лiтaрa.net | тэорыя |
Гульня ў клясыкі
Макс Шчур, 15 жнiўня 2002
Алесю з Полацка, аўтару ліста ў “Нашу Ніву”.
1.
З прыходам да ўлады Лукашэнкі беларуская культура страціла сваё прывілеяванае становішча аднаго са складнікаў дзяржаўнай ідэялёгіі. Але не разгубілася й адразу кінулася ў гушчар палітычнае барацьбы яго адваёўваць, адчуўшы, што “гэта бой наш астатні”, і “губляць няма чаго, акрамя сваіх кайданоў”. Гэтым тлумачыцца суцэльная палітызацыя сёньняшняй беларускай культуры. Быць беларусам ёсьць перадусім палітычнай пазыцыяй: маўляў, “поэтом можешь ты не быть”, але дзесяць сутак адседзець павінен. Лепш нават дзесяць месяцаў. Ці павінна быць культура абавязкова носьбітам нейкай ідэялёгіі? Марксізм-ленінізм сьцьвярджае, што так, і ў выпадку беларускай культуры апошняга стагодзьдзя не памыляецца, то ж бо яна доўгі час была носьбітам ідэялёгіі самога марксізму-ленінізму. Гэтая сьціплая роля дазваляла афіцыйным дзеячам беларускай культуры паразытаваць на сваім народзе, то бок існаваць за кошт савецкіх падаткаплацельшчыкаў-крэпасных. Пісьменьнікам, дзеля прыкладу, была гарантаваная магчымасьць выдаваць больш чым прыстойнымі накладамі свае кніжкі, пра якасьць і зьмест каторых мы тут узгадваць ня будзем, працаваць на штучна створаных хлебных месцах ва ўсялякіх там часопісах і выдавецтвах, адпачываць у Іслачы й езьдзіць на сустрэчы брацкіх пісьменьнікаў—не, ня ў Брацк, а куды-небудзь у Малдавію ці нават Баўгарыю. Кузьнямі талентаў былі ўсялякага кшталту “пярвічныя” літаратурныя арганізацыі на месцах, дзе тугаплаўкі народны геній праходзіў апрацоўку цяжкім кавадлам ідэялягічна абгрунтаванай, тэарэтычнай народнасьці. Майстроў кавадла, то бок кавалёў-прафэсіяналаў, аб’ядноўваў дзяржаўны прафсаюз пад назовам Саюз Пісьменьнікаў БССР, роля каторага была аналягічнай ролі орўэлаўскага Міністэрства Праўды, у нашым выпадку—праўды літаратурнай. Менавіта сама гэтая роля змушала нашых пісьменьнікаў хоцькі-няхоцькі схіляцца да творчага метаду сацыялістычнага рэалізму, а не наадварот. Тое самае адбывалася ў іншых галінах культуры: у Саюзе Мастакоў, Саюзе Кампазытараў, і г.д. Згодна з Марксам, “быцьцё прадвызначае сьведамасьць”—а быцьцё нашых “культурыстаў” было даволі бязьбедным, таму ўсялякае ідэялягічнае адхіленьне ўспрымалася Партыяй проста як няўдзячнасьць. Трэба сказаць, што іншай магчымасьці быць менавіта творцам не было: прыйшлося б абавязкова рабіцца дысыдэнтам. Але гэта азначала б пайсьці супраць свайго народа! Нязьменнай жа каштоўнасьцю сапраўднай беларускай культуры была ейная глыбокая й шчырая народнасьць, як было вырашана яшчэ самім таварышам Сталінам. Таму няма дзіва, што часовы крызіс палітычных каштоўнасьцяў часоў перабудовы пазбавіў беларускую культуру прымхі аб ейнай “народнасьці” й “патрэбнасьці народу”: высьветлілася, што народная культура “дзякуючы” русіфікацыі даўно ўжо ня ёсьць беларускай. Трэба было тэрмінова растлумачыць народу, што мы ня былі інструментам камуністычнага прыгнёту, што нас прыціскалі, не давалі выказвацца, што акрамя нас існуе яшчэ іншая беларуская культура, невядомая, рэпрэсаваная, эмігранцкая, і што цяперака менавіта яна павінна стацца новай культурай незалежнай нацыі. Прычым сама вартасьць беларускай культуры ў адцягненасьці ад палітычнага кантэксту нідзе й нікім сур’ёзна не разглядалася. Адылі беларуская творчая інтэлігенцыя недаацаніла сваёй ролі ў савецкай прапагандзе, а дакладней, у нічоганепрапагандзе: пакуль дзеячы культуры балявалі, была зьнішчаная мова, а нацыянальная культура пазбаўленая ўсялякай жыцьцяздольнасьці на нацыянальнай тэрыторыі, і сталася гэта, як ні парадаксальна, у парніковых умовах адсутнасьці канкурэнтнай барацьбы. Пасьля рэферэндуму 1995 году зрабілася ясна, што наш народ занадта бедны, каб, як даўней, аплочваць тых, хто будзе забясьпечваць яму нацыянальную тоеснасьць. Абыдземся бяз новай сымболікі, без дакумэнтацыі ў роднай мове, без нацыянальнай школы—няма чаго выдумляць, ашчаджаць трэба: насі старое, пакуль носіцца. Маўляў, мы не паны, каб выкідаць грошы невядома на што. Скажыце, ці гэта ня ёсьць тыпова беларускім “саламонавым” вырашэньнем? Бадай што так. Менавіта эканамічную аргумэнтацыю плюс фашыстоўскае мінулае выкарыстаў Лукашэнка для дыскрэдытацыі ў вачох народа ненавісных яму “несавецкіх” сымбаляў. Непрацяглая беларусізацыя часоў “НЭП”у скончылася разам зь дзяржаўнай падтрымкай. Новыя падручнікі па гісторыі арыштавалі. Новы парадак запатрабаваў новай ідэалёгіі, ніякім чынам не нацыянальнай. Гэтак упершыню за доўгі час беларуская культура пазбавілася сваёй афіцыйнасьці, што ўжо само па сабе ёсьць для яе дасягненьнем, і сталася справай сьвядомай меншасьці, таксама ў эканамічным сэньсе слова. Як на Захадзе на працягу ўсяе гісторыі беларускай эміграцыі культура існавала ўласным коштам ейных дзеячоў, то бок была іхнай прыватнай справай, гэтаксама ж у “мэтраполіі” яна сталася ў адзін дзень амаль цалкам прыватызаваная тымі, у каго на яе былі грошы і хто не пабаяўся іх у яе ўкласьці. Qui prodis?
