• лiтaрa.net | рэцэнзii |
Паэтычныя рэфлексіі Якава Ясэпкіна
Цiна Клыкоўская, 17 лютага 2003

Якаў Ясэпкін “Касмаполіс архаікі”. Выдавецтва Логвінава


Кніга гатычных вершаў, створаных с ё н н я , кніга сучаснага паэта Якава Ясэпкіна “Касмаполіс архаікі” выдадзеная Ігарам Логвінавым. Яе аўтар вызначае свае вершы як “гатычныя” (такое пайменне маецца на тытульным аркушы кнігі), вымалёўваючы, такім чынам, абрысы пэўнай супольнасці, у якой – і Рыльке, і Майрынк, і Наталі Сарот. Пераносам у сучасную паэзію пазіцыйных рэаліяў колішняга гатычнага раману, раману жуды, аўтар сцвярджае недапушчальнасць для сябе паэзіі, скажам, бытапісальніцкай альбо прымітыўна-пейзажнай. Бог, Нясвет, крывя-“пурпура”, чорная смерць любові – націскныя для яго аб”екты апявання. Кніга відавочна не для аднамомантнага прачытання, вонкава яна ўяўляе з сябе ўзор жахліва сканцэнтраванай на тэме смерці рэфлексійнай творчасці. Насамрэч жа “Касмаполіс…” – паэтычная спроба пазачасовай эстэтызацыі жахлівага быцця, якое вянчаецца фізічным знікненнем асобы, смерцю.

Незвычайным падаецца аўтарскае маўленне. У Ясэпкіна любое слова, любое паняцце свядома перагортваецца. Ствараецца віртуальны свет, у якім вобразы, як і гістарычныя персаналіі, хутчэй фантомныя, чым рэалістычныя, — але ж трагічны ўласны жыццяпіс аўтара прасочваецца ў кожным радку, нездарма ён характарызуе сваю кнігу як “плач”.

У кнізе арганічна знітоўваюцца ледзь не ўсе сусветныя традыцыяналістычныя сістэмы, што дае пэўную нагоду прылічыць творчасць Ясэпкіна да “постмадэрнізму па змесце”. Асобна трэба сказаць пра “пантэон персаналіяў” кнігі. Ясэпкін нібыта стварае люстраны калідор, у якім у аднамомантнай часавай і сэнсавай прасторы рухаюцца і пакутуюць героі антычнасці (міфічныя і гістарычныя), героі сённяшнія,“запазычаныя” з кінематографа, рок-музыкі, сярод іх – “новая Беатрычэ”, відавочная каханая паэта, трагічная і цьмяная постаць. “Кніга Царстваў” – такі назоў таксама магла б мець кніга. Цар Эдып – сімвал жадання падмануць фартуну, Агамемнан, Ксеркс, усе гэтыя “цары-сіроты” нібыта ўвасабляюцца па чарзе ў лірычным героі, ствараючы карціну жудаснага чалавечага адчаю. Мабыць, паслядоўнікам Фрэйда творчыя здабыткі Ясэпкіна маглі б здацца залатым зярняткам. У большасці ірацыянальныя і метафарыстычныя пераносы, якімі “карыстаецца” аўтар “Касмаполіса архаікі ”, з’яўляюцца мастацкім адлюстраваннем самога творчага працэсу. Паэтычная тканіна кнігі знітоўваецца з такіх алюзійных кампанентаў, бо яны самым непрадказальным і містычным чынам трапляюць “пад пяро”.

Усе вобразы, алюзіі, рэмінісцэнцыі, — новазапаветныя, звязаныя з эпохай антычнасці ці ўзятыя з “прасунутага” кінематографа ды рок-музыкі (“Чорная субота”, у якую трансфармаваўся назоў славутага гурта, “пурпурная дзіва” з культавай стужкі, “Рок-прытча пра Эдыпа”), якія мы сустракаем на старонках “Касмаполіса…”, нельга разглядаць у якасці трафарэтных перамяшчэнняў мастацкіх адметаў даўніны ў сучаснасць, яны эмацыянальна і аб’ектыўна-лагічна трансфарміраваныя. Болей за тое, аўтар свядома змяняе аксіаматычныя акцэнты, ствараючы, на павярхоўны погляд, нейкую кафкіянскую карціну, паліфанічную ірацыянальнасць у паэтызаваным абсалюце.

Агульная тэма паядноўвае вершы кнігі – тэма Нясвету, створанага Ясэпкіным услед за Дантэ свайго ўласнага светавымярэння,- г.зн сваёй мадэлі пекла. У гэтым Нясвеце, дзякуючы адмысловай кампаноўцы кнігі, аўтар дазваляе паступова абжыцца чытачу.

Якаў Ясэпкін

АНТЫСОЦЫУМ
Шматколер кармы

Калі б я мог наводля стодаў змроку
Цябе, наўзор агнёў ператварыць,
Каб ты навек стамілася любіць,
Ды плынь быцця да мёртвага вытоку
Імкнецца зноў, у голь, дзе нельга жыць.

Хоць мірыяды воч паб'е, бы ржа,
У небе, пад якім яны мігцелі
Шматколерам, у полысках дранцвелі,
Я сам жыву і трызню тут няўжа,
І ты жывеш, і нішчаць нас нядзелі…





***
У калыбах адбіліся цёмныя святкі
І Хрыстовая зорка пачэзла ў купелі,
І прымоўклі ў асеці валы ды ягняткі,
За якімі анёлы ўпаўночы ляцелі.

Лёты іх рассякалі дзярлівую зграю,
Асвятлялі прагаламі зморак нябёсны,
І нагорныя цені святлелі ад краю,
І для мёртвых снавалі святочныя кросны.

Абвядуць соннях дзетак аздобаю белай,
Ва ўзгалоўе іх снежныя лягуць сувоі -
Адлюструецца Госпад у шыбе спацелай
Ля крывёю Ісуса расквечанай хвоі.





***
Ці вернемся ў Крым, да альтанак у цёмным агні,
Да сцен херсанескіх глытнуць залатога рэйнвейну,
Каб смутак запіці маглі й у пякельныя дні,
Альбо пакружыцца, бы чайкі над водамі Рэйну,

У порце спатолім сябе ад няісных пакут,
Ці трапім у Хайфу, а потым па блісках пантонных
Працьнем Адрыятыку - мы зразумеем, што тут
Палаюць нясвету вагні ўсцяж танэляў бетонных.

І брукам крывавым зноў пройдзем ля вежаў Крамля,
Падземку згадаўшы ды нематны подых ампіру,
Павернем да Леты ў вянцах з хваявога галля,
Святыя свае перамогі прысвеціма Піру.

Дазволяць архангелы, не супыняй пералёт,
А я варачуся ў цямноце міжрэчнай раўнінай -
Давыпаляць вусны няхай цалаванні і рот
З любоўю заб'юць у Айчыне кар'ернаю глінай.



ПУБЛІЧНАЯ БІБЛІЯТЭКА
Афорт

На ліставое золата вякоў
Публічка ў тэрмаядзернай прасторы
Ўзнясецца і ад прывідных акоў
Пазбавіць нас, тады пабачым зоры.

Паўсталі-сабраліся ў чорны век
Святыя мерцвякі ў тапазных залах,
Каб гліняныя лялькі картатэк
На мелаваных гралі ім кімвалах.

Міраж паўночны Парфенон залье
Агнём і цьмой, цяжкая змоўкне ліра,
І кафкіянскі замак адаб'е
Хіба што цынк гатычнага эфіра.




***
Гекзаметры гэтыя снiлi мы з даўнiх часiн,
Каменнi Элады тачыла паўночная пена,
I строфiка смерцi нябёс прапалiла кармiн,
I ўпала на воды халодная здань Карфагена.

Крывёю царкоўнае перабрадзiла вiно,
Кагор цёмнай антыкi, нiшчыўшы мармур Гамера.
З струменямi солi агнiстае верацяно
Ўплятае i ў сны смертаносную нiтку памера.



***
Мы адбітыя ў вогненнай браме,
Бы хімеры, якіх не сарваць.
У нябёснай разгойданай раме
Зоры смерці няроўна гараць.

Доўга млечны пылок асыпаўся
Ў памяранцаў паўночны букет.
На нябёсах твой цень і застаўся,
Як пабіты агнём першацвет.

Мусіць, снілі мы столькі сумоты,
Бо да кветнікаў тых люстраных
Узнасілі вачэй пазалоты
І гарэў лёдны попел на іх.

Ложак цемры снягі засцілаюць,
Долю гэтую ты блаславі,
Хай над намі сузор'і палаюць,
Быццам вечныя раны ў крыві.


***
Праваляцца снягі сугатны ў рунь
Чарнотаю нябёснага адліву,
Паснулых у бялізне прыгажунь
Паманіць смерць раскошаю парыву.

Вясна, вясна, так млосна ёй гарэць
Над купаламі ў мораку прасторы,
Дзе сэрцаў несурочаную трэць
Кляймяць сусальным золатам саборы.

Зямныя мроі глухнуць назаўжды,
У тло зямныя лёсы адлятаюць,
Хай і да іх вісячыя сады
Смяротнаю любоўю запалаюць.

Мы ж у нудзе пакінем Божы храм,
Пачнем паклоны біць сівым раўнінам,
Іх дасылаць халодным вастрыям
Крыжоў і зор, падораных равінам.

Як у ахвярнік піравай хвалы,
У купал славы грымнуць снегавеі,
І новых пакаленняў квет гнілы
Крывёй сфарбуе вербаў элізеі.


ПЕРАД АТАМНЫМ СНЕГАМ
(З дэмасу)

Павольна планетарная прырода
Дранцвее ад кабальнага ядра.
Дубы гняце блакітная свабода -
Так грымнула асенняя пара.

Мы знойдзем замагілле па свячэнню
І да крыжа ўскладзем чужы вянок,
Ды чорнага разора залачэнню
Падставім нашай славы крываток.

Паўз тых чарнот палаючую трасу
Зальюць слязьмі, ігліцай прыбяруць,
У балаціне сонечную масу
Вядзьмаркі прыхаваюць і паснуць.

Уран, Няптун, Плутон гараць уранні,
Бліскочуць над лістоўем зыравым,
Вальпургіевых ночаў пахаванні
Нагадваюць аб шабасах жывым.

Заходы над паверхняю зямною
Ў стугах і цьме, падснежнае ліццё
Сцякае раззалочанай крывёю,
Калі блакіт праломвае быццё.


***
Нас анёлы не змогуць пачуць,
Толькі поўні лязо ўскрые вены
І апошні псалом адпяюць,
Мы патонем у квеце вярбены.

У суботу цара не знайшлі,
Скрозь псяры тут ды выюць ваўчыцы,
Прыжыццёвыя ззяюць палі,
Быццам здзёртыя смерцю паліцы.

Нечысць сёння ападам сюды
Прыняслася з атрутным вятрыскам,
І гарыць зледзянеласць вады
Не алмазным агнём - чорным прыскам.

То Палын узняслася ў жальбе
Над пачварамі і абразамі.
Згнілым льдом і спаліла цябе,
Мёртвых цмокаў гнілымі слязамі.




НА ТВАЁЙ АРБIЦЕ
Летыцыi

Воч ледзяных агнi злучылi
Мы ў цемрадзi начэй навек,
Ды зоры тлом нас пратачылi,
Згасiлi змрочны бляск павек.

Цяпер свячэннем надпланетным
Цябе залiла назаўжды.
Мы ў цiхiм золаце партрэтным
Пакiнем лёдныя сляды.

Пачнуць яны зiхцець у клiне
Пагiблых мараў над табой.
Мо, на апошнiм успамiне
Лёд зорны стопiцца журбой.

ЭРЫНII Ў ЖНIВЕНЬСКIМ САДЗЕ

Зорны жнiвень пад вогненны дах
Знес апошнюю мрою,
I калчан, i пурпуравы гмах
Пацягнуў за сабою.

Працiнаючы нашы сады,
Цьмы павевы бруяцца.
Куст крануў: — Ты памрэш назаўжды?
* — Нельга паратавацца.
*



КАНЦЭРТ У ЗАПІСУ
Набліжэнне да люстра

Твае летуценні супалі з вясною,
Вянцы філармоніі чэзнуць у змане,
Жалобна за кожнай арганнай трубою
Марнуюцца свечкі, чый воск не растане.

