лiтaрa.net | тэорыя |
З нагоды лістападаўскіх халадоў
Віктар Сьлінко, 12 сакавiка 2002
Інаўгурацыйная прамова пад час атрыманьня літаратурнай прэміі "Гліняны Вялес [http://litara.net/doc/vieles]".
За намі, нібы сьляды, зьзяюць вершы. Па іх – толькі вымаві слова! – можна вярнуцца назад, у той час, у той сьвет, калі – нам здавалася – прарочылася і стваралася будучыня, і трэба было толькі чакаць, каб яна спраўдзілася і стала явай. Але будучыня, створаная словам, аказалася магчымай толькі ў сфэры духу, а ў зямной рэчаіснасьці яна стала падманам – будучыня, якую чакаюць, не настае. У нашых вершах – пытаньні… Жыцьцё ж, збудаванае на пытаньнях, траціць у рэшце рэшт неабходнасьць адказу, які, існуючы нейкі час на пэрыфэрыі сьвядомасьці, для свайго аб’яўленьня патрабуе ад цябе ўчынкаў і спраў. І ёсьць толькі адно – няпэўны, хісткі, але для нас адзіны аргумэнт: для паэта ўчынак – твор… Дык вось, па вершах, па гэтых сьлядах зноў і зноў вяртаюся да тых крыніц, зь якіх раней я наталяў і сваю чалавечую смагу, але цяпер яны ёсьць толькі ў памяці сэрца, а час, калі яны былі насампраўдзе тут, незваротна мінуў. Сабою, нібы ракавінай, я злучыў і абмежаваў два сьветы: быцьцё і быт, плоць і дух і яшчэ нешта было дадзена як магчымасьць, як дзьверы з надпісам “Не ўваходзь”.
Гэта бывала так: вечарам, ня маючы спраў, выяжджаю ў горад. Аўтобусы поўныя людзей, але не адчуваеш да іх ані любові, ані адчужанасьці. Ты як быццам не існуеш, пакуль не прыйшло гэта. Гэта, тое, з чым ты часам забаўляўся, як з цацкай, як дзіця забаўляецца з бацькоўскім пісталетам, што цішком выцягнула з партупеі. Дык вось, выяжджаеш у горад… усе вуліцы знаёмыя, і раптам – невядомы завулак. Мокрая ад дажджу асфальтавая паласа, паабапал – чорныя дрэвы… Ступаеш крок – і нібы правальваешся некуды. Вяртаньне сьвядомасьці праз дзьве гадзіны – дзе ты быў? Што было з табою? Над табою бразгае ліхтар… Ноч, транспарт ужо ня ходзіць… І тут бачыш: жалезная агароджа, зламаны аловак, чамусьці разьбітыя ў кроў рукі і ў нататніку – верш.
А жанчыны, дзяўчаты… Ня помню, для каго зь іх я пераклаў гэтыя радкі Арві Сійга, але ўсё адно - яны для кожнай зь іх: “Так, я абяцаў табе заўсёды берагчы Жывымі чырвоныя цыкламэны, якія ты мне Падарыла аднойчы. Берагчы заўсёды жывымі Гэтыя кветкі. А значыць – і цябе…”
Узаемнасьць перастала быць мэтай і якраз таму стала магчымай. Але… Ужо іншае вабіла мяне, іншага прагнула душа. І трымаючы ў сваёй руцэ дзявочую далонь, я слухаў тое, што вырастала з нашых слоў, тое, чаму – я думаў так! – варта аддавацца і служыць, што было невыказна большым – я думаў так! – за каханьне і любоў.
Спачатку далёкае, яно мякка сьвяціла і вабіла. Але чым больш я набліжаўся, тым усё меншым і больш яркім рабілася яно, сьляпіла зрок для астатняга, дазваляючы бачыць толькі сябе.
Аднойчы я пайшоў на канцэрт у філярмонію. Скончылася першае аддзяленьне, я зайшоў у буфет, узяў 50 грамаў віна і сеў за столік. Празьвінеў званок, а ў мяне зьнікла жаданьне вяртацца ў залу. Праз сьцены прыцішана даносіліся гукі музыкі. Я дапіў віно, спусьціўся ў гардэроб, апрануўся і выйшаў на вуліцу. Выходзячы з філярмоніі, я заўважыў дзяўчынку, якая таксама сыходзіла з канцэрта. Проста – як птушка падлятае да вады, каб напіцца – я падышоў да яе. Пазнаёміліся – яе звалі Ксеня. Яна ляжала ў бальніцы і зьбегла ў той вечар на канцэрт. Прапанаваў ёй праводзіць – яна згадзілася. Ксені было дваццаць сем гадоў, яна працавала ў музычнай школе, а яе бабуля – гардэробшчыцай у філярмоніі (па гэтых зьвестках потым, праз пяць гадоў, я беспасьпяхова спрабаваў знайсьці яе). …Пра што гаварылі ў падземных цягніках – забрала падзямельле. Выйшлі з мэтро на Нямізе, перайшлі мост… Было слотна. Увайшлі ў маленькі, цесны калідорчык бальніцы… Яна сказала: “Вдруг кто-то видел, что молодой человек проводил меня…” Ледзь заўважная ўсьмешка, бледны твар… І тут я зразумеў: ёй так хацелася, каб нехта пабачыў нас разам і гэтым было б сказана пра нас: Мы. Але тут у ёй, нібы ў крывым люстэрку, я пабачыў сябе мінулага, тое, што ўжо было: доўгія валасы, вялікі рот, нечыя разьнятыя рукі – а потым надзейны мур, да якога можна прыхінуцца сьпінай.
…Я разьвітаўся і выйшаў на вуліцу. “Так, я абяцаў табе заўсёды берагчы…” Калі зможаш, Ксеня, даруй.
“Чаму ж ты шукаў яе потым, праз пяць гадоў?” – спытаеце вы. Спытайце пра гэта абкарнаныя галіны дрэў майго горада і шэрае неба над імі – яны адкажуць вам больш за мяне.
Калі ты маеш цёплы і ўтульны дом, і цябе часта клічуць былыя папялішчы – падумай, ШТО ДАРАЖЭЙ, а вырашыўшы – ідзі. Толькі помні, што ў садах, пасаджаных словам, няма хлеба галоднаму і вады засьмягламу, але таму, хто зойдзе туды, цень робіцца даражэй за цела і ўспамін даражэй за жыцьцё. Тут, у гэтым жыцьці, цяжка зьмірыцца з тым, што у тых садах, ты будзеш бачыць нябачнае і бачнае - бачыць ня будзеш. Там заўжды маладыя дрэвы… Там бацькі ніколі не пазнаюць сыноў.
… Мае дні, адны і тыя ж і ўвесь час розныя… Я ствараў свае дні, як скульптуры, і любаваўся імі адзін.
Аднойчы – гэта быў 1996 год – я прыехаў у раён плошчы Перамогі. Сьнег падаў і раставаў, не далятаючы да зямлі. Я зайшоў у краму з назваю “Хлеб” і замовіў кавы. Адна прадаўшчыца зьвярнулася да другой: “А когда-то у меня по белорусскому языку была пятерка…” Новыя парцаляныя зубы прадаўшчыцы дрэнна стасаваліся з абвіслай скурай на шчоках, але настальгія ў яе вачах была непадробнай. Я ўзяў каву ў плясмасавым кубку і, прыхлёбваючы, пайшоў па вуліцы, кіруючыся ў бок Дома літаратараў. Каля крамы з каляровым надпісам “Жако” і вялізным папугаем стаяла машына з міліцыянтамі. Курткі ў іх былі расшпіленыя, і было бачна, што ўсе яны пры гальштуках. Гэта крыху засмуціла мяне, бо гальштук з дубінкамі мне падаліся несумяшчальнымі. Зрэшты, усё гэта мала цікавіла мяне. У фае Дома літаратара я ўбачыў афішу, зь якой даведаўся аб выступленьні хора зь нейкай музычнай школы, якое мусіла адбыцца праз пятнаццаць хвілін. Я вырашыў паўтарыць кавы. Атрымаўшы ад той самай гандляркі напой, я выйшаў з крамы. Стала больш зімна, і сьнегу пашанцавала даляцець да зямлі. Дзе-нідзе крохкімі белымі межамі ён лёг уздоўж тратуара. У рэшце рэшт, у сьняжынак свой клопат, свой неспакой: знайсьці тое месца, адкуль будзе бачнай зорка, - радзімая, - зь якой яны ўпалі сюды.