2.
Нацыянальная ідэя заўсёды мела сваіх прыхільнікаў сярод тых, для каго яна ёсьць перш за ўсё дадатковым стымулем грамадзкага памкненьня да дэмакратычных рэформаў, то бок палітычным фактарам. Культура, як выразьнік і форма ўвасабленьня нацыянальнай ідэі, ёсьць бясспрэчным сродкам ейнай паступовай эмансіпацыі. Таму палітычныя колы, каторыя робяць стаўку на карту нацыянальнай ідэі, аплочваюць рахункі й вызначаюць прыярытэты беларускай культурнай палітыкі, альбо лепш кажучы ступень палітызацыі культуры, каторая ёсьць у апошнія часы як ніколі дагэтуль высокай. Палітыка (дакладней, “лукашэнкацэнтрызм”) сталася ейным неабходным складнікам, кансэрвантам і афарбоўкай, прызвычным рэчывам, каторае рэкамэндуецца дадаваць у страву для выкліканьня фізычнай і псыхалягічнай залежнасьці ў спажыўца. Працягваючы аналёгію, ці ня ёсьць нашая культура ў пэўным сэньсе ўсё-ткі стратным прадпрыемствам, у каторае мусяць бухацца грошы а грошы каб забясьпечыць існаваньне перадусім ягоных нястомных працаўнікоў? Ці не таму так адбываецца, што прадукцыя гэтай фірмы папросту не даходзіць да шырокага спажыўца, гэтаксама як перадачы радыё “Свабода” да шараговага беларускага слухача? Пэўне ж: хросныя бацькі-закладальнікі гэтага прадпрыемства зрабілі хітры з эканамічнага гледзішча выкрунтас, абвясьціўшы сваю прадукцыю выробкам элітнай маркі, а саміх сябе, то бок вытворцаў—элітай. Інакш кажучы, адразу па звальненьні зь дзяржаўнай службы культура пагадзілася са сваім новым мінарытарным статусам і пачала працаваць толькі на пэўнае кола спажыўцоў, трывала ўжо залежных ад ейных выробкаў. Цікава адзначыць, што ў іх гэтая залежнасьць сфармавалася, па сутнасьці, толькі ад аднаго з абавязковых элементаў ейнае рэцэптуры, а менавіта—ад палітычнага складніку. Усё астатняе яны мусяць глынаць як пабочны прадукт, ад якога б з радасьцю маглі, у прынцыпе, адмовіцца. Няхай нават так, разумейма ж неабходнасьць “палітычнага выхаваньня масаў” (хаця не забываймася на вузкае кола спажыўцоў), адылі прыгледзьмася, якая палітычная ідэялёгія, то бок які наркотык ёсьць хімічнай асновай і дзейным рэчывам прапісанай нам элітнай беларускай “Віягры”? На маю думку, такой элітарнай палітычнай ідэялёгіяй (г. азн. ідэялёгіяй нашай культурнай палітыкі) ёсьць нішто іншае як тупы беларускі нацыяналізм, каторым з асалодай перадазуюцца найбольш “перадавыя” (!) колы нашага грамадзтва. Калі прыняць слова “тупы”, каторае тут ёсьць выразьнікам майго асабістага стаўленьня да ўсялякага нацыяналізму, і пакінуць проста “беларускі нацыяналізм”, са мной адразу ж адзінадушна пагадзяцца ўсе элітныя чувакі:”Ну дык ясна: мы—нацыяналісты!” Прычым іхная пазыцыя выстаўляецца імі ня тое што за адзіна слушную, але й за адзіна магчымую. Такое адзінадумства ў “элітных” колах насьцярожвае ня меней за іхную стабільную палітычную непапулярнасьць на працягу больш як дзесяці гадоў існаваньня, у якой яны мала не зацікаўленыя. Напэўна, наіўная блытаніна поймаў “нацыянальны” й “нацыяналістычны” прывяла да абсурднага меркаваньня, што нацыянальную эліту павінны складаць паводле пераважнасьці (par excellence) нацыяналісты. Не паглыбляючыся ў спрэчкі наконт здольнасьці нацыяналізму быць ідэялёгіяй эліты ў нейкім іншым грамадзтве акрамя фашыстоўскага, вернемся да разгляду сытуацыі з нашай прыватызаванай танным коштам культурай.
