• лiтaрa.net | тэорыя |
Мая Радзіма - Мова
Сяргей Астравец, 12 сакавiка 2001

Інаўгурацыйная прамова пад час атрыманьня літаратурнай прэміі "Гліняны Вялес [http://litara.net/doc/vieles]".


"Мая радзіма - французкая мова", - напісаў аднойчы Альбэр Камю. Так можа сказаць любы, бадай, пісьменьнік увогуле. Але няцяжка уявіць, што ў Алжыры франкамоўны пісьменьнік мог адчуваць пэўную моўную адасобленасьць. Пэўную адрознасьць што да ўнутранага стану літаратараў парыжскіх. Ён стаў адным з іх, але ён прыехаў не з Бардо ці Ліёна, а з афрыканскай краіны, з калёніі, у якой пасьля вызваленьня дзяржаўнай мовай стане арабская, а рэлігіяй - суніцкі іслам. Арабы, бэрбэры, туарэгі. Афрыканскае моўнае мора з эўрапэйскімі французкімі астравамі, адзін з насельнікаў якіх - Камю. Ягоны шлях - з астравоў - на мацерык, з заморскай тэрыторыі - у мэтраполію, з мястэчка - у сталіцу.

Мне нічога не застаецца, як сцьвердзіць: мая радзіма - беларуская мова. У мяне , аднак, няма магчымасьці, якая была ў Камю, прыехаць у сталіцу гэтай мовы. Дзе ўсе размаўляюць па-беларуску. Гэта можна толькі прысьніць або уявіць на паперы, - што ёсьць адзінай перавагай пісьменьніка - параўнаўча з іншымі носьбітамі мовы-парыі. У гэтай мовы няма мэтраполіі, няма сталіцы, ёсьць толькі астравы. Ёсьць далёкія, заакіянскія, а ёсьць і блізкія, на адным з такіх жыву я. Я сам гэты востраў. Але я мушу абмежавацца, паколькі гаворка не аб мове увогуле, а толькі аб яе ужываньні ў красным пісьменстве. Беларусь гэта - Саргасава мора, у водах якога мне бачацца астравы і астраўцы. Апошнія - гэта мястэчкі, дзе хоць адная беларуская душа імкнецца ўратаваць мову, прыдумваючы часьцей вершы, бо мы, як добра вядома, пераважна ёсьць нацыяй паэтаў.

Астравоў - значна меней, там мова ўжываецца ня проста для накідаў або малюнкаў, тамака яна - алейныя фарбы, якімі імкнуцца стварыць штосьці больш манумэнтальнае, грунтоўнае - батальныя палотны, панарамы гарадоў, адлюстраваць жыцьцё грамадзтва. Гарадоў і грамадзтва, дзе мова гэтая ў лепшым разе ўспрымаецца амаль як замежная - без пагарды. Астравамі ў чужамоўным моры я лічу нашыя гарады. Горадню і Полацак. Вы перасягнулі нас у тым, што замацавалі свой астраўны статус выданьнем літаратурнага часопіса. У гэтым - вы грунтоўнейшыя за нас. Вы зрабілі таксама больш за нас тым, што вырашылі заахвочваць, уплываць на літаратурную дзею. Зрабіўшы гэта пры дапамозе гліны, як бы нагадваючы, з чаго былі зроблены Богам беларусы, - як і ўсе астатнія мужчыны... Спробы выдаваць альманахі, часопісы мы заўважаем таксама хіба што на Лідзкай выспе, ды яшчэ сям-там. Нечакана, па-за фармальнай сталіцай нашай мовы, грунтоўным цэнтрам беларускага друку стаў Беласток, які знаходзіцца на захадзе ад нас, з вольнага ад калючых дратоў боку. Умацаваў беластоцкую пазіцыю самы новы - трэйці па ліку часопіс "Правінцыя", які з"явіўся ў сакавіку.

Ваш горад даў беларусам Скарыну. З яго мы ўсе, як людзі, якія пішуць па-беларуску для друкарскага варштата, і пачаліся. Дзякуючы яму мы не апусьцілі рукі, мы працуем. Ён надаў нам сілы, упэўненасьці, пераканаў сваім прыкладам у тым, што гэта магчыма і трэба - ствараць кнігі на беларускай мове. Да сёньняшняга дня я бачыў толькі два з трох скарынаўскіх помнікаў - лідзкі і пражскі. Няцяжка заўважыць па надпісах на бронзе, што мы прайшлі шлях ад Георгія да Францішка. У гэтай барацьбе мне, аднак, бачыцца шмат ад змаганьня з ветракамі. Некаторых дзівіць, чаму я дагэтуль пішу: Францыск Скарына? Таму што так пісаў ён. Я добра памятаю болей як дзесяцігадовай даўніны газэтныя спрэчкі, адраджэнскі імпэт скасаваць імя Францыск. Зацятыя дасьледчыкі з лічбамі даводзілі, што форма Францішак быццам бы на адзін ці два разы ў скарынаўскіх тэкстах спатыкалася часьцей за імя Францыск. А ледзьве не галоўным быў той аргумэнт , што апошнюю форму заўсёды ўжываюць расейскія дасьледчыкі Скарыны.

