• лiтaрa.net | рэцэнзii |
Еўропа=метадалогія. Прынамсі, так было раней.
Маnn Kurt, 27 лютага 2004

У кабінеце галоўнага рэдактара адной з брытанскіх “жоўтых” газет-таблоідаў на бачным усім месцы вісеў напісаны вялікімі літарамі лозунг: It is 10 (“ім па 10”), нагадваючы супрацоўнікам газеты пра mental age, разумовы ўзрост іх чытачоў.

Але разумовы ўзрост цэлай нацыі не можа бясконца заставацца падлеткавым (хаця шмат каму з прэтэндэнтаў на нацыянальнае лідарства, з розных палітычных лагераў, гэтага б хацелася).


Марзалюк І. Людзі даўняй Беларусі: этнаканфесійныя і сацыякультурныя стэрэатыпы (Х-XVII cтст.). – Магілёў: МДУ імя А. Куляшова, 2003. – 322 с.

Манаграфія магілёўскага гісторыка, пашыраны варыянт ягонай доктарскай дысертацыі, складаецца з трох вялікіх раздзелаў, з якіх першыя два даследуюць межы ментальнага свету праваслаўнага беларуса Сярэднявечча і Новага Часу ў параметрах “свае”-“чужыя”, а апошні аналізуе, так бы мовіць, унутраную будову гэтага свету, яго базавыя элементы. Перадусім, стэрэатыпы масавай свядомасці.

Што датычыць даследавання “структур штодзённасці” беларускага мешчаніна, то даследаванне Марзалюка, здаецца, пакуль не мае сабе роўных у беларускай гістарычнай навуцы. Антрапалагічны падыход да гісторыі мае перадумовай скрупулёзнае вывучэнне і асэнсаванне вялікага масіву першасных гістарычных дакументаў, якія фіксуюць здарэнні і тэндэнцыі, не запраграмаваныя якой-кольвечы ідэялогіяй непасрэдна, але з’яўляюцца рачэй спантаннымі праявамі больш глыбока схаваных перадустановак. Акуратную і кампетэнтную працу гісторыка школы “Аналаў” немагчыма падмяніць засваеннем шматлікіх актуальных тэорый і спрытным апераваннем іх тэрмінамі. Дакументальная база, з якой працуе магілёўскі гісторык, уражвае сваёй аб’ёмнасцю і разнастайнасцю: гэта і актавыя кнігі беларускіх гарадоў, і старадрукі перыяду праваслаўна-ўніяцкай палемікі, - многія з якіх ніхто не трымаў у руках ужо тры-чатыры сотні гадоў. Праўда, гэта пераважна крыніцы або кірылічныя, або, нават па-польску ці на лаціне, напісаныя тымі, хто адносіў сябе да “русінскай” этнаканфесійнай супольнасці або быў выхадцам з яе ў першым пакаленні.

Цяжка пералічыць у межах гэтай рэцэнзіі ўсе здабыткі кнігі “Людзі даўняй Беларусі”, ўсе небанальныя думкі, якія або ўпершыню выказаныя аўтарам, або пазычаныя ім у іншых даследчыкаў, але істотна ўдакладненыя і “беларусізаваныя”. Гэта і тэзіс пра царкоўныя брацтвы як асяродак своеасаблівай рэфармацыі ў праваслаўнай царкве ВКЛ XVІ-XVII стст. (с. 241), і нечаканая роля каталіцкіх і праваслаўных манастыроў як свайго кшталту іпатэчных банкаў XVІ-XVII стст. (с. 254), і акрэсленне ім тэрміну “беларусец” XVII ст. як “канфесіоніма і зямляцкага этнікона, вытворнага ад тапоніма Белая Русь” (с. 98). Вельмі грунтоўна І. Марзалюк даследаваў стэрэатыпы нарматыўнай і анамальнай матрыманіяльнасці і сэксу ў жыцці нашых продкаў, іх стаўленне да ўласнасці, вытокі антысемітызма дый увогуле рэлігійнай нецярпімасці ў Беларусі, якой, здавалася б, не мусіла быць месца ў нашым ідэялізаваным мінулым. Ведаючы пра намер аўтара працягнуць працу над наступнымі выданнямі кнігі, хочацца пажадаць яму пашырыць дыяпазон даследаваных параметраў “магчымага і немагчымага”, якія стваралі структуру ментальнага свету нашых продкаў. Хацелася б даведацца больш пра матэрыяльныя ўмовы жыцця яго герояў, эканамічныя матывы іх дзейнасці, а таксама пра структуру іх суб’ектыўных часу і прасторы. Тым больш што дасканалы ўзор для напісання даследаванняў такога кшталту, славуты трохтомнік Фернана Брадэля, - адна з культавых для магілёўскага гісторыка кніг. Магчыма, ў гэтай будучай працы яму варта адысці ад фармату акадэмічнай манаграфіі, на ўзор прац польскіх гісторыкаў Яна Станіслава Быстраня ды Збігнева Куховіча, аналагаў якіх катастрафічна бракуе нашаму інтэлектуальнаму дыскурсу. Балазе, нашага аўтара не будзе больш звязваць неабходнасць падвышэння сваёй фармальнай кваліфікацыі.

