• лiтaрa.net | рэцэнзii |
Вялікі Падманшчык Хадановіч
Зьміцер Дзядзенка, 18 сакавiка 2004

Андрэй Хадановіч. Лісты з-пад коўдры. — Вершы. — Менск: “Логвінаў”, 2004. — 150 с.


Ня веру Хадановічу. Бо пераканаўся, што Хадановіч — Вялікі Хлус і Містыфікатар. Вялікі й Жахлівы Падманшчык Гудвін зь дзіцячай кніжкі пра Смарагдавы горад. Ён абавязкова падмане: чакаеш першай кнігі па-беларуску — атрымаеш “Старыя вершы”. Яшчэ добра, што не “Пра галоўнае”.
З новай кнігай Хадановіча — беларускімі “Лістамі з-пад Коўдры” (sic!) тая ж гісторыя. Яна зусім не ідэнтычная ўкраінскім “Листам з-під ковдри”. Сюды ўвайшлі вершы, напісаныя аж у самы апошні час — у 2003 г., аднак бальшыня іх друкавалася ў “НН”, “Arche”, “Дзеяслове”.

Спаміж зьедлівых вершыкаў кшталту “З чаго пачынаецца Жодзіна” раптам мільгане незнаёмнае аблічча суворага выкладчыка філялягічнага факультэта: “Па даўняй гераічнай завядзёнцы/ хаўтурны стол чакае крумкача/ і Шарлемань Бэн Нун спыняе сонца”. Аўтар так віртуозна гуляецца з словам, як да яго не гуляўся ніхто, апрача хіба што Барадуліна. Аднак Хадановіч — гэта зусім не “Барадулін нашых дзён”, ён хутчэй “Багдановіч сёньня”. Толькі прышчапляе ён не беларускай паэзіі чужаземныя формы, а ўсёй беларускай культуры — неабжытую ёй экзотыку замежнай літаратуры. Творы Хадановіча — гэта канспэкт па замежнай літаратуры: аўтары, сюжэты, героі… Праўда канспэкт вельмі своеасаблівы, у аўтарскай інтэрпрэтацыі.

Поркаючыся пад Хадановічавай коўдрай, адчуваеш, як ад ягоных традыцыйна легкадумных вершаў пачынае цягнуць нетутэйшым холадам: “неасьцярожнаму / ў бок вайстрыё / кожнаму кожнаму / сваё сваё”. Хадановіч часам становіцца нечакана сур’ёзным: “адплылі твае караблі / у вар’яцкіх пошуках троі / а ты ўсё на гэтай зямлі / дзе зьбірацца нельга па трое”. Мабыць, аўтар сталее. Зрэшты, гэта можа аказацца яшчэ адным падманам.



© лiтaрa.net, пры перадруку не забудзьцеся паставiць на нас спасылку