Вiтаю, дружа!лiтaрa.net

 
Вершы са збору “Марыя S.”
18 красавiка 2007 /лiтаратура/
Віктар Сямашка


“Кроў Сусвету”, Менск, 1996
12 студзеня 2007 /лiтаратура/
Валерыя Кустава


Адметнасць шляху ў апраметную для беларуса
12 студзеня 2007 /iнтэрвiю/
Валерыя Кустава


Дзень Дз
4 лiстапада 2006 /няшчырасьць/
Маnn Kurt


Зацірка
29 кастрычнiка 2006 /няшчырасьць/
Маnn Kurt

Адам Глобус [e,ф,8]
Аксана Бязьлепкіна [e,2]
Алесь Аркуш [i,e,ф,6]
Алесь Разанаў [1]
Аляксей Бацюкоў [e,2]
Аліса Бізяева [i,e,ф,17]
Андранік Антанян [i,e]
Андрэй Дынько [i,e,ф,3]
Андрэй Курэйчык [i,e]
Андрэй Хадановіч [i,e,ф,12]
Валерыя Кустава [i,e,2]
Валянцiн Акудовiч [i,e,ф,1]
Вольга Караткевіч [i,e]
Віктар Сьлінко [2]
Віктар Сямашка [i,e,1]
Вінцэсь Мудроў [i,e,ф]
Ганна Гершвін [e,1]
Ганна Кiслiцына [i,e,ф,7]
Зьміцер Арцюх [e,1]
Зьміцер Бартосік [i,e,ф]
Зьміцер Вішнёў [i,e,ф,3]
Зьміцер Дзядзенка [e,1]
Людка Сільнова [1]
Людміла Рублеўская [i,e]
Лявон Вашко [4]
Лявон Вольскі [i,e]
Лявон Юрэвiч [i,e,ф,2]
Маnn Kurt [i,e,ф,14]
Макс Шчур [e,2]
Марыя Мартысевіч [i,e,2]
Мікола Папека [i,e,1]
Міра Лукша [i,e,1]
Павал Сьвярдлоў [i,e,1]
Павел Абрамовiч [i,e,3]
Павел Надольскi [i,e]
Палівач [e]
Пятро Васючэнка [1]
Севярын Квяткоўскі [i,e]
Серж Мiнскевiч [i,e,ф,1]
Славамір Адамовіч [1]
Сяргей Астравец [i,e,1]
Сяргей Сматрычэнка [e,1]
Сяргей Шыдлоўскі [i,e,ф,1]
Тацяна Сьлінка [e,ф]
Уладзімер Арлоў [i,ф,1]
Усевалад Гарачка [e,2]
Францiш Богуш [e,1]
Цiна Клыкоўская [e,1]
Юрась Барысевіч [e,1]
Юры Гумянюк [i]
Ігар Бабкоў [e,7]
Ігар Сiдарук [i,e]
Ўжо ня дзевачка... [i,e,ф,1]
Ільля Сін [i,e]
Інэса Кур`ян [e]
Ірына Хадарэнка [i,e,ф]

i - толькi iнфармацыя
е - ёсьць email
ф - ёсьць фота
лiчба - колькасьць матэрыялаў зьвязаных з аўтарам
Нетыповы народ
Макс Шчур, 13 жнiўня 2002

У апошні час вядуцца розныя спрэчкі наконт патрэбы рэфармаваць беларускі правапіс з мэтай пазбавіцца спадчыны савецкіх часоў, калі яго імкнуліся падпарадкаваць палітыцы русіфікацыі. Пры гэтым мы не ўсьведамляем, што русіфікацыі насельніцтва колішняга ВКЛ фактычна папярэднічала ягоная беларусіфікацыя, распачатая ў ХІХ стагодзьдзі Франьцішкам Багушэвічам, Янкам Лучынам ды іншымі.

Гэтая беларусіфікацыя (памкненьне да культурнай і палітычнай аўтаноміі ў межах Расейскай імпэрыі, а ня Рэчы Паспалітай, як дагэтуль) вярнула беларускую культуру ва ўлоньне кірылічнай пісьмовай традыцыі. Такім чынам, культурны ўплыў Расеі ў выніку выявіўся мацнейшым за культурны ўплыў Польшчы, нягледзячы на тое, што менавіта палякі па адукацыі—Чачот, Міцкевіч, Марцінкевіч—першымі “адкрылі” беларусаў у ХІХ стагодзьдзі. Паралельнай і кампэнсацыйнай у дачыненьні да беларусіфікацыі зьявай быў на русскім боку так званы “западно-руссізм”, які імкнуўся задушыць думку аб беларускай культурнай самастойнасьці ў магутных абдымках русскай праваслаўнай культуры. Парадаксальным чынам, менавіта працы западно-руссістаў сталіся вялікім унёскам у беларусазнаўства й стымулем для далейшай працы на ніве нацыянальнага адраджэньня. Аднак сапраўдным морам для беларускай народнай культуры была спачатку мураўёўшчына, гвалтоўны перавод у праваслаўе, а неўзабаве наступ капіталізму, што рушыў з Усходу, індустрыялізацыя Беларусі, якія азначалі прасякненьне русскай мовы ва ўсё шырэйшыя слаі насельніцтва. Тым ня менш, рэвалюцыйны рух на Беларусі ў хаўрусе зь беларускімі адраджэнцамі канчаткова дамогся палітычнай і культурнай аўтаноміі “Паўночна-Заходняга краю” ў складзе Расеі ў 1919 годзе. Пачалася беларусізацыя—найвышэйшая стадыя беларусіфікацыі, якой было характэрнае памкненьне да фактычнай культурнай незалежнасьці ад Масквы: памкненьне, але не незалежнасьць.

