| Вiтаю, дружа! |
| увайсьцi | зарэгiстравацца |
| Пятро Васючэнка: "У сьвеце няма таго, што ёсьць у беларускай літаратуры" Пятро Васючэнка – адзін з найлепшых сучасных крытыкаў – мае на літаратуру вельмі адметны погляд. Ён здольны заўважыць у беларускай літаратуры шмат цікавага, непаўторнага, чаго няма ў ніводнай літаратуры сьвету. Спадар Пятро выкладае беларускую літаратуру ў Беларускім лінгвістычным унівэрсытэце. А на факультэце журналістыкі БДУ, дзе і сам калісьці вучыўся, працуе з будучымі літаратурнымі крытыкамі, паэтамі і пісьменьнікамі, дапамагае ім бачыць тое галоўнае, што можа падказаць толькі вельмі дасьведчаны ў літаратуры чалавек. У гэтай гутарцы мы мелі сваёй мэтай вызначыць, чым беларуская літаратура можа быць прывабнай для большай колькасьці людзей, чым цікавяцца ёю зараз. — Які беларускі творца можа адразу разьбіць распаўсюджаны стэрэатып пра "сумную" беларускую літаратуру? — Сёньня любую літаратуру можна назваць сумнай, асабліва калі гэта літаратура клясычная, або школьная літаратура… І Шэксьпір сёньня сумны. На самой справе, гэта адбываецца з-за таго, што людзі сталі менш чытаць. Літаратура адсоўваецца на іншую частку культурнай прасторы, адціскаецца маскультам. Гэта агульная праблема. Але ёсьць і спэцыфічна беларуская. Яна зьвязаная са своеасаблівым стаўленьнем да літаратуры, як і да ўсёй беларускай культуры ў пэўны прамежак часу: настаўнікі, згодна зь існуючай інструкцыяй, праграмай, падавалі дзецям ня самыя цікавыя творы Караткевіча, адсутнічаў у праграме Ян Баршчэўскі, усе рэпрэсаваныя пісьменьнікі. Нават з клясыкаў, Купалы, Коласа, Багдановіча выбіралі ня самыя лепшыя творы. — Якія адкрыцьці зрабілі беларускія пісьменьнікі з пункту гледжаньня досьведу сусьветнай літаратуры? — Ёсьць паняцьце нацыянальнай спэцыфікі літаратуры. Нідзе ў сьвеце няма таго, што ёсьць у беларускай літаратуры, нідзе ў сьвеце няма таго, што дае ірляндзкая літаратура, польская і гэтак далей. Ёсьць меркаваньне, што беларуская літаратура вампірычная, і заўсёды толькі запазычала з польскай, эўрапейскай, клясычнай расейскай. Але ў часы Рэнэсанса беларуская літаратура была пасярэднікам паміж культурамі. Прыгадаем нашага Скарыну, які вазіў кніжкі у Маскоўскае княства, Сімяона Полацкага, дзякуючы якому ў Расеі зьявілася вершаскладаньне і літаратурны стыль барока, які ён экспартаваў зь Беларусі. Узгадаем унёсак Адама Міцкевіча , майстэрству імправізацыі якога зайздросьціў нават Аляксандар Пушкін. Адна швэдзкая газэта назвала Васіля Быкава апошнім празаікам-традыцыяналістам Эўропы. Ён не зусім празаік-традыцыяналіст, ён працуе на мяжы рэалізму і экзыстэнцыялізму. Я думаю, ягоны ўнёсак ў разьвіцьцё экзыстэнцыйнай літаратуры непаўторны і ўнікальны. Па сутнасьці тое, пра што Камю і Сартр пісалі пункцірна, Быкаў расклаў па палічках. У яго прысутнічаюць усе варыянты экзыстэнцыйных сытуацый, сытуацый выбару, магчымыя і немагчымыя. Чалавек выбірае спосаб, як памерці – такога не было ў папярэднікаў, ані ў Сартра, ані ў Камю. Гэты пісьменьнік