лiтaрa.net | выданьнi |
Паміж
Філязофска-літаратурны часопіс
Заснавальнік і фундатар: Беларускі Калегіюм
Першы нумар выйшаў улетку 2001 г.
Часопіс робіцца студэнтамі аддзяленьня філязофіі й літаратуры Беларускага Калегіюму.
www.baj.unibel.by/Belkalegium [http://www.baj.unibel.by/Belkalegium]
email: czasopis_pamiz@tut.by [czasopis_pamiz@tut.by]
Рыхтуецца да друку "Культурная кантра-банда" – 2-гі нумар часопіса "ПАМІЖ".
Сярод матэрыялаў "Паміж" №2:
Эльза Андрушкевіч "Разбурэньне сусьвету", "Вужыная каралева"
Марыя Барадзіна "Чорнае капрыччо"
Шымас Гіні "Услава паэзіі"
Алена Дзінман "…ён, як звычайна, лётаў уначы…"
Тацяна Крэмень "Каханак вялікай мядзьведзіцы"
Сяргей Пясецкі "Запіскі афіцэра Чырвонай Арміі"
…Крытыкі аднагалосна называюць мае кнігі "амаральнымі". Таму лічу, што створанае мною могуць чытаць толькі асобы маральна ўстойлівыя, або тыя, хто ня мае аніякай падобнай устойлівасьці… (Сяргей Пясецкі)
Сяргей Пясецкі
"Запіскі афіцэра Чырвонай Арміі"
Вялікаму Сталіну – Ура! Ура! Ура!
Пачынаецца Новы Год. Задумаўся я быў над тым, чаго б мне хацелася для сябе ў новым годзе? Дык вось, найбольшае маё жаданьне – памерці дзеля славы нашае сьвятое Расеі ў прысутнасьці яе геніяльнага правадыра, Сталіна. Так я сабе гэта ўяўляю: я ляжу ў шпіталі, сьмяротна паранены ў барацьбе з ангельскімі крыважэрнымі прыслугачамі капіталістаў… Ведаю, што памру, але яшчэ й ведаю, што ўласнаручна забіў колькі дзясяткаў ангельскіх імпэрыялістаў і здабыў сьцяг іхнага найбольш азьвярэлага палку. Так. Ляжу вось і паміраю… Шкада мне з жыцьцём разьвітвацца, бо, вядома, у мяне ўжо гадзіньнікі ё, і валізка, і хромавыя боты. Але ведаю, што нават, як памру – калі нашая магутная Расея скарыць увесь сьвет і будзе ім кіраваць, ліквідуючы сыстэматычна рэакцыйныя элемэнты, – маё імя будзе залатымі літарамі высечанае на мармуровай дошцы як імя героя Савецкага Саюзу. Так.
Вось ляжу я й зусім ужо паміраю. Прапаноўваюць мне катлеты, яшчэ розныя там кілбасы, але я нічога… нават увагі на ўсё гэтае не зьвяртаю. У гэты момант адчыняюцца дзьверы, і ў палату ўваходзіць грунтоўна ўзброены аддзел НКВД. Становяцца ля ўсіх вокнаў і дзьвярэй, трымаюць напагатове зброю. Потым зьяўляюцца самі маршалы й генэралы, становяцца ў шыхт ад дзьвярэй да майго ложка. А я нічога: ляжу й паміраю… Потым… потым… паказваецца ЁН!… Мой правадыр!… Сонца Расеі й сьвету… Ён… таварыш Сталін… Я зрываюся з ложка, выпростваюся й крычу: "Вялікаму Сталіну – Ура! Ура! Ура!" А ён набліжаецца да мяне й кажа: ***
Пераклад з польскай Тацяны Крэмень
Шымас Гіні
Услава паэзіі
Нобэлеўская лекцыя (7 сьнежня 1995 г.)