Адной з праяваў беларускай самастойнасьці ў складзе расейскай культуры было завядзеньне ў беларускай мове фанэтычнага прынцыпу правапісу. На той момант такі крок быў папросту неабходным: істотна было зарэгістраваць тагачаснае народнае вымаўленьне. Такім чынам, па сутнасьці, лёсавызначальным для нашай сёньняшняй пісьмовай культуры ёсьць той факт, што сучасная (новабеларуская) мова была ўласна сфармаваная ў непісьмовы пэрыяд сваёй гісторыі (XVII-XIX стст.). Да таго ж, у пасьлярэвалюцыйнай сытуацыі адхіленьне правапісу ад народнага вымаўленьня ў бок традыцыйнага, кніжнага (што азначае—дарэформнага русскага) напісаньня магло быць успрынятае як адхіленьне ідэялагічнае, як праява залішней “буржуазнай”, “царскіх часоў” адукаванасьці—таму пры стварэньні беларускай літаратурнай мовы народу імкнуліся “дагадзіць” як найбольш. Слушна: у пэўным сэньсе розьніца паміж вымаўленьнем і напісаньнем, паміж вуснай і пісьмовай мовай зьяўляецца адлюстраваньнем сацыяльнага распадабненьня ў грамадзтве, ці то—наяўнасьці цывілізацыі й дзяржавы. Паколькі традыцыя існаваньня старабеларускай дзяржавы, беларускага пісьма й беларускай пісьменнасьці была гвалтоўна перарваная ў XVII стагодзьдзі, беларускія адраджэнцы фактычна мусілі стварыць беларускае пісьмо зноўку, цяпер ужо на базе русскага кірылічнага альфабэту. Заўважце: не пераняць русскі кірылічны альфабэт, а аднавіць зь ягонай дапамогай уласную кірылічную традыцыю. Тое самае, прыкладам, зрабілі на сто гадоў раней за нас чэхі з лексічным складам сваёй мовы, які быў абноўлены з дапамогай запазычаных з Масковіі славянскіх каранёў, а часам і гатовых словаў. Гэта не азначае, што яны русскую мову “перанялі”: яны, так бы мовіць, “прышчапілі” некаторыя ейныя сажанцы на ўласнай глебе, на якой тыя прыжыліся лепей нельга.

Аднак у нас гэта зробленае не было: традыцыя карыстаньня кірыліцай не была адноўленая, а сама кірыліца была перанятая з усходу ў якасьці чыста фанэтычнага альфабэту, адсюль—фанэтычны прынцып правапісу. Што азначае: беларускія словы былі мэханічна запісаныя “русскімі” літарамі, як мы гэта бачым ужо ў Насовіча й Адама Багдановіча. Некаторыя (Ластоўскі) спрабавалі ўлічваць польскую традыцыю напісаньня беларускіх словаў і перанесьці яе ў кірыліцу. Магчыма, уласнабеларуская традыцыя кірылічнага правапісу была занадта старажытнай і непрыстасаванай да сучаснасьці—аднак дасьледаваць яе й належным чынам прыстасаваць да патрабаваньняў новай рэчаіснасьці перашкаджала толькі ідэялагічна матываваная нерашучасьць. Такім чынам, з-за ідэалагічных прычынаў пераемнасьці культураў між ВКЛ і БССР (выбачайце за анахранізм) не адбылося, старажытнабеларуская лексіка не была ўведзеная ў сучасную літаратурную мову. Выняткам ёсьць спробы Янкі Станкевіча, найбольш фундамэнтальнай зь якіх зьяўляецца ягоны пераклад Бібліі—аднак і тыя былі, бадай, ужо запозьненыя. Рэформа правапісу 1934 году хаця й паспрабавала адыйсьці ад чыста фанэтычнага прынцыпу, аднак менавіта там, дзе ягонае захаваньне было неабходным дзеля перадачы такіх фанэтычных асаблівасьцяў беларускай мовы, як мяккае “с” альбо падвоеныя мяккія зычныя. У выніку, сёньня мы маем, што маем: цалкам падпарадкаваную фанэтычнаму прынцыпу “наркомаўку” ў якасьці афіцыйнага беларускага правапісу.