Усялякае закрытае таварыства з абмежаванай адказнасьцю, каторае валодае непадзельнай манаполіяй на выраб і продаж абдурэнчых сродкаў, у народзе прынята называць мафіяй. Прыблізна такую форму мае гаспадараньне сёньняшняй эліты ў “беларускай хатцы”, у чыё ваконца сонца Мао даўно ўжо не зазірала. Чым займаецца нашая эліта пад дахамі сваіх элітарных кантораў? Па сутнасьці, “адмываньнем” замежных грошай. Усё кіруецца прынцыпам “раніцай грошы—увечары крэслы.” Культурныя акцыі робяцца калі не наўпрост на замову, дык на патрэбу. Каму яны патрэбныя? Сорасу? Перш за ўсё, самім арганізатарам. Я не хачу нікога папракаць у прадпрыймальнасьці, гэтая рыса сама па сабе вартая павагі ў разьвітым грамадзтве, але бракуе яшчэ адной перадумовы нармалёвага дзеяньня рынкавых мэханізмаў: канкурэнцыі. Гэты факт, дарэчы, успрымаецца элітай як натуральны й прыводзіць яе ў экстаз самазамілаваньня: “Ну дзе ж вы, га? Канкурэньцікі? Ну, што ж вы не выдаеце свае часопісы? Што ж вы не публікуеце свае кніжкі? Што ж вы ня пішаце сваю гісторыю? Грошыкаў няма, га? Ай-яй-яй…” Эліта трызьніць сваёй абранасьцю. Менавіта тут і цяпер, калі “грошыкаў” у беларусаў сапраўды няма, трэбакі перапыніць ейныя летуценьні й выставіць ёй абвінавачаньне ў манапалізацыі сёньняшняга беларускага культурнага жыцьця, каторая паводле ўсіх эканамічных законаў ёсьць для ягонага разьвіцьця проста шкоднай. Якога кшталту гэтая манапалізацыя? Так, менавіта: ідэялягічнага.
Ня ў стане (дый не ў гуморы) займацца фінансавымі пытаньнямі й падлічваць чужыя грошы, мы ізноў вернемся да разгляду палітычнага дый іншага зьместу сёньняшняга “беларускага культурнага кантэксту”, каб паспрабаваць даць яму нейкую прыймальную й па магчымасьці аб’ектыўную характарыстыку—на жаль (ці на шчасьце), не з зусім незацікаўленай пазыцыі, каторая пры ўсім аднак ня ёсьць асабістай пазыцыяй аўтара. Патлумачу: у адным з нумароў “Нашай Нівы” быў зьмешчаны трохрадковы “адказ” боссаў беларускай эліты на ліст Алеся з Полацка— катораму прысьвечаны дадзены артыкул. Хлапец, відаць, наважыўся выказаць “самім” нешта падобнае (мяркуючы па ваеннай ляканічнасьці й раздражнёным тоне адказу). Мне стала крыўдна за гэтага хлапца, каторы са сваёй неабыякавасьцю й шчырасьцю патрапіў на бюракрацкае хамства “новых беларусаў”, каторым, мабыць, іхная элітарнасьць дазваляе гэтак размаўляць ня проста з чытачом і збольшага аднадумцам—з чалавекам. Таму, Алесю, я спадзяюся што гэты мой артыкул дапаможа табе паверыць у тваю рацыю—рацыю чалавека, каторы замест таго каб “думаць сваё” думае па-свойму.
Манапаліста пазнаецца найперш паводле антырэклямы, каторую ён робіць сваім канкурэнтам, а таксама паводле рэклямы, каторую ён робіць сам сабе. “Крытычныя” водгукі эліты ў адрас “неэлітных” выданьняў, такіх як прыкладам Nihil, маюць нешта ад неаспрэчнага дыягназу: неаспрэчнага таму, што спрачацца а) няма дзе—надрукаваць у “НН” штосьці кшталту актуальнай палемікі проста немагчыма (эліта называе гэта іначай: “няма калі”, бо, маўляў, Айчына гіне, змагацца трэба, справу рабіць, а не мяньціць языком); б) марна—эліта даказвае сваю папскую непагрэшнасьць падчас чытаньня буллы тым, што ігнаруе ўсе меркаваньні акрамя ўласнага. У лепшым выпадку допіс наіўнага чытача дачакаецца, як Алесеў, трохрадковай вымовы альбо адказу кшталту “на жаль, неарыгінальна”, надрукаваных на апошняй старонцы драбнюткім шрыфтам—верагодна, каб асьляпіць апанента ня толькі сваёй “трапнасьцю”, але й формай вайсковага загаду. Такім жа шрыфтам друкавалася раней у самай калісьці народнай, а цяпер элітнай газэце паэзія—дзякуй богу, ужо не друкуецца. У кожным выпадку той, каму адказалі, мусіць радавацца, што на яго знайшоўся час у самым шале “рэвалюцыйнай барацьбы”, і месца пад сонцам нацыянальнай ідэі. То бок ягоны сьцень прамільгнуў у хранатопе найноўшай беларускай гісторыі, каторая нібыта піша сама сябе (сама для сябе) на старонках элітных выданьняў. Рэдакцыя такога выданьня ёсьць нічым іншым як штабам інфармацыйнай вайны, дзе неабазнаныя навічкі толькі замінаюць: у вас ужо ёсьць мы: прафэсійныя аналітыкі, прафэсійныя ідэолягі, прафэсійныя журналісты—твая патрэба ў нас задаволеная, чаго ж ты яшчэ хочаш? Ты хацеў бы бачыць на нашым месцы кагосьці іншага? Не давяраеш сваёй эліце? Тваёй справай ёсьць змагацца за Беларусь, а нашай — камандваць табой, распрацоўваць стратэгію, натхняць. Зразумеў? Паспрабуй толькі сказаць, што за такія “ідэі” ты ваяваць нязгодны: у ворагі народа патрапіць захацеў? У здраднікі нацыі? У дэзерціры?
