| Вiтаю, дружа! |
| увайсьцi | зарэгiстравацца |
| “Госьць з будучага”, альбо фэномэн Хадановіча Безумоўна, Хадановіч— Гэта вам не Багдановіч. “Пасланьне ад беларускага пошт-мадэрніста” Зьяўленьне Андрэя Хадановіча ў беларускай паэзіі было доўгачаканым: недарэмна некаторыя беларускія крытыкі лічаць яго адкрыцьцём канца мінулага тысячагодзьдзя. Хадановіч, без сумневу, удае сабой новы тып беларускага паэта, а менавіта: паэта-прадпрымальніка — у адрозьненьне ад папярэдняга тыпу беларускага паэта, паэта-пралетара. Калі папярэдні й сёньня яшчэ паноўны тып беларускага творцы льга цалкам справядліва азначыць за сацыялістычны, дык Хадановіч удае сабой вытворцу чыста капіталістычнага. Ён належыць да той генэрацыі “новых сцэнарыстаў”, якія патрапілі ў беларускі пісьменьніцкі Галівуд з мэтай уліць “сьвежую кроў” у ягоныя каналізацыйныя каналы й прапанаваць свой непатрабавальны й дагэтуль незапатрабаваны талент новаму прыватнаму прадпрыемству з назвай “Чытай сваё” (“сваё” = “наша”). Насамрэч, зьяўленьне капіталістычнага тыпу творцы абумоўленае менавіта й выключна творчым крызісам творцаў сацыялістычнага тыпу, які завёў беларускую літаратуру ў тупік і там кінуў, ня здолеўшы яе адтуль самастойна вывесьці. Чым быў паэт-пралетар? Студэнтам-філфакаўцам вяскова-местачковага паходжаньня, які ў цяжкіх умовах жыцьця прафэсійнага інтэлігента ў вялікім месьце спакваля ператвараецца ў алькаголіка. Для савецкага рэжыму, аднак, было надзвычай істотным менавіта ягонае паходжаньне, а не ягоныя прафэсійныя якасьці. Паходжаньне ў савецкія часы было ўсім. Народнасьць патрабавалася ня толькі ад твораў, але й ад саміх творцаў—правінцыйнасьць паходжаньня лічылася гарантыяй “аўтэнтычнай беларускасьці” мысьленьня аўтара. “Калі б мы пасьлядоўна кіраваліся меркаваньнем гэтых крытыкаў, нам прыйшлося б пісаць на мове індэйцаў кэранды пра паляваньне на страўса. Усё астатняе было б прыўнесеным і антынацыянальным, ” іранічна пракамэнтаваў калісьці Эрнэста Сабата падобную тэндэнцыю ў аргентынскай літаратуры. Тым ня менш, на працягу існаваньня сацыялістычнай сыстэмы беларускія пісьменьнікі й паэты былі верныя гэтаму прынцыпу вонкавай “народнасьці”. “Сьвятая прастата” была папросту наканаваная беларускім літаратарам у якасьці творчага рэцэпту, таму беларускаму інтэлектуалу заўсёды прыходзілася йграць ролю прасьцячка. Яскравым прыкладам перайманьня гэтых традыцыяў сёньня ёсьць газэта “Наша Ніва”, якая працягвае савецкую гульню ў народнасьць і культывуе штучна спрошчаную мову, спрошчаны сьветапогляд, спрошчанае мысьленьне й г.