Як ачысьціць беларускую кірыліцу ад сьлядоў няўдалых экспэрымэнтаў савецкага часу? Ці магчыма, наогул, пазбавіць яе ейнага другаснага характару ў дачыненьні да маскоўскай кірылічнай традыцыі? Ці варта ісьці шляхам Яна Станкевіча і зноў спрабаваць аднавіць уласную традыцыю карыстаньня кірыліцай, улучна з уласным альфабэтам, “капіеўкай”?

Адзначым, што якім бы ні быў правапіс, галоўнае не ягоны зьнешні выгляд, а прынцып ягонага дзеяньня, ягонага прыстасаваньня да канкрэтнай мовы. Мова, наогул кажучы, ня ёсьць правапіс. Беларускія мовазнаўцы, мажліва, зрабілі ў ХХ стагодзьдзі непапраўную памылку, цалкам прыстасаваўшы кірылічны правапіс пад беларускае вымаўленьне—гэтак паміж правапісам і вымаўленьнем зьнікла ўсялякая розьніца, і ў рэшце рэшт вымаўленьне само прыстасавалася пад правапіс. Такім чынам, мова сталася правапісам і зьнікла як маўленьне. Канчатковая стадыя заняпаду беларускай мовы й ператварэньня яе ў чысты правапіс выяўляе сябе ў мове некаторых сучасных беларускіх пісьменьнікаў, якія карыстаюцца беларускімі літарамі для перадачы фанэтычных асаблівасьцяў рускай мовы беларускага прэзыдэнта й беларускіх вяскоўцаў. Іранічна ў той самай якасьці беларускім правапісам карыстаецца газэта “Навінкі”.

Шмат хто лічыць, што кірыліцы наогул імманэнтны “прамаскоўскі” дух, і што нашмат больш “па-беларуску” было б карыстацца лацінскім абяцадлам. Іншыя прапануюць у якасьці антымаскоўскага леку для беларускай кірыліцы фактычную лацінізацыю беларускага кірылічнага правапісу, ягонае падпарадкаваньне арыгінальнаму вымаўленьню запазычаных словаў. Пры гэтым дамінуе памылковае перакананьне, што кірылічнымі літарамі ільга перадаць любое напісанае лацінкай у якой-заўгодна мове слова, і наадварот. Гэтае перакананьне не абавязанае нічому іншаму, як замацаванай у савецкія часы веры ў унівэрсальны характар фанэтычнага прынцыпу, які ў сваю чаргу пастулюе як неабходную адпаведнасьць паміж напісаньнем і вымаўленьнем слова, як свайго, так і запазычанага.

Аўтарам адной з такіх спробаў зьяўляецца сп. Вінцук Вячорка. Вось што ён піша ў прадмове да свайго праекту нармалізацыі аднаго з двух сёньняшніх варыянтаў беларускага кірылічнага правапісу, тарашкевіцы: “Рэальна існуе і ўсходне-эўрапейская, усходне-бізантыйская лінгвістычная (!—NB) традыцыя, у аснове якой ляжыць грэцкая мова ў ейным сярэдневечным, канстантынопальскім, абліччы. Так. Але мы, беларусы, змушаныя былі засвойваць ня гэтую традыцыю беспасярэдне (некалі мы былі ейнымі носьбітамі, але незваротна страцілі гэтую ролю), а толькі яе расейскі сурагат.”
Хацелася б зьвярнуць увагу перадусім на недакладнасьць тэрміналогіі, ужытай тут сп. Вячоркам. Гаворачы пра “лінгвістычную традыцыю”, ён мае на ўвазе, відаць, вялікую колькасьць царкоўных словаў грэцкага паходжаньня, якія былі ў сярэднявеччы запазычаныя ў шэраг славянскіх моваў, у тым ліку і ў беларускую. Так, але прычым тут, уласна, правапіс? Запазычаныя словы ж не пераносіліся з грэцкіх кніг у беларускія ў сваім першапачатковым выглядзе, а транскрыбаваліся з грэцкага альфабэту ў кірылічны, гэтаксама як пазьней перакладаліся з грэцкай мовы на беларускую. У лацінскапісьменным сьвеце, асабліва каталіцкім, традыцыі перапісу ані перакладу лацінскіх словаў на іншыя мовы не было (яе распачаў пратэстант Марцін Лютэр): лацінскія словы пераймаліся эўрапейскімі вучэнцамі ў нязьменным выглядзе. Кірылічны альфабэт, у сваю чаргу, даволі значна адрозьніваецца ад грэцкага альфабэту, таму кірылічная пісьмовая (што азначае, кніжная) традыцыя хаця й мае з грэка-бізантыйскай крыху больш агульнага, чымся з лацінскай, аднак ёсьць традыцыяй зь гледзішча лінгвістычнага самастойнай і незалежнай. Наадварот, з гледзішча рэлігійна-палітычнага тут існавала больш цесная сувязь, прыблізна такая самая, як паміж гербам “Пагоня” й апошняй нямецкай акупацыяй—што не дазваляе нам, аднак, лічыць “Пагоню” фашыстоўскім знакам, гэтаксама як кірылічную пісьмовую традыцыю “бізантыйскай”, дый яшчэ “ўсходне”. Зноў-такі, гаворка ідзе пра традыцыю правапісную, а не рэлігійную ці яшчэ якую, нягледзячы на ўсю сувязнасьць паміж імі—што да “лінгвістычнай традыцыі”, вызначыць зьмест гэтага тэрміну не бяруся. Такім чынам, бізантыйская й кірылічная—дзьве розныя з лінгвістычнага гледзішча пісьмовыя традыцыі.