Усё-ткі інтэлектуальная эліта пачатку стагодзьдзя крыху адрозьнівалася ад цяперашняй, для каторай яна ёсьць сьвятарным узорам, але пры ўсім ейным “сялянстве” нацыяналізм як гэткі, нават у разуменьні цяперашніх нацыяналістаў бяз нацыі, ня быў яе ідэялёгіяй. У чым, уласна, спэцыфіка нацыяналізму як ідэялёгіі эліты? Ільга меркаваць што нацыя зьяўляецца тут пэўнай процівагай і антонімам народу, ідэалізаваным поймам, прымхай, у каторай народ мае навучыцца як быць “сапраўдным” народам, мяркуецца, напэўна, вартым сваёй эліты. Якім ж паводле ейных уяўленьняў той народ мае быць? Як які? Ды той самы, што заўсёды быў. Не калісьці быў, што гучала б ужо болей рэалістычна, а нібыта заўсёды. Натуральна, заўсёды тут хоча казаць “ня тое што цяпер”. На пытаньне “які мы ёсьць народ” павінна такім чынам адказаць гісторыя: даведаемся перш, якія мы былі тысячу год, стагодзьдзе, год, хвіліну таму. Гістарычнасьць сьвядомасьці робіцца ледзь не заганай, бо замінае бачыць, хто мы ёсьць цяпер і тут.
Палітыка рэпрэсіяў, каторымі новая эліта аздабляе працэс “навучаньня народу” й гвалтоўнай рэкрутызацыі ў нацыяналістычныя шэрагі, вельмі нагадвае па ўсіх сьведчаньнях ідэялягічнае прамываньне кволых беларускіх мазгоў, уласьцівае некалі тым жа камуністам: стылем “Нашай Нівы”, паводле незацікаўленых замежных экспертаў, карысталіся падчас кампаніі супраць Ахматавай і Зошчанкі. Не захоўваецца ня тое што права чалавека на інтэлектуальную ўласнасьць— я маю на ўвазе калечаньне тэкстаў—але й на інтэлектуальную годнасьць. Дык што: ня ўрад для народа, а народ для ўрада? Няўжо ж існуе адмысловая ідэялёгія нейкай “адзіна справядлівай улады”? Беларуская эліта, прынамсі, спрабуе нас у гэтым пераканаць: не давайма ёй беспадстаўна веры.
3.
Сувязь паміж уладай і ідэялёгіяй распачынае сваю гісторыю ад біблейскага цьверджаньня нібыта “ўсялякая ўлада ёсьць ад Бога”. Калі Бога, каторы павінен выдаваць ліцэнзію на права ўладарыць, ужо няма, дык улада вартая таго, каб яго прыдумаць, на выпадак калі ўзьнікне пытаньне наконт правамоцы зьдзяйсьненьня ўлады менавіта ў такой і ня іншай форме. Напрыклад, боскае паходжаньне ўладара ёсьць найлепшай гарантыяй таго, што ўладар сядзіць на сваім месцы: гэтак літоўская шляхта 17-га стагодзьдзя, каб узьняць патрыятычныя настроі ў Вялікім Княстве, пачала выводзіць свой род ад нашчадка багоў Энэя. Гістарычна вера ў боскае паходжаньне ўлады абгрунтоўваецца проста: уладу атрымлівае моцны, каторы ў сваю чаргу атрымаў сваю моц пры нараджэньні, то бок “ад бога”. Усяляк, улада, каторая прагне быць абсалютнай— неаспрэчнай і вечнай, накшталт улады боскай—адчувае патрэбу ў абгрунтаваньні сваіх прэтэньзіяў на абсалютызм з дапамогай нейкай ідэялёгіі, каб уладарыць імем чагосьці, а не сама па сабе, каб падзяляць адказнасьць з мінулымі й будучымі ўладарамі. Прыкладам, Лукашэнка сьцьвярджае, што паходзіць з Народа, атрымаў сваю моц ад Народа й уладарыць імем Народа. Такім чынам, лукашэнкава “дэмакратыя” ёсьць, па праўдзе, кшталтам манархіі, дзе народ грае ролю сьвятарнай дойнай каровы.
Дзесяць боскіх атрыбутаў (сефіротаў) складаюць кшталту як дзесяць запаветаў ці дзесяць патрабаваньняў, каторым павінна адпавядаць улада зямная, як што яна ёсьць адбіткам улады нябёскай: Карона, Веданьне, Розум, Грацыя, Улада, Хараство, Перамога, Веліч, Апірышча й Дзяржава. Другім па значнасьці атрыбутам стаіць веданьне—веданьне чаго? Безумоўна, праўды аб мінуўшчыне й будучыні. Абазнанасьць плюс здольнасьць прадбачаньня—менавіта гэтыя ўласьцівасьці мелі эгіпецкія фараоны ды інкскія імпэратары! Прычым адно непарыўна зьвязанае з другім праз ідэю адзінай боскае Праўды, веданьня, каторае не супярэчыць сабе ў аніводны з момантаў гістарычнага часу, бо здольнае ахапіць яго вокам вечнасьці, знаходзячыся па-за межамі самой гісторыі. Такім чынам Бог сузірае гісторыю нібы глядач антычнай трагедыі, каторы ўжо ведае, чым яна скончыцца – чаму? Таму што ў ейную аснову пакладзеная ня праўда, а добравядомы міт! Усялякая “праўдзівая” ідэялёгія, каторая ёсьць падмуркам усялякай “дадзенай богам” улады, грунтуецца на ідэі праўды-міту, то бок праўды, каторая можа быць спазнаная шляхам неэмпірычным. Замест самой гісторыі ідэялёгія кіруецца філязофіяй гісторыі, каторая прэтэндуе на ўсталяваньне заканамернасьці зробленых ёю зь гісторыі высноваў. Хіба ж можна рабіць высновы з чагосьці, што яшчэ ня скончылася? Не; таму неад’емнай рысай усялякай філязофіі гісторыі ёсьць вера ў гістарычныя цыклы, каторая ў такой самай ступені была ўласьціваю міталягічнай сьвядомасьці. Гісторыя, маўляў, нясе ў сабе нейкую ідэю, каторая ёсьць імпліцытна дадзенай у кожным з момантаў гістарычнага часу. Гэтая ідэя якраз і ёсьць правобразам усялякай гістарычнай Праўды. Што такое, аднак, ідэя, у плятонаўскім сэньсе? Напрыклад, ідэя таго ж стала? Нішто іншае, як грубая схема, накід, адказ на пытаньне якім мусіць быць стол— ніякім чынам ня што ёсьць стол. Таму ідэя праўды ёсьць носьбітам уяўленьня аб тым, якой мусіць быць праўда, і ўжо на падставе гэтага робіцца выснова аб тым, што ёсьць праўдзівым. Перад намі нішто іншае як сярэдневечная спрэчка паміж наміналістамі й матэрыялістамі, то бок пасьлядоўнікамі Плятона й Арыстотэля. Невыпадкова, што менавіта Плятон адстойваў думку, нібы дзяржавай павінны кіраваць “філёзафы”.
