лiтaрa.net | калекцыя |
Лешак Энгелькінг: "Ад гэтага не паміраюць…"
Андрэй Хадановіч, 1 кастрычнiка 2002
Добрага чалавека мусіць быць шмат. І польскі літаратар Лешак Энгелькінг сумяшчае ў сабе прынамсі тры самастойныя творчыя іпастасі – паэта, дасьледчыка замежных літаратур і перакладчыка.
Галоўная спэцыяльнасьць – чэскае пісьменства. Як багеміст са стажам, Лешак выдатна знаецца на чэскім піве, шануе чэскі хакей і сімпатызуе чэскім дзяўчатам. Ён сьвята ўпэўнены, што цэнтар сусьветнай культуры даўно ўжо перакаціўся ў Прагу, і дасканала ведае, чаму (“Танная піва, прыгожыя дзяўчаты!”) Таму гутарыць зь ім – суцэльная прыемнасьць. Кухаль за кухлем – і інтэлектуальная дыскусія павольна перакотваецца ад сусьветнай культуры – празь піва й хакей – да ўласна дзяўчат.
Лешак Энгелькінг
“Ад гэтага не паміраюць…”
Добрага чалавека мусіць быць шмат. І польскі літаратар Лешак Энгелькінг сумяшчае ў сабе прынамсі тры самастойныя творчыя іпастасі – паэта, дасьледчыка замежных літаратур і перакладчыка. Галоўная спэцыяльнасьць – чэскае пісьменства. Як багеміст са стажам, Лешак выдатна знаецца на чэскім піве, шануе чэскі хакей і сімпатызуе чэскім дзяўчатам. Ён сьвята ўпэўнены, што цэнтар сусьветнай культуры даўно ўжо перакаціўся ў Прагу, і дасканала ведае, чаму (“Танная піва, прыгожыя дзяўчаты!”) Таму гутарыць зь ім – суцэльная прыемнасьць. Кухаль за кухлем – і інтэлектуальная дыскусія павольна перакотваецца ад сусьветнай культуры – празь піва й хакей – да ўласна дзяўчат.
Іншы інтарэс Энгелькінга – паэзія Эзры Паўнда. Некалі гэты вялікі амэрыканскі мадэрніст адкрыў для сябе лірыкаў Кітая ды Японіі – і гэта сталася пачаткам рэвалюцыі ў эўрапейскай паэзіі. Магчыма, Лешак ня ставіць сабе настолькі радыкальных мастацкіх задач, аднак ня горш ад свайго папярэдніка ведае, што Ўсход – справа тонкая. Напраўду, трэба быць дасьведчаным перакладчыкам хайку, каб мець права сказаць ад сябе асабіста:
зімні аўтобус
хто напісаў на шыбе
паэму басё
Так што не пытайцеся, чаму Лешкава паэзія густа населеная квіценьнем вішні й паветранымі зьмеямі, іерогліфамі й майстрынямі каліграфіі.
Побач з Усходам – вобразы, жыўцом зачэрпнутыя з Старажытнай Грэцыі. Аднак паэт спрачаецца з агульнапрынятаю міталёгіяй і творыць уласныя міты. Так, гісторыя пра Арфэя й Эўрыдыку перайначваецца ў абсурдальна-садысцкім духу, а Цытэра – антычны востраў каханьня – ледзь не ператвараецца ў гатэль, да якога можна даехаць гарадзкім аўтобусам.
Адзін з найсэнтымэнтальнейшых сваіх вершаў Лешак напісаў у форме прагнозу надвор’я. Разьвіваючы гэты вобраз, адзначу: каб спрагназаваць рэакцыю чытачоў на вершы паэта, ня трэба быць сіноптыкам. Як той казаў (ці тая казала), больна ня будзе, абяцаю!..
Мэтафарычная воблачнасьць з праясьненьнямі. Інтэлектуальны ціск вышэйшы ад нормы. Кароткачасовыя калямбуры й іншыя літаратурныя гульні. Месцамі непрыхаваны цынізм, месцамі непадробная пяшчота. І паэзія на ўсёй тэрыторыі.
Аўтобус да гатэлю Цытэра
няма ў гэтым месьце гатэлю такога
яго не знайшоў у раскладах я руху
калі ад прыпынку брадзіў да прыпынку
чытаючы ўважліва ўсе што былі там
таблічкі
няма ў гэтым месьце гатэлю такога
й ніводнага пункту што б так называўся
мне кожны спытаны казаў на прыпынку
і ўсе як адзін паўтаралі таксама
кіроўцы
няма ў гэтым месьце гатэлю такога
няма і ва ўсіх навакольных мястэчках
а я ўсё чакаю на розных прыпынках
між зьдзіўленых шэптаў мэлёдыю флейты
і гэты аўтобус
* * *
Ад гэтага не паміраюць –
і мы жывем далей,
забітыя
не да сьмерці.