д, робячы зь іх ледзь ня самую сутнасьць беларускага духу. Ня дзіва, што менавіта там знаходзяць прытулак усялякія бяздомныя “гражданы”, “сабакі” й іншыя пачвары, спароджаныя сном розуму. Гэта сьведчыць аб тым, што псэўданароднасьць і непазьбежна зьвязанае зь імі кумоўства ў асяродзьдзі беларускіх літаратараў застаецца ў модзе і ў карыстаньні да сёньняшняга дня. Таму беларуская літаратура сёньня — гэта кшталт запаведніку альбо кляштару з раману Умбэрта Эка “Імя ружы”, замкнёнага сьвету, ізаляванага ад сьвету сапраўднага, чые жыхары вераць, быццам жывуць у вежы са слановай косьці. Насамрэч, вежа створаная не са слановай косьці, а са слановай тупасьці, несумленнасьці й нечульлівасьці, а падмуркам гэтай вежы заўсёды было статкавае ўсьведамленьне прыналежнасьці да “агульнай справы”, слушней кажучы — да агульнай кармушкі. Зразумела, што патрапіць у такі кляштар павінна быць надзвычай складана. Трапляючы ў “вялікае” места, паэт-вясковец ператвараўся ў пралетара “умственного труда”. Адначасова, ён адчуваў сябе разгубленым: дзьверы нагору былі для яго зачыненыя. Трэба было ведаць чароўнае слова, якое б адчыняла гэтыя дзьверы. Такім чароўным словам было імя таго ці іншага знаёмага ў “вышэйшых сфэрах”, на вышэйшых прыступках сацыяльнай лесьвіцы. Адсюль — вечнае панібрацтва, зямляцтва й кумоўства ў асяродзьдзі беларускіх літаратараў. Маўляў, мы, пралетары, хлопцы простыя: ня той паэт, хто піша вершы, а той паэт, хто вып’е першы. Такі прынцып стасункаў быў прышэчплены беларускай інтэлігенцыі партыйнымі бонзамі недарэмна, а менавіта з мэтай трымаць яе ў падпарадкаваньні й стане салодкага гіпнатычнага самаап’яненьня. І сапраўды, вяскоўца-местачкоўца купіць проста: варта толькі прапанаваць яму працу й кватэру ў сталіцы. А потым усё паводле прынцыпу “ты — мне, я — табе”. Якая розьніца, хто як піша, дый ці піша што наагул? Галоўнае, што ўсе мы “свае хлопцы”, глядзі байку Крылова пра зязюлю й пеўніка. Аб якой якасьці літаратуры, аб якіх ідэялагічных спрэчках ільга гаварыць у сытуацыі, калі ўсялякая крытыка ўспрымаецца як асабісты напад і выклікае рэакцыю кшталту “ты меня уважаешь?” На жаль, так яно шмат у чым застаецца й да сёньняшняга дня. Тым часам як беларускія савецкія паэты ўвасаблялі сабой гэткі прафэсійны дылетантызм (да ягоных найбольш яскравых прадстаўнікоў у сёньняшняй паэзіі льга аднесьці, прыкладам, Славаміра Адамовіча), беларускі постсавецкі паэт Хадановіч увасабляе сабой штосьці зусім адваротнае, а менавіта — дылетанцкі прафэсіяналізм: у гэтым сэнсе ягонае зьяўленьне льга лічыць сапраўды рэвалюцыйным. Чаму ж, выбачайце, “дылетанцкі”, запытаецца чытач? Хіба творы Хадановіча насамрэч не вылучаюцца надзвычайнай якасьцю й тэхнічнай дасканаласьцю? І ці ня ёсьць сам выраз “дылетанцкі прафэсіяналізм” папросту абсурдным? Абсурднай ёсьць, перадусім, вера ў існаваньне нейкага “прафэсіяналізму” ў мастацтве. Прафэсіяналізм — фэномэн не мастацкі, а эканамічны. Ягоная спэцыфіка ў дачыненьні да мастацтва палягае ў тым, што ён ператварае ўсялякую творчасьць у вы-творчасьць, і такім чынам робіць зь яе сэрыйную прадукцыю. Таму сама ілюзія “прафэсіяналізму-ў-мастацтве” разьлічаная на дылетантаў: ствараюць яе тыя, хто верыць у абгрунтаванасьць дыхатаміі “прафэсіянал-дылетант” і, баючыся быць залічаны да другіх, падкрэсьлівае