… Дык вось, пасьля другога кубку сьвет падабрэў, і забыліся трывожныя міліцыянты, забылася прадаўшчыца, чыя недарэчная настальгія нават на тле экзыстэнцыі такога паэта, як я, выглядала манумэнтам без надпісу, музэйным рэліктам з часоў савецкага палеаліту. Усё гэта зьнікла, растварылася ў прыцьме, засталася музыка, да якой я ішоў – адзінае жывое сярод камяніц.
Выступоўцы, якіх было чалавек трыццаць, у строгіх канцэртных строях вышнураваліся на сцэне. Гледачоў было добра калі ў два разы больш, і усе яны паселі чамусьці ў канцы залы, пакінуўшы наперадзе пустыя месцы – злавесны прагал, які музыка мусіла пераадолець.
… Добра слухаць “Месячную санату” і думаць пра немагчымае. Гучыць музыка, быццам перасыпаеш з рукі ў руку цёплыя пэрліны, што зьявіліся зь невядомай скарбніцы, якая, цудоўным чынам расчыненая Богам, належыць усім. Але пэрліны цёплыя, пакуль ты ў цёплай хаце, і цёпла ня толькі целу, але й душы ад таго, што немагчымае страчвае рэальныя абрысы – яно мае іх! – і, набліжаючыся, робіцца рэальным. А якая яна, гэтая музыка, сапраўды – знае бязвокая і безаблічная, як сьмерць, цемра, знаюць ледзяныя завулкі і, канечне, знае слова “бывай”. “Маё аблічча будзе ўваскрасаць У сьнежных гурбах вытаптаных словам…” Так, вытоптваючы сваё імя пад вокнамі каханай, блукаючы ў цемры, замярзаючы на гэтых завулках і мовячы слова, якога не паўтару – так мы толькі рыхтаваліся да гэтай дарогі, да якой былі закліканыя; мы зрабілі сябе неадчувальнымі да болю, сталі роднымі цемры, пакінуўшы, але не забыўшы сьвятло.
… Пасьля канцэрту я выйшаў на вуліцу і пайшоў уздоўж парка Максіма Горкага, кіруючыся ў кавярню “Лета”. І мне падалося, што музыка засталася там, у цяпер ужо зусім пустой зале, творачы нейкі свой абрад. Блукаючы, я згадаў перадачу пра Гендэля, якую чуў па радыё. Быў час, калі Гендэль жыў у Англіі і публіка яго не любіла, і, каб не хадзіць на яго канцэрты, перавагу аддала італьянскай опэры. Аднойчы Гендэль перад канцэртам убачыў пустую залу. І ён сказаў: “Што ж, у такой зале мая музыка будзе гучаць лепш”. У такой зале мая музыка будзе гучаць лепш – кажу гэта і я. Ці чуеце вы мяне? “Гэта ўсё, што табе застаецца – казаць гэтыя словы,” – іранізуеце вы. Не! Гэта ня ўсё, што застаецца мне! Гэта ня ўсё, што застаецца нам! За намі, нібы сьляды, зьзяюць вершы. Куды вядуць яны – ня знаю, але знаю – мы можам пайсьці па іх. І яшчэ знаю адно – верш не павінен быць ліхтаром, які асьвятляе тупік.
© лiтaрa.net, пры перадруку не забудзьцеся паставiць на нас спасылку