Марзалюк выдатна ўсведамляе ўсе цяжкасці, якія паўстаюць перад айчыннай гістары-яграфіяй пры рэканструкцыі (або, як падкрэсліў бы Ежы Тапольскі, канструкцыі) лініі пераемнасці паміж рознымі перыядамі гісторыі Беларусі. Але гэтыя цяжкасці ён пераадольвае не праз замоўчванне фактаў, пазбяганне “небяспечных” высноў, не праз тактыку своеасаблівага “двухдумства” (паводле Дж. Оруэла), уласцівага большасці свядомых беларусаў. Другаснасці і несамастойнасці думкі, характэрным для калектывісцкіх асяродкаў, ён супрацьпастаўляе індывідуальнае, грунтоўнае вывучэнне ўласна беларускага “сырога” матэрыялу, з якога ён імкнецца здабыць логіку даўгачасовых тэндэнцый унутранага развіцця нацыі.

Многія з высноў Марзалюка могуць выклікаць ледзь не балявы шок у тых, хто схільны лічыць беларускі нацыянальны міф назаўжды акрэсленым, “спрадвечнаісным”, закрытым для крытычнага, рацыянальнага асэнсавання. Вось адна з іх: “Адмаўленне таго факта, што менавіта Кіеўская традыцыя прадвызначала культурнае аблічча беларускіх зямель у ХІ-ХІІІ стст., звязана найперш з рэакцыяй беларускіх гісторыкаў на “масквацэнтрычныя” канцэпцыі гісторыі Кіеўскай Русі, якія панавалі ў савецкай пасляваеннай навуцы і па сутнасці сваёй узыходзілі да… маскоўскай сярэднявечнай гістарыяграфічнай традыцыі, паводле якой Масква абвяшчалася адзіным легітымным правапераймальнікам Кіеўскай спадчыны” (сс. 164–165). Рызыкуючы быць абвінавачаным у апартунізме і “калабарацыянізме”, магілёўскі гісторык дэталёва “распытвае” полацкіх Ізяславічаў-Рагвалодавічаў, кім яны самі сябе лічылі. Атрыманыя “адказы” (шчодрае фундатарства полацкімі князямі Кіева-Пячорскай Лаўры, нават такім зацятым антаганістам вялікага князя кіеўскага, як Глеб Менскі, ужыванне ў судовай практыцы норм “Рускай Праўды”, а не якога-кольвечы асобнага кодэксу законаў, поўнае падпарадкаванне праваслаўнай царквы кіеўскім мітрапалітам, распаўсюджанне на Полаччыне культа святых Барыса і Глеба, геральдычныя знакі полацкіх уладароў, роднасныя Рурыкавічам і г.д.), даюць яму ў выніку магчымасць досыць адэкватна акрэсліць ступень адметнасці Полацкага княства, яго аўтаноміі ад Кіева: “… Сутнасць таго, што адбылося [ў канцы Х ст.]: “выдел” Ізяслава пры жыцці бацькі і зацвярджэнне за яго родам вотчынных правоў на Полацкую зямлю” (с. 159).