Урыўкі
…Я ўслаўляю паэзію, бо яна стварае лад, дзе мы, нарэшце, здольныя дарасьці да таго, што назапашвалася ў нас, пакуль расьлі…
…У саракавыя гады нашая вялікая сям'я (я быў старэйшым сынам) тулілася ў трох пакоях традыцыйнага крытага саломаю фэрмэрскага дамка, што месьціўся сярод вясковых абшараў графства Дэры. Гэта было свайго кшталту пустэльніцкае жыцьцё – глыбокае, чуйнае, фізычнае існаваньне – калі й сэрца, і розум аддзеленыя ад зьнешняга сьвету амаль неадольным мурам…
…Гэта адбылося некалькі гадоў таму, калі я паспрабаваў знайсьці ў сваіх уяўленьнях ды разьліках месца й для цудоўнага, і для крывавага…
…Я прагнуў паэзіі, якая б адпавядала майму азначэньню: "лад, праўдзівы ва ўспрыманьні зьнешняй рэчаіснасьці й … чуйны да ўнутраных законаў паэтавай істоты"…
…бываюць часы, калі /…/ верш мусіць быць ня проста ненавязьліва праўдным, але й непераадольна мудрым, ды ў ім, апроч нечаканага погляду на сьвет, павінна ўтрымлівацца й моц ператварыць гэты сьвет…
Пераклад з ангельскай Тацяны Вабішэвіч
Эльза Андрушкевіч
Вужыная каралева. Урыўкі з апавяданьня
…Асілкі (яшчэ на золку чалавецтва) пазайздросьцілі волатам, іх уменьню чараваць і скралі іх веду. Гэтак веда аддзялілася ад веры, і сьвет разьбіўся на добрае й ліхое, сваё й чужое. Тады асілкі стварылі дужых, як калматыя горы, багатыроў, каб сабраць рассыпаны сьвет. Але багатыры плюнулі на капрызы багоў, у іх зьявіліся свае пляны. Людзі, малыя й кволыя, спадабаліся ім больш. І задалі яны перцу й асілкам, і волатам…
…Ты аглядаесься. Табе аб’яўляецца зусім іншы сьвет. Сонца сьпелым крамяным яблыкам ляжыць нізка на далоні-аблачынцы й ня сьлепіць вачэй. Месяц-мэсія мерае й люляе вечнасьць у сваёй калысцы.
Зоркі. Мірыядны бляск Сусьвету. Легіёны празрыстых шырокіх вясёлак ледзь зацярушваюць яго. І на ростанях сваіх зьліваюцца ў залаціста-белае зьзяньне.
Вечны Кон, Дрэва Жыцьця, Яснае Дрэва цягне свае галінкі ў бяздоньне сусьвету. Не замінае, не зацямняе, не захінае, а суладна сплятаецца з кожнай травінкай, барвай, зоркай. І ты адчуваеш, быццам пасьля доўгіх пакутлівых вандровак нарэшце вярнулася дамоў. Ціхая, сьветлая радасьць напаўняе цябе.
Празь зялёныя галіны ты ясна бачыш горад зь цёплага чырвонага каменьня, зь белымі, як малако Птушынага Стану, вежамі…
… — Ну, Ярыла -– гэта ж бландзін басаногі на кані з коласам у аднэй руцэ, з чэрапам – у другой, бог сонца! І ўвогуле, кажуць, не хлапец нават, а дзеўчына, што едзе да Сварога шлюбавацца.
Пярун, мо ў тысячны раз за вечар, заходзіцца звонкім сьмехам. Пара нечакана пачынае ўважліва разглядаць малочна-белую столю. Яра сьвідруе цябе позіркам у напружанным маўчаньні. Уздыхае -– са скрухай. І тлумачыць -– табе, неразумнаму дзіцяці:
–- Па-першае, са Сварогам, – ён ківае ў бок Пяруна, і ты чырванееш, – у мяне аніякіх інтымных стасункаў не было! Па-другое, полавыя разрозьненьні – гэта там, унізе. Па-трэцяе, чаравікі выдатна здымаюцца й нацягваюцца. Па-чацьвертае, конь – атрыбут любога леля. І ўвогуле, сонца – гэта абсалютна іншая размова! – дадае Яра зусім пакрыўджана.
Ты працягваеш глядзець. Недаверліва. Пачынаеш злавацца – ад цябе схавалі т а к о е!
-– Давайце ня будзем сварыцца! – прапануе Пярун голасам, якому не пярэчаць. – Айда шпурляцца камянямі! – і весела кідае Яру: – Я ця’ ўміг валуном па нябёсах размажу!
І ўсе як адзін падымаюцца ад стала. Ты спалохана глытаеш:
–- А можа, лепш проста пасварымся?..
…Ты разьлічвала, што папараць вы пойдзеце шукаць разам. Але ён зьнік. Можа, у чарговы раз памёр? Здаецца, так забаўляюцца нашыя лелі? Мячы, цмокі й усё такое… Але, зьнік. Ягоны сьлед згубіўся дзесьці, калісьці, паміж мінулым "заўтра" й рэштамі тваіх сноў… ЯГОНЫ сьлед? Сьлед тваёй долі?
Хутка Купальле. Ты паспытаеш шчасьця – ты ведаеш. Ці хопіць мужнасьці?
Абставіны быццам наўмысна штурхалі цябе на гэта…
© лiтaрa.net, пры перадруку не забудзьцеся паставiць на нас спасылку