| Вiтаю, дружа! |
| увайсьцi | зарэгiстравацца |
| Вялесаўская лекцыя Інаўгурацыйная прамова пад час атрыманьня літаратурнай прэміі "Гліняны Вялес". КРЫЖ. Ня ведаю, ці атрымаецца мая лекцыя кшталту Нобэлеўскай, але мушу прызнацца, што, рыхтуючыся да яе, уважліва прачытала Нобэлеўскую лекцыю паэта Іосіфа Бродзкага – і прыйшла да высновы, што ўсё, што я хацела б сказаць, ужо зноў сказана. Мне застаецца толькі нешта ўдакладніць, дадаць, упрыгожыць гэты адвечны крыж – літаратуры й грамадзтва – каменьчыкам свайго разуменьня, як упрыгожаны крыж Эўфрасіньні Полацкай, нібыта згублены, але між тым адчувальна “раствораны” ў культурнай прасторы Беларусі. Гэтаксама, як вышэйзгаданы Іосіф Бродскі, я адчуваю “вялікую няёмкасьць і выпрабаваньне”, апынуўшыся ў цэнтры ўвагі вялікашаноўнай грамады. Прывыкшыя быць “у цяні ўсіх рэчаў і ўсіх істот”, не магу не заўважыць – як ускрыкнуць ад болю ў промнях асьляпляльнага сьвятла гэтай прэзэнтацыі, дзіўным чынам скрыжаванай з узнагароджаньнем, — што шмат хто з аўтараў, якія ў мінулым годзе выдалі свае кніжкі, маглі б сёньня стаяць тут на маім месцы. У паэзіі гэта найперш Галіна Булыка (кніга “Турмалін”), Леанід Дранько-Майсюк (“Акропаль”), Алесь Пашкевіч (“Нябесная сірвента”), Вольга Куртаніч (“Начное сонца”), Валянціна Аксак (“Капліца”), Славамір Адамовіч (“Зваротныя правакацыі”) і іншыя, іншыя – існуючыя побач, што несьлі грамадзтву сваю ношку нечага навейшага, але выбар паў выпадкова на мяне… І толькі ўспамінаючы пра роўнасьць усіх людзей (у тым ліку й паэтаў) перад Богам, я знаходжу ў сабе сілы быць упэўненай у натуральнасьці гэтай урачыстай сытуацыі й паспрабаваць ужо чыста ад сябе сказаць тое, што хацелася б сказаць. 2 ПАЭЗІЯ. Перад гэтай сустрэчай я пыталася ў многіх, пра што гаварыць мне ў час традыцыйнага выступленьня пасьля ўзнагароджаньня – у Вялесаўскай лекцыі, аб чым спавядацца. І амаль усе мне параілі: “Раскажы, як ты разумееш паэзію. Што яна такое ў тваім уяўленьні?” Першае, што ўяўляецца й паступова цьвярдзее, як каштоўны крышталь: паэзія – гэта паездка ў невядомае, вельмі старажытная традыцыя такіх паездак. Ведаю, ня я першая гэта сказала, але адчуваю тое самае. Усьлед за тымі творцамі, каго люблю й лічу сваімі настаўнікамі – Маякоўскі, Хлебнікаў, Багдановіч, Цьвятаева, Вазьнясенскі, Разанаў, Седакова, а ўглыб – асобныя аўтары Бібліі, Гермес Трысмегіст, аўтар так званага “архаічнага” мастацтва, — усьлед за імі й разам зь імі, і наперадзе іх лічу, што мова – нешта большае, чым сродак зносін, а паэзія – нешта большае й важнейшае, чым слупкі радкоў і сфэра прыемнага. Трапна выказаўся вышэйзгаданы нобэлеўскі ляўрэат, старазапаветна заўважыўшы, што “мова і, думаецца, літаратура (у прыватнасьці паэзія. – Л.