сваю прыналежнасьць да першых. Што ж, у такім выпадку, не пашкодзіць прааналізаваць, у чым насамрэч палягае гэтая іхная “прафэсійнасьць”. Што адрозьнівае Хадановіча ад іншых беларускіх паэтаў? Перадусім, тое, што ён — дбайны й сумленны вэрсыфікатар. Магчыма, з-за традыцыйнага комплексу перад “вялікай рускай літаратурай” у беларускай літаратуры існуе своеасаблівы культ добрага вэрсыфікатара. Прыкладам, нават такі майстра вершаванага слова як Сяржук Сокалаў-Воюш уважае валоданьне клясычнай вэрсыфікацыяй за адну з асноўных рысаў “сапраўднага паэта” — пры гэтым ён чамусьці ня лічыць паэзіяй і не імкнецца асабліва афішаваць уласныя практыкаваньні ў гэтай галіне, якія, трэба сказаць, нічым ня горшыя за Хадановічавы што да мовы й да паэтычнага ўзроўню, а што да гумару — дык, на мой густ, і нашмат лепшыя. Аднак, у адрозьненьне ад Воюша (які ведае адрозьненьне паміж паэтам і вэрсыфікатарам і ўсё яшчэ імкнецца заставацца паэтам), Хадановіч, які таксама аб гэтым адрозьненьні ведае, зь нейкай прычыны імкнецца быць чымсьці зусім адваротным, а менавіта — вэрсыфікатарам par excellence. Насамрэч, добры паэт можа быць добрым, сярэднім альбо благім вэрсыфікатарам. Напрыклад, Колас, з майго гледзішча, ёсьць лепшым і больш сумленным вэрсыфікатарам, чымся Купала; Пушкін як вэрсыфікатар быў, мякка кажучы, папросту жудасны — а такія паэты, як Ўітмэн, Лорка альбо Элюар наагул залішне не абцяжарвалі сябе вэрсыфікацыяй. Добры паэт і адначасова добры вэрсыфікатар — зьява насамрэч выключная ня толькі ў беларускай літаратуры. На розных этапах гісторыі літаратуры гэтыя дзьве якасьці то дапамагаюць, то перашкаджаюць адна адной у разьвіцьці. Залежыць гэта ад таго, наколькі разьвіцьцё мовы адпавядае разьвіцьцю чуйнасьці, мысьленьня й астатніх рэчаў, што звычайна паведамляюцца ў гэтай мове. Звычайна, усялякая жывая мова своечасова рэгіструе гэтае разьвіцьцё — то бок, “не адстае” ад яго. Беларуская мова, з-за сваёй няпростай сучаснай сытуацыі, вымушаная гэтае разьвіцьцё мімэтызаваць, імітаваць, а часам і сымуляваць. Няхай так: калі йдзецца аб актуальным, то бок сапраўдным разьвіцьці, нават такі спосаб ягонай рэгістрацыі ёсьць цалкам легітымным. Але ў выпадку Хадановіча йдзецца не аб разьвіцьці ідэй альбо чуйнасьці, але аб самамэтным разьвіцьці самой мовы: здаецца, што Хадановіч імкнецца ня толькі дагнаць, але й перагнаць “прывід постмадэрнізму”. Аднак, парадаксальным чынам, сама па сабе тэндэнцыя чыстага й самамэтнага разьвіцьця формы ёсьць тыпова мадэрнісцкай зьявай і мае нашмат больш агульнага зь мінуўшчынай, чымся з сучаснасьцю. Ці ёсьць такое разьвіцьцё насамрэч разьвіцьцём? Цяжка сказаць. На сустрэчы з рускім паэтам Яўгенам Рэйнам у 1994 годзе ў Менску нехта з публікі задаў пытаньне, ці не здаецца яму, што ягоны сябар і калега Бродзкі (тады яшчэ жывы) апошнім часам ператвараецца ў “машыну па стварэньні вершаў”. Рэйн ухіліўся ад простага адказу, аднак далікатна