лiтaрa.net | тэорыя |
Пазакляснае чытаньне. Гэта нам не задавалі
Марыя Мартысевіч, 24 чэрвеня 2005
Review чытэльнай прозы на беларускай мове. Досыць адвольны, суб’ектыўны і няпоўны тузін гітоў белліту ХХ ст. Кнігі, пра якія ня ў кожнай школе скажуць, альбо так скажуць, што лепей бы маўчалі.
Падавалася б, школьныя праграмы па беларускай літаратуры спраўна працуюць па прызначэньні, назаўсёды адбіваючы ў маладых абываталяў ахвоту калі-небудзь яшчэ ў жыцьці бачыць перад вачыма літары “і” ды “ў”. Але ж не – такі знаходзяцца вычварэнцы, якія агаломшваюць цябе пытаньнем: “Што пачытаць зь беларускага?”
1. ВАЦЛАЎ ЛАСТОЎСКІ. “ЛЯБІРЫНТЫ”. ВІЛЬНЯ, 1923
Пра што кніга: раман пра пад-Беларусь – паралельную нашай падземную краіну.
Кароткі зьмест: Чувак прыяжджае на некалькі тыдняў у Полацак у мэтах “апазнаньня роднай старасьвеччыны”. Там ён знаёміцца з рознымі хімэрнымі асобамі, у тым ліку зь Іванам Іванавічам і загадкавым Падземным чалавекам. Уночы за ім прыходзяць. Ён трапляе ў Полацкія лябірынты, дзе перад ім разгортваецца ісьцінная гісторыя Крывіцкае зямлі – пантэон багоў і сакральная славянская веда, нарэзаная з розных міталёліях сьвету. У выніку галоўны герой трапляе ў вялізную бібліятэку, дзе каталягізаваны ўвесь інтэлектуальны скарб старажытных славянаў. Заканчваецца ўсё загадкавым зьнікненьнямі і сьмерцю, замяшанай на лічбе 23.
Хто тырыў у клясыка: Хорхэ Луіс Бохес (згадай ягоную Бабілёнскую бібліятэку).
Урывак напамяць:
“У гэты момант, калi, скончыўшы гутарку, прымоўк Iван Iванавiч, а я аддаўся размышляньню, нас акружыла маўклiвая цiша, скрозь каторую зьнекуль стаў даходзiць да вуха цiхi харальны сьпеў. (…) – Гэта пяюць нашыя старцы, – сказаў Іван Іванавіч спакойна.– Як! Дык хiба ж гэты падзямельлi заселеныя людзьмi? – здзiвiўся я.– Так. Жыццё ў гэтых падзямеллях iдзе старое, даўнае. Вам жа хiба прыходзiлася чуваць ад народа дый чытаць у так званай этнаграфiчнай лiтаратуры аб правалiўшыхся гарадах, цэрквах, манастырах. Хiба ж вы ня чулi аб невядомым горадзе Багоцку, во тут, каля Полацка? Другi такi горад, што каля Гомеля, апiсаў расейскi пiсьменнiк пад найменнем Кiцежа. На землях, якiя ў вапошнiя часы ў дакрывiцкую эпоху засялялi готы, гэткiя гарады iснуюць… ”
2. ІГНАТ АБДЗІРАЛОВІЧ. АДВЕЧНЫМ ШЛЯХАМ. ВІЛЬНЯ, 1925
Пад псэўданімам Абдзраловіч, пазычаным зь іншай культавай чытанкі сярэдзіны 1920-х – раману Максіма Гарэцкага “Дзьве душы”, хаваецца беларускі эканаміст Канчэўскі, сын праваслаўнага сьвятара, які падвісаў на ўсходніх практыках і заснаваў пры Віленскай беларускай гімназіі першы гурток беларускай ёгі. У канцы 1980-х эсэ “Адвечным шляхам” сталася культавым. Яшчэ б – ідэя Канчэўскага пра Беларусь як краіну, вечнага памежжа між Усходам і Захадам ускрай прыгожая, яна і дагэтуль займае галовы тых нашых маргіналаў, якіх ня грэе ані інтэграцыя з пуцінскай Расеяй, ані заходні сцэнар “блакітная каска ў кожны дом”.
