• лiтaрa.net | рэцэнзii |
Кніжка на ўсе выпадкі жыцьця
Аліса Бізяева, 19 жнiўня 2002

Зміцер Вішнёў. Тамбурны маскіт. С-Пт., Невскій простор, 2001


Такую кнігу можна пакінуць на чорны дзень, можна чытаць яе ў тралейбусе, можна класьці пад падушку і браць у рукі, калі хочацца памацаць нешта прыемнае на дотык. Калі б беларускія дзеці добра разумелі па-беларуску, ім можна было б чытаць адсюль некаторыя асобныя вершыкі… Ня ўсе. Лепей берагчы ўражлівыя дзіцячыя сьвядомасьці ад асабліва нэкрафільскіх твораў. Таму што яны заразныя – нэкрафільскія матывы распаўсюджаныя сярод суполкі беларускіх нігілістаў, мінулых бум-бам-літаўцаў і іншых, так скажам, альтэрнатыўных літаратараў. Таксама лепей хаваць ад дзяцей “сацыяльную лірыку” спадара Вішнёва, накшталт верша пра сустрэчу з чыноўнікам [#cz].

Паводле настрою і танальнасьці напісанае Зьмітрам нагадвае нават не дзіцячую літаратуру, а дзетаперайманьне. Дзеці любяць чытаць пра мікробаў, амёбаў, клёкатамўсаў ды іншых гадзінаў. Героі «Тамбурнага маскіту» нагадваюць дзіцячыя вобразы, якія ўзьнікаюць зь перастаўленых літарак, пераблытаных словаў. Казачныя героі і мульцяшныя вынаходніцтвы дзіцячай фантазіі перамешваюцца, ствараючы сынтэтычныя істоты. Ды і сам Зьміцер пад час чытаньня сваіх вершаў паратвараецца ў пакрыўджанага малалетка, які размаўляе нібыта з заўсёды напоўненым ротам, пухлымі шчокамі і надзьмутымі вуснамі. І некаторыя яго вершы здольны зразумець нават немаўля:

ібо-бо-бо-бі-бо
агу-ый
агу-ый агу-ый


Адзін са скразных сымбаляў Зьмітра, разьвіты да памераў творчай прасторы, дэкарацыяў дзеля існаваньня й жыцьцядзейнасьці яго літаратурных герояў, – гэта Афрыка. Ён ня проста стварае Афрыку, ён стварае тую самую, забароненую: “не хадзіце дзеці ў Афрыку гуляць”. Вішнёўскай Афрыкай можна палохаць дзяцей, але ў той жа час сваёй забароненасьцю яна вельмі прывабная для іх, цікавая й прыцягальная. Яна прадстаўляе сабой інтэрпрэтацыю слова “нельга”, зробленую распаволеным дзіцячым уяўленьнем.

Рысы дзіцячасьці не наблiжаюць творчасьць Вiшнёва да дзiцячай лiтаратуры, гэта яго мастацкi прыём i мастацкi iмiдж, якi дазваляе рабiць вельмi выразнымі мастацкiя паводзiны, таксама ж вартыя ўвагi, як і сам прадукт творчасьцi.

Шматлікія стварэньні, якія Зьміцер прыцягнуў са свайго ці чужога дзяцінства, праілюстраваныя ў кнізе графічнымі малюнкамі… Нельга ўжо дакладна сказаць, ці ён спачатку малюе сваіх пэрсанажаў, а потым прыдумляе ім паэтычныя біяграфіі, ці наадварот, ілюструе свае вершы і вэрбальныя вобразы. Відаць, ён творыць у межах існуючага ўва мастацкай сьвядомасьці штучнага 3D сьвету, які прадстаўлены аб’ёмна і функцыянуе незалежна ад нашага веданьня пра яго – своеасаблівы сьвет у сабе. Кніжка Вішнёва нібыта дае нам спосаб сувязі з гэтым сьветам і магчымасьць назіраць за яго жыхарамі ў любы момант, даючы магчымасьць дадумаць усё тое, чаго няма ў вершах. Відавочна, што гэтая кніжка – багатая на розныя формы “творчай дзейнасьці” – знайшла б найлепшае сваё выяўленьне ў выглядзе вэб-сайту. (Не гаворачы ўжо пра тое, што гэта вельмі модна, а Вішнёў заўсёды імкнецца быць ў авангардзе.) Гэта было б някепскім літаратурным вопытам для беларускай гісторыі.

Вішнёву абавязкова трэба прапусьціць праз сваё цела, фізыялягічна ўсьвядоміць і засвоіць ўсё напісанае і прыдуманае: “Вырвем сабе языкі, выталупім вочы, ногі апусцім у раку Свіслач. Адчуем восеньскую прахалоду і глынем думак пра рыбіны, што сноўдаюцца па дне марскім” (Добрае надвор’е, 4 лістапада 1997); “Потым афарбуем страўнікі рачной вадой, бо толькі яна ды некалькі кропляў цытрыны могуць нагадаць мінулае лета” (Дона, 1997).

Гэтым ён крыху нагадвае мне Маякоўскага. Асаблівая блізкасьць бачыцца ў матывах пра прызначэньне паэта і яго цяжкую долю служэньня паэзіі:

Я – паэт ляжу на асфальце
Падарыце мне фальшывую фатаграфію ўсьмешкі
На талерцы чырвоным яблыкам


Я сразу смазал карту будня,
плеснувши краску из стакана;
я показал на блюде студня
косые скулы океана.
на чешуе жестяной рыбы
прочел я зовы новых губ… (А вы могли бы?)

