| Вiтаю, дружа! |
| увайсьцi | зарэгiстравацца |
| Наталка Былi «Тутэйшыя», былi (i ёсць) ТВЛ, БумБамЛiт… Але была i Наталка, былi мы. Чаму былi, а не ёсць? – Так, мы ёсць, але кожны з нас ёсць паасобку, а мы, як нешта супольнае, былi, мiнулi… Мне яшчэ цяжка гаварыць пра той час адназначна, аб´ектыўна, як пра манумент: вось ён такi i ўсё. Таму часам здаецца, што мы яшчэ мiнулi не цалкам, мы яшчэ крышачку ёсць. Часта хочацца вярнуць той час - у нейкiх успамiнах на паперы, або ў больш натуральнай форме – проста сабрацца разам. Але i, сабраўшыся разам, мы не здольныя аднавiць мiнулае, яго жыццё, таму збiраемся як бы ў памяць аб iм. Разам прасцей успамiнаць. 2. (з нататнiкаў) * Упершыню я пабачыў Наталку на лiтаб´яднаннi «Крынiцы», што iснавала пры газеце «Чырвоная змена». Спачатку яна мне не спадабалася. Сядзiць, закiнуўшы нага за нагу, нешта вяжа шыдэлкам. Насвicтвае. I пры гэтым цалкам сочыць за ходам падзей, дае даволi рэзкiя заўвагi кожаму з тых, хто чытае. Пастаянна спрачаецца з тагачасным кiраўнiком лiтаб´яднання А. Масарэнкам. * Асабiста мяне з ёй пазнаёмiў Кастусь Елiсееў. Звычайна пасля лiтаб´яднання мы iшлi ўтрох пiць каву. У Наталкi былi грошы, i яна нам, кажучы яе ўласным словам, прастаўляла. Час ад часу да нас далучаўся хто яшчэ. Але касцяк – гэта Наталка, Кастусь i я. * Каго можна назваць яе вучнямi: мяне, Таню Будовiч, Патаранскага. У нейкай ступенi Спiцына, Сашу Шушкевiч. * Былi тыя, каго нельга назваць яе вучнямi, але яны былi разам з намi: Вiктар Слiнко, пазней – Казапалянская. * Былi i тыя, хто нiбыта быў яе вучнем, але потым сышоў ад лiтаратуры: Шкурдзя, Елiсееў. * Нi для каго, можа акрамя Патаранскага, творчасць Наталкi не была крынiцай пераймання. Больш таго, не выпрацоўваўся, не «выкоўваўся» адзiны голас для ўсiх, а «ставiўся» ўласны. Прытым не пры дапамозе нейкiх практыкаванняў, па нейкай «тэхналогii», а натуральна, як бы само сабой, непрыкметна: чыталiся вершы (уласныя, класiка), рабiлiся пэўныя заўвагi. Але заўвагi не з пазiцыi якойсцi «лiтаратурнай фiласофii», а як у музыцы: «Сфальшывiў, узяў не тую ноту». * Не чытаўся нi Купала, нi Колас, цi хто iншы з беларускiх класiкаў. Можа выключэнне складалi Караткевiч i Сыс. Чыталiся расейскiя паэты: Кузмiн, Таркоўскi, Бунiн, Бродскi, Забалоцкi. * Больш надзялялася ўвагi каве i сумеснаму з´яданню пiрожных, чым лiтвучобе, але лiтвучоба iшла. I я ўпэўнены, што гэта кава i гэтыя пiрожныя ёй садзейнiчалi. * Той свет, што iснаваў вакол Наталкi: паэзiя, паркi, кава. Для мяне ўсё гэта – мiнулае (можа нават паэзiя). Буду шчырым, сустракалася ўсё: i светлае, i бруднае. Часам мы, вучнi, не маглi трываць адзiн аднаго, i тым не менш сядзелi побач, бо ля кожнага з нас сядзела Наталка. * Вучнёўства. Мы больш жылi – хадзiлi па горадзе (у нас былi свае любiмыя месцы), некага сустракалi, расставалiся – чым непасрэдна