Адраджэнцы перамаглі. Перамога была выразна Піравай. На цэнтральным праспэкце сталіцы, былым "ленінскім", вулічныя шыльдачкі ганарацца "Францішкам Скарынам". Аднак я ня думаю, што каб на іх было напісана "Францыск", гэта сьведчыла аб нейкай паразе, пагатоў аб русіфікацыі. Забараніць Георгія Скарыну, як антыбеларускі сталінскі ідэялагічны падман - было сапраўднай мэтай змаганьня за першадрукара. Усё далейшае ўяўляецца амаль марнаслоўем. Няма галоўнага - помніка ў сталіцы. Нават недарэчны замежны паэт з бакенбардамі аздабляе менскі краявід. А Скарыны няма. Які нават у Лідзе ёсьць. Вось за што трэба было змагацца. Змаганьне з прыдуманым ворагам адраджэнцы часам працягваюць і сёньня. Замест таго, каб дбаць аб пашырэньні мовы, займаюцца парадкамі ўнутры яе. Напрыклад, упарта замяняючы добрае беларускае даўно унармаванае слова "выкладчык" нейкім "выкладнікам". Ніхто з іх ня хоча паглядзець праўдзе у вочы: апошняе слова магло быць апраўданым толькі калі б мы карысталіся назоўнікам "прэпадавацель". І такіх прыкладаў шмат.

У выніку адбываецца дэзарыентацыя і пачаткоўцаў, і тых, хто піша па-беларуску не паўгода, год ці два, а - дваццаць гадоў, як я. А галоўнае - падобнымі дзеяньнямі разбураецца тканіна мовы. Яе не ўзбагачаюць, а зьнішчаюць, паколькі імкнуцца замяніць не русізмы і палянізмы, а словы - беларускія. Абачлівасьць, далікатнасьць, асьцярожнасьць - абавязковыя ў падобнай справе. Лепей не чапаць нашую мову, а паспрабаваць стварыць штосьці вартае на ёй. Інакш будзе, як - са Скарынам. У Менску і помніка няма, і Акадэмія навук ня носіць ягонае імя. Што да мяне, дык мне падабаецца, што Скарына - Францыск, Багушэвіч - Францішак, а Сіўко - Франц. У мяне няма жаданьня і патрэбы ўсіх зрабіць на адзін капыл. І яшчэ раз варта падкрэсьліць: сітуацыя са Скарынам адбівае стан няспраўджаных надзеяў усяго адраджэнскага руху. Нацыянальная дзяржава, Пагоня, сьцяг, школа, кнігадрук. Ордэнам, мэдалём Скарыны ўзнагароджваюць часам папросту ворагаў беларушчыны.

Мне нецікава, што камусьці не спадабаюцца мае высновы. Мы, кожны з нас працуе ў сваёй вежы. Вежы, бакшты, данжоны. З яе вышыні, з акенцаў і байніц мне бачыцца навакольны краявід і беларускія далягляды менавіта такімі. Я дапускаю, што некаму яны падаюцца інакшымі. Аднак я заклікаю не да разбурэньня, а прынамсі да захаваньня таго, што мы маем. Такіх вежаў, па-за сталічнымі вежавымі хмарачосамі, няшмат. Калісьці яны былі ў кожным мястэчку, дзе ствараліся хронікі, друкаваліся кнігі. "Краіна замкаў" - назваў калісьці наш гісторык Міхась Ткачоў сваю кнігу, маючы на ўвазе сярэдневечную Беларусь. Калі ўспомніць аб астравах, кожны пісьменьнік можа параўнаць сваю вежу з марской ліхтарняй, якая на сваю моц сьвеціць у беларускім моры, каторае часам называюць папросту балотам. Гэткае вось мора Гэрадота.

Некалі паэт сказаў, акрэсьліваючы нашыя тэрыторыі, што беларусы жывуць паміж Нёманам і Дзьвіной. Сёньня я прыехаў менавіта з нёманскіх берагоў да вас сюды - на дзьвінскія. Абедзьве ракі плывуць у адное - эўрапэйскае мора. Ваш Быкаў прыехаў у наш горад, каб стаць сусьветна вядомым пісьменьнікам. Ваш Караткевіч прыяжджаў натхняцца менавіта ў горад на Нёмне. Адным з самых вядомых яго раманаў стаў "Хрыстос прызямліўся ў Гародні". Наш горад ён перанес аднойчы на мора, дзе экранізавалі гэты твор. У адным са сваіх раманаў ён пісаў пра Кладна, маючы на ўвазе наш горад.

Калісьці наш Стэфан Баторы вызваліў ваш Полацк ад маскоўскага войска, а ў беларускай савецкай гісторыі напісалі, што быццам бы - "захапіў", каб заблытаць нас, падмануць, каб абяліць чорнае. У наступную вайну з Масковіяй адзін маскаль скраў у Горадні Скарынаўскі фаліянт, захапіў у якасьці вайсковага трафэю. Шчыра пра гэта зрабіў у самой кнізе запіс. Любы наведнік маскоўскага архіву можа прачытаць яго. Скрадзеныя кнігі дагэтуль ня вернуты. Беларуская мова - мова кніг. З аднаго боку, мова - парыя. З другога - мова эліты, мова абраных, як лаціна ў Сярдневеччы.

Мова - радзіма. А паспалітаму чалавеку уласьціва заўжды імкнуцца да роднага агнішча, дахаты, на Бацькаўшчыну. Жыць ёю, з ёю, абараняць яе, імкнуцца ўвекавечыць яе цаглінкай - тваёй асабіста зробленай, зьлепленай менавіта тваімі рукамі. З адзінай мэтай. Каб з падобных тваёй цаглін быў складзены агульны беларускі мур. Не Бэрлінскі, канешне. А - падобны Вялікаму кітайскаму, які відзён нават з космасу. Першыя цагліны былі пакладзены ў яго самім Скарынам. Але мур дагэтуль не збудаваны.


© лiтaрa.net, пры перадруку не забудзьцеся паставiць на нас спасылку