Ад гэтага не паміраюць –
і мы залізваем раны,
звыклыя
да смаку крыві, гною і паражнечы.
Ад гэтага не паміраюць –
і мы ў рэшце рэшт слухмяна
паміраем
ад нечага іншага.
* * *
Калі чалавек цалкам захоплены нейкай думкаю, ён прываблівае Нябожчыкаў, таксама як высокія й вострыя прадметы прыцягваюць энэргію з атмасфэры.
Якуб Дэмль
Я стрэўся зь Янам. Мы вялі размову
ў адным старым трамваі, на пляцоўцы
(такі хадзіў яшчэ ў шасьцідзесятых
паміж дэпо й судом па вуліцы Пякарскай).
Кажу яму нарэшце: “Ты ж памёр”.
“Так, – адказаў ён, гледзячы ў нябыт. –
Ты толькі не зрабі пра гэта верша:
сустрэчы мерцьвякоў – у сьне альбо наяве –
ўжо столькі раз апісвалі раней”.
* * *
А някепска было б зрабіцца
невядомым салдатам,
атрымоўваць вянкі
і вяночкі
ад кіраўніцтва дзяржаў
і дзяржавак,
альбо й не атрымоўваць,
а толькі са смакам
жэрці сабе зямлю,
альбо й ня жэрці,
а быць пажыраным.
Інкогніта.
* * *
Вуліца Вольнасьці? –
паўтарыла яна пытаньне.
Вам у турму?
Бо гэта там, дзе турма.
Бачыце, вунь, вартавыя вышкі?
Вуліца Вольнасьці – там.
* * *
Кайназой… не, хутчэй – кайфназой:
ты сядзеў сабе,
а пад табою
уздымалася Джамалюнгма.
Трэ было толькі сесьці на сраку:
вокамгненьне – і ты на вяршыні!
Чырвоны Капялюшык
Чырвоны Капялюшык
Чырвоны
Кап-кап
Пялюшак
Дзіцячая неспадзяванка?
Прасьцінка з чырвонай
Плямай?
Бабуля, а чаму ў цябе такі вялікі чэляс?
* * *
Ты пакінула адбіткі пальцаў
на маёй скуры
на маёй крыві
на голках агню што пульсуюць ува мне
ну й бачыш дурненькая
цяпер цябе можна
ідэнтыфікаваць
Той, што глядзіцца ў люстэрка
Паглядзіся ў мяне:
люстэрка
ня мае сілы,
сьнег называе цукрам,
блытае кветку й зорку.
Паглядзіся ў мяне,
я табе раскажу цябе
маленькімі люстэркамі
пяшчотных сваіх
далоняў.
Паглядзіся ў мяне,
а я
пагляджуся ў цябе.
* * *
Я прываблю паветраных зьмеяў,
чараду папяровых анёлаў,
хай затанчаць перад табою
на вятры.
Не гурму бесцялесных істотаў,
а жывых паветраных зьмеяў,
будуць танчыць перад табою
на вятры.
Гэта проста анёлы з паперы,
з трапяткім папяровым сэрцам,
бачыш, танчаць перад табою
на вятры.
Майстрыня каліграфіі
Іерогліф “надзея”
такі непадобны
да іерогліфа “роспач”.
Але ж майстрыня каліграфіі
ўмее спрытна
ператвараць адзін у другі.
Раз-два –
і па ўсім.
* * *
Акно адчыні,
упускаючы зоркі ў пакой.
Рэкі плывуць цераз ноч,
і бераг далёка.
Акно адчыні,
ты адзін –
і мінаеш.
Прагноз надвор’я
Назаву цябе, любая, сонцам.
Тасканскі ананім ХV ст.
Заўтра
халоднае сонца
у бруднай мякаці зімы
заўтра
ізноў траскучая самота
на ўсёй тэрыторыі
Арфэй
Ён зусім не азіраўся. Проста йшоў выпрастаны, утаропіўшы вочы ў сьвятло, што мігцела ў канцы калідора.
На паверхні ён пачуў грукат каменнай брамы і голасны рогат багоў: як лёгка яны пазбыліся назольнага музыкі!
* * *
Памылілася тая пчала,
Прыняла твае вусны за кветку.
Памылілася тая рыба,
Прыняла твае вочы за мора.
Памыліўся і я,
І назваў гэты востраў Цытэрай.
Памірае пчала ад атруты,
Памірае рыба ад сьпёкі.
Гэты востраў –
Востраў Павешаных.
Пераклад з польскай і перадмова А. Хадановіча
паводле: Leszek Engelking. I inne wiersze. Kraków, 2000.
© лiтaрa.net, пры перадруку не забудзьцеся паставiць на нас спасылку