лiтaрa.net | тэорыя |
Вялесаўская лекцыя
Людка Сільнова, 12 сакавiка 1995
Інаўгурацыйная прамова пад час атрыманьня літаратурнай прэміі "Гліняны Вялес [http://litara.net/doc/vieles]".
КРЫЖ. Ня ведаю, ці атрымаецца мая лекцыя кшталту Нобэлеўскай, але мушу прызнацца, што, рыхтуючыся да яе, уважліва прачытала Нобэлеўскую лекцыю паэта Іосіфа Бродзкага – і прыйшла да высновы, што ўсё, што я хацела б сказаць, ужо зноў сказана.
Мне застаецца толькі нешта ўдакладніць, дадаць, упрыгожыць гэты адвечны крыж – літаратуры й грамадзтва – каменьчыкам свайго разуменьня, як упрыгожаны крыж Эўфрасіньні Полацкай, нібыта згублены, але між тым адчувальна “раствораны” ў культурнай прасторы Беларусі.
Гэтаксама, як вышэйзгаданы Іосіф Бродскі, я адчуваю “вялікую няёмкасьць і выпрабаваньне”, апынуўшыся ў цэнтры ўвагі вялікашаноўнай грамады. Прывыкшыя быць “у цяні ўсіх рэчаў і ўсіх істот”, не магу не заўважыць – як ускрыкнуць ад болю ў промнях асьляпляльнага сьвятла гэтай прэзэнтацыі, дзіўным чынам скрыжаванай з узнагароджаньнем, — што шмат хто з аўтараў, якія ў мінулым годзе выдалі свае кніжкі, маглі б сёньня стаяць тут на маім месцы. У паэзіі гэта найперш Галіна Булыка (кніга “Турмалін”), Леанід Дранько-Майсюк (“Акропаль”), Алесь Пашкевіч (“Нябесная сірвента”), Вольга Куртаніч (“Начное сонца”), Валянціна Аксак (“Капліца”), Славамір Адамовіч (“Зваротныя правакацыі”) і іншыя, іншыя – існуючыя побач, што несьлі грамадзтву сваю ношку нечага навейшага, але выбар паў выпадкова на мяне… І толькі ўспамінаючы пра роўнасьць усіх людзей (у тым ліку й паэтаў) перад Богам, я знаходжу ў сабе сілы быць упэўненай у натуральнасьці гэтай урачыстай сытуацыі й паспрабаваць ужо чыста ад сябе сказаць тое, што хацелася б сказаць.
2
ПАЭЗІЯ. Перад гэтай сустрэчай я пыталася ў многіх, пра што гаварыць мне ў час традыцыйнага выступленьня пасьля ўзнагароджаньня – у Вялесаўскай лекцыі, аб чым спавядацца. І амаль усе мне параілі: “Раскажы, як ты разумееш паэзію. Што яна такое ў тваім уяўленьні?”
Першае, што ўяўляецца й паступова цьвярдзее, як каштоўны крышталь: паэзія – гэта паездка ў невядомае, вельмі старажытная традыцыя такіх паездак.
Ведаю, ня я першая гэта сказала, але адчуваю тое самае. Усьлед за тымі творцамі, каго люблю й лічу сваімі настаўнікамі – Маякоўскі, Хлебнікаў, Багдановіч, Цьвятаева, Вазьнясенскі, Разанаў, Седакова, а ўглыб – асобныя аўтары Бібліі, Гермес Трысмегіст, аўтар так званага “архаічнага” мастацтва, — усьлед за імі й разам зь імі, і наперадзе іх лічу, што мова – нешта большае, чым сродак зносін, а паэзія – нешта большае й важнейшае, чым слупкі радкоў і сфэра прыемнага. Трапна выказаўся вышэйзгаданы нобэлеўскі ляўрэат, старазапаветна заўважыўшы, што “мова і, думаецца, літаратура (у прыватнасьці паэзія. – Л.С.) – рэчы больш старажытныя, непазьбежныя й даўгавечныя, чымся грамадзкія ўтварэньні”, напрыклад дзяржавы, што паўстаюць і разбураюцца, зноў паўстаюць і зноў разбураюцца, а паэзія, цудоўная паэзія жыцьця застаецца: яна тое, што ёсьць, што было й што будзе заўсёды.