Усялякая норма ёсьць традыцыяй, у тым ліку й правапісная. Маскоўская пісьмовая традыцыя, зразумела ж, ня ёсьць адзінай кірылічнай традыцыяй, аднак напачатку ХХ стагодзьдзя яна несумнеўна была найбольш да нас блізкай, і да таго ж найбольш разьвітай што да распрацаванасьці правапісу замежных словаў. Таму менавіта празь яе ў беларускую мову была пазычаная асноўная маса словаў замежнага паходжаньня, якія знаходзяцца ва ўжытку й па сёньняшні дзень. Гэты факт ёсьць не адзіным і ня самым яскравым прыкладам гістарычнага парадоксу, таму трэба ўспрымаць яго адпаведна, бяз прыступаў нацыяналістычнай гістэрыі. Аднак, з гістарычнага гледзішча, беларуская кірылічная традыцыя (да помнікаў якой, сярод іншага, належаць Скарынава Біблія й Статут 1588 года) ёсьць самастойнай, таму няма, здавалася б, сапраўды ніякіх падставаў карыстацца чужымі правапіснымі нормамі дзеля перадачы на пісьме запазычаных словаў. З гэтай прычыны сп. Вячорка прапануе гэтыя словы, так бы мовіць, “перазапазычыць”: то бок, замяніць іхнае сёньняшняе традыцыйнае ўжо напісаньне на напісаньне па сутнасьці фанэтычнае, збольшага падпарадкаванае вымаўленьню гэтых словаў у мовах іхнага паходжаньня—то бок, завесьці ў дачыненьні да іх той самы фанэтычны прынцып, які дзейнічае ў беларускай мове ў дачыненьні да словаў уласных. У гэтым і палягае сутнасьць прапанаванага ім упарадкаваньня, дакладней кажучы—пераарыентацыі правапісу. “Традыцыйная для нас—нямецка-лацінская арыентацыя, нямецка-лацінскае пасярэдніцтва. У гэтым мы—тыповы народ паўночнае часткі Цэнтральна-Ўсходняй Эўропы. ” (!) Калі гэта сапраўды так, дык можа найбольш лагічным для нас было б адразу перайсьці на лацінку, а не працягваць карыстацца “расейскім сурагатам”?
Разгледзім некаторыя з магчымасьцяў наданьня беларускаму правапісу зьнешняга ўражаньня “большай беларускасьці”, перадусім—самы радыкальны варыянт: завядзеньне беларускай лацінкі. Адразу ўзьнікае пытаньне: ці павінна яна пераняць фанэтычны прынцып, уласьцівы кірылічнаму правапісу? Што да ўласнабеларускіх словаў, тут асаблівых перашкодаў няма. Але ці павінны агульнаславянскія, даўней запазычаныя нямецкія, грэцкія, лацінскія, германскія й іншыя карані ды марфэмы перадавацца ў беларускай лацінцы паводле вымаўленьня, а не паводле іхнага традыцыйнага напісаньня, ужо існага ў іншых мовах? Іншымі словамі, ці павінен у дачыненьні да запазычаных словаў выкарыстоўвацца прынцып фанэтычнай транскрыпцыі, альбо яго павінен замяніць прынцып транслітэрацыі? Як пісаць: Šejkspir альбо Shakespeare, futbol альбо football, filasofija альбо filosofia ці нават philosophia, kašmir альбо cachemire, teatar альбо theatre, etc. (альбо i h.d.)?

