• лiтaрa.net | тэорыя |
Гліна
Алесь Разанаў, 12 сакавiка 1994

урывак з паэмы, які быў прачытаны паэтам на вялесаўскай [http://litara.net/doc/vieles] цырымоніі


1
Ніцма ляжыш
І у глыбокім сьненьні
Хаваеш сваю душу.

Загавару з табою –
Адкажаш,
Але не пачуеш.

Рукою цябе крану –
Запомніш,
Але не ўбачыш.

Ты ў самым пачатку часу,
Дзе Бог
Разрозьнівае-разасабляе
Свае раўнаісныя іпастасі –
Жыцьцё і Сьмерць

2

Няма ні набытку,
Ні страты.

Насеньне чакае
Сваёй пары –
Замкнёнае ў сховішчах сэнсу.

І не сьпяшаецца прыгажосьць
Сабрацца
У келіху кветкі.

Магчымасьць шукае сябе,
Даючы
Гліне
Свае найменьні.

3

Чакае,
Што зь ёю нешта адбудзецца,
Але ня ведае –
Што.

Хоча,
Каб тое,
Чаго чакае яна,
Адбылося,
Але ня можа даўмецца,
Адкуль яно можа ўзяцца,
Калі няма яго ў ёй
Цяпер.

Што ні трапляецца ёй,
Адпускаецца неахвотна.

Растворана ў ёй
Магічная сіла,
У ёй
Прадугадваецца жанчына.

4

Усе пакідаюць у ёй
Свой сьлед –
Нібы пазначаюць месца,
Куды вярнуцца.

Але не вяртаюцца.

Гліна:

Адзіная спадарожніца,
Для якой
Ніхто не бывае мінулы.

5

Ня хоча,
Каб яе бачылі
І разумелі,
Але сама хоча бачыць
І разумець.

Яшчэ ўсё магчыма –
Яшчэ
Сіла не варагуе з сілай
І не смуткуе па сьмерці.

Яшчэ
Слова само сябе чуе,
А вобраз –
Бачыць.

Размова пра н е ш т а,
Што доўжыцца зь веку ў век,
Але ня можа ні скончыцца,
Ні пачацца.

6

З радовішча сну
Абуджаецца,
Каб нарэшце
Прачнуцца нечым

Альбо сабой.

Вада забірае,
Агонь зьбірае,
І думка знаходзіць у ёй
Сваё падабенства.

Цяпер сьцеражыся,
Каб не памерці

Раптам.

7

Захоўваешся ў цяні
Усіх рэчаў
І ўсіх істот
І ў сабе
Захоўваеш сэнс,
Ім яшчэ не вядомы.

Каб насампраўдзе
Прысутнічаць кожны раз тут,
Даецца,
Быццам сьляпому доказ,
Сама сабе
Ў рэчах і ў постацях
Рэчаіснасьць.

А гліна
Усё пераконвае ўсіх,
Што можна
Бачыць ня гэтак,
Што можна
Усё бачыць інакш.
(…)


© лiтaрa.net, пры перадруку не забудзьцеся паставiць на нас спасылку