публікацыю атрымаць амаль немагчыма. Гэта зьвязанае з тым, што зь сеткавых чытачоў складана браць грошы за чытаньне. Але зьяўленьне на некаторых сайтах можа спрыяць друкаваньню кнігі ў адным з рэальных выдавецтваў. Папяровая публікацыя чакае, канечне, толькі нямногія творы, але ўсе астатнія таксама могуць знайсьці сваіх чытачоў сярод карыстальнікаў Інтэрнэта. Калі вы жадаеце дасягнуць посьпеху як мага хутчэй, па-першае, ня трэба лезьці ў рунэтаўскія сайты для аўтараў-пачаткоўцаў. Нягледзячы на тое, што іх вельмі шмат: часопіс «Самиздат» пры бібліятэцы Машкова, рэсурс Proza.ru (дзе, дарэчы, ёсьць інфармацыя пра магчымасьці папяровага выданьня вашай кнігі), так званае "электронное издЕВательство "Графоман", сайт "Хромой пегас" і менш вялікія www.grafoman.hobby.ru, zol.gorcom.ru/l-poligon/l-poligon.htm), яны утрымліваюць занадта вялікую колькасьць твораў розных аўтараў. Расейская культура вядомая сваёй любоўю да славеснасьці. Твор невядомага аўтара знайсьці там амаль немагчыма. Як і ў выпадку зь невялікімі каталёгамі для рэгістрацыі дамашніх старонак, лепей спачатку знайсьці для "раскруткі" свайго імя невялікія праекты. І толькі потым, калі вас будзе ведаць пэўная колькасьць людзей, можна паспрабаваць забросіць сваё імя і ў расейскі "вінэгрэт", дзе адзінае, што можа выратаваць нікаму не вядомых аўтараў – рэгулярныя агляды, якія робяць там жа, на сайце, і ў якія можа патрапіць выпадкова і вашае імя. Але суб’ектыўныя, як правіла, водгукі ў іх не заўсёды бываюць добрымі, трэба рыхтавацца да жорсткай крытыкі. Удзел у беларускіх праектах такога кшталту, акрамя відавочна большай верагоднасьці таго, што ваш твор знайдуць, ёсьць больш патрыятычным. Як кажуць, разьвівайма беларускі кантэнт. У Байнэце нашмат лягчэй знайсьці вольнае месца – ідэю, не заседжаную, як мухамі, вялікімі і маленькімі праектамі, як гэта адбываецца ў Рунэце. Нашую сытуацыю дэфіцыту беларускай інфармацыі ў Сеціве можна выкарыстоўваць у сваіх мэтах і рабіць беларускае, якое абавязкова будзе запатрабаваным. Пагатоў зараз ужо ёсьць некалькі невялікіх сайтаў для аўтараў-пачаткоўцаў, дзе і сапраўды можна набыць пэўную вядомасьць. На жаль, пра іх пакуль няшмат людзей ведаюць; збольшага самі аўтары, якія прыходзяць туды, каб "сабрацца разам, паказаць адзін аднаму свае творы і паспрабаваць сумеснымі намаганьнямі "пакарыць сьвет". Да гэтага заклікаюць аўтары сайту welcome.to/bellit, створанага як сродак узаемадапамогі людзей, якія мараць паказаць сваю творчасьць сьвету. Прымаюцца для публікацыі на сайце "проза, вершы, фантастычныя і цалкам практычныя тэорыі, фотаздымкі, зноскі на музыкальныя фрагмэнты… — усё, што можа данесьці да карыстальніка кампутар. Можна падпісвацца сапараўдным імем, можна прыдумаць псэўданім – поўная свабода творчасьці. Можна нічога не пісаць, толькі крытыкаваць – поўная свабода думак". Пачытаць і апублікаваць фантастычныя творы запрашае сайт pavetra.tripod.com: "Пачынаючыя пiсьменьнiкi, а таксама перакладчыкi, калi вы ствараеце на беларускай мове фантастыку, то магу прапанаваць разьмясьцiць вашую працу на сваiм сайце. Вы, безумоўна, можаце стварыць свае сайты, але ў моры маленькiх адзiн вялiкi больш заўважны… " Сваіх аўтараў шукаюць і расейскамоўныя праекты: літаратурны альманах "КСТАТИ", што на самой справе "не только литературный альманах, но и призыв К СТАТИчным еще духовным ратоборцам, чей теКСТ АТИпичен и кому видна сквозь обыденный коКС ТА ТИхая гармония, что каждому из нас и к лицу и К СТАТИ". Пляце літаратурнае павуціньне Мыш Белая, хаваючы ў сваім сеціве ня толькі вершы і прозу, але графіку і жывапіс невядомых і ўжо дасягнуўшых некаторых посьпехаў творцаў. Самым лепшым творам прысуджаецца ўзнагарода "Графская Печать". На сайце можна прачытаць няпростую гісторыю "Кстати", тое, як і чаму папера ператвараецца ў HTML. Сайт "Литаратурная гостиная", прыемна заўважыць, даволі рэгулярна абнаўляецца. Як зазначае гаспадар гасьцёўні, "Тут можна пазнаёміцца з рознымі творамі пачынаючых і малавядомых шырокай аўдыторыі аўтараў: паэтаў, празаікаў і журналістаў". Генадзь Апановіч – аўтар сайту з надзвычайнай назвай Версіфікатар жадае ўсім сваім аўтарам вядомасьці. Яго рэсурс створаны з мэтай растлумачыць тэарэтычныя асаблівасьці вершаскладаньня і тым самым узьняць узровень майстэрства сецевых паэтаў. На сайт можна даслаць свае вершы, прычым самыя пасьпяховыя аўтары маюць права на асобную старонку, дзе будзе разьмешчаная інфармацыя пра аўтара і ягоныя вершы, што ён пажадае апублікаваць. Стваральник рэсурсу не скупіцца на каштоўныя зьвесткі і адкрыта выкладае на сайт карысную інфармацыю для пачынаючых творцаў. Свае паэтычныя вопыты можна дасылаць таксама на сайт www.suschko.newmail.ru. Гэта старонка, прысьвечаная творчасьці беларускіх паэтаў. Ненадрукаваныя творы больш сталых аўтраў зьбірае кніжная палічка "Белорусской деловой газеты, а сайт www.alt4u.narod.ru нават запрашае студэнтаў факультэтаў журналістыкі ці філялёгіі на пасаду літаратурнага рэдактара. Абмеркаваньне праблемы агульнага рэсурсу для пачатковых аўтараў вядзецца на форуме Беларускай электроннай бібліятэкі – www.mylib.com. Яе стваральнік Ліцьвінскі Зубр гатовы аказаць пэўную дапамогу: "Хай цікаўныя пакідаюць тутака свае паведамленьні. Калі людзей назьбіраецца, дык я дапамагу з тэхнічнымі момантамі. Што значыць – дам мейсца пад гостынг, зраблю просты дызайн (але пажадана, каб і за гэта хтосьці ўзяўся) і буду дапамагаць у розных пытаньнях". Упершыню надрукаваны у газэце "Чалавек&Internet", 13 жніўня 2001 |
| |||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
|