• лiтaрa.net | рэцэнзii |
Паміж №2
Юрась Барысевіч, 23 кастрычнiка 2003

Неўзабаве мусіць выйсьці "Паміж" № 3. Пакуль што хацелася б прыгадаць папярэдні нумар…


…абяцаў аўтарам напісаць пра яго. А разам ужо - і першы нумар згадаю.

Першы нумар часопісу “Паміж” прэзэнтаваўся, як “часопіс мытнікаў і памежнікаў” — вартавых беларускага мысьленьня, зь якім атаясьняліся, найперш, уласныя фантазмы аўтараў: у рэдакцыйным артыкуле Тацяна Сьлінка прапанавала: “Давайце спынім бясконцыя пошукі, бо тое, чаго мы прагнем, немагчыма знайсьці па-за межамі сябе”. Далей — у маніфэсьце “Ўтульнасьць нігілізму” — Сьлінка тлумачыць, чаму “паміжане” мараць “спустошыць дарэшты словы і напоўніць іх сабой”: каб ачысьціць мову й мысьленьне ад каляніяльнай спадчыны.

Другі нумар прысьвечаны “культурнай кантрабаньдзе”. Тэма гучная і актуальная, блізкая кожнаму інтэлектуалу, які мае кантакты з замежжам альбо іншасьветам. На жаль, для рэдакцыі абвешчаная тэма сталася, хутчэй, дэкаратыўнай дэклярацыяй, чым арыентырам у пошуку матэрыялаў. Безумоўна, часопіс, які выходзіць раз на год, і не павінен цалкам будавацца паводле адной канцэпцыі, і ўсё ж шкада, што насьпелая хрумсткая тэма так і засталася вісець на яблыні побач зь дзіркаю ў плоце. Прычына зразумелая: часопіс мусіў мець выгляд “паміжсабойчыку” студэнтаў Беларускага калегіюму, гэткай шматстаронкавай насьценгазэты, дзе кожны аўтар мае права выказаць усё, што яму набалела.

Якія сюжэты можна было б дасьледваць у нумары з такой тэмаю? Вываз культурных каштоўнасьцяў турыстамі й эмігрантамі. Пірацкія кампакт-дыскі й кампутарныя праграмы. Роля замежных радыёстанцыяў, спадарожнікавых тэлеканалаў ды Інтэрнэту ў фармаваньні сучаснай беларускай культуры. Вечныя праблемы беларускіх мастакоў з мытнямі (і як вынік — праца ў замежных майстэрнях). Прадукаваньне “тутэйшымі” пісьменьнікамі бульварнага чытва для расейскага рынку. Пірацкія пераклады замежных аўтараў. Бясконцыя гастролі беларускага балету: на Захадзе такія самыя рухі цела артыстаў каштуюць гледачам у шмат разоў больш, чым у Беларусі. Ператварэньне “Беларусьфільма” ў фабрыку мыльных опэраў для расейскага тэлебачаньня й танных трылераў для нямецкага. Экспарт мазгоў, працоўных рук і похваў.

Кантрабандыст не прадукуе сваіх тавараў, ён гандлюе чужымі. Злучаючы сваімі торбамі (альбо глуздамі) розныя цывілізацыі, ён ператвараецца ў экзыстэнцыйную дзірку, рухомую шчыліну ў дзяржаўнай мяжы. Кантрабандысты — як і эмігранты — не адчуваюць сябе цалкам утульна ў ніводнай краіне. Пра вяртаньне дахаты яны мараць на абодвух баках акіяну ці дзяржаўнай мяжы (некаторыя маюць некалькі пашпартоў і нават некалькі сем’яў).