заўважыў, што такое меркаваньне мае свае падставы і што чалавек, які задаў пытаньне, “насамрэч штосьці разумее ў паэзіі”. Я прыводжу гэты прыклад дзеля таго, каб паказаць, што Хадановічаў “творчы мэтад” зусім ня ёсьць ягоным вынаходніцтвам. Ягоная творчасьць ёсьць працягам тэндэнцыі, праявы якой наймацней выяўляюцца ў шматлікіх рускіх паэтаў мінулага стагодзьдзя — Бальмонта, Гумілёва, Пастэрнака, Бродзкага й іншых. Ад часоў уваходжаньня ў моду францускага сымбалізму (аматарам якога невыпадкова зьяўляецца Хадановіч) у рускай паэзіі зьявілася тэндэнцыя да абсалютызацыі формы, якая сёньня, як ільга бачыць, ператварылася ў ейны праклён: цяпер у Расіі паэтам лічыць сябе кожны, хто здольны зарыфмаваць між сабой два радкі. Такім чынам, узьнікае сытуацыя, якую льга апісаць, крыху перафразаваўшы Еўтушэнка: “поэт в России меньше, чем поэт”. Сёньняшняя беларуская вершаваная прадукцыя ў рускай мове сутыкаецца з такой самай цяжкасьцю. На Захадзе, дзе мадэрністычная рэвалюцыя (у Расіі й на Беларусі задушаная ў 30-я гг.) прынесла з сабой пераадоленьне сымбалізму разам зь ягонай патрэбай пошуку дасканалай формы, існуе хутчэй адваротная праблема: там паэтам лічыць сябе ледзь ня кожны, хто няздольны зарыфмаваць ані двух радкоў (што пасьля “паэтаў-ляўрэатаў” кшталту Брыджыса й Тэнісона — цалкам зразумелая зьява). Абедзьве крайнасьці, нягледзячы на сваю вонкавую супрацьпастаўленасьць, ёсьць прыкметамі сучаснага крызысу ў паэзіі, у атмасфэры якога звычайная графаманія дзіўным чынам ператвараецца з хваробы ў эпідэмію: колькасьць творцаў катастрафічна павялічваецца, якасьць твораў катастрафічна зьніжаецца (альбо папросту губляе сваю значнасьць) — у выніку гэтага размываюцца самі крытэры якасьці. Ня думаю, аднак, што творчасьць Хадановіча ёсьць праявай эпідэміі графаманіі ў беларускай літаратуры: тая адгула дзесьці пры канцы 80-х — на пачатку 90-х. Хутчэй, ён ёсьць ейным вынікам — своеасаблівым вірусам, які своечасова мутаваў і прыстасаваўся да новых умоваў эпохі “беларускага постмадэрнізму”, больш дакладна кажучы — лукашэнкавай рэакцыі. Бессэнсоўна адмаўляць, што “вірус” гэты прыйшоў да нас праз рускую паэтычную традыцыю: ягоным носьбітам уласьцівая залішняя заклапочанасьць дасканаласьцю формы й заўсёдная гатоўнасьць ахвяраваць дзеля яе зьместам. Пачынаючы з савецкіх часоў, моўны фармалізм у беларускай літаратуры заўсёды асабліва квітнеў у вершах паэтаў-правінцыялаў, якія, на жаль, і вызначалі ўзровень літаратуры як цалку. Аднак, нягледзячы на ўзьніклы ў савецкія часы культ добрага вэрсыфікатара, галоўная плынь беларускай паэтычнай традыцыі выразна адчувае розьніцу паміж паэзіяй і вэрсыфікацыяй і ў адрозьненьне ад Хадановіча здагадваецца аб тым, што пазбаўленая зьместу форма ня можа быць “бездакорнай”. Беларускі чытач заўжды аддаваў перавагу паэту над вэрсыфікатарам: доказам могуць быць вершыкі кшталту “Пятрусь Глебка піша крэпка”, “Пятрусь Броўка піша лоўка” й г.