3. АНДРЭЙ МРЫЙ. ЗАПІСКІ САМСОНА САМАСУЯ. МЕНСК, 1929
Жанр: сатырычны раман з элемэнтамі антыўтопіі. Аповед вядзецца ад імя т. Самасуя – “сучаснага чалавека з мужыкоў”, недалёкага старшыні райвыканкаму. Пад мястэчкам Шэпелеўка Мрый мае на ўвазе БССР.
Пэрсанажы: самыя запамінальныя з Мрыеўскіх пэрсанажаў – сучка Мілэдзі, камсамолец Дусік, селянін Трагладыт і піонэрчык-Тэрорчык.
Месца на паліцы – паміж “Залатым цялём” Ільфа і Пятрова і “Гісторыяй аднаго гораду” Салтыкова-Шчадрына. Але толькі калі вы не падбіраеце кніжкі на паліцах па фармаце і колеры карэнчыкаў: гэта тоненькая кніжка.
Урывак напамяць:
“Апэрацыя праходзіла бліскуча, як па нотах. Галоўны ўдар мы нанесьлі каля местачковай бойні, дзе звычайна ў гэты час базяюцца, задраўшы хвасты, сабакі. Палажыўшы там каля дзясятка забітымі, мы галоўную сабачую масу пагналі па вуліцы мястэчка, дзе іх чакалі застрэльшчыкі. І вось узнялася такая страшэнная страляніна, што абудзіліся грамадзяне. Іх спалоханыя твары высунуліся ў вокны і крычалі: “Ай, ратуйце! Рэжуць!” Мы супакойвалі народ, як умелі, і некаторыя санітары нават давалі валяр’янавыя кроплі – так добра ўсё было прадбачана. Толькі аднаго я не прадбачыў. Калі ў статэгічным захаплеьні я бег па Бальнічнай вуліцы, дык каля мундома №5 на мяне накінулася нейкая жоўтая сучэнцыя і, ні слова не кажучы, пачала шкумардзіць мае зусім яшчэ новыя штаны. Яна такія вострыя зубы мела, шо празь мінімальна кароткі момант адной штаніны як не было. Я трэснуў яе па сабачай мордзе. Тады яна зь нечуваным гавам укусіла мяне за абедзьве лытк”і.
(з разьдзелу “Сьмерць Мілэдзі”)
ІВАН МЕЛЕЖ. ЛЮДЗІ НА БАЛОЦЕ. МЕНСК. 1962
Чаму вучаць у школе: Ганна расцьвіла, як тая рабіначка, раман пра лёс беларускага сялянства ў гады калектывізацыі, балота – сымбаль занядбанай Беларусі.
Пра што маўчаць настаўнікі: Мележава «Палеская хроніка» – першы жаночы раман-эпапея ў белліце, зроблены па ўсіх законах жанру: усепаглынаючае каханьне на фоне вялікіх гістарычных пераменаў (калектывізацыя) і калярытных пэйзажаў (палескія балоты). Сэрыяльнасьць сюжэту, увасобленая ў некалькіх працягах («Подых навальніцы» і няскончанае «Завеі, сьнежань…»). З жаночымі “балотны раман” родніцца і тым, што гармоны, якія няспынна граюць у герояў напрацягу ўсяго каляндарна-абрадавага цыклю, апісаныя далікатна, невульгарна і збольшага намёкмі – у лепшых традыцыях аўтаркі “Зьнесеных ветрам”. Але, жывапісуючы цёмныя гумны ды сенавалы, прастору для фантазіі Мележ пакідае аж аж. Сваімі словамі рэчы называюцца хіба ў эпізодзе, калі вядзьмарка робіць Хадорцы крымінальны аборт – кавалку прозы, які намнога апярэдзіў фільм “Нямы крык”.