С.) – рэчы больш старажытныя, непазьбежныя й даўгавечныя, чымся грамадзкія ўтварэньні”, напрыклад дзяржавы, што паўстаюць і разбураюцца, зноў паўстаюць і зноў разбураюцца, а паэзія, цудоўная паэзія жыцьця застаецца: яна тое, што ёсьць, што было й што будзе заўсёды. З другога боку, паэзія – гэта гарэзія, ерась, нешта афіцыйна непатрэбнае, больш таго – шкоднае. Яна – тая своеасаблівая асымэтрыя, парушэньне заправільнай (і таму мёртвай) сыстэмы, якая ажыўляе апошнюю, дае жыцьцё, зрух, выяўляе ў ёй маленькія крывыя дзьверцы ці акенцы (“адтулінку”) у іншую магчымасьць. У знакамітага паэта ілюзій, сымэтрыі і асымэтрыі – мастака Маўрыца Эсхера ёсьць добра вядомы ўсім малюнак: рукі, якія малююць самі сябе. Паэзія, як і літаратура, а тая, як і жыцьцё, аптычна – гэта стужка Мёбіуса, паўзуць – і сустракаюцца два мурашы, афіцыйнай і альтэрнатыўнай літаратуры, мурашы з аднаго нашага вялікага Белага Мурашніку. Згадваючы мноства імёнаў, забываю сваё. 3 “РЫСАСЛОВЫ”. На пачатку свайго шляху скрозь “цёмны лес” беларускай культуры “мне марылася знайсьці адзін толькі верш”, “адзін толькі хлеб даць, каб ім накарміць галодны народ – і зьнікнуць, у небе растаць”. У сваім памкненьні, пры шматлікіх няўдачах, калі вершы пісаліся зноў і зноў, я прыйшла да адчуваньня, што форма таго меркаванага ідэальнага верша павінна быць досыць сьціслай, а словы, за кошт гэтай сьцісласьці, павінны стаць больш сьветлымі й зыркімі. (Я не заклікаю да гэтага ўсіх, а проста спавядаюся з рэдкай нагоды.) Паступова верш зьмяншаўся – да некалькіх радкоў, словаў… І вось, нарэшце, засталося адно толькі слова. “Слова, — гэта ня ўмоўны знак для выражэньня мысьлі, але мастацкі абраз, вызваны найжывейшымі пачуваньнямі, якія прырода й жыцьцё выклікалі ў первабытным чалавеку”, — сьцьвярджаў Вацлаў Ластоўскі. І мае вершыкі-словы спачатку называліся “графічныя вобразы слоў”, пакуль у рэдакцыі часопіса “Крыніца” не прыдумалі для іх больш сьціслыя й трапныя назвы, адна зь якіх і прыжылася – “Рысасловы”. А праз некалькі гадоў з дапамогай ТВЛ нарадзіўся й зьдзейсьніўся гэты вершаваны праект уласнага слоўніка – “Рысасловы”. З другога боку, уступаючы ў палеміку пра тое, якая графіка – лацінская або кірылічная – больш падыходзіць для беларускай мовы, мне хацелася выявіць тапалягічную тоеснасьць кірыліцы з так званай “душой” беларускага народу, яго культурай і сьветаадчуваньнем. Прасьцей кажучы, хацелася апець кірылічную азбуку, дзе ўсур’ёз, дзе жартоўна. “Што такое літара? Страж гісторыі”, — так сказаў Алкуін у VІІІ стагодзьдзі… Можна заўважыць, што асобныя малюнкі ў кніжцы спрошчаныя, прымітыўныя й што ў іх скарыстаныя элемэнты геамэтрыі. “Геамэтрыя – гэта інтуіцыя”, — зялёна-сіні крышталь Гельмгольца. “Геамэтрыя ёсьць пазнаньне ўсяго існага”, — сьцьвярджаў Платон. Таму мушу ўдакладніць, што мае малюнкі не прэтэндуюць на якую-небудзь каштоўнасьць у галіне графічнага мастацтва і ў цэлым уся кніжка ёсьць літаратурны жарт; яшчэ гарачы, але – жар; і трэба скіроўваць памяць хутчэй у мінулае, чымся ў будучыню. 