• лiтaрa.net | iнтэрвiю |
Лера Сом: “Спадзяюся, вучні не будуць успамінаць мяне, як непатрэбнага настаўніка”
Зьміцер Арцюх, 15 траўня 2005

У выдавецтве “Логвінаў” рыхтуецца да друку чацвёртая кніга вершаў полацкай паэткі Леры Сом. І называцца яна будзе “Свабода слова зіма”.


У выдавецтве “Логвінаў” рыхтуецца да друку чацвёртая кніга вершаў полацкай паэткі Леры Сом. І называцца яна будзе “Свабода слова зіма”. Ранейшыя паэтычныя зборнікі таксама маюць арыгінальныя назвы: “Блюз Каралеўскае Кухні”, 1994г.; “Адзінокая зорка”, 1996г.; “Там, на небе”, 2000г. Шмат надрукавана і ў перыёдыцы, напісана больш за 50 песень. Зараз Лера Сом працуе ў полацкай сярэдняй школе №5 настаўніцай беларускай мовы і літаратуры.

– У дзяцінстве я вельмі любіла спяваць, але рабіць гэта не выпадала: усе настаўнікі казалі, што ў мяне няма ні слыху, ні голасу. Але я працягвала нешта мармытаць сабе пад нос, і калі аднойчы мяне спыталі, што такое я мармычу, адказала, што песню… Якую? Прыйшлося тэрмінова прыдумваць словы. Атрымалася ў рыфму. Было гэта ў чацвёртым класе. А праз некалькі гадоў у мяне ўжо быў амаль агульны сшытак уласных тэкстаў.

– Калі б атрымалася вярнуць дзяцінства, што б вы змянілі ў сваім жыцці і чаму?
– У маім дзяцінстве нешта мяняць не варта, як мне здаецца… Сур’ёзных, на цяперашнюю маю думку, памылак, я там не нарабіла… Цяжкасці даюць нам магчымасць вырасці, сцвердзіцца, даказаць у першую чаргу самім сабе, чаго мы вартыя.

– Праца ў школе. Як атрымліваецца сумяшчаць з творчасцю?
– Працу ў школе з уласна творчасцю сумяшчаць, зразумела, вельмі цяжка. У першую чаргу таму, што катастрафічна не хапае часу на творчасць. Школа забірае ўсе сілы, і маральныя, і фізічныя, але мне ўсё ж здаецца, што той жыццёвы вопыт, які яна дае, вельмі важкі. Спадзяюся, што мае вучні ўсё ж не будуць успамінаць мяне, як непатрэбнага настаўніка. Маё спадзяванне падтрымліваецца тым, што некалькі маіх былых вучняў зараз мае сябры. Яны выраслі, сталі самастойнымі цікавымі людзьмі, але мы дагэтуль патрэбны адно аднаму – як людзі, як асобы. А што да вершаў… Магчыма, калі б у мяне была магчымасць не працаваць, я пісала б болей. А вось ці лепей?

– А сям’я.
– Сям’ю сумяшчаць з творчасцю ці не цяжэй, чым працу. Маім сямейным – мужу і сыну – я патрэбна як жонка і маці. Таму імкнуся выконваць гэтыя свае абавязкі ў першую чаргу… Але адначасова мае сямейныя выдатна ведаюць, што ёсць моманты, калі я пішу і мяне не трэба чапаць. У такім выпадку яны спраўляюцца без мяне – самастойныя…

– З чым можаце параўнаць паэзію, музыку?
– Кожны жанр мастацтва – асаблівы і непаўторны. Тут параўнанні бессэнсоўныя, тым больш, што ў нас ёсць сотні паджанраў, і два чалавекі, якія гавораць, напрыклад, “Я люблю музыку”, маюць на ўвазе на самой справе зусім розныя рэчы, бо адзін любіць класічную музыку, а другі – рок ці джаз. І ў літаратуры, і ў музыцы ёсць дастатковая колькасць рознага і непаўторнага, каб задаволіць густ любога чалавека – і самага пераборлівага, і таго, які толькі пачаў чытаць ці слухаць.

– Што з’яўляецца штуршком для творчасці? Каханне, кепскі настрой, несвабода, праблемы, мастацтва, падарожжы, пара года…
– Усё вышэйназванае – так, але можна падоўжыць гэты спіс да бясконцасці. У мяне атрымліваецца так, што кожны канкрэтны твор натхняецца канкрэтнай падзеяй. Але твор і падзея могуць быць разнесеныя па часе і непасрэдна не сутыкацца. Што да прыкладаў – “Здані 2”, больш вядомыя як “Па дарозе з Вільні на Полацак…”, – кароткі пераказ ненапісанага фантастычнага апавядання, а акраверш “Полацак” – мая рэакцыя на звычайную паштоўку…

– Як правільна выхаваць творчага чалавека? Ці калі дзіця творчае, то выхоўваць яго не трэба?
– Калі ў дзіцяці ёсць творчы патэнцыял, яму трэба даць развіцца. Прыкладаў, калі дзіця хоча маляваць, а мама з татам заганяюць яго ў музычную школу вакол дастаткова… А ў астатнім… Для малявання патрэбныя фарбы, для музыкі – інструмент… І яшчэ – вялікая рэдкасць – уважлівы настаўнік-дарослы, які б не заганяў дзіця ў рамкі, а даваў яму магчымасць самараскрывацца. Але ў кожным выпадку – у любой абранай творчай спецыяльнасці ёсць свае сакрэты, якія спасцігаюцца толькі праз мэтанакіраваную працу, якую за само дзіця ніхто не зробіць. А выдумляць спецыяльныя ўмовы, сілком цягаць яго па студыях ды гуртках… Гэта гаворыць, хутчэй, пра амбіцыі бацькоў, чым пра патэнцыял самога маленькага чалавека.

– Якія якасці характару чалавека вы ніколі не прымеце і ніколі не даруеце?
– Імкненне да свядомай хлусні. Пыху і фанабэрлівасць. Фанатызм.

– Вы верыце ў лёс?
– Хутчэй не, чым так. Але ніколі не было спакусы перарабіць мінулае, хоць, як у кожнага, маюцца ў ім і адмоўныя моманты… На маю думку, кожны з нас сустракаецца ў жыцці з такімі выпрабаваннямі, якія можа адолець. І таму, калі нешта не атрымліваецца, нешта не зладжваецца, не варта казаць “не лёс”. Варта падумаць, што ты сам яшчэ не зрабіў для дасягнення сваёй мэты. Варта зразумець, што ніхто, акрамя цябе самога, не можа рэальна табе дапамагчы ў галоўным – стаць такім чалавекам, якім ты хочаш быць.

– Што плануеце і пра што марыце?
– Выходзіць новая кніжка вершаў… Планую сабраць пад адной вокладкай фантастыку, пад яшчэ адной – эсэ ды артыкулы… Мару зашыцца на колькі месяцаў кудысь далёка ад усіх і выпісацца – колькі празаічных твораў вісяць у галаве, але на іх трэба аддаць шмат часу. Гэта ж не вершы, на якія час можна выхапіць са штодзённасці. Мару пападарожнічаць. А яшчэ мару знайсці легендарныя полацкія сутарэнні.


© лiтaрa.net, пры перадруку не забудзьцеся паставiць на нас спасылку