З другога боку, паэзія – гэта гарэзія, ерась, нешта афіцыйна непатрэбнае, больш таго – шкоднае. Яна – тая своеасаблівая асымэтрыя, парушэньне заправільнай (і таму мёртвай) сыстэмы, якая ажыўляе апошнюю, дае жыцьцё, зрух, выяўляе ў ёй маленькія крывыя дзьверцы ці акенцы (“адтулінку”) у іншую магчымасьць.
У знакамітага паэта ілюзій, сымэтрыі і асымэтрыі – мастака Маўрыца Эсхера ёсьць добра вядомы ўсім малюнак: рукі, якія малююць самі сябе. Паэзія, як і літаратура, а тая, як і жыцьцё, аптычна – гэта стужка Мёбіуса, паўзуць – і сустракаюцца два мурашы, афіцыйнай і альтэрнатыўнай літаратуры, мурашы з аднаго нашага вялікага Белага Мурашніку.
Згадваючы мноства імёнаў, забываю сваё.
3
“РЫСАСЛОВЫ”. На пачатку свайго шляху скрозь “цёмны лес” беларускай культуры “мне марылася знайсьці адзін толькі верш”, “адзін толькі хлеб даць, каб ім накарміць галодны народ – і зьнікнуць, у небе растаць”. У сваім памкненьні, пры шматлікіх няўдачах, калі вершы пісаліся зноў і зноў, я прыйшла да адчуваньня, што форма таго меркаванага ідэальнага верша павінна быць досыць сьціслай, а словы, за кошт гэтай сьцісласьці, павінны стаць больш сьветлымі й зыркімі. (Я не заклікаю да гэтага ўсіх, а проста спавядаюся з рэдкай нагоды.) Паступова верш зьмяншаўся – да некалькіх радкоў, словаў… І вось, нарэшце, засталося адно толькі слова. “Слова, — гэта ня ўмоўны знак для выражэньня мысьлі, але мастацкі абраз, вызваны найжывейшымі пачуваньнямі, якія прырода й жыцьцё выклікалі ў первабытным чалавеку”, — сьцьвярджаў Вацлаў Ластоўскі. І мае вершыкі-словы спачатку называліся “графічныя вобразы слоў”, пакуль у рэдакцыі часопіса “Крыніца” не прыдумалі для іх больш сьціслыя й трапныя назвы, адна зь якіх і прыжылася – “Рысасловы”. А праз некалькі гадоў з дапамогай ТВЛ нарадзіўся й зьдзейсьніўся гэты вершаваны праект уласнага слоўніка – “Рысасловы”.
З другога боку, уступаючы ў палеміку пра тое, якая графіка – лацінская або кірылічная – больш падыходзіць для беларускай мовы, мне хацелася выявіць тапалягічную тоеснасьць кірыліцы з так званай “душой” беларускага народу, яго культурай і сьветаадчуваньнем. Прасьцей кажучы, хацелася апець кірылічную азбуку, дзе ўсур’ёз, дзе жартоўна. “Што такое літара? Страж гісторыі”, — так сказаў Алкуін у VІІІ стагодзьдзі…
Можна заўважыць, што асобныя малюнкі ў кніжцы спрошчаныя, прымітыўныя й што ў іх скарыстаныя элемэнты геамэтрыі. “Геамэтрыя – гэта інтуіцыя”, — зялёна-сіні крышталь Гельмгольца. “Геамэтрыя ёсьць пазнаньне ўсяго існага”, — сьцьвярджаў Платон. Таму мушу ўдакладніць, што мае малюнкі не прэтэндуюць на якую-небудзь каштоўнасьць у галіне графічнага мастацтва і ў цэлым уся кніжка ёсьць літаратурны жарт; яшчэ гарачы, але – жар; і трэба скіроўваць памяць хутчэй у мінулае, чымся ў будучыню.