Правапісы большасьці моваў, якія карыстаюцца абяцадлам, падпарадкаваныя не фанэтычнаму, а традыцыйнаму прынцыпу: менавіта гэта, а ня што іншае, дазваляе лацінскаму альфабэту выконваць ролю своеасаблівага пасярэдніка ў паразуменьні паміж носьбітамі розных і часам вельмі адрозных між сабой моваў. Ці то: лацінскі альфабэт не перадае вымаўленьне, але марфалогію й этымалогію слова, тым часам як ягонае вымаўленьне цалкам залежыць ад носьбітаў той ці іншай мовы. Прыкладам, слова piano па-рознаму чытаецца ў Англіі, Партугаліі й Францыі, аднак усім зразумела, што йдзецца пра музычны тэрмін. Адначасова, калі ў беларускай лацінцы будзе захаваны пераняты з кірыліцы фанэтычны прынцып, тады прыйдзецца пісаць pijana, што нават носьбіту нейкай са славянскіх моваў не дапаможа зразумець, пра што ўласна ідзе гаворка. Магчымы аргумэнт: карыстаюцца ж некаторыя славянскія мовы лацінкай! Карыстаюцца, але ўжо каля тысячы гадоў. Сыстэма карэляцыі напісаньняў паміж гэтымі й астатнімі эўрапейскімі мовамі добра распрацаваная і ўжо замацаваная ў традыцыйным вымаўленьні. То бок, словасклад гэтых моваў сфармаваўся ў калысцы агульнаэўрапейскай традыцыі, а іхны правапіс да значнай ступені падпарадкаваны традыцыйнаму прынцыпу, асабліва што тычыцца запазычаньняў з эўрапейскіх моваў. Што натуральна: традыцыйны прынцып правапісу, строга кажучы, і палягае перадусім у пераемнасьці напісаньня словаў, якія ў гэтай пісьмовай традыцыі ўжо існуюць. Такім чынам, славянскія мовы, якія карыстаюцца лацінскім пісьмом, ня маюць праблемаў зь перадачай словаў лацінскага ды іншага паходжаньня—што ёсьць на сёньняшні дзень вялікай праблемай беларускай кірыліцы, у прыватнасьці. Менавіта ў перадачы ёю на маскоўскі капыл запазычаных словаў і выяўляецца ейны “прамаскоўскі дух”.

Акрамя таго, асаблівасьцяй заснаваных на лацінцы правапісаў зьяўляецца тое, што яны запазычваюць пасярэдніцтвам лацінскай пісьмовай традыцыі гэтаксама й словы грэцкага паходжаньня, якія, уласна, утвараюць—альбо павінны былі б утвараць—падмурак кірылічнай пісьмовай традыцыі. Балазе, традыцыя перапісу грэцкіх словаў лацінкай ёсьць старой, як сама лацінка—чаго ня скажаш пра адваротны выпадак: практыка перапісу лацінскіх словаў кірыліцай існуе толькі некалькі стагодзьдзяў і найбольш распрацаванаю ёсьць у русскай (маскоўскай) мове. У старабеларускай кірыліцы гэтая традыцыя таксама існавала: празь яе ў беларускую мову былі запазычаныя словы збольшага нямецкага паходжаньня.
Аднак вернемся пакуль да гіпатэтычнай беларускай лацінкі. Калі яна пяройме ад іншых эўрапейскіх моваў традыцыйны прынцып напісаньня словаў лацінскага паходжаньня і ўласных імёнаў, дык застаецца пытаньне іхнага вымаўленьня, то ж бо традыцыйнае, ужо сёньня ў мове існае вымаўленьне гэтых словаў, замацаванае кірылічным фанэтычным правапісам, будзе значным чынам пашкоджанае й рана ці позна прыстасуецца пад новы правапіс. Калі гэтага не адбудзецца й традыцыйны лацінскі правапіс ня будзе заведзены, дык ці ёсьць сэнс у завядзеньні беларускай лацінкі сёньня, калі яшчэ ў шмат якіх выпадках ня вырашанае пытаньне слушнага беларускага вымаўленьня запазычаных словаў, як і ня вызначаныя самі шляхі гэтага запазычаньня ў беларускую мову?
Як бачым, пытаньне нават ня ў норме напісаньня, а ў норме вымаўленьня, аб якіх мы звыкліся дзякуючы фанэтычнаму прынцыпу думаць, што гэта тое самае. Няма сумневаў, што сучасныя носьбіты беларускай мовы карыстаюцца вялікай колькасьцю замежных словаў, аднак паміж імі пануе фактычная нязгода наконт літаратурнага вымаўленьня гэтых словаў, што й адлюстроўваецца перадусім у іхным розным напісаньні. Адбываецца гэта таму, што ў афіцыйнай беларускай літаратурнай мове іхнае нарматыўнае вымаўленьне ёсьць няслушна замацаваным.

Чаму ўзьнікае такая, здавалася б, неверагодная праблема? Адказ будзе яшчэ больш неверагодным: таму, што да значнай меры гэтае нарматыўнае, афіцыйна замацаванае ў мове вымаўленьне грунтуецца, насамрэч, не на фанэтычным, як у астатніх выпадках, а на традыцыйным кірылічным правапісу, рэпрэзэнтаваным маскоўскай пісьмовай традыцыяй!

