• лiтaрa.net | рэцэнзii |
Ловы ветру
Ганна Кiслiцына, 15 жнiўня 2002

Глобус Адам. “Браслаўская стыгмата”
Vostraja Brama. Наша Ніва. Сучасны літаратар.
Менск, 2001


Ёсць асобы, да якіх ставіцца нейтральна немагчыма. Яны выклікаюць альбо любоў, альбо нянавісць, альбо і тое і другое адначасова…

Ёсць творы, пра якія складана сказаць нешта пэўнае. Ты разумееш, што свет аўтара табе цалкам чужы і невядомы, але знойдзеныя — як быццам спецыяльна прыхаваныя для такога выпадку — цытаты палоняць, прымушаючы чытаць далей. Пры гэтым зусім не абавязкова пагаджацца з пісьменнікам, паважаць яго, альбо захапляцца яго мастацкім стылем…

Сёння, ва ўмовах, калі катастрафічна падае цікавасць не толькі да беларускай кнігі, але і да любога друкаванага слова ўвогуле, прымусіць чытача дайсці да апошняй старонкі кнігі — задача з няпростых. Сучасны чытач пераборлівы і капрызны, каб авалодаць яго ўвагай, пісьменнік павінен клапаціцца не толькі аб займальнасці свайго аповяду, але і аб прыцягальнасці ўласнага вобраза.

Кніга “Браслаўская стыгмата” выклікае цікавасць ужо з-за таго паўскандальнага іміджа, які паступова замацоўваецца ў літаратуры за яе аўтарам. Гэта першая кніга Адама Глобуса, якая з’явілася пасля выхаду яго “Тэкстаў”, таўшчыня і якасць выдання якіх справакавала хвалю зайздрасці і абурэння ў многіх калег-пісьменнікаў. Нягледзячы на тое, што змест новага зборніка апавяданняў пазбаўлены ранейшай правакацыйнасці, характэрнай для знакамітых глобусаўскіх “дамавікоў” ці аповесцяў кнігі “Толькі не гавары маёй маме”, “Браслаўская стыгмата” абуджае эмоцыі вельмі супярэчлівыя, пра якія цікава паразважаць.

Тыя, хто лічыць гэтага пісьменніка самазакаханым эгаістам, здольным адно толькі да бясконцасці апісваць дробныя падзеі свайго жыцця ды пераказваць показкі былых каханак, будуць задаволеныя. У новай кнізе — заўважым, складзенай пераважна з апавяданняў ранейшых гадоў — аўтар працягвае аддаваць перавагу рэальнасці перад вымыслам, узнаўляючы падзеі свайго і чужога мінулага з дэталямі амаль дакументальнай якасці. Нават сваю магчымую смерць у дзіцячым узросце ён абстаўляе падрабязнасцямі, здольнымі выклікаць у чытача — тут ужо ў залежнасці ад настрою — смех альбо слёзы: “Напэўна, я быў бы вельмі прыгожы нябожчык: маленькі, белагаловы, чысты. О, як плакалі б несуцешныя бацькі над вузенькай труною! Не знайшлі б суцяшэння.” Такая вось постмадэрновая “смерць аЎтара” па-беларуску.

Тэма прыгажосці, ці, дакладней, аўтарскага самалюбавання — скразная тэма зборніка. Яна праяўляецца на самых розных узроўнях — ад апісання “далікатнай вытанчанасці” ўласнааўтарскіх вушэй да прамога пытання-звароту: “Няўжо людзі не адчуваюць, ня бачаць, не разумеюць таго, што ў мяне нельга красці рэчы?”

Герой-апавядальнік, у якім даволі складана не пазнаць самога Глобуса, спрабуе надаць сімвалічную значнасць нават такім малапрывабным учынкам, як крадзёж паштовак: ”Мае ўчынкі былі містычным актам разбурэння цнатлівасці, і я адчуваў, што другі раз цуд не адбудзецца, мой метад непаўторны, яго нельга множыць”. Шматлікія недабразычліўцы пісьменніка, відавочна, не стануць разбірацца, якім чынам Глобус-наратар адрозніваецца ад Глобуса-пісьменніка, а проста пагодзяцца з прызнаннямі накшалт: ”Па сваёй прыродзе я злодзей, самы натуральны, ад нараджэння. Я злодзей па сваёй сутнасці, бо падчас зладзейства атрымліваю эратычную асалоду.”