Але Марзалюк зусім не адмаўляе таго, што сучасная беларуская дзяржава мае ўсе падставы (калі пажадае) адлічваць сваю гісторыю ад Рагвалода (с. 159): ён толькі сцвярджае, што такі погляд не быў уласцівы нашым продкам у XІV-XVII стст. (але ж і нашыя суседзі-літоўцы на некалькі стагоддзяў забыліся пра існаванне Міндоўга, вернутага ў нацыянальную свядомасць толькі ў XVI ст.), і ў такой выснове абапіраецца на ўвесь даступны нам масіў аўтэнтычных крыніц, якія адлюстроўваюць сапраўдны тагачасны светапогляд, а не на дыдактычна-публіцыстычную літаратуру ХХ ст. Ён называе імёны тых гісторыкаў ХІХ ст., якія заклалі падмурак сучаснага стэрэатыпнага погляду на Полацк як на першую самастойную беларускую дзяржаву: Восіп Турчановіч і Адам Кіркор (с. 174). Можна дадаць да іх і імя І.Кулакоўскага, нядаўна вернутае з нябыту А. Латышонкам.

Інтэлектуальная актыўнасць гэтых аўтараў прыпадае на час жорсткай ідэялагічнай барацьбы паміж русіфікатарамі і прыхільнікамі аднаўлення Рэчы Паспалітай (у той ці іншай форме), якая скончылася катастрафічным па сваіх наступствах паўстаннем 1863-1864 гг. У гэтай барацьбе абодва бакі імкнуліся атрымаць падтрымку або прынамсі нейтралітэт з боку беларускіх сялянскіх масаў, выдаючы адозвы, буквары і шчодра раздаючы ўтапічныя абяцанні. Ці сапраўды да сярэдзіны ХІХ ст. ніхто не меў патрэбы апеляваць да полацкай спадчыны як падмурка самастойнай беларускай традыцыі? Cама думка пра тое, што сучасная схема пераемнасці беларускай гісторыі ў асноўным была распрацаваная параўнаўча нядаўна, не даўней як 150 гадоў таму, і што механізм узнікнення гэтай схемы і яе ўкаранення ў свядомасці шырокіх пластоў грамадства заслугоўвае вельмі ўважлівага вывучэння, з’яўляецца прынцыпова важнай. Калі Марзалюк мае рацыю ў сваім скептыцызме, ці азначае гэта, што беларусы мусяць тэрмінова і кардынальна перапісваць школьныя падручнікі? Або “выкрыць” Турчановіча, Кіркора ды Кулакоўскага як фальсіфікатараў? Зусім неабавязкова. Гутарка ідзе пра тое, што развітая нацыянальная ідэя мусіць мець некалькі ўзроўняў успрыняцця або дэталізацыі, гэтаксама як курсы фізікі ды хіміі нават у сярэдняй школе выкладаюць два разы, а той, хто абірае сабе гэтыя прадметы як спецыяльнасць, мусіць яшчэ некалькі разоў удакладняць ды дэталізаваць свае веды-стэрэатыпы. Ступені дэталізацыі прасторы на тапаграфічнай карце-трохвёрстцы або на палітычнай карце свету істотна адрозніваюцца. Фатальная неразвітасць беларускай гістарыяграфіі дый гуманітарнай думкі ўвогуле праяўляецца ў тым, што многія нашы кнігі пішуцца ў разліку (магчыма, падсвядомым) на чытачоў адразу некалькіх узроўняў падрыхтаванасці – і ў выніку дакладна не адрасаваныя нікому. У сувязі з гэтым прыгадваецца легенда аб тым, як у кабінеце галоўнага рэдактара адной з брытанскіх “жоўтых” газет-таблоідаў на бачным усім месцы вісеў напісаны вялікімі літарамі лозунг: It is 10 (“ім па 10”), нагадваючы супрацоўнікам газеты пра mental age, разумовы ўзрост іх чытачоў.