пад Наталчыным кiраўнiцтвам удасканальвалiся ў вершаскладаннi. Само тое жыццё вучыла пiсаць вершы, давала iх. Так, першым iх слухачом была Наталка. Яна часам i не гаварыла, што i дзе не так. Падчас прачытання (або пасля) мы нібыта адчувалi гэта самi. Нешта было такое ў ёй. * Не нашы паэтычныя (лiтаратурныя) дасягненнi… на хвiлiну я пабачыў перад сабой вобразы нямоглых людзей, якiм жыццё – намаганне: Наталка, Вiця Слiнко… Сюды трэба аднесцi i мяне. У меншай ступенi - Таня, Алесь Спiцын, – яны малодшыя (а можа таму iншая прычына). * Выпаленым дарэшты мне здаецца тое нашае жыццё. Але адначасова, здаецца, (толькi здаецца), што цяпер я, гэтак як некалi Наталка, змог бы зноў сабраць усiх нас разам i нават нейкi час жыць гэтым падманам. * Не магу разглядаць нашу творчасць безадносна ад асоб творцаў, ад нейкiх вынiкаў iх спраў, дасягненняў у жыццi (не лiтаратуры). А што маем: у адных распалiся сем´i, iншыя страцiлi – веру (не ў Бога, у Бога па-сапраўднаму мы не верылi). У прыватнасцi для мяне паэзiя перастала быць пуцяводнай зоркай. * Часам здаецца, што, збiраючыся разам, мы, можа таго нават i не ведаючы, генерыравалi сумесна нейкiя сутнасцi: нябачныя, але адчувальныя (або можна сказаць бачныя, але не цялеснымi вачыма). Мы стваралi гэтыя сутнасцi i яны дзейнiчалi на кожнага з нас ужо паасобку, з´яўляючыся крынiцай творчасцi. Цi не таму, нягледзячы на ўсю адрознасць, нешта агульнае адчуваецца ў нашых вершах. 3. Я: Некалi Калеснiк казаў прыкладна такое: «Што б хто не гаварыў пра адносiны твора i творцы, у рэшце рэшт вартасць, каштоўнасць твора вызначаецца каштоўнасцю асобы аўтара». А як на тваю думку суадносяцца творца i яго твор? Н: Гатова пагадзiцца. Бо варта толькi згадаць прыклад Славамiра Адамовiча. Ягоная выдатная першая кнiга «Кальварыйскiя клёны», твор пра рыжую векшу. Гэты твор я пачула першым з яго твораў i прыслала яму тады цыдулку, што ад iмя ўсiх жанчын стану перад iм на каленi. I апошнiя творы… Як сказалi б на Палессi: «Ёсць чаго пяяцi, ды няма чаго слухацi». Я: Зразумела. Я чытаў не далей, як сёння, адно апавяданне. Быў падлетак, якога не прымалi ў асяродку яму роўных. I ён стварыў сабе iншы асяродак: маладзейшых за сябе. Але, так сталася, менавiта ў гэтым асяродку ён здзейснiў учынак, якi па-сапраўднаму раскрыў яго чалавечыя якасцi. Ён уратаваў аднаго са сваiх падапечных. Нейкiм чынам мне хочацца праецыраваць гэта ўсё на цябе. Чаму? – Проста ты гаварыла мне пра пэўнае непрыняцце цябе ў лiтаратурных колах. Цi не было такога, што ты стварыла вакол сябе кола малодшых, каб, вучачы iх, нешта перадаючы iм, самасцвярджацца, рэалiзоўваць нешта незапатрабаванае? Можа мая такая праекцыя недарэчная? Н: Я заўсёды вельмi любiла малодшых за сябе. Мой брат пра мяне з гэтай нагоды лiтаральна тваiмi словамi гэта вось i казаў. Што, маўляў, цябе аднагодкi не прызнаюць – ты такая, ты