Цытата напамяць:
“… Для іх гэта было першае лета, лета-песьня, лета-сьвята. З гэтага лета застаўся ў іх на ўсё жыцьцё ўспамін неабсяжнай, бязьмежнай, бясконцай радасьці. <…> Але, успамінаючы гэтыя сонечныя дні, Ганна потым нязьменна згадвала адно прыкрае, выпадковае здарэньне. Вылезьлі з вады з кломлямі, сядзелі ля лазовага куста – няблізка адзін ад аднаго, бо недалёка былі бацькі. Гаварылі тым спосабам, калі пра ўсё кажуць адны закаханыя вочы. Шчасьце поўніла грудзі, шчасьцем поўніўся бераг азярца, трава, асака, увесь сьвет. І раптам – Ганна з жахам крыкнула, ускочыла: між іх прапаўзла гадзюка… Пакуль Васіль схапіў, выламаў дручок, гадзюка ўцякла…”
5. УЛАДЗІМІР КАРАТКЕВІЧ. ГІСТАРЫЧНЫЯ РАМАНЫ
Уступ да сачыненьня: Караткевіч – гэта наша ўсё. Чалавек, які ўвёў трывалую моду на “паршывы беларускі рамантызм”, і, скарыстаўшы найлепшыя прыёмы Дзюма і Конан Дойля, навучыў некалькі пакаленьняў беларусаў любіць, бліна, зямельку родную. Пісьменьнік, які сьвядома прадукаваў ф’южн з нацыянальнай гісторыі, масавай літаратуры і эўрапейскіх культурных кодаў: “Ладзьдзю роспачы” дасьледчыкі лічаць перасьпевам Бэргманаўскага фільму “Сёмая пячатка”, а балотны дэтэктыў “Дзікае паляваньне караля Стаха” – насьледваньнем “Сабакі Баскервіляў”. Але ёсьць пункты, па якіх Караткевіч даў форы замежным аўтарам.
Хто тырыў у клясыка:
- Дэн Браўн зь ягоным “Кодам Да Вінчы”. Фабула, сюжэт ды асноўныя вобразы Браўна былі распрацаваныя яшчэ тады, калі сам ён хрумкаў папкорнам у кінатэатры. А менавіта ў “Чорным замку Альшанскім”, напісаным у 1980 г. “Той самы крыху лахаваты гісторык-крыптограф, чый ня менш непрактычны калега пасьпявае перадаць яму таямніцу старажытнага скарбу, перад тым, як загінуць пры нявысьветленых абставінах. Тыя самыя старажытныя шыфры, якія галоўны герой лёгка разгадвае, кіруючыся сваімі ведамі і інтуіцыяй. Тая самая маладая прыгожая жанчына, якая апынаецца спэцыялісткаю ў пэўнай сфэры і далучаецца да пошуку скарбаў. Тыя самыя таемныя сілы па-за кадрам, якія ў фінале па-дэтэктыўнаму тасуюцца і зьдзіраюць маскі. І, урэшце, той самы прыліў узаемнай пяшчоты ў найскладанейшы момант і дзівоснае ўратаваньне за крок ад сьмерці. І той самы аблом са скарбамі. І той самы хэпі-энд. Хіба што ў беларускім рамане падзеі адбываюцца не ў папсовых Лёндане ды Парыжы, а ў амаль сюррэалістычным мястэчку на ўскрайку Савецкага Саюзу,” – падсумоўвае кіеўскі крытык і заклікае “аматараў гатычнай прозы” шукаць па букіністах Караткевіча ва ўкраінскім перакладзе.