Але разумовы ўзрост цэлай нацыі не можа бясконца заставацца падлеткавым (хаця шмат каму з прэтэндэнтаў на нацыянальнае лідарства, з розных палітычных лагераў, гэтага б хацелася). Школьнікі так ці інакш не будуць чытаць спецыяльных манаграфій, і нават у выпадку (надзвычай гіпатэтычным), калі афіцыёзныя ідэёлагі ўхопяцца за кнігу Марзалюка, якая нас можа чакаць небяспека ? Небяспека збліжэння з Украінай, самай пра-еўрапейску арыентаванай з краін СНД, - а значыцца, і дыстанцыявання ад Масквы, якая ў апошнія гады не надта рупіцца аб кіеўскай спадчыне, бо выдатна разумее, што звязаная з ёй аргументацыя больш не можа выкарысоўвацца для падтрымкі імперскіх амбіцый ? “Для праваслаўнага русіна, напісаўшага панегірык слыннаму гетману ВКЛ Канстанціну Іванавічу Астрожскаму, перамога над маскоўскім войскам сінанімічна перамозе над ворагам веры Хрыстовай” (с. 185) – выразна акрэслівае Марзалюк межы “свайго” і “чужога”. Свет гараджаніна-русіна Віцебска, Оршы, і асабліва Магілёва, сімвальная прастора, у якой ён жыў, была далёка не тоеснай свету гараджаніна-каталіка Кракава або Вільні – таксама не ідэнтычнымі адно аднаму. Але гэты (рэ)канструяваны Марзалюком свет выяўляе значна болей рысаў агульнасці з Кракавам, Вільняй, а магчыма – і з Антверпэнам, Венецыяй або Эдынбургам, чым з намінальна блізкай па мове і рэлігіі Масквой (якая ўжо не пакідае шанцаў на разнастайнаць Ноўгараду ды Цвяры, нават Астрахані ды Казані).

Калі на ўсходзе “свой” свет “Людзей даўняй Беларусі” межаваў з “чужой” Масквой, дык на захадзе сусезямі праваслаўных русінаў былі ўсё яшчэ загадкавыя “літвіны”. Марзалюк звяртае ўвагу на тое, што тэзіс пра “абеларушанасць” старакаталіцкага насельніцтва Беларусі ўжо ў XІV-XVII стст. быў толькі пастуляваны М. Грынблатам ў канцы 1950-х, але не падмацаваны ніякімі доказамі, тады як самі тагачасныя каталікі яшчэ і ў XVII ст. захоўвалі “этнакультурную літоўскую самаідэнтычнасць” (с. 54). Трэба пагадзіцца - і з тым, што самаідэнтыфікацыя старакаталіцкага насельніцтва Зах. Беларусі на працягу стагоддзяў грунтавалася на літоўскім нацыянальным міфе, і з тым, што высунуты М. Грынблатам тэзіс не быў належным чынам абгрунтаваны. Але ці толькі антрапаніміка літоўскай шляхты і мяшчанства зазнала рутэнізацыю (resp. беларусізацыю) ў сувязі з шырокім скарыстаннем старабеларускай мовы ў грамадскім жыцці ВКЛ ? Уяўляецца, што старакаталіцкае насельніцтва Горадні, Бярэсця, Менска XІV-XVII стст. не толькі мела вонкава беларускія прозвішчы ды магло “па-старабеларуску” прамаўляць у судзе або на сойміку. Але яго ўнутраны свет застаўся па-за ўвагай Марзалюка, як, зрэшты, і ўсёй прафесійнай беларускай гістарычнай навукі, пакідаючы багата прасторы для аматарскіх інтэпрэтацый. Маем пакуль толькі манаграфію Алеся Смаленчука “Паміж краёвасцю і нацыянальнай ідэяй”, якая прысвечаная “патэнцыяльнай нацыі” літоўскіх палякаў, але толькі іх грамадска-палітычнай дзейнасці, і толькі парэформавага (г.зн. пасля 1864 г.) перыяду.

Цалкам слушным (хаця з пункту гледжання класічнай “адраджэнскай” свядомасці абсалютна герэтычным) з’яўляецца назіранне аўтара наконт самаідэнтыфікацыі Адама Міцкевіча. “У іх казках і песнях ёсць усё. Пісьмовых помнікаў у іх мала, толькі “Літоўскі Статут” напісаны іх мовай, самай гарманічнай і з усіх славянскіх моў найменш змененай. Усю сваю гісторыю на зямлі яны прайшлі ў страшэннай галечы і прыгнёце” (с. 106). Колькі разоў у беларускай публіцыстыцы апошніх 15 гадоў цытавался гэтае выказванне геніяльнага паэта з Наваградчыны, але, здаецца, толькі магілёўскі гісторык заўважыў, што Міцкевіч паслядоўна аддзяляе сябе ад “іх”, г.зн. ад беларусаў! У сувязі з гэтым Марзалюк зазначае: “Беларускія “літвіны” садзейнічалі культурнаму беларускаму накапленню… але былі перакананы, што гэта гісторыя і культура не іх, а чужога народа” (с. 105).