д. Нават у выпадку, калі добры вэрсыфікатар ёсьць яшчэ й добрым паэтам, ягонае майстэрства вэрсыфікацыі зусім ня кідаецца ў вочы, застаецца ў ценю й саступае месца сутнасьці — клясычным прыкладам гэтага можа быць Ніл Гілевіч. Менавіта таму спрактыкаванаму літаратару дастаткова кінуць адзін позірк на Хадановічавы радкі, каб пераканацца, што зьмест у яго — цалкам другасны й падпарадкаваны задачы вырабу як мага больш “дасканалай” (зь ягонага гледзішча) формы. Аднак якім бы “выкшталцоным” ні было Хадановічава паэтычнае майстэрства, яго яўна не стае, каб гэта схаваць. Да таго ж, мне здаецца, што ён да гэтага й не імкнецца, а наадварот, выстаўляе сваю “клокочущую пустоту” на замілаванае сузіраньне сваіх “верных” чытачоў. Ну й на здароўе. Беларускія чытачы стрываюць, а беларуская літаратура — тая дык наагул, яшчэ й ня тое перажыла. Трэба ўсё-ткі аддаць Хадановічу належнае: сярод астатніх беларускіх паэтаў ён насамрэч ня мае канкурэнцыі ў працы з мовай. Праца гэтая, аднак, стварае ў мяне асабіста ўражаньне аднастайнай, бяздушнай, мэханічнай. А ці можа быць у ягоным выпадку іначай? Уражаньне мэханічнасьці ёсьць непазьбежным наступствам сэрыйнасьці вырабу, уласьцівай Хадановічавай вершаванай прадукцыі, якая па сваёй сутнасьці ёсьць вельмі аднастайнай. Менавіта таму, пачытаўшы Хадановіча, у мяне складаецца ўражаньне, што беларуская паэзія вычарпала свае выразовыя сродкі і што ёй бракуе ня столькі тэмаў, колькі аўтараў і — перадусім — чытачоў. Нягледзячы на тое, што жаданьне “пісаць нязмушана” прамаўляе ў кожным Хадановічавым радку, у кожнай рыфме, нельга не заўважыць наўмыснасьці, штучнасьці, праграмовасьці й запраграмаванасьці гэтага ягонага памкненьня. Нельга не заўважыць, што Хадановіч імкнецца пісаць па-беларуску так, як быццам па-беларуску ўсе наўкол размаўляюць. Канечне, калі б так насамрэч было, тады й Хадановіч сапраўды быў бы тым, кім ён хоча быць: клясычным постмадэрністам, паэтам “для ўсіх”, “народным” паэтам і г.д. Але пакуль што гэта толькі “мара”, якая знаходзіць сваё найлепшае адлюстраваньне менавіта ў цалкам ухвальным памкненьні Хадановічавай паэзіі да нязмушанасьці. Памкненьне да нязмушанасьці, аднак, яшчэ ня ёсьць самой нязмушанасьцю. Як, ні круці, а “падмануць свой час” ня гэтак проста. А ліха зь ім: нельга падмануць чытача сучаснага, дык падманем прынамсі будучага. Няхай адукаваны нашчадак зьдзіўляецца, як спрытна рыфмавалі ў беларускай мове яшчэ сто гадоў таму, калі па-беларуску яшчэ ніхто не размаўляў. Вось такі утапічны футурызм. А як жа наконт сучаснасьці? Ці можа ў сучаснасьці паэты зусім непатрэбныя? Альбо гэта сучаснасьць непатрэбная дый нецікавая паэтам? Было б, аднак, памылкай думаць, што Хадановіч “ахвяруе” зьместам дзеля формы: паводле ўсіх прыкметаў, ён належыць да катэгорыі тых “літаратараў”, якім асабліва няма чым ахвяраваць. Я думаю, што як паэту Хадановічу папросту няма чаго сказаць, і ён, хутчэй за ўсё, сам аб