лiтaрa.net | няшчырасьць |
Метамарфозы слуцкага паса
Маnn Kurt, 27 верасьня 2002
З цыклу: "Няшчырасць, Або Тымчасовыя Сармацкія Маніфэсты".
Найвялікшая містэрыя Адраджэньня: Слуцкі пас. Дакладней яго трэба называць кунтушовым, бо насіўся ён паўзверх кунтуша, параднага шляхецкага верхняга адзення. І хаця слуцкія сапраўды славіліся, але кажуць, што і гарадзенскія часоў Тызенгаўза былі не горш, а былі ж і іншыя “персіярні” – на ўсёй часова захопленай польска-каталіцкімі панамі-прыгнятальнікамі тэрыторыі. Хай сабе. Тут іншае цікава: покуль пас ткуць аўтэнтычныя слуцкія ткачыхі (пра аперацыю змены пола змаўчым), ён ‘шчэ з’яўляецца шчыра нацыянальным прадуктам. Ціпа Мэйд ін Белараша. Але вось з кроснаў-бёрдаў далоў, апранае яго шляхціц-прыгнятальнік, і што маем ? Цьфу, цур мяне, глыбока антынародная рэч, атрыбут гвалту і здзеку над традыцыйнай шчырабеларускай культурай. Аж раптам шляхціц памірае (не будзем пакуль удакладняць акалічнасці гэтае смерці): кунтуш знікае немаведама куды, а пас – на сценку этнаграфічнага музею. І што ? Ізноў маем чысты, светлы Спрадвечна-Нацыянальны Ручнік на Покуці.
Тайна сия велика есть…
© лiтaрa.net, пры перадруку не забудзьцеся паставiць на нас спасылку