4
ВЯЛЕС. Вялес – старажытны славянскі бог, лічыўся апекуном жывёлы, багацьця, урадлівасьці, паэзіі. Ён парадніў чалавека й жывёлу, вучыў людзей не забіваць зьвяроў, а выкарыстоўваць іх у гаспадарцы. Яго традыцыйная выява – гэта сівы дзядок у атачэньні коней, кароў, авечак. Вялес – абаронца й людзей: пастухоў, творцаў, вешчуноў… Такім падаюць яго энцыкляпэдыі й этнаграфічныя даведнікі. І як яго вобраз сам хаваецца за сьпіну нашмат пазьнейшага сьв. Уласія, гэтаксама за яго вобразам, мяркую, стаіць яшчэ больш архаічны бог, хутчэй багіня з выразна акрэсьленай міралюбнай, жыцьцядайнай, плоднай, творчай, у цэлым – гуманітарнай накіраванасьцю.
Не выпадковы сучасны сымбаль паэтычнай творчасьці – чалавек на крылатым кані. Не выпадковы й зрух сучаснага грамадзтва ў бок так званых “жаночых каштоўнасьцяў” – дабрыні, спагады, міралюбства, прызнаньне каштоўнасьці кожнага чалавечага жыцьця. Таму мне асабліва прыемна, што прэмія, якую прызначае ТВЛ, называецца не “Авацыя”, не “Трыюмф”, а менавіта “Гліняны Вялес” – добры, мудры, несамотны кароль паэтычнага сьвету.
Знаходзячыся ў гэтым месцы свайго літаратурнага шляху, заклапочаная хутчэй ня тым, як сказаць, а ўжо як не сказаць, мушу прызнацца, што найвялікшым творам было б для мяне поўнае сэнсу маўчаньне.
5
БІБЛІЯТЭКА. Чым больш я працую ў бібліятэцы, а бібліятэка, ці, дакладней, яе вобраз, працуе ўва мне, — тым больш я раблюся ўпэўненай у тым, што “напачатку было Слова” ў сэнсе “Тэкст”. Нешта, па нашых мерках малое, што мелася быць разгорнутым у часе й прасторы, сыстэмным, крыху асымэтрычным і, як алфавіт, складаецца з канечнай колькасьці элемэнтаў.
Музычны твор, карціну, танец, спэктакаль, арнамэнт і г.д. я таксама адношу да тэкстаў – на той ці іншай мове. Творы тэхнікі таксама чытаюцца… Вы можаце “прачытаць” аўтамабіль? А я не.
Затое я магу расчытаць – у розных напрамках – мастацкі друкаваны тэкст. Безумоўна, ня ўсякі, а ў асноўным такі, які адчуваю “першабытным”: гарачым і цяжкім – як Кропка, зь якой быццам бы ўсё калісь пачалося.
Я думала, што я толькі працую ў бібліятэцы, а я ў Бібліятэцы жыву, толькі ў яшчэ большай. І навокал тэксты, тэксты, тэксты… Не хачу чытаць – а чытаю, бо яны ж перад маімі вачыма. Усюды адно й тое ж – “чалавечае! занадта чалавечае!..”
Прыйдзе ноч; вочы закрыю, каб ня бачыць, у надзеі прысьніць той – першы – Тэкст.
Ведаю, што раніцай, стоячы ля люстэрка, асымэтрычна скарэктую на лбе “локан Аньезі”, выйду за парог – і растану: у нечых снах, у нечых жаданьнях, у Вечнай Бібліятэцы.
……………………………………….
Вунь, там, ля вакна сядзіць за кнігамі маладзенькі І.Х. … Гэта магло б быць пачаткам майго тэксту, але – жах! – і стала канцом.
© лiтaрa.net, пры перадруку не забудзьцеся паставiць на нас спасылку