гэтым цудоўна ведае — іначай ён не імкнуўся б стварыць адваротнага ўражаньня. Пры ўсім гэтым, у Хадановіча няма нічога, чаму іншы паэт (падкрэсьліваю, што кажу, перадусім, за сябе) мог бы навучыцца толькі ад яго й ад нікога іншага. А як казаў Вальтэр Бэн’ямін, “аўтар, які нічому ня вучыць пісьменьніка — ня вучыць нікога.” Аднак тут ільга крыху паспрачацца. Магчыма, менавіта дзякуючы Хадановічу калі ня гэтая, дык наступная генэрацыя беларускіх паэтаў будзе 1) мець большую культуру мовы; 2) ставіцца зь меншым піетэтам да чыста вонкавых праяваў гэткай культуры, як што тая ператворыцца ў абавязковае правіла “добрых паводзінаў” літаратара; 3) пачне чытаць больш беларускай паэзіі і спрыяць натуральнаму ўзьнікненьню нутрабеларускага (а ня руска-беларускага, як у Хадановіча) інтэртэкстуалізму. У гэтым сэнсе Хадановіч — паэт надзвычай прагрэсіўны. Ён ёсьць хоць і ня першай (узгадайма Бабкова, Мінкіна), але ж усё-ткі ластаўкай, якая сьведчыць аб надыходзе новага культурнага клімату ў асяродзьдзі беларускамоўных творцаў. Для тых, хто лічыць паэзію кшталтам моўнага практыкаваньня й вэрбальнай гульні, Хадановіч, напэўна, будзе аднойчы непераўзыйдзеным ідалам, узорам для (не-)нападабненьня, архетыпам “сьцілягі” ад літаратуры—гэта, канечне, пры ўмове, што ён перастане быць чыста кулуарнай зьявай у вузкім асяродзьдзі, блізкім часопісу “Архэ”, і што яго пачнуць чытаць і друкаваць іншыя. Такім чынам, Хадановіч — ідэальны прататып будучага беларускага паэта сярэдняга ўзроўню, які ў любой дастаткова разьвітай сучаснай літаратуры ўдае сабой тло, кантэкст, мэйнстрым — тую глебу, якая неабходная для ўзыходжаньня заўсёды рэдкіх парасткаў геніяльнасьці. Таму выглядае крыху сьмешна, калі ўжо сёньня Хадановіча імкнуцца выдаваць за прыклад таго, што, мяркуючы паводле ягоных вершаў, настане яшчэ ня хутка. Мяне асабіста пры ўсім гэтым абурае толькі адно: поўная адсутнасьць у Хадановічавых вершах пачуцьця гумару. Гумар Хадановіча — гэта, як казаў Караткевіч, “гумар шыбеніка”. Пры гэтым Хадановіч імкнецца выдаць свой “гумар” за асноўны “зьмест” сваіх вершаў — тым часам як сам карыстаецца ім выключна дзеля таго, каб хоць неяк апраўдаць штучнасьць сваіх сынтаксычных канструкцыяў, прыхаваць напружанасьць сваіх моўных пошукаў ды стварыць павярхоўнае ўражаньне лёгкасьці й нязмушанасьці, якое пасуе сапраўднаму “мэтру”. Шмат хто лічыць, што гэта ў яго атрымліваецца. Аднак мне здаецца, што гумар і несур’ёзнасьць — ня тое самае. Пачуцьцё гумару паходзіць, бадай, не са здольнасьці да моўнай эквілібрыстыкі, а са здольнасьці да аналізу й да крытычнага, адцягненага стаўленьня да сябе. На жаль, Хадановічу гэтае стаўленьне ня надта блізкае. Гэта відаць з таго, як ён сабе дазваляе (ці, дакладней, яму дазваляюць) займаць у дачыненьні да астатніх маладых беларускіх творцаў пазыцыю неаспрэчнага аўтарытэта (глядзі, напрыклад, ягоную рэцэнзію на кнігу Міхася Баярына “Шалёны вертаградар” у “Архэ-Скарына”), якая яму, мякка кажучы, не зусім пасуе. Безумоўна, гэтую ролю ён імкнецца разыгрываць з пэўнай доляй абавязковай іроніі, але да самога свайго выкананьня гэтай ролі ставіцца, наколькі мне здаецца, са ўсёй магчымай сур’ёзнасьцю — што ня можа ня выклікаць усьмешкі, асабліва тады, калі “мэтр” час ад часу скарыстоўвае свой сцэнічны вобраз для таго, каб нагадаць сваёй аўдыторыі сёе-тое з шэрагу даўно яму і іншым вядомых банальнасьцяў, якія ён выдае за “сакрэты” паэтычнага рамяства. З майго гледзішча, найбольш трапны эпітэт для паэтычнага фэномэну з назвай “Хадановіч” — “штучны”. Як паэт ён нагадвае мне Андэрсэнава салаўя, што здольны сьпяваць сотняй розных галасоў, але няздольны, на жаль, сьпяваць сваім голасам, бо ня мае яго — альбо той папросту гучаў ня надта мілагучна і ягоны ўладальнік зьмяняў яго на больш разнастайны, багаты фіярытурамі й іншымі артыкуляцыйнымі штукамі голас Хадановіча. Пытаньне, ці здольны гэты штучны салавей сьпяваць па-беларуску іначай, чымся чужым, запазычаным голасам. А нават калі так — ці можам мы сёньня патрабаваць гэтага ад Хадановіча, як у часы Лукаша Бэндэ? Ня можам, і гэта цудоўна. Мы можам толькі чытаць альбо не чытаць ягоныя вершы. Гэтаксама мы ня можам нікому забараніць хваліць альбо ганіць ягоныя творы. Аднак у сытуацыі, калі ўхваляць Хадановіча стаецца правілам “добрага” густу, карысна, бадай, зьвярнуць крытычную ўвагу на адваротныя бакі ягонана фэномэну. Ангельскі паэт Філіп Ларкін сказаў, што паэт, канец канцоў, піша ня дзеля таго, каб павыхваляцца сваёй эрудыцыяй ці спрытам у нападабненьні сваіх папярэднікаў, а дзеля таго, каб крануць сэрца чытача шчырай споведзю свайго ўласнага сэрца. З гэтага гледзішча, вершы Хадановіча — гэта антыпаэзія: ня ведаю, ці льга зь іх пасьмяяцца, але ў любым выпадку іх нельга палюбіць, як што ў іх няма амаль нічога асабістага. Нават багацьце ягоных рыфмаў — гэта ўласьцівасьць перадусім самой беларускай мовы, а не Хадановіча. Ня думаю, што сам крытыкаваны мной аўтар ня ведае, што бязмэтныя практыкаваньні ў вэрсыфікацыі прыводзяць да інфляцыі паэтычнага слова. У такой сытуацыі, я лічу, найлепш за ўсё было б скарыстаць свае паэтычныя здольнасьці для перакладу чужых твораў. Сапраўды, вэрсыфікатар Хадановіч зрабіў бы беларускай літаратуры вялікую паслугу, калі б узяўся за пераклад, прыкладам, клясыкаў франкафоннай літаратуры: Віёна, Бадлера, Вэрлена, Рэмбо, Ляфорга, Вэрхарна, Віяна, Прэвэра ды іншых. Замест гэтага ён, здаецца, адпачывае на “лаўрах” і бавіць час перакладамі нейкіх сваіх украінскіх знаёмых. Не разумею, якая рацыя рабіць зараз пераклады з рускай, польскай, украінскай моваў? Няўжо ж сярэдні беларус, калі ўжо ён навучыўся чытаць па-беларуску, не навучыцца чытаць па-ўкраінску? Выдаць у дапамогу некалькі слоўнікаў — дый па ўсім… “А беларусы ж нікога ня маюць — няхай жа будзе хаця б Хадановіч…” |
| |||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
|