Над гэтай думкай Марзалюка варта паразважаць больш дэталёва. Другая траціна ХІХ ст., калі Міцкевіч апублікаваў “Пана Тадэвуша” і прыхільна выказаўся наконт беларускай мовы – час своеасаблівай моды ў былым ВКЛ на балцкую міфалогію, спарадычную літоўскую лексіку, літоўскія мянушкі. Моды досыць характэрнай для інтэлектуальнай моладзі тагачаснай “Заходняй Беларусі”, - якую, вядома, не лічыў тады Беларуссю нават царскі ўрад, не тое, што мясцовыя жыхары. Не ангажаванасць у марудны і карпатлівы працэс выхавання літоўскай нацыянальнай свядомасці, якое на працягу стагоддзяў вялі ў этнічнай Літве пратэстанцкія місіянеры з Караляўца, сціплыя парафіяльныя ксяндзы і няўрымслівыя кантрабандысты-кніганошы, як гэтая дэкларатыўная салідарнасць з “літоўскімі” ідэяламі, пазычанымі, у прыватнасці, з польскамоўнай “Старажытнай гісторыі літоўскага народу” Т. Нарбута, фармавала эстэтычныя і інтэлектуальныя прыхільнасці Станіслава Мараўскага, Плацыда Янкоўскага, Ігнацыя Ходзькі, Уладзіслава Сыракомлі і іншых.

Веданне імі літоўскай мовы зводзілася да некалькіх слоў (прыкладна ў межах літоўскага лексікона сучаснага добра адукаванага беларуса), якімі было так эфектна бліснуць раз-пораз у сяброўскай размове. Несумненна, што беларускую мову яны і ведалі значна лепш, і карысталіся ёй больш актыўна. Міцкевіч сумленна прасунуўся ў гэтым пазнанні літоўскіх каранёў значна далей за стандартны для свайго асяродку ўзровень, навучыўшыся някепска чытаць па-літоўску, ведаючы на памяць з тузін літоўскіх народных песень, і ўзбагаціўшы польскую антрапаніміку імём “Гражына”. Аднак відавочна, што тыповы інтэлектуал-“літвін” Віленскай або Гарадзенскай губерні першых паўстагоддзя расійскага панавання меў мала агульнага з традыцыяй, закладзенай у XVI ст. Мажвідасам і Гедройцам, хаця таксама не быў і стандартызаваным палякам-“караняжам”. Ці маем мы падставы лічыць літвінаў ХІХ ст. (але і больш ранняга перыяду, які акурат ахоплівае даследаванне Марзалюка) “сваймі”? Тут усё залежыць ад “нас”, ад таго, як “мы” акрэсліваем “сябе” і наколькі верныя сваім уласным дэкларацыям. Ці спынілася моўная “беларусізацыя” балтаў пасля “Вялікай катастрофы XVIІ ст.”, як яе акрэслівае Марзалюк ? “Беларусізацыя” ўжо не эліты грамадства, але менавіта нізоў, ды ў нейкай ступені і дробнай шляхты, незаможнага мяшчанства, у выглядзе свайго кшталту “паланізацыі па-простаму” ? І ці не гэты павольны, амаль непрыкметны працэс, які ішоў больш за 200 гадоў на поўнач і захад ад “дугі”, што працягнулася праз Горадню-Ліду-Ашмяны-Браслаў, стварыў надзвычай каштоўны чалавечы рэсурс, з якога выйшлі і Пілсудскі з Жэлігоўскім, і Багушэвіч з братамі Луцкевічамі? Рэсурс, бязлітасна знішчаны пад час рэалізацыі гуманістычных праграм ХХ ст.