Усялякая ідэялёгія, такім чынам, спрабуе згарнуць гісторыю да формы міту. Нашто? Гісторыя, кажучы спрошчана, мае два чыньнікі: асобу й натоўп. Натоўп ёсьць носьбітам статкавай псыхалёгіі, каторая апэруе катэгорыямі калектыўнага несьвядомага. Юнг даказаў, што калектыўнае несьвядомае мае свае карані ў міталёгіі, а Эліядэ давёў, што міт ёсьць формай засваеньня гісторыі калектыўнай памяцьцю. Гэта яскрава тлумачыць, чаму голас народа ёсьць голас божы, чаму палітычная пазыцыя ў сучасную эпоху ёсьць займеньнікам веравызнаньня, і чаму ўсялякая ідэялёгія робіць стаўку на “калектыўныя” рысы сьвядомасьці. Каб даказаць сваю “боскасьць”(права на ўладу), уладная групоўка павінна стварыць ідэальную канцэпцыю гістарычнай праўды, ідэялёгію, якая б найбольш адпавядала міталягічнай калектыўнай самасьвядомасьці й тым самым забясьпечыла б будучае ўладзе падтрымку ў як мага шырэйшых колах грамадзкасьці. Таму няма наогул ідэялёгіі элітарнай, можа быць толькі ідэялёгія эліты. Прычым элітай ня ёсьць тыя, хто ідэялёгію ствараюць, а тыя, хто зь яе карыстаюць. Між тым як эліты змагаюцца за ўладу, іхныя ідэёлягі вядуць спрэчкі наконт абгрунтаванасьці, перадусім гістарычнай, іхнага права на ўладу. Гэтыя два кшталты барацьбы нельга блытаць, а тым больш выдаваць другі за першы, як гэта робіць беларуская інтэлігенцыя. За няйменьнем элітнай групоўкі, каторая б падтрымлівала нацыянальную ідэю эканамічна, найбольш “радыкальная” (на словах) частка беларускай інтэлігенцыі абвясьціла элітай сама сябе. Прычым яна ўпэўненая, што між нацыяналізмам і прадпрыймальніцтвам існуе нейкая загадкавая сувязь, хаця сувязь тут можа быць толькі адваротная.
Адсутнасьць матэрыяльнай базы лепей называць не элітарнасьцю, а маргіналізмам. Як і чаму ў маргінальным асяродзьдзі, каторае пераважна адмаўляе сучасны зь ім грамадзкі лад (дзяржаву) як несправядлівы, узьнікае раптам герархічная структура, каторая нападабняе дзяржаву адзін да аднаго, пераймаючы ад яе спосаб існаваньня? Магчыма, ідзе пра пераразьмеркаваньне каштоўнасьцяў, каторыя створаны неўласьцівым для гэтага грамадзтва чынам (крадзёж, жабрацтва, продаж наркотыкаў, і г.д.) Таму ў цыганаў павінны быць бароны, у зэкаў—аўтарытэты, у мафіі—картэлі. У беларускай апазыцыі ёсьць свае ўладныя групоўкі, што само па сабе ёсьць непазьбежным наступствам і доказам ейнага маргіналізму. Цікава толькі, якую такую каштоўнасьць дзеляць яны між сабой? Такой каштоўнасьцю ёсьць пакуль не здабытая дзяржаўная ўлада, лукашэнкава спадчына.
Здавалася б, на Беларусі адбываецца барацьба за ўладу паміж дзьвюма палітычнымі элітамі, адылі нічога падобнага: барацьба вядзецца паміж дзьвюма ідэялёгіямі толькі за права на ўладу. У гэтай спрэчцы народ пазбаўлены нават права liberum veto, аб праве выбару з двух зол меншага ўжо ня згадваючы: мяркуецца, што народ павінен прызнаць права на ўладу над сабой за найбольш яму ідэялягічна блізкай групоўкай—чыста бальшавіцкі прагматызм. Якая ж яшчэ ідэялёгія, як не нацыяналізм, павінна быць найбліжэйшай народу? Быць нацыяналістам—найпрасьцейшы, здаецца, шлях да ўлады ў грамадзтве, дзе 80% насельніцтва складаюць прадстаўнікі тваёй нацыі. Адылі нацыя й народ— рэчы розныя, нацыянальны й народны— зусім ня тое самае. Усё-ткі, чаму ж ва ўлоньні нашае нацыянальнай культуры так да сёньняшняга дня й ня высьпела ніякай іншай ідэі, акрамя нацыянальнай, і чаму нават гэтая ва ўсіх сэнсах слова прымітыўная ідэя ёсьць усё яшчэ такой нясьпелай? Чаму мы ўсё яшчэ ніяк ня вырашым, якім прынамсі ёсьць наш саманазоў? Чаму мы ўсё яшчэ выхваляем наш беспадстаўны й жалю варты нацыяналізм, як дзіця, каторае хваліцца набітымі гузакамі?