Удачлівы злодзей, добры плавец, які вынырне з любой сітуацыі — адзін з некалькіх іміджаў апавядальніка. Апафеозам духоўнага нарцысізму аўтара з’яўляецца апавяданне “Аўтапартрэт з разбітым носам”, дзе Глобус выказвае спадзяванне, што апынуўшыся на тым свеце, ён зможа працаваць у пекле, дапамагаючы чарцям караць грэшнікаў.

Тыя, каго Глобус раздражняе, у кнізе “Браслаўская стыгмата” знойдуць нямала мясцінаў, здольных пажывіць сваё пачуццё дыскамфорту. Аднак, гэтае пачуццё можа ўзнікнуць і ў тых, хто яшчэ не паспеў вызначыцца ў адносінах да творчасці пісьменніка, напрыклад, з-за даволі навязлівага згадвання слова “кроў”. У спалучэнні з колерам вокладкі і частым ужываннем эпітэтаў “чырвоны” і “руды” (напрыклад, “Чырвоны сабака” ці “Брудны посуд”), гэтае слова ўздзейнічае на падсвядомасць, выклікаючы даволі змрочнае ўражанне й ад той рэчаіснасці, якую прэзентуе аўтар, і ад яго самога : “З Ерусаліму Лібэрман даслаў мне бутэльку віна — чырвонага й смачнага, як кроў” (“Тутэйшыя габрэі”).

Тыя, хто лічыць сябе інтэлектуаламі, ці, прынамсі, людзі, схільныя да філасофствавання як спосабу прымірэння з рэальнасцю, будуць усцешаныя ўсходнім містыцызмам, якім прапітаныя такія апавяданні, як “Наша Ніва”, “Спаць, спаць, спаць”, “Акадэмічны адпачынак студэнта Дз.”

Апошні твор, нягледзячы на відавочны каларыт эпохі (“абкладзеныя парудзелаю кафляю сцены, чарупіна з іржавай плямінаю пад кранам, драцяная сметніца, медычная шафа з зафарбаваным з сярэдзіны шклом, нязручны стол, крэслы з прасціранай абіўкай, вузкае, занавешанае нясвежай фіранкаю вакно, альяс у гліняным гаршочку, столік на колцах, графін і шклянка)” нагадвае тыповую дзэнаўскую показку, якімі так захаплялася “прадвінутая” моладзь васьмідзесятых. Верагодна, што без знаёмства з тымі духоўнымі фішкамі, што жывілі мастацкую свядомасць пакалення, якое сёння асацыіруецца ў літаратуры з найменнем “Тутэйшыя”, даволі цяжка зразумець паводзіны галоўнага героя апавядання студэнта Дз., якога можна акрэсліць як “беларускага брата” Сімара Гласа, героя навэлы Дж.Д.Сэлінджэра “Цудоўны дзень для банавай рыбкі”.

Змест апавядання складае гісторыя пра тое, як даволі складаным шляхам студэнт Дз. дабіваецца акадэмічнага адпачынку. Але замест меркаванага хэпі-энду чытач атрымлівае аўтарскае паведамленне, што, прыняўшы душ, пагаліўшыся і працёршы рукі адэкалонам, герой адчыніў акно і скінуўся з пятага паверху. Аднак заўчасная смерць не мае адцення трагізму — гэта смерць чалавека, які пазбавіўся жаданняў. У інтэрпрэтацыі Глобуса, смерць — чарговая карцінка, не больш значная, чым сапраўдны краявід ці безгустоўна намаляваны пейзаж на сцяне службовага кабінету.

Беларуская сучасная літаратура параўнальна рэдка звяртаецца да тэмы смерці. Немногія аўтары здольныя перасягнуць мяжу фізіялагічнага страху перад непазбежным і перавесці ход думкі ў сферу абстрактных катэгорый. Так, для В.Быкава “смерць” звязана з паняццем “выбар” і адлюстроўвае заходнееўрапейскі погляд на рэчаіснасць, якая залежыць і падпарадкоўваецца чалавеку. Дзякуючы А.Разанаву і таму ўплыву, які мелі на яго творчасць усходнія філасофскія сістэмы, беларуская паэзія прадставіла смерць як пераход з рэальнасці быцця ў рэальнасць іншабыцця.