Дзейнасць ўсёй нешматлікай праслойкі каталіцкай шляхты ХІХ ст., ад Сыракомлі да Багушэвіча, якая заклала пачатак сучаснай беларускай нацыянальнай свядомасці, можна ахарактэрызаваць і больш рэзка, чым гэта зрабіў Марзалюк: па-сутнасці, яны былі сапраўднымі “культурнымі дыверсантамі”, закінутымі у “сінявокую” ды “шчырую” Беларусь, каб паспрабаваць прышчапіць яе жыхарам ідэялы лацінскай цывілізацыі: стабільнасць прававых працэдур, іх абавязковасць і для тых, хто іх выпрацоўвае, аўтаномію асобы і г.д. З канстатацыі факту “чужароднасці” можна зрабіць дыяметральна процілеглыя высновы. “Дыверсанты”, натуральным чынам адчуваючы сябе няўтульна ў асяродзі “тубыльцаў”, могуць здабыць або не здабыць іх сімпатыі, іх могуць “выкрыць” або падтрымаць інспіраванае імі “паўстанне”. Сёння культурная спадчына “літвінаў” не запатрабаваная нікім з суседзяў Беларусі: літоўская культура цалкам задаволеная сваймі этнаграфічнымі вытокамі ды ўспамінамі пра апошнюю паганскую імперыю Еўропы; “віленскія палякі”, найбольш легітымныя спадкаемцы гэтай спадчыны, старанна засвойваюць стандартызаванае варшаўскае вымаўленне, і магчыма, неўзабаве шчодрае фінансаванне Брусэля мусіць замацаваць гэтую ідылію. Адкінутыя будаўнікамі-суседзямі камяні маглі б быць выкарыстаныя беларусамі, - ўпершыню за апошняе стагоддзе на іх ніхто больш не будзе прэтэндаваць. Сёння галоўнай перашкодай для гэтага з’яўляюцца не суседзі, а стэрэатыпы нашай уласнай свядомасці.

Кніга Марзалюка – сведчанне таго, што беларуская гістарычная навука пазбаўляецца ад рамантычных ілюзій, поглядаў праз “ружовыя акуляры”, якія панавалі ў ёй апошнія 15 гадоў і пераходзіць да больш цвярозага, крытычнага асэнсавання гістарычнай рэчаіснасці, уласцівай менавіта таму класічнаму еўрапейскаму ладу думкі, якому ўсе мы так любім дэкляраваць сваю вернасць. Магілёўскі гісторык, здаецца, найбольш поўна і паслядоўна мадэрнізаваў і адаптаваў да сённяшняй сітуацыі традыцыйны светапогляд Русі, аднаго з галоўных гісторыка-культурных рэгіёнаў ВКЛ. Ён фактычна падаўжае да нашага часу кантынуітэт забытай культурнай традыцыі беларускага праваслаўнага мяшчанства, традыцыі “Пара”-Левановіча ды Трафіма Сурты, даказаўшы, што іх светапогляд зусім неабавязкова тоесны прыстасаванству Сімяона Полацкага або “заходнерусізму” ХІХ ст. Як зазначыла крыху раней польская даследчыца магілёўскай традыцыі Барбара Пэндзіх, “міфалагічная піраміда русінскай тоеснасці… абапіраецца на тоеснасць усходнеславянскую, а тая ў сваю чаргу ідэнтыфікуецца са свядомасцю еўрапейскай, і ўсё гэта ўваходзіць глыбока ва ўсеахопны этас рымскай культуры” . Пазіцыя Марзалюка не мае нічога агульнага з рэнегацтвам і не нясе пагрозы страты беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці, як паспяшаліся абвесціць некаторыя спалоханыя яго крытыкі; наадварот, без засваення гэтай традыцыі беларуская нацыянальная ідэнтычнасць, адрозная ад руска-савецкіх узораў, не мае шанцаў замацавацца ў стэрэатыпах масавай свядомасці.

Хутчэй за ўсё, выжыванне беларускай нацыянальнай ідэі магчымае толькі праз супрацоўніцтва, дыялог і дынамічны кампраміс дзвюх выразна адметных, хаця шмат у чым блізкіх культурных традыцый: “русінскай”, або ўласна беларускай, у даўнім значэнні гэтага слова, метраполіяй якой ці не з канца XVI ст. быў Магілёў, і “літвінскай”, цэнтрам якой наўрад ці ўжо калі будзе Вільня, а рачэй Горадня, Маладэчна або Менск. Але гэта азначае, што абедзьве традыцыі мусяць быць прынамсі выразна артыкуляваныя, агучаныя ў сваіх уласных тэрмінах, а не ў штучных, аморфных ды ўнутрана супярэчлівых эўфемізмах. Русінская традыцыя ў асобе І. Марзалюка свой рашучы крок зрабіла. Застаецца спадзявацца, што неўзабаве і “літвінская” традыцыя выразіць сябе гэтаксама адкрыта і паслядоўна, а беларуская культура зробіць крок наперад таксама і другой нагой.


© лiтaрa.net, пры перадруку не забудзьцеся паставiць на нас спасылку