4.
Уласна, беларуская нацыянальная ідэя ў ейным сучасным увасабленьні паходзіць з такой зьявы як местачковы снабізм, формулай якога ёсьць знакамітае “быў хам стаў пан”. Нашая правінцыяльнасьць заўсёды ўсьведамлялася намі як загана. На пачатку 90-х Менск у параўнаньні з Масквой быў правінцыяй, як культурнай, так і палітычнай, а чым былі іншыя беларускія рэгіёны ў параўнаньні зь Менскам—сорамна прыгадваць. Адчуваньне ўласнай непаўнавартасьці ў параўнаньні з “жыхарамі сталіцы”(тады яшчэ Масквы) якраз і вымкнула ў местачковым снабізму, каторы назаўжды б і застаўся толькі снабізмам, каб не набыцьцё местачковай ідэялёгіяй дзяржаўнай значнасьці. Набыцьцё дзяржаўнага сувэрэнітэту дазволіла Менску заняць месца Масквы—менавіта гэтым тлумачыцца выразны менскацэнтрызм нашага грамадзкага, у тым ліку й культурнага, жыцьця, каторы ёсьць толькі формай пераўвасабленьня савецкай москвацэнтрычнай вялікадзяржаўніцкай сьвядомасьці. Цяпер, маўляў, мы ўжо нікому ня будзем зайздросьціць, цяперака ўсе будуць зайздросьціць нам—зьмяніўся ня спосаб мысьленьня, але ж ягоная скіраванасьць. Снабізм, памкненьне нападабняць жыцьцёвы стыль і ідэйную “прагрэсыўнасьць” жыхароў сталіцы, каторы заўсёды быў хваробай мястэчкаў, сам раптам ператварыўся ва ўзор паводзінаў для цэлай краіны. Зьдзейсьнілася мара кожнага местачковага снаба: ён быў прыняты ў сталічную тусоўку! Прычым яму для гэтага не прыйшлося нават мяняць месца жыхарства. У беларускай культуры да сёньняшняга дня жывуць неўміручыя водгукі местачковага снабізму эпохі лібералізацыі. Для снаба заўсёды было галоўным не адставаць ад моды: гэтак, напрыклад, сярод homo soveticus сталася модным (то бок прагрэсіўным) быць беларусам; гэтаксама ўвайшлі ў моду рэлігія, авангардная паэзія, бардаўская песьня, гомасэксуалізм, постмадэрнізм і г.д.—усё што было ў сьвеце несавецкае. Калі мы разгарнем часопіс ARCHE, нам адразу кінецца ў вочы памкненьне адпавядаць апошняму піску “сталічнай моды”: за часы Лукашэнкі “сталіца” часова перакінулася ў Варшаву—гэтым тлумачыцца значны польскі ўплыў на сучасную беларускую культуру й мову.(Увогуле, сама Польшча цяпер увайшла ў моду: ці не таму, што ў Польшчы цяпер мода на Беларусь?) Такім чынам, трэба даказаць, самім сабе ў першую чаргу, што мы, местачкоўцы, найбольш вартыя, прагрэсіўныя, адукаваныя, што ў нас ёсьць нават свой Пушкін, свой Глёбус, свае “нацыянальныя сьвятыя”, больш таго: свая дыктатура!!! Як тут ня быць сваёй ідэялёгіі? Як чарнобыльскія грыбы пайшлі расьці на роўным месцы свае, местачковыя, “пацешныя” геніі, мысьляры, клясыкі, імёны каторых нам тут прыгадваць ня хочацца. Прыдаліся й часова “беспрацоўныя” аксакалы савецкага перыяду, каторыя адчулі сваю вагу ў новым “культурным кантэксьце” й за ноч сталіся адпетымі нацыяналюгамі. Аднавіўся зьдзеклівы настаўніцкі тон, з каторым новыя “мэтры” пачалі зьвяртацца да прыдуманай імі зноў катэгорыі “пачаткоўцаў”: культура, маўляў, ёсьць перадусім герархіяй. Галоўнае ва ўсіх гэтых зьявах ёсьць ня іхная якасьць, але іхная сво-масьць: свая сарочка павінна быць усё-ткі бліжэй да цела, а вось ужо павыш яе трэба апранаць усё самае моднае. “Як выглядаць інтэлектуальна”,— здаецца, прыблізна гэтак гучыць крэдо такіх выданьняў як ARCHE. (Параўнайце з часопісамі ELLE ці VOGUE:“Як выглядаць жаноцка”.) Паводле гэтага часопіса, пад фрак трэба апранаць беларускую нацыянальную кашулю з матылём, з кішэні ў вас павінен тырчаць аднаразовы шпрыц з гераінам, на лбе мусіць красаваць гузак з апошняга маршу Свабоды, а чытаць вы павінны Адама Глёбуса ў польскім перакладзе, перамяжаючы яго з цытатамі Дэрыды з кнігі пра кінамастацтва—пры гэтым усім вы проста нічога ня цяміце ні ў адной з гэтых рэчаў. Такі вось партрэт “чалавека эпохі беларускага Адраджэньня”. Адкуль, спытаецеся, такая безгустоўнасьць і сынкрэтызм? Менавіта ад любові местачковага снаба да сталічных модных часопісаў. “Насі сваё”!