сякая, ты ненармальная, дык ты з малодшымi гуляеш. Але проста тады, дзiцём, падлеткам, я зразумела, што малодшыя здольны адказаць любоўю на любоў. А цяпер – проста таму, што мне з iмi цiкава. Пра што я буду гаварыць з аднагодкамi? З задастымi цёткамi, з кар'ерна заклапочанымi лысымi мужыкамi, дастатымi жыццём? Не далей як учора аб гэтым думала: вось пра што з iмi гаварыць? Хоць сярод iх ёсць i iншыя. I з iншымi якраз я гавару: з iмi цiкава. Гэта ад узросту не залежыць: я з тымi, з кiм мне цiкава. I прытым, я б сказала, што ўсе яны – лепшыя за мяне. Я: Вось паглядзi, такi момант: ты не стварыла сваёй школы, як мастакi стваралi раней сваю школу… Н: Маўляў, «пiшы як я, i толькi гэтак будзе правiльна»? Я: Так. Н: Таму, што мяне ў свой час накармiлi гэтым дастаткова. Я: Ты кожнаму дала магчымасць развiвацца так, як ён хоча, куды ён можа. Ты была магчыма не столькi настаўнiкам, якi дае нейкiя дырэктывы: вось так i так, як выдатным слухачом, субяседнiкам, якi здольны пачуць таго, хто да яго прыходзiць, хто яму чытае нейкiя творы, хто да яго звяртаецца. Ты ўступала са сваiмi падапечнымi ў лiтаратурны дыялог i менавiта праз гэты дыялог яны развiвалiся. Гэта Разанаў некалi пiсаў у «Глiне»: Паволi або раптоўна Мы адхiляемся Ад задумаў, Якiя хацелi Спраўдзiцца намi, Калi не чуем Цi адгукаецца наваколле… Рэдка хто можа ўтрымацца нейкай задумы, не маючы водгуку: слухача, рэцэнзента, кнiгi. I цi не была ты тым водгукам для маладых лiтаратараў, што прыходзiлi да цябе? Н: Не знаю, можа i была. Я аб гэтым не асаблiва задумвалася. Для мяне не праблема выслухаць чалавека, зразумець яго для мяне не праблема. Для мяне праблема – настаяць на сваiм, адстаяць сваё. Я: Але ты ж не настойвала на сваiм, i не адстойвала сваё, чытаючы творы маладых… Н: Ну, не знаю: рыба плавае, кошка ловiць мышэй. Так i я рабiла толькi тое, што для мяне было натуральна. Я: Зразумела. Такое пытанне. Ты была для людзей, што гуртавалiся вакол цябе, не толькi настаўнiкам лiтаратурным, але i настаўнiкам у жыццi. Ты гэта, вiдаць, таксама ўсведамляла i бачыла? Н: Не знаю. Апошнiм часам я ў меншай ступенi магу быць настаўнiкам у жыццi, таму што мае малыя пайшлi далей, яны жывуць далей. Я, ў прынцыпе, стаю на месцы. Яно мяне задавальняе, але настаўнiкам у жыццi я болей не магу быць. Я: На нейкiм этапе? Н: На нейкiм этапе. Вось толькi не на тым этапе, дзе трэба выслухаць i не звягаць. Я: Далей. Мяне такое цiкавiць. Перад табой разгортвалiся не толькi лiтаратурныя сталеннi аўтараў, перад табой разгортвалiся лёсы людзей. Ты была ў такiм дзiўным становiшчы… Н: Ну чаму ўсе ў гэтым бачаць нешта дзiўнае? Нiчога асаблiвага. Так натуральна, калi каго любiш, быць у курсе ўсiх яго спраў: i лiтаратурных, i нелiтаратурных, i калялiтаратурных. Гэта натуральна абсалютна, я нават не задумвалася аб гэтым асаблiва. Я: Вось ты сказала слова «любоў», «любiш». Дык асноўны твой прынцып настаўнiцтва – гэта любоў да сваiх вучняў? Н: Так яно i ёсць. Таму, мiж iншым, i мастакi раней, i фiлосафы, i ўсе выбiралi сабе ў вучнi строга тых, хто iм падабаўся, хто да iх цягнуўся. Астатнiя адсейвалiся самi. Я: Сапраўды, так яно i было. Н: Iначай, я ўжо пераканалася, не навучыш. Чаму з мяне стаў нармальны карэктар, нармальны стыльрэдактар? Не толькi мае дадзеныя. Таму, што мяне вучылi з любоўю. I з любоўю хвалiлi, калi што было добра, i з любоўю давалi па вушах, калi што было не тое. Вось i ўсё. Не галоўнае, цi ты хвалiш, цi даеш па вушах. Галоўнае – з любоўю. Тады любоў сама падкажа – найчасцей, хоць не заўсёды так бывае, але найчасцей! – правiльныя словы, правiльныя дзеяннi. I ты нават не паспееш аб гэтым задумацца. Я: А я вось задумваўся над такiм пытаннем. Вось калi вярнуцца да папярэднiх пакаленняў беларускiх пiсменнiкаў, як бы iх творчасць я класiфiкаваў. Не па жанрах i родах, а па тых крынiцах, што яе сiлкуе. Або пiшуць пра вёску, якая загiнаецца i якой так шкада, цi нават гэта ўжо стылiзацыi на тэму: творца можа i не бачыў той вёскi, толькi чытаў творы папярэднiкаў у гэтым ключы. Або воляй аўтара рускамоўны свет, якi ён бачыў у паўсядзённым жыццi, загаворыць па-беларуску. Або выпадак такi: беларус у небеларускiм сусвеце. Вакол жа цябе, Наталка, стварыўся сапраўдны беларускамоўны сусвет, сапраўднае беларускае жыццё. Калi ў папярэднiкаў («Талака», «Тутэйшыя») беларускасць была часам паказная, штучная (часам iх мова была занадта беларускай (абы не так, як у рускiх), да таго ж адно слова з Вiцебшчыны, другое – з Палесся, трэцяе яшчэ аднекуль), то сярод нас аб знешнiм баку беларускасцi амаль i не задумвалiся, яна была натуральная. Н: Не забывай, што я недзе ў нечым узрасла на грунце «Талакi», па-першае. Па-другое, што талакоўцам Сяргей Вiтушка казаў аднойчы наступны тэкст: «Саўсiм мы не павiнны абмяжоўвацца лапцямi. Мы павiнны i адзявацца, i выглядаць лепей, i ведаць болей за небеларускую тусоўку, каб яны цягнулiся за намi.» Мяне гэта ўразiла, бо я прывыкла да свядомага крэну ў нейкую лапцюжнасць. Але рэч у прынцыпе не ў тым. Я нiчога такога не стварала. Стваралi тыя малыя, што былi вакол мяне. Вось так. А «Тутэйшыя» былi барацьбой самалюбстваў. На паседжаннях iх збiралiся здаецца разумныя людзi, здаецца ўсе да аднаго разумныя. Дурнога там не было нi аднаго. Але пра што размова? Ад размоў iхнiх мухi дохлi: «Ай, вот мяне не надрукавалi. Ай вот мяне рэдактар пакрыўдзiў, ай, вот ён такi-сякi, а я тут генiй». Я: Сваю асобу i мы не забывалi, але мы цiкавiлiся i iншым ужо. Нехта нам падабаўся, i мы прысвячалi яму вершы… Н: Бачыш, яшчэ адзiн доказ таго, што ўсё харошае бывае з любовi. Усё роўна ў якiх варыянтах. А без любовi не бывае нiчога харошага. Вось i ўсё. |
| |||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
|