Часы і прастора губляюць найменні,
Жарслівай пурпурай ахутвае залу,
У фугі цяжкія замотвае сненні
Электраарган векавога напалу.

Пакоцяцца слёзы агністыя ў Лету
Й вякі прамінуцца - пабачым наяве,
Як свечкі адныя ў пластах чарнаквету
Цякуць крозь сукрыўе па немай выяве.


***
Наляцелі ў прытвор груганы
І бязмоўная сціхла імша.
Не дасніўшы спатольныя сны,
У спачыне знямела душа.

Што ж, хай травень агнём апячэ
Вэль залотную з красак і траў.
Мабыць, мы прыгадаем яшчэ
Хараство гэтых цёмных выяў.

Толькі ты і спасцігнеш цяпер
Прыхаванае ў вэлюме тло,
Ды гайні навалочнай, павер,
Не запляміць чарнотай чало.

Хай на зломах туманных вачэй
Як у люстрах, блукаюць агні,
Карагод памінальных свячэй,
Бел-пурпурных - у чорныя дні.

***
Дзень складаўся са слоў,
Бы склады націскныя стаялі
Тэлеграфных слупоў
Крыжавіны ў эфірным паркалі.

Раніцой ліхтары
Праціналі скляпенні санетаў,
Змрок цягнуў на кастры
Светланосныя барвы партрэтаў.

І кусты, і сады,
І хвая чорнахвалістых елак
У пустыя склады
Заляталі, у іх панядзелак.


ЭЛЕКТРЫЧНЫ ТВАР
(Рэстаўрацыя смерці)

Страсянуўся твой цень толькі раз,
Ды навек ім душа апяклася.
Электрычнасць, нібыта алмаз,
Рэжа попел, да неба ўзнялася.

Пахіснуўся падстольны штатыў
У знявечаным ценямі свеце,
І тады векавы аб'ектыў
Смерць прадставіў на фотакасеце.

Бледны воблік сягае ў прастор,
Разам з хронікай дня ажывае,
Калі зала свіціцца ад зор -
Ён гарыць і людзей забівае.


ЭЛЕГIЯ

Жнiвень расквецiў паветра павевамi славы,
Ветра фiгурамi, водбліскамi залатымi
Фей фьезаланскiх, якiх i Бакаччо ў актавы
Перасяляў, каб анёлы сачылi за iмi.

Нават у фарбах, залiтых святлом развiтальным,
Цвердзь выпякае святыя свае пазалоты,
Так iх свiцiцца агонь, бы пад небам сакральным
Ззяюць праменнi ўсябоскай любовi й пяшчоты.


***
Развітаймася, лёдную труць
Праглынем да спачыну зямнога,
Мы не здолеем Бога пачуць,
Не пакінем нашчадкам нічога.

Гэтак свецяцца зорак агні,
У калыбах руяцца нагорных
На пагіну, усё ж пазірні
Ты аднойчы з абсягаў тлатворных.

З існых красак апошні букет
Пакладуць на цяжкі малітоўнік,
Бо няможна й імгненне тойсвет
Аглядаць, быццам чорны ружоўнік.

Псальмы спетыя дзеля глушцоў,
Озі, мы перад цемравай змовай
Будзем снежнакрывавых птушцоў
Спамінаць па крушні безгаловай.

Не мінуўшы марвовай брыды,
Адаб'емся ў смяртлівай пакоры,
І пачнуць нашых вуснаў ільды
Пекчы цынкавы подых Аўроры.


ІЗАЛЯЦЫЯ
Лютаўская цытадэль

Тугу падносілі мы Богу
Як голы провад, ён мацней
Ударыў, чым эфір - дарогу,
Чым ізаляцыю - Арфей.

Нуда пануе ў кніжных замках,
Дзе ружы п'юць агонь зімы
І зліты ў выпаленых рамках
Чароўны свет жудзей чумы.

Тут снілі злата і фаянсы
Пагляды тонкага ліцця,
Начныя знечаныя стансы
Траплялі ў краты небыцця.

Анёл табе не дапаможа
Пазбыцца ўвосень вязяў тых,
Ды й памярці зімой не можа
Забіты ў сненнях залатых.




***
Тут перад патравай і махам падпалых ваўкоў
Мы бездапаможныя, і ад пагоні іх грознай
Не скрыемся, лепш афарбуем у процьме вякоў
Нябёсаў каменне атручанай кроўю вянознай.

Па ёй толькі знойдуць няроўных і ў зорных палёх,
Халодным агнём закляйміўшы нікчэмныя спіны,
У вусны ўвап'юцца з паланнем у прагных вачох
І ў чорных вачніцах высотныя ўспыхнуць руіны.

Зацягне, я ведаю, шчэ батанічны пасад
Маньчжурскаю засенню, бэз у бязмоўнасці крыку
Схіліўшы, астатніх усіх назаўжды ў вогнепад,
А мы застанемся з нябёсамі ў вечным разліку.

Калі азірнуўшыся, станем каменнем, Сізіф,
Каб вымасціць кроўю мясціны апошніх спатканняў,
У нашу старызну апошні зарэзаны скіф
Уткнецца - душу гартаваць да смяротных блуканняў.


***
Любові абраз, бы пад срэбрам ікона,
Архангелы смерці ў акладзе гараць,
Яго не азмрочыць і цень Авадона,
Бо двойчы няможна адных пакараць.

Апошняя ноч у агністым карміне
Згасае, у люстры цішком пазірні,
Бліскочуць затым яны, каб на паміне
Ў бязлюбых нябог засталіся агні.

Хто зімы любіў, летуценіў аб вечным,
Па сцежках змяіных не пройдзе ў палях,
А кій адбяруць у ружоўніку млечным,
Дзе іншыя краскі азорваюць шлях.

Мы моўчкі павінны з табой развітацца,
Сувоі свае расцілае нясвет,
Сюды толькі цені і здоляць вяртацца
Ды лёзамі правіць двайны сілуэт.


***
Я любіў гэты снег, залатыя пялёсткі зімы
Над гранітам вады, калі чорная доўжыцца меса
Ў тонкай паціне дзён, а вар'яцтва шкадуе сурмы
Пачырвеламу лісцю марвовага соннага леса.

Агляданне спыніць немагчыма, цяжкія груды
Летуценняў вар'яцкіх, налітыя беллю атруты,
У нясвеце плывуць, бы крывя крозь аорту, сюды,
Дзе дапілі мы труць з дарных судняў чырвовай пакуты.

Ды мінае зіма, напаляецца зноўку гарно,
У барвінцы гарыць апаволка зямной гардавіны,
Ты не прагнеш вышынь і архангелаў трубы адно
Будзеш чуці ў ярах пад пурпурай цвілой садавіны.


***
Гэтых воч у стугах чарнаты
Не пазналі мы ў цьме апраметнай,
Шэрай нечысці злыя раты
Прагнуць боскай крыві запаветнай.

Палюбілі нас так, што ў вянкі
Заплялі залатыя калючкі.
Як зацьміць пошум смерці дзянькі,
Заскуголяць па еміне сучкі.

Пахаваны святарны сымболь
Назаўсёды пад прыскам нагорным,
Музыканты да струнаў вуголь
Паднясуць у пасадзе тлятворным.

Перад зорнай няславай вякоў
Палягла за калонай калона,
Нашых музаў на зломах штыкоў
Не абеліць і цень Авадона.

Хай знямелыя павадыры
Стравы з вечных сталоў даядаюць,
У гудзьбе на памінках цары
Аб любові нябёсаў рыдаюць.


ПУРПУРА СМЕРЦІ

У цёмных точывах ікон
Абраз наш адаб'е,
Суцішных сэрцаў перазвон
Бразготны тлум залье.

Хто стому страціў назаўжды,
Ад пажыцяў зямных
Памкнецца ў райскія сады
Гудзьбою песціць слых.

Разбурыцца імператыў,
У пурпуры гадоў
Мы зганім боскі той курсіў
Й лёд залатых ладоў.

Тады і ўбачыма замест
Патвораў галубіц,
Крозь смерць пачуем дабравест
З пакрушаных званіц.




© лiтaрa.net, пры перадруку не забудзьцеся паставiць на нас спасылку