— загадвае “эліта” свайму народу, не заўважаючы, што народ ня хоча апранаць абы што толькі таму, што яно “сваё”. Адылі ў іншых строях эліта свой народ бачыць ня хоча. Бо гэта яна цяпер будзе вызначаць сталічную моду, і калі народ не пагаджаецца зь ейным меркаваньнем—значыцца ён “не дасьпеў”. Альбо хутчэй “перасьпеў”—раней жа, здаецца, быў народ як народ, нацыя, птамаць, ня тое што зараз. А як усё-ткі наконт меней-болей якасных выробкаў? Колькі можна лічыць сваіх ідыётамі й ашукваць іх, прадаючы ім пад выглядам “элітарнай” прадукцыі ўсялякую дрэнь? Караткевіча, Быкава, ды што там, нават Шамякіна, здаецца, чыталі ўсе, а вось хто чытае “новабеларускую” літаратуру? Між тым беларускі нацыянальны агітпроп кіруецца перадусім бязглуздым перакананьнем, што стымуляцыя “нацыянальнага” пачуцьця шляхам распаўсюджаньня ідэялёгіі нацыяналізму ёсьць на сёньняшні дзень нашай асноўнай палітычнай патрэбай. Але нельга, выбачайце, падпарадкоўваць эстэтычныя пачуцьці этычным! Гэта нонсэнс! Гэта—антыкультура! Тут час не пра элітарнасьць разважаць, а пайсьці падручнік па лёгіцы пачытаць, каб пераканацца, што такая палітыка рана ці позна завядзе ўсялякую культуру ў магілу. З такім шчасьцем беларуская культурная прадукцыя набудзе хутка “элітызм” дарагіх гаванскіх цыгараў, каторымі, пад чуйным кіраўніцтвам Фідэля, захапляюцца аматары экзотыкі за мяжой, а ўдома нават дыму якіх не чутно.
Але гэта, на жаль, ужо не пагроза, а сумная рэчаіснасьць: найбольшы прыбытак беларускай ідэі дае ейны экспарт у краіны блізкага замежжа. Там выгадна выстаўляць сябе ахвярамі таталітарызму, для прэсы—а ўдома ільга праводзіць такую самую дыктатарскую ідэялягічную палітыку ў адносінах да сваіх патэнцыяльных прыхільнікаў. Нібыта таго патрабуюць “умовы ваеннага часу”. Аднак ёсьць і іншае тлумачэньне такой упартасьці: сёньняшняй эліце трэба пратрымаць да падыходу “галоўных сіл” кантрольную вышыню, сьцяг элітных частак антылукашэнкаўскага супраціву, захаваць за сабой пазыцыі авангарду нацыі, манаполію на камэнтар, бо гісторыя—яна ж ёсьць толькі тэкстам, спадарства, тэкстам, каторы лёгка падправіць; гісторыя робіцца не на фроньце, а на паперы. Ваенныя журналісты хочуць застацца адзінымі вядомымі героямі вайны, каб патрапіць у школьныя падручнікі па гісторыі й літаратуры адначасова, нават коштам таго, што гэтую вайну ў выніку прайграюць. Сакрэт іхнай ваеннай апэрацыі просты: зайсьці гісторыі ў тыл, забегчы наперад часу! Чым больш бязглуздыя рэчы казаць сёньня, тым больш надзеяў на тое, што ў будучыні яны стануцца праўдай. З прароцтвамі заўжды такі фокус: чым пазьней яно спраўдзіцца, тым далей відушчым здаецца прарок. Наколькі нерэальнымі б не здаваліся нашыя патрабаваньні, каб вораг (то бок Лукашэнка) здаўся, але калісьці (згодна зь міталягічным разуменьнем гісторыі) ён жа павінен камусьці нарэшце здацца! Тады мы й нагадаем аб сабе: вось, маўляў, мы гэта прадбачылі яшчэ тады. Галоўнае тады ж было—да сьмерці адстойваць саму ідэю перамогі. Але пакуль што сёньня на полі бойкі былыя зампаліты, а сёньня вайсковыя капэланы заклікаюць свае харугвы да талстоўскага “непраціўленьня”. Пытаньне, аднак, у тым, хто насамрэч здольны перамагчы цмока, а ня ў тым, што ў канцы казкі Дабро перамагае Зло. І тут у нетрах нашай быліннай сьвядомасьці адразу знаходзіцца наш неверагодна дасьціпны адказ Чэмбэрлену: СНАЙПЕР! Ну канечне! Як жа мы раней не здагадаліся! Менавіта СНАЙПЕР ёсьць сучаснай рэінкарнацыяй ўсемагутнага Іванушкі-дурачка, менавіта мітычнаму СНАЙПЕРУ прысьвечаныя ўсе стансы, панегірыкі, эпітафіі, мемарандумы, элегіі, успаміны, тосты й іншыя творы беларускай афіцыйнай народна-прыкладной творчасьці. Жыве Снайпер! Самае дзіўнае, што ўсе нібыта забыліся на тое, што насамрэч Снайпер ёсьць плёнам народнай фантазіі.