давёў, што паказ трагічнага, беспрасьветнасьці, безвыходнасьці можа быць бясконцым. Мы так звыкліся, што яго фіналы нешчасьлівыя, што, думаем, больш змрочнага твору, пасля "Кар'ера" ці "Аблавы", напісаць немагчыма… а ён піша "Сьцяну", яшчэ больш беспрасьветны твор, і жудаснае апавяданьне "Жоўты пясочак". Напрыканцы XX стагодзьдзя ён адкрыў такія глыбіні трагізму, якіх у сусьветнай літаратуры я не заўважаў. Я думаю, што Купала сваімі творамі ўпісаўся ў кантэкст сусьветнай літаратуры, паказваючы сытуацыю разладу ў сьвеце. Купала прадказаў у сваёй творчасьці, што праз 10-20 гадоў пісьменьнікі зьвернуцца да праблемы ўнівэрсальнага распаду. Некаторыя тварэньні носяць прыкметы будучыні, драмы абсурду, розы экзыстэнцыялізму. Яшчэ праблема "чалавек і зямля", калі яе браць не па-школьнаму, не на плоскасьці. Праблема, да якой зьвярталіся нарвежац Кнут Гамсун, амэрыканец Уільям Фолкнэр, праблема "чалавек і зямля", "чалавек на зямлі", "зьнітаванасьць зь зямлёю, або адрыў ад яе" – яна распрацаваная ў беларускай літаратуры ня толькі Коласам у "Новай Зямлі", але і ў Купалы, дзе мы назіраем трагічны разлад паміж чалавекам і зямлёю, калі чалавечы дух імкнецца як раз пераадолець зямную цягу. Кузьма Чорны выяўляе чалавека зямной працы як Сызыфа, прыткнутага да плуга, да свайго палетка, да цяжкой фізычнай працы. І нарэшце Іван Мележ, які паказаў, што адбываецца, калі зямля робіцца для чалавека фэтышам. — Якія літаратурныя плыні найбольш распаўсюдзіліся тут, і ў якіх беларусы дасягнулі нейкіх сусьветна значных посьпехаў — Беларускія літаратары, насуперак міфу пра рэалістычнасьць і прыземленасьць творчасьці, больш цягнуліся да стыляў нерэалістычных, рамантычнага і сымбалічнага. Існаваў міт пра адсутнасьць мадэрновых плыняў у беларускай літаратуры, які зараз вельмі хутка сплывае, таму што мы інакш глядзім на творчасьць маладнякоўцаў і ўзвышэнцаў, знаходзім ў іх рысы мадэрновай плыні. І сёньняшняя сытуацыя беларускай літаратуры, якую называюць постмадэрнізмам, паказвае на тое, што гэта сапраўды ўнівэрсальная зьява. Постмадэрнізм – гэта ня толькі бум-бам-літаўцы, ня толькі экспэрымэнтатары, гэта хутчэй не асобная плынь у літаратуры, а асаблівае крызыснае сьветаадчуваньне. Канец XX стагодзьдзя, калі ўсё, здаецца, ужо напісанае, калі трэба шукаць нейкі прарыў з культурнай сытуацыі, што склалася – усё гэта постмадэрнізм. — Якія творы вы б раілі пачытаць тым, хто ўжо склаў пра беларускую літаратуру нейкае меркаваньне? — Гэта залежыць ад таго, што хацеў бы чалавек з гэтай літаратуры ўзяць. Для пачаткоўцаў, вядома – творы з больш разьвітай інтрыгай, больш займальныя, ня толькі эстэтычна напоўненыя, але і інфарматыўна. Гэта Караткевіч, дзякуючы якому чытач адкрые цэлы матэрык Беларусі. Уладзімер Арлоў, чыя гістарычная проза таксама нясе гэты інфарматыўны адбітак. Ян Баршчэўскі, які прыцягвае сваёй займальнасьцю, фантасмагарычнасьцю. Беларуская паэзія – клясычная й сучасная – цікавая мэлёдыкай словаў, багацьцем лексыкі і сваёй нацыянальнай адметнасьцю. Тым, хто