Для Глобуса смерць — адна з роўнавялікіх падзей жыцця. Яна не столькі пераход, разрыў сувязі, колькі перацяканне, паступовая трансфармацыя аднаго рэчыва ў другое. Ствараецца ўражанне, што сам пісьменнік да канца і не верыць у яе наканаванасць, прынамсі для сябе, адсюль і лёгкасць, з якой раз за разам ён вяртаецца да гэтай тэмы, быццам спрабуючы ўзяць выйгрыш часу: “Чалавека трэба мераць вадою й ягонымі здатнасцямі плыць… Раней, у дваццаць сем, я хацеў, каб пасля маёй крэмацыі попел развеялі на радзіме, за мястэчкам Койданава, дзе-небудзь у лесе. А цяпер бачыцца іншае. Хай жменька праху будзе перасыпана ў драўляную талерку й паплыве па хвалях ручая, які застаўся ад ушчэнт змеліяраванай, абмялелай рэчкі Рудзіцы. Хай маё плаванне працягнецца на два імгненні пасля смерці. Зямля да зямлі, прах да праху, а мая душа імкнецца да вады” (“Наша Ніва”).

Вада, кроў, алкаголь — тры вадкасці, якія так ці інакш пазначаюць аўтарскія адносіны да жыцця, ці, дакладней, уласны спосаб растварэння “ўяўнай крышталізацыі” (А.Дугін), зададзенай свядомасці сацыякультурнымі ўстаноўкамі. З цягам часу становіцца відавочным, што пад іранічным, а, іншым разам, саркастычна-жлобскім тонам яго аповедаў хаваецца глыбокае непрыняцце рэчаіснасці, жаданне вымкнуцца са свету матэрыяльных і сацыяльных “чарупінаў”, стаць у цэнтры рэчаў, дакрануцца да восі быцця.

“Усю маладосць я празаймаўся жывапісам і маляваннем, прашукаў ідэалаў у краявідах і не знайшоў… Я маляваў рэчы, целы, дзіркі паміж рэчамі й целамі, я ўрэшце пачаў маляваць амаль дасканалыя геаметрычныя фігуры, якія прайшлі праз вялікае нішто, склаліся ў літары й пацяклі — радок за радком… Аднойчы, калі і ў галаве не было шукаць ідэальны краявід, ён знайшоўся сам сабою. Я сядзеў на беразе вадасховішча і піў вінаграднае віно з рыльца доўгай францускай бутэлькі. Алкаголь скончыўся. Я ўзяў бутэльку й зашпурнуў у краявід. Я сядзеў на камені, пазіраў на сумны ландшафт і разумеў, што дарэмна шукаў карціннасці ў прыродзе. Гармонія тоіцца ў суадносінах паміж табою й наваколлем. Калі знаходзіцца раўнавага, ты робішся шчаслівы. Ня варта смяяцца з парожняй бутэлькі. Чалавек — пусты мяшэчак з-пад радасцяў і пакут” (“Наша Ніва”).

Разуменне таго, што чалавек — біялагічна — ёсць толькі абалонка, чарупіна, ёмістасць для душы, выяўляецца ў апавяданнях “Менскія вар’яты” і “Браслаўская стыгмата”. З’яўленне пазнавальных вобразаў менскіх вар’ятаў дзіўным чынам вытлумачваецца ў самым містычным, і, безумоўна, самым запамінальным творы кнігі — “Браслаўская стыгмата”: “Не вар’яты са сваімі гісторыямі хваробаў мяне цікавілі й цікавяць, а святло, што сыходзіла з велізарнага неба, святло і святасць”.

Даволі нечакана для пісьменніка, якога часта абвінавачвалі ў рацыяналізме і адсутнасці душэўнай тонкасці, Глобус спрабуе вывесці невытлумачальную ўрачамі колькасць душэўнахворых з ледзь адчувальнай непрапарцыйнасці зямлі й неба на Браслаўшчыне. Менавіта неба, а не два рабаўнікі касцёлу, з’яўляецца героем апавядання “Браслаўская стыгмата”.

“Якая марная марнасць — і ловы ветру, і ловы неба,” — яшчэ адзін сказ, які з’яўляецца не толькі лейтматывам усёй кнігі, але і ключом для разумення асобных пабуджальных матываў, якімі кіраваўся пісьменнік, адбіраючы матэрыял для сваіх апавяданняў. Маляванне “дзірак між рэчамі” і адшукванне “страчанага часу між старонак” кніг, прачытаных у маленстве — усё гэта можа быць акрэслена як ловы ветру.

Ловы ветру — задача марная, асуджаная на паразу, але прыцягальная сваёй заўсёднай незрэалізаванасцю, задача, зразумелая толькі тым, хто можа адчуваць прыгажосць нефункцыянальных рэчаў. Мажліва, адзіную сапраўдную прыгажосць.



© лiтaрa.net, пры перадруку не забудзьцеся паставiць на нас спасылку