Легенда пра Снайпера адлюстроўвае яшчэ адзін міт, выпеставаны беларускай нацыяналістычнай “элітай” сабе на пацеху: з ворагам ільга скончыць нараз, адным махам, у адно імгненьне, і зрабіць гэта можна хоць заўтра, проста гуманьней усё-ткі пачакаць: хай вораг сам усьвядоміць безнадзейнасьць, то бок гістарычную беспэрспэктыўнасьць з гледзішча міту, свайго рэжыму, адумаецца ды здасца. Але вораг здавацца не зьбіраецца, бо “такая апазыцыя яго здавальняе”. Цікава, што афіцыйную апазыцыю таксама цалкам здавальняе нашая аксамітная дыктатура, з каторай можна яшчэ доўга “змагацца” на грошы заходніх хаўрусьнікаў. Беларуская ідэя ўдаецца мне гэткаю гульнёй-аўтаматам: калі кінеш туды грошы, яна адразу пачне міргаць усімі хварбамі вясёлкі й абяцаць шматлічбавыя выйгрышы, але ні для каго не сакрэт, што створаная гэтая гульня менавіта дзеля таго, каб у яе прайгравалі.
5.
Такім чынам, беларуская культура ізноў сталася інструмэнтам ідэялёгіі, гэтым разам, як бачым, — нарэшце!— “адзіна правільнай і беспамылковай”. Вартасьць ейная, як і ў савецкія часы, вымяраецца толькі ейнай прыдатнасьцю да надзённых палітычных патрэбаў —“белыя каўнерыкі” нацыянальнай рэвалюцыі ператварылі яе ў індустрыю палітычнай мітатворчасьці. Між тым былая савецкая, а сёньня расейская (рускамоўная) культура больш адпавядае патрэбам сярэднестатыстычнага спажыўца, прычым менавіта з-за сваёй унівэрсальнасьці, то бок здольнасьці задаволіць найбольш патрабавальную цікаўнасьць да любой галіны культуры агульначалавечай. Уявіць сабе беларускую культуру іначай як штучна створаную ідэялягічную сыстэму, іначай як своеасаблівую рэлігію са сваёй герархіяй, інквізыцыяй і афіцыйнымі ўстановамі, бадай ужо нельга— ледзь ня ў кожным зь ейных дзеячаў сьпіць савецкі чыноўнік, цэнзар, прафэсійны ідэоляг, грамадзкі абвінаваўца. Няўжо ж беларуская культура няздольная існаваць як ідэя сама па сабе? Па-за палітычнымі структурамі й уплывамі? Па-за дзяржавай? Няўжо ж няма ў яе для гэтага дастатковай колькасьці носьбітаў? Ці ёсьць у яе якія-небудзь спэцыфічна культурныя дасягненьні, каштоўнасьці, перспэктывы? Ці не магла б яна з часам стацца калыскай неўміручасьці нацыянальнай ідэі? Ці здольная яна з часам стацца жывой культурай народу, вызнаваньне якой сталася б прыкметай нацыянальнай тоеснасьці?—анталягічна гэтыя пытаньні стаяць яшчэ перад пытаньнем аб дзяржаўнасьці і ў нашай гістарычнай пэрспэктыве ня ёсьць меней значнымі за яго. Кім мы будзем за дзьвесьце год: ліцьвінамі, крывічамі, вялікалітоўцамі, беларусамі, палякамі, расейцамі, бялорусінамі альбо белоруссамі? Ці будзе якая новая ідэялёгія аспрэчваць спадчыну беларускага нацыяналізму? Ці будзе ўвогуле якаясьці этнічная групоўка лічыць нас сваймі продкамі й усьведамляць сваю культурную пераемнасьць з намі? Ці будуць нашчадкі абавязаныя нам чым-небудзь акрамя Чарнобыля? Адказы на гэтыя пытаньні нельга ставіць у залежнасьць ад чыіх бы там ні было палітычных амбіцыяў. Змаганьне за Беларусь нельга весьці толькі ў адным рэчышчы—палітычным, і толькі адным спосабам—стуканьнем аб сьценку ілбом. На жаль, нават у тым накірунку значных посьпехаў пакуль яшчэ ўсё ніяк не прадбачыцца. Было б шкада, калі б толькі з-за няздольнасьці беларускіх палітыкаў падшукаць сабе іншую ідэялёгію акрамя нацыяналізму сама нацыянальная ідэя пацярпела такую паразу, ад якой ёй цяжка было б акрыяць. Варта пазбавіць культуру ўсялякай ідэялёгіі, каб культура засталася падмуркам і майном нацыі, а не эліты. Неабходна пакласьці ў аснову новае культурнай герархіі незалежныя ад палітыкі крытэры, дзеля таго каб культура была здольная выжыць пры якім заўгодна зьнешнім уціску, сталася вольнай ад палітычных спэкуляцыяў. Дыскурс, які ня будзе атаясамляцца з уладай, але з вызваленьнем. Ці будзе такая беларуская культура патрэбная й цікавая самому беларускаму народу? Ці здолее, не абяцаючы вызваленьня, стацца гэтым вызваленьнем сама? Народ вызваленьня ў прынцыпе не патрабуе. Народ патрабуе ўлады, дастаткова моцнай, каб супрацьстаяць ёй як біялягічная фармацыя, і дастаткова глупскай, каб на яе наракаць і строіць кепікі. Народная культура ніколі ня будзе, такім чынам, культурай улады, якой бы гэтая ўлада ні была. Спадзяваймася ж на жыцьцяздольнасьць незалежнай беларускай культуры й на ейную здатнасьць усебакова выхаваць наступную генерацыю беларусаў, каторай акрамя нацыянальных былі б неабыякавыя й іншыя каштоўнасьці.
© лiтaрa.net, пры перадруку не забудзьцеся паставiць на нас спасылку