Нават у напісаньні слова “сурагат” выяўляецца нутраная супярэчнасьць беларускай мовы, якую пераход на лацінку (альбо на лацінізаванае напісаньне словаў, нібыта запазычаных намі “з захаду”) ня толькі ня вырашыць, але й паглыбіць: супярэчнасьць паміж фанэтычным і традыцыйным прынцыпамі напісаньня, з аднога боку, і паміж напісаньнем уласных і запазычаных словаў, з другога. Русская мова ў дачыненьні да словаў уласнага паходжаньня скарыстоўвае традыцыйны прынцып напісаньня, а ў дачыненьні да словаў замежнага паходжаньня—фанэтычны (то бок, імкнецца перадаць вымаўленьне, гучаньне замежнага слова з дапамогай русскай кірылічнай графікі). Беларуская мова скарыстоўвае фанэтычны прынцып у дачыненьні як да ўласных словаў, так і да замежных, аднак пры гэтым большасьць замежных словаў традыцыйна вымаўляецца паводле русскага вымаўленьня—таму можна сказаць, што ў дачыненьні да замежных словаў беларуская мова карыстаецца “схаваным” традыцыйным прынцыпам, які ільга было б назваць прынцыпам трансартыкуляцыі.

Яскравым прыкладам трансартыкуляцыі ёсьць беларускае напісаньне слова “сурагат”. Вось сапраўдны, а не “нямецка-лацінскі”, як сьцьвярджае сп. Вячорка, шлях ягонага запазычаньня: фр. “surrogate”, —русс. “суррогат”—русс. вымаўленьне suragat, выбухное “г”; бел. вымаўленьне surahat, фрыкатыўнае “г”—бел. “сурагат”. Тое самае—“рамонт”: фр. remonte (са значаньнем “уздыманьне”)—русс. “ремонт” (у значаньні “рамонт”)—русс. вымаўленьне rіemont, мяккае “р”; бел. вымаўленьне remont, зацьвярдзелае “р”—“рэмонт”, “э” не пад націскам пераходзіць у “а”—“рамонт”. Гэтак з русскага слова “ремонт” атрымліваецца “добра асвоенае”, у тэрміналогіі сп. Вячоркі, беларускае “рамонт”.

Трансартыкуляцыя, трэба сказаць, ёсьць даволі адметнай уласьцівасьцю беларускай мовы, якая шмат гаворыць аб беларускім мэнталітэту як гэткім: ня маючы магчымасьці адукоўвацца ў роднай мове, беларусы напрыканцы ХІХ-пачатку ХХ стст. адукоўваліся збольшага ў мове русскай, і такім чынам прынеслі ў беларускую мову ўжо раней запазычаныя русскай мовай замежныя словы. У нашай мове гэтыя словы зьнешне, ці то фанэтычна, “абеларусіліся”, аднак ані сапраўднага іхнага перакладу (за выключэньнем спробаў Ластоўскага), ані належнай транскрыпцыі ў адпаведнасьці з іхным арыгінальным вымаўленьнем не адбылося. Чаму? Таму што сама наяўнасьць гэтых словаў у мове, якія шмат у чым вызначаюць узровень ейнай культурнай сьпеласьці, была на той час важнейшая, чымся іхнае дасканалае прыстасаваньне да законаў мовы.

Запытаймася: а ці магло слова “сурагат” быць запазычанае ў беларускую мову ў іншым выглядзе ды іншым шляхам? На працягу двух стагодзьдзяў ад часу забароны афіцыйнага карыстаньня беларускім кірылічным пісьмом беларуская мова была мовай гутарковай, што ў тых эканамічных і палітычных варунках азначала—сялянскай. На працягу гэтага часу ані слова “surrogate”, ані якое іншае слова-культызм у беларускую мову быць запазычаным не магло, таму што не было ня толькі магчымасьці, але перадусім патрэбы такога запазычваньня, як што тагачасная культура беларускага народу мела надзвычай мала агульнага з культурай кніжнай і эўрапейскай—праз што беларускія нацыяналісты сёньня пакутуюць з комплексу ўяўнай “культурнай непаўнавартасьці” нашага народа.
Згода—а што рабіць з “сурагатам” сёньня? Ці павінна яно існаваць у мове ў такім выглядзе, як сёньня, ці патрэбнае яно мове, ці нельга яго замяніць адпаведнікам уласнабеларускага паходжаньня? На гэтае пытаньне павінна адказаць разьвіцьцё самой мовы. На пакуль што ў нас няма ня толькі права, але й патрэбы мяняць усталяваную традыцыю выключна з жаданьня выявіць сваю новую палітычную арыентацыю: менавіта з гэтай заганнай традыцыяй прыстасаваньня мовы пад кожную новую палітычную моду варта было б нарэшце парахаваць, замест таго каб уводзіць яе ў норму, як прапануе сп. Вячорка.