* * *

У мяне вырвалі сэрца
гарачае пульсуючае
падобнае да чырвонай жабы
Камісар Юрась калашмаціў яго
лакіраванымі ботамі
шабляй сек і кетчупам
паліваў
Па вуліцы на прасавальнай дошцы
плавала і бялела
маё вясновае бессмяротнае цела

(1997)
Все вы на бабочку поэтиного сердца
взгромоздитесь, грязные,
в калошах и без калош. (НАТЕ!)

Мой пазваночнік – мая гадзюка
Флейта позвоночник

І гэта толькі тое, што раптам згадалася са школьных гадоў. Але ж самая стылістыка, аказіяналізмы, клічны склон, звароты да публікі, нэрвовы ўзбуджаны стыль і аголеныя пачуцьці ствараюць падобнае ўражаньне, як раньнія вершы і паэмы Маякоўскага і яго дзікаватае каханьне: “Ну што, перарэж мне рапірай горла горнае Яно вырасце зноўку як хвост яшчаркі…”

Часам надрыўны і пакутлівы настрой пераўтвараецца ў капрыз. Але капрызнасьць – адна з адметных рысаў гэтай скандальнай постаці, аўтара, які шукае сябе ня толькі ў тых формах, якія адпавядаюць яго сумленьню, але хутчэй у тых, якія б мелі попыт і выклікалі найбольшую цікавасьць у паважанай беларускай публікі. Ці гэта кепска?


Вершы:

* * *
Я спазняюся на сустрэчу з чыноўнікам.
Як цудоўна!
Я спазняюся на абед да чыноўніка.
Як цудоўна!
Я спазняюся да адказнага чыноўніка.
Як цудоўна!
Я не патраплю да чыноўніка.
Як цудоўна!
Я не буду адбіўной у гэтага невегетарыянскага чыноўніка,
У гэтага апартэідна-небяспечнага апаратнага супрацоўніка!
Як цудоўна!
Я застануся жывы.

* * *
мая адрэзаная мурынская рука
валасы на ёй варушацца хвалямі
бярыце суграмадзяне за валюту
паглядзіце якія тонкія пальцы эмалевыя
пазногаць да пазногця колеру месяца лютага
можа пісаць вершы артыкулы
раманы казкі карціны-гіяцынты
можа ўпрыгожыць любым тытулам
тайна галантна займаецца танным плагіятам
не адмовіцца ўрэзаць па вашым носе
ну не рука а проста мініяцюрны лось
харчавання шмат не патрабуе
пляшка гарэлкі і бублік на дзень
на мінералку бурбулістую табу
экалагічна-чыстая савецкая рука
выгадаваная на прасторах Саюза уркамі
не любіць дробных дыктатараў
любіць пяшчоту
Бярыце суграмадзяне не пашкадуеце
гэта вельмі нават прадажная рука
стомленая ад адзіноты
нахабная
творчая
змяя
(Лета 1999)
2000 г.

Хуткая медычная дапамога

Камар Хвядос чмякнуўся аб люстэрка-загароду. БАМС
Хручш Антух пратараніў лімонную лямпачку-маяк. БРАМ-М!
Прусака Аўтуха прыціснулі пантофлем-шлагбаўмам (300 гр.)
БУМ. КР-КР-Кр.
Мураш (курашка, курсік) Мікола зваліўся ў журавінавае варэньне. ПЛЯСЬ.
Плюска (блошчык) Генюш забіты кімсьці незразумелым пунсовым аб’ёмістым. ЛОПС. ЛОПС. ЛОПС.
Здыхля мышаня Віктусь трэснулася аб зубы гагатавага ката БРЫКЕТА-МАФІЁЗІ. ХРУМ
Муха (мушка, клушка) Варуся глазуравая чвякнулася ў павуціну-гасцініцу. Ш-Ш-Ш. Ш-Ш-Ш. Ж-Ж-Ж.
Павучына Валех – серавадародны – трапіў у серавадарод-пастку. ЖБОК…
Пацук Барнась – небарака – паспеў пад’есці брыдоты-пачастунку. БРАЗЬ.
Моль (свірнавая, брызглінавая, дубовая, пупышкавая, парасонавая, бульбяная, дывановая, пакаёвая, лістоўнічная, цыбульная, мэблевая, рапсавая, парэчкавая, свірэпавая) Аршуля пырхала. Грукнулі клямары-забойцы. Ба-Бах!!!
Вош Ева – несамавітая, бляклая, зубатая. ЛОП…
Конік (прузік) Зміцер джвугнуўся аб сцяблінку-слуп. БЛЯМ!
БЛЫХА (скочка) Анэта – пякуча-нязграбная. СКОК. СКОК. ЛЯП. БРЫК.

П. – Барон занавесіў чырвонымі, колеру “кітайскай вішні”, фіранкамі вакно. Запаліў п’яўкападобныя свечкі. Узяў калматы венік і паволі пачаў падмятаць запылены, засмечаны паркет.


© лiтaрa.net, пры перадруку не забудзьцеся паставiць на нас спасылку