4 ВЯЛЕС. Вялес – старажытны славянскі бог, лічыўся апекуном жывёлы, багацьця, урадлівасьці, паэзіі. Ён парадніў чалавека й жывёлу, вучыў людзей не забіваць зьвяроў, а выкарыстоўваць іх у гаспадарцы. Яго традыцыйная выява – гэта сівы дзядок у атачэньні коней, кароў, авечак. Вялес – абаронца й людзей: пастухоў, творцаў, вешчуноў… Такім падаюць яго энцыкляпэдыі й этнаграфічныя даведнікі. І як яго вобраз сам хаваецца за сьпіну нашмат пазьнейшага сьв. Уласія, гэтаксама за яго вобразам, мяркую, стаіць яшчэ больш архаічны бог, хутчэй багіня з выразна акрэсьленай міралюбнай, жыцьцядайнай, плоднай, творчай, у цэлым – гуманітарнай накіраванасьцю. Не выпадковы сучасны сымбаль паэтычнай творчасьці – чалавек на крылатым кані. Не выпадковы й зрух сучаснага грамадзтва ў бок так званых “жаночых каштоўнасьцяў” – дабрыні, спагады, міралюбства, прызнаньне каштоўнасьці кожнага чалавечага жыцьця. Таму мне асабліва прыемна, што прэмія, якую прызначае ТВЛ, называецца не “Авацыя”, не “Трыюмф”, а менавіта “Гліняны Вялес” – добры, мудры, несамотны кароль паэтычнага сьвету. Знаходзячыся ў гэтым месцы свайго літаратурнага шляху, заклапочаная хутчэй ня тым, як сказаць, а ўжо як не сказаць, мушу прызнацца, што найвялікшым творам было б для мяне поўнае сэнсу маўчаньне. 5 БІБЛІЯТЭКА. Чым больш я працую ў бібліятэцы, а бібліятэка, ці, дакладней, яе вобраз, працуе ўва мне, — тым больш я раблюся ўпэўненай у тым, што “напачатку было Слова” ў сэнсе “Тэкст”. Нешта, па нашых мерках малое, што мелася быць разгорнутым у часе й прасторы, сыстэмным, крыху асымэтрычным і, як алфавіт, складаецца з канечнай колькасьці элемэнтаў. Музычны твор, карціну, танец, спэктакаль, арнамэнт і г.д. я таксама адношу да тэкстаў – на той ці іншай мове. Творы тэхнікі таксама чытаюцца… Вы можаце “прачытаць” аўтамабіль? А я не. Затое я магу расчытаць – у розных напрамках – мастацкі друкаваны тэкст. Безумоўна, ня ўсякі, а ў асноўным такі, які адчуваю “першабытным”: гарачым і цяжкім – як Кропка, зь якой быццам бы ўсё калісь пачалося. Я думала, што я толькі працую ў бібліятэцы, а я ў Бібліятэцы жыву, толькі ў яшчэ большай. І навокал тэксты, тэксты, тэксты… Не хачу чытаць – а чытаю, бо яны ж перад маімі вачыма. Усюды адно й тое ж – “чалавечае! занадта чалавечае!..” Прыйдзе ноч; вочы закрыю, каб ня бачыць, у надзеі прысьніць той – першы – Тэкст. Ведаю, што раніцай, стоячы ля люстэрка, асымэтрычна скарэктую на лбе “локан Аньезі”, выйду за парог – і растану: у нечых снах, у нечых жаданьнях, у Вечнай Бібліятэцы. ………………………………………. Вунь, там, ля вакна сядзіць за кнігамі маладзенькі І.Х. … Гэта магло б быць пачаткам майго тэксту, але – жах! – і стала канцом. |
| |||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
|