Безумоўна, ідзецца ўсяго толькі пра нармалізацыю тарашкевіцы—аднак ня можа быць сумневу, што ў выпадку магчымай перамогі права-дэмакратычных сілаў на беларускай палітычнай арэне тарашкевіца была б ізноў уведзеная ў карыстаньне й сталася б афіцыйным нацыянальным правапісам менавіта ў прапанаваным сп. Вячоркам варыянце. Канечне, сп. Вячорка скажа, што не перасьледуе такіх мэтаў, аднак нельга не ўсьведамляць, што ўжо сёньня вялікая частка актыўных носьбітаў беларускай мовы карыстаецца тарашкевіцай—таму варта крытычна глядзець на распрацаваны ім праект ужо сёньня.

Прычынай няпосьпеху як вячоркаўскай, так і ўсялякай уніфікацыі беларускага кірылічнага правапісу ёсьць само па сабе памкненьне да уніфікацыі, канчатковасьці, тыпізацыі, якое выяўляецца, акрамя іншага, у спробах ня толькі прадбачыць, але й прадвызначыць разьвіцьцё мовы—ды яшчэ й аргумэнтаваць прадбачаньнямі будучага разьвіцьця ў сучаснасьці, што ўжо зусім пераходзіць межы звычайнай логікі. Мэтай правапісу ёсьць ня быць штучным дадатковым рухавіком разьвіцьця мовы, а захоўваць яе. Менавіта здольнасьцю тарашкевіцы захоўваць традыцыю тлумачыцца тая значнасьць, якую яна атрымала ў ХХ ст. на эміграцыі. Сп. Вячорка, верагодна, хоча, каб зьмены ў правапісу прадвызначылі разьвіцьцё нашай мовы—між тым як у сапраўднасьці ўсё мусіла б быць наадварот, разьвіцьцё мовы павінна было б прадвызначаць зьмены ў правапісу.

Памкненьне скарыстаць да напісаньня як замежных, так і ўласных словаў адзін і той самы правапісны прынцып, у дадзеным выпадку менавіта фанэтычны, ёсьць, з майго гледзішча, папросту утапічным. Пераадолець супярэчнасьці, непазьбежныя ў выпадку завядзеньня заснаванага на такім прынцыпу правапісу, ільга толькі тады, калі мы будзем умець (ці прынамсі вучыцца) адрозьніваць, па-першае, словы ўласнабеларускія ад словаў замежнага паходжаньня, па-другое, словы лацінскага паходжаньня ад словаў паходжаньня грэцкага, па-трэцяе, словы, запазычаныя з эўрапейскіх моваў ад уласналацінскіх словаў, па-чацьвёртае, словы русскага паходжаньня ад словаў, запазычаных праз русскую мову, і па-пятае, правапіс імёнаў агульных ад правапісу імёнаў уласных. Магчыма, такая структура ёсьць, з гледзішча практычнага авалоданьня моваю заскладанай—аднак пры гэтым, з майго гледзішча, яна адпавядае рэчаіснай структуры нашага словаскладу.

Потым варта вызначыць, які правапісны прынцып якому кшталту словаў найлепш пасуе. За ўласнымі словамі ў нашай мове трывала замацаваны прынцып фанэтычны. У дачыненьні да правапісу словаў замежнага паходжаньня ільга было б прапанаваць наступнае:

1. Захаваць традыцыйнае напісаньне словаў уласна-лацінскага і раманскага (францускага, гішпанскага, італьянскага, партугальскага, румынскага) паходжаньня паводле ўжо існай у мове традыцыі, перанятай з маскоўскай мовы шляхам трансартыкуляцыі (традыцыйнае напісаньне): аэразоль, класычны, відэя, аўдыя, стэрэа, план, сурагат, прэпарат, прафэсія, фармалізм, камунізм, рамонт, карыда, опэра, апэрэта, апэрацыя, апаратура

1.а) Пры перадачы ўласных імёнаў прытрымлівацца фанэтычнага прынцыпу, ці то
вымаўленьня гэтых імёнаў у мовах іхнага паходжаньня: Вэрн, Кюры, Пікассо

Выключэньні: даўно замацаваныя геаграфічныя назвы—Рым, Парыж, Таронта,
Амазонка, Кардыльеры

2. Унармаваць напісаньне словаў грэцкага паходжаньня ў адпаведнасьці з клясычным грэцкім вымаўленьнем і ўласнабеларускай кірылічнай традыцыяй, што вымагае ў некаторых словах зьмену націску. Захаваць напісаньне грэцкага “ф” і дазволіць радыкальным пурыстам вымаўляць яго як “хв” (традыцыйнае напісаньне): акафіст, біялог, дыялог, філасоф, філамат, філарэт, форма, эўтанасія, Эўропа, катастрофа, Карфаген, катарсіс, фэномэн, ноумэн.