Гэткае “супадзеньне кодаў” сьведчыць пра адно: Караткевіч як ніхто іншы ў белліце адчуваў пульс масавай культуры, і найлепшай экранізацыяй ягоных гістарычных блякбастэраў можа быць толькі экшн галівудзкага маштабу, а зусім ня сьціплы арт-хаўз перабудовачнага “Беларусьфільму”.
- Сама гісторыя. Сёлета ў Швайцарыі адшукалі патэнцыйны бэстсэлер году 2006 – напісанае на копцкім дыялекце Эвангельле ад Юды. Менавіта такую падназву мае раман Караткевіча “Хрыстос прызямліўся ў Гародні” (1972 г.). Твор, у якім падзеі структураваныя паводле Бібліі: народны Езус Юрась Братчык робіць рэвалюцыю на рынку, раздаючы галодным хлеб і рыбу, ходзіць па дошках, схаваных пад роўнядзю возера, ды кахае сваю Мадалену. У выніку адзіны, хто не зракаецца мэсіі – гэта Пётра, адзіны, хто верыць у яго ўратаваньне – Тамаш Няверны, адзіны, хто ня здраджвае яму – Юда. 30 срэбранікаў дзеляць міжсобку астатнія апосталы. Постмадэрнізм чыстае вады, і гэта пры тым, што ў годзе 1986, калі сьвет 5 гадоў як зачытваўся “Імём Ружы” Умбэрта Эка, Караткевіч ужо сплываў у сваю апошнюю вандроўку па Прыпяці.
6. УЛАДЗІМІР АРЛОЎ. КРАЯВІД З МЭТОЛАВЫМ ПАХАМ: РУКАПІС, ПРЫСЛАНЫ Ў ЗЯЛЁНАЙ КАПЭРЦЕ. МЕНСК, 1998
… Аказваецца, у аўтара бэстсэлераў “10 вякоў беларускай гісторыі” “Таямніцы Полацкай зямлі”, ёсьць кніжкі, якія нельга паказваць дзецям…
Урывак напамяць:
“Мы любілі адно аднаго ў гатэлях і прапахлай карыцаю белай мураванцы над морам, да якога вялі роўна трыццаць дзьве высечаныя ў скале прыступкі. Нашыя целы перапляталіся, зьліваючыся ў адну шматрукую, шматногую і шматвокую істоту, на шырокіх і вузкіх ложках, на пухкіх пярынах і праседжаных канапах з колкімі вусамі спружынаў, у фатэлях і на вагонных паліцах, у цемры і перад уважлівымі люстрамі ў старадаўніх асадах, якія ўмелі паказаць самыя патаемныя куточкі гэтага салодкага вар'яцтва. Я не паверу, што Яна забыла тое купэ, і столік, на якім ляжалі яе локці, і сонечных зайчыкаў, што скакалі па аголенасці веснушкаватых плечукоў, і круглыя вочы старога з роварам на чыгуначным пераездзе”.
7. ЮРЫ СТАНКЕВІЧ. ЛЮБІЦЬ НОЧ – ПРАВА ПАЦУКОЎ. МЕНСК, 1998
Кароткі зьмест: Даніла Прусак прыяжджае ў абстрактны беларускі райцэнтар Янаўск, дзе ягоная сястра Люба, маці-адзіночка, гадуе сына-даўнёнка. Яна папрасіла ў брата дапамогі, бо адчувае сур'ёзную пагрозу з боку чужынцаў (нацыянальнасьць не акрэсьленая, але ясна, што гэта нешта каўкаска-азіяцкае), якія насялілі палову Янаўска, наваднілі горад наркотыкамі і трымаюць на пабягушках райаддзел міліцыі. Пасьля забойства сястры Даніла спрабуе сам супрацьстаяць «панаехалай» хеўры, адзіны яго паплечнік – баявы пэнсыянэр Антон Кніга. Увесь раман запісаны адным сказам. Самыя яркія ягоныя вобразы – міліцыянты ў пастарунку, якія гуляюць шахматамі ў паддаўкі, і маленькі беларусік-даўнёнак, за якім апошнія словы твору: мы грэбаныя псыхі.