ўдасканальвае свае веды ў беларускай літаратуры, параіў б зьвярнуцца да літаратуры забытай, напаўзабытай, а таксама да няшкольных твораў школьных аўтараў і, вядома, да сучаснай літаратуры, да таго, што зьяўляецца ў экспэрымэнце, у пошуку. Аматары інтэлектуальнай прозы могуць узяцца за раман "Лябірынты" Вацлава Ластоўскага, які, як вядомы Ўмбэрта Эка, напісаў сынтэтычны твор. Студэнты мае вельмі ўпадабалі Яна Баршчэўскага. Аматарам прыгодніцкага жанру, вядома, спадабаецца Караткевіч, аматарам інтэлектуальнай халоднай паэзіі – Алесь Разанаў альбо Ўладзімер Жылка. Аматары сэнтымэнтальнай прозы, так званага "жаночага раману", могуць спакойна чытаць Шамякіна. Я вельмі шкадую, што Іван Пятровіч не працуе ў жанры сэнтымэнтальнай прозы сёньня, зь яго атрымаўся б выдатны аўтар сцэнараў беларускай "мыльнай опэры", альбо сэрый раманаў пра тое, як жывуць беларускія хатнія гаспадыні, якія скандалы адбываюцца на кухні, як ільюцца нябачныя сьвету жаночыя сьлёзы. Ня ўсе тэматычныя нішы ў нас запоўненыя. Кульгае троху дэтэктыў. Фантастыка ў сучасным жанравым разуменьні, на жаль, мала рэпрэзэнтаваная. Затое Адам Глёбус напісаў прозу, якая, як ён кажа, прызначаецца толькі мужчынам, але якую чытаюць і мужчыны і жанчыны. Яшчэ раіў бы пачытаць пераклады замежных аўтараў на беларускую мову. Апошнім часам ў нас адбыўся вялікі станоўчы зрух. Перакладаць пачалі, па-першае, з мовы арыгінала, па-другое, зьявіліся аўтары, якія перакладаюць усю сусьветную літаратуру, ад Сафокла да сучасных аўтараў. (Зюскінд – апошні піск літаратурнай моды – у перакладзе Сёмухі.) Франц Кафка перакладзены, і Томас Ман ёсьць па-беларуску, і першая частка "Ўліса" Джойса, і Сартр, і Камю; драма абсурду, у прыватнасьці, Ёнэска "Лысая сьпявачка". На жаль, у нас яшчэ няма каму перакладаць з усходніх моваў, з кітайскай, японскай – хацелася б пачытаць клясычную японскую паэзію. Ёсьць пісьменьнікі, якія пішуць беларускія хайку, быў нават выдадзены зборнік. У японцаў там на першым пляне сакура, а ў нас могуць і пра бульбіну напісаць хайку. Нашыя рэаліі не японскія. — Што вы можаце сказаць пра літаратурную адукаванасьць нашай моладзі? — Я маю справу з моладзьдзю адукаванай, той, што прайшла конкурсны адбор. Моладзь, якая ведае пра літаратуру яшчэ са школьнай лавы. Дасьведчанасьць студэнтаў я лічу даволі высокай. Моладзь менш хварэе на недасьведчанасьць, чым людзі сталага пакаленьня. А калі маеш справу з інтэлектуаламі, некаторымі рэжысэрамі, кінарэжысэрамі, часта у сваёй творчасьці яны не адчуваюць тысячагадовы шлях, які быў пройдзены беларускай літаратурай, не адчуваюць таго пласта тэкставай прасторы, які ляжыць пад нагамі. Для іх Беларусь, у лепшым выпадку, — вершы Купалы. Гэта бульба, гэта саламяны капялюшык – толькі калярыт, а вось тоўшчы яны не адчуваюць. Моладзі лягчэй давесьці, што нацыянальны калярыт ня можа замяніць нацыянальную культуру. Упершыню надрукаванае у газэце "Молодежный проспект", 23 сьнежня 1999 |
| |||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
|