але: ахвяра (фанэтычнае напісаньне)

2. а) У першым складзе перад націскам каранёвая галосная “о” пераходзіць у “а”

фон—фанэтыка, фанэтычны; фота—фатаграфія, фатаграфічны

3. Пры перадачы на пісьме словаў германскага й славянскага паходжаньня імкнуцца кіравацца вымаўленьнем гэтага слова ў чужой мове (фанэтычнае напісаньне): футбал (анг.), ватэрпас (гал.), гаўптвахта (ням.), матрошка (рус.)

Выключэньні: геаграфічныя назвы (традыцыйнае напісаньне)—Кіеў

3.а) Словы, што паходзяць з русскай і іншых моваў, якія карыстаюцца кірылічным
альфабэтам, магчыма таксама перадаваць у іхным першапачатковым напісаньні.
(транслітэрацыя): матрёшка, НКВД, січь

Галоўныя пярэчаньні на адрас гэтага праекту могуць быць наступныя: 1) Ён прапануе хутчэй “тарашкевізацыю” афіцыйнага правапісу, чымся нармалізацыю тарашкевіцы. Насамрэч, такая зьмена падаецца нам найбольш рэальнай. Калі разгледзець норму сёньняшняга літаратурнага моўнага ўжытку, дык выявіцца, што ёй насамрэч больш пасуе азначэньне “тарашкевізаванай наркомаўкі”, чымся класычнай тарашкевіцы.

Прычым “тарашкевізацыя” літаратурнай мовы праводзіцца ў бальшыні выпадкаў адвольна, непасьлядоўна, а часам і неабгрунтавана. 2) Такая норма перадумаўляе веданьне паходжаньня слова дзеля ягонага правільнага напісаньня, а такім чынам ускладняе практычнае засваеньне нормы. Тут нельга пагадзіцца: засваеньне нормы перадумаўляе веданьне нормы. Першым крокам на шляху адмаўленьня ад чыста фанэтычнага мысьленьня ёсьць усьведамленьне таго факту, што вымаўленьне й напісаньне зусім не павінны адпавядаць адзін аднаму. Напрыклад, чаму нельга было б пісаць “нэрв—нэрвовы, нэрвавацца” й пры гэтым вымаўляць “нэрф”? Трэба звыкнуцца з думкай, што слушна чытаць па-беларуску, такім чынам, будзе ўмець ня кожны, хто ведае літары кірылічнага альфабэту з русскай мовы, а толькі той, хто насамрэч валодае беларускай мовай, што азначае: правіламі беларускага кірылічнага пісьма й беларускага вымаўленьня. Наўмыснае спрашчэньне нормы нашай літаратурнай мовы, між іншым, было адной з прычынаў дэгенерацыі ейнага ўжытку: згодна школьнаму атэстату, па-беларуску ў нас умее кожны—і адначасова амаль ніхто. Натуральна, што ўскладненьне літаратурнай нормы выкліча патрэбу прысьвячаць вывучэньню беларускай мовы больш часу, у выніку чаго, магчыма, ейнае вывучэньне будзе альбо цалкам адмененае, альбо нарэшце мецьме нейкія вынікі.

Доўгі час навучаньне беларускай мове было арыентаванае на распрацоўку сыстэмы так званых “правілаў”, якія б дапамаглі фактычнаму ня-носьбіту мовы лёгка яе засвоіць. Было гэта зроблена паводле ўзору русскай мовы, якая за савецкімі часамі імкнулася пашырыць сфэру свайго ўплыву й ужываньня, і таму распрацавала сыстэму “правілаў”, якія спрасьцілі моўную норму й палегчылі ейнае засваеньне носьбітамі іншых моваў—казахамі, узбекамі, беларусамі, літоўцамі. Бадай, ніводная з эўрапейскіх моваў ня робіць такога культу з правілаў, як русская, нягледзячы на тое, што існуюць вельмі складаныя правапісы, падпарадкаваныя збольшага традыцыйнаму прынцыпу.

Беларуская мова ня мае такіх далёкасяглых амбіцыяў, таму засваеньне новай нормы (якая пераважна грунтуецца на пануючым ужо цяпер напісаньні) не павінна складаць вялікай цяжкасьці для саміх беларусаў. Для гэтага існуюць, у рэшце рэшт, сярэднія школы. Засвоіўшы прапанаваную намі норму правапісу замежных словаў у беларускай мове, беларускія дзеці адначасова даведаюцца сёе-тое як аб клясычных і сучасных эўрапейскіх мовах, так і аб структуры беларускага словаскладу, што ў пэрспэктыве станецца станоўчым фактарам з гледзішча далейшага фармаваньня й захаваньня моўнай традыцыі.

чытаць 49 камэнтараў, вэрсiя для друку



 Беларуская Палiчка
 Pravapis.org
 Навiны ТВЛ
 Наша Нiва
 Arche
 Дзеяслоў
 Фрагмэнты
 Nihil
 Калосьсе
 Асацыяцыя Ўкраiнскiх пiсьменьнiкаў
 
   

2002 © litara.net | iнфармацыя пра праект
хостынг прадстаўлены ext|media