За што крытыкуюць: Самы чарнушны твор белліту. Аўтар настоены пэсымістычна: выжыве наймацнейшая нацыя, і гэта ня мы.
Урывак напамяць:
«і яны пачалі злучацца - таропка, нібы жывёлы, а астатнія стаялі за кустамі і глядзелі, чакаючы сваей чаргі, і чарга хутка рухалася, але тут іх, пэўна, убачылі з былой фралоўскай сядзібы, бо праз павалены плот прыбегла жанчына, з чужынцаў, і закрычала нешта зласьлівае і незразумелае
шабарамазагара!
і замахала рукамі, а падлеткі пачалі разьбягацца, хіхікаючы і брыдкасловячы, а дзяўчына таропка апранала джынсы і ўсё не магла трапіць нагой у калашыну, і жанчына крычала на яе
у-у, блядзь!
і ўдарыла яе ў бок і плюнула і зноў закрычала, мацюкаючыся
бляматахушаварот!
а падлеткі пазьнікалі ў розных напрамках, і з былой фралоўскай сядзібы прыбегла яшчэ адна жанчына - гэта была пакаёўка чужынцаў Васіліна - і таксама закрычала - пагрозьліва і жорстка
а-а, сьцерва, маць тваю, наркотка, заб'ю!
і шпульнула ў дзяўчынку кавалкам цэглы, а потым схапіла высахлы дубец, замахнулася і ўдарыла некалькі разоў, і ўсё крычала
заразіш дзяцей - заб'ю, маць тваю, так і гэдак! »
8. ІГАР БАБКОЎ. АДАМ КЛАКОЦКІ І ЯГОНЫЯ ЦЕНІ. МЕНСК 2001
Жанр: навэлістычны “раман у дзесяці гісторыях з жыцьця адважнага асьветніка й энцыкляпэдысты Яна Адама Марыі Клакоцкага і ягоных ценяў”.
За што крытыкуюць: няма сюжэту і фіг паняць, хто зь герояў галоўны.
Чаму вучаць у школе: Постмадэрнізм – зло. Чытайце, дзеці, Ніла Гілевіча.
Што хацеў сказаць аўтар:
Містыфікацыя упярэмешку з дзэнскімі мэдытацыямі на калідорах савецкіх унівэрсітэтаў. 10 фрагмэнтаў, аб’яднаных у агульную гістроыю тым, што ўсё гэта сьнілася галоўнаму герою, але магло б адбыца на яве, калі б на адным з паваротаў гісторыі Беларусь не прамахнулася міма патрэбнага вымярэньня.
Урывак напамяць:
Кніга была задуманая ў жанры “камэдыі пераапрананьняў” з элемэнтамі антыутопіі. Мне было вясёла ўяўляць, якім было б жыцьцё, калі б нашая “усходнеэўрапейская Швэйцарыя” не ўстаяла ў 1918 годзе. Калі б бальшавікі здолелі разагнаць першы кангэс, а беларускія карпусы не пасьпелі б прарвацца з румынскага фронту. (…) Але гэта задумвалася адно ў якасьці дэкарацыяў. У цэнтры была эпапея пабудовы Менскай Опэры. Страшнага шэрага будынку, нечага сярэдняга паміж амфітэатрам і дотам. Я падрабязна апісваў падвоз цэглы і працоўны энтузіязм, ранішнія перагукі брыгадаў і ўсенародны конкурс на стварэньне гімну Менскае Опэры. Я зрабіў Лангабарда (гэтага безнадзейнга п’яніцу, апошняга рамантыка, аматара Гофмана і Гёльдэрліна) – я зрабіў яго Архітэктарам. У звышзадуме кнігі усё жыцьце ад 1918 году мусіла быць афарбавана ў гэты сымболь. Усё жыцьцё – Менская Опэра”.
9. УЛАДЗІМІР НЯКЛЯЕЎ. ЛАБУХ. МЕНСК 2003 г
Жанр: раманчык. Гэтак жа завуць і галоўнага героя, лабуха і бабніка.
За што крытыкуюць: Празь першыя трыццаць старонак, поўных напаўжывёльных сэксуальных сцэнаў амаль немажліва прабіцца да напраўду захапляльнага чытва пра Беларусь 1990-х, зь ейнымі прэзыдэнтам і КДБ, апазыцыяй і лабухамі, якім усе яны замаўляюць музыку, і начнымі відзежамі на Кальварыйскіх могілках.
Урывак напамяць:
“Ўсе неадрыўна глядзелі на прэзідэнцкі партрэт. Ён быў трынаццаты… На задніку сцэны – ва ўсю шырыню – стаялі яшчэ дванаццаць партрэтаў, жаночых. Копіі вядомых карцінаў, намаляваныя нібы на палавінках вокнаў ці дзьвярэй. Палавінкі расхіналіся - і ў раме ўзьнікала тая ж копія, толькі жывая: Лі-Лі ў вобразах і строях жанчын на карцінах. Для шоу ў Тэатры моды - ня самая кепская прыдумка. Лі-Лі выходзіла з рамы, палавінкі зачыняліся – і ўсе ня так слухалі песні, як параўноўвалі: наколькі Лі-Лі на тую карціну, зь якой сыходзіла на сцэну, падобная… Cярод копіяў розных карцінаў дзьве былі аднолькавыя. Першая і апошняя. Гэта былі копіі адной-адзінай карціны, якая існавала для мяне ва ўсім жывапісе, пра якую я ўсё ведаў і ўсё расказаў Лі-Лі.(…) "Шакалядніца" называлася карціна, на якой празрыста, срэбрана дзвынькнула лыжачка… ”
10. ЮГАСЯ КАЛЯДА. ГАЛОЎНАЯ ПАМЫЛКА АФАНАСІЯ. МЕНСК, 2005
Увесну маладая гомельская пісьменьніца адсьвяткавала выхад сваёй першай кніжкі, несумнеўная пярліна якое – аповесьць пра дзьвюх кінутых дзевак і напісаную імі гісторыю “каханьня” эгаістычнага выкладчыка гісторыі Беларусі Афанасія і мастачкі-фэміністкі Машы Трактар, якая пад канец пераязджае беднага Афоню…
Кароткі зьмест твору: Адразу ў двух саплівых сусьветах адбываеца гэта саплівая гісторыя пра бязладную чараду саплівых залётаў і расстаньняў з саплямі, уласьцівымі жыцьцям грудастых філфакавак з правінцыі… Соплі з такіх дзевак пачынаюць перці проста ад няздольнасьці зразумець лёгіку жыцьця гарадзкіх факераў, простую, як соплі.
Урывак напамяць
“Афанасію было сорак гадоў. Яму было кепска.(…)
Які ты дурны, Афанасі. Глядзіш на неба, хочаш пабачыць там Бога… Заплюшчы свае вочы, Афанасі; заплюшчы свае вочы. Шукай Бога ўсярэдзіне.
Гэта я стварыла цябе.
Я – ты зьявіўся ўсяго колькі старонак таму, і, пэўна ж, я ня вельмі люблю цябе, таму ты й выйшаў такі, які ёсьць: саракагадовыды няшчасны, з эпрэсіўным псыхозам у крызыснай стадыі. І імя табе я абрала надоўга”.
Поўная вэрсія тэксту, які друкаваўся ў часопісе “Студэнцкая думка” ( CD #4 (112) 2005 г., ст. 20-22)
© лiтaрa.net, пры перадруку не забудзьцеся паставiць на нас спасылку