Аўтары часопісу — філёзафы й паэты — могуць запярэчыць, што ўсе гэтыя тэмы патрабуюць журналісцкіх глуздоў. Дык і трэба было замовіць адпаведны матар’ял журналістам, калі ў саміх няма жаданьня думаць пра рэальнае жыцьцё (не асабістае, а агульнае). Часопіс дэкляруе сябе, як выданьне студэнтаў, выкладчыкаў і сяброў Беларускага калегіюму, аднак нешта я не заўважыў сярод аўтараў ні выкладчыкаў, ні сяброў “паміжанаў” (за выключэньнем таямнічага Цынцыната Ц. з фэльетонам пра філязофскі Інтэрнэт-альманах Klinamen). Няхай “Паміж” створаны адмыслова для студэнтаў — усё адно для навучаньня часопіснай справе “паміжане” павінны ня столькі пісаць свае тэксты, колькі шукаць, замаўляць і рэдагаваць чужыя. Калегіюму варта было б рыхтаваць ня проста літаратараў, а рэдактараў. Вучыць студэнтаў ня толькі чытаць нязвыклыя тэксты, але і пісаць прадмовы да іх, біяграфічныя даведкі пра аўтараў і перакладнікаў, рэклямныя анатацыі, станоўчыя і адмоўныя рэцэнзіі. (Нават можна было б скласьці адметны постмадэрновы нумар часопісу з адных практыкаваньняў у гэтых жанрах — і менавіта гэты нумар найпаўней адпавядаў бы назьве “Паміж”:)

Зрэшты, што такое тэма нумару часопісу? Адзін радок на вокладцы… непралічаная магчымасьць несупадзеньня засягу пачаканьня аднаго чытача й рэдактарскага імунітэту. Я, бадай, і ня стаў бы назаляць “паміжанам” крытычнымі заўвагамі, калі б яны самі не акрэсьлілі (у рэдакцыйнай прадмове) сваё выданьне, як вучнёўскае.

Першы нумар “Паміжу”, не зважаючы на рэфэратыўны стыль некаторых тэкстаў, быў больш вясёлы й аптымістычны. Весялейшаю была й атмасфэра ягоных прэзэнтацыяў: цяпер замест буркатаньня батарэі кававарак альбо бразгату разьбітых слоікаў з мэтафарычнымі партрэтамі аўтараў (кансэрваванымі ружамі) іх аздабляюць цалкам рэспэктабэльныя канцэрты фартэпьяннай музыкі.

У параўнаньні зь першым нумарам палепшаў дызайн часопісу (макетавала й вярстала гаспадыня сайту litara.net Аліса Бізяева). Вокладку аздабляе фотаздымак галоўнага корпусу Беларускага калегіюму (пакуль што там месьціцца Палац Рэспублікі): Артур Клінаў зрабіў яго, мабыць, у дзявочых марах аўтараў “Паміжу”.

На прэзэнтацыі часопісу ў Нацыянальнай бібліятэцы дзяўчаты падзяліліся з чытачамі “кантрабандысцкай” марай выкрасьці з Музэю Максіма Багдановіча й надрукаваць “Інтымны дзёньнік” паэта, дзе той распавядае пра свае любошчы з чужою жонкай (напэўна, хацелі б і экранізаваць яго). На мой погляд, калі хто і мае права апублікаваць эратычныя нататкі Багдановіча, дык гэта Глёбус, бо ён не хавае ад публікі й сваё інтымнае жыцьцё.

Культуроляг Сяргей Дубавец (напрыклад, на Літараўскім форуме “Добры і злы”) называе “паміжанаў” і віртуальную суполку, што склалася на форумах “Літары.нэт”, духоўнымі дзецьмі й спадкаемцамі суполкі “тутэйшыя”. На мой погляд, доля рацыі ў гэтым ёсьць, хоць самі “паміжане” й не пагаджаюцца з такою ацэнкай. Абедзьве суполкі маюць крыху падобныя назвы: прастора “тут” у геаграфічным пляне месьціцца паміж “там” і “сям”, а ў філязофскім — паміж “паўсюль” і “нідзе” (як сам Інтэрнэт).

Бунтарныя літаратары 1980-х пазычылі сваё крэда ў сялянаў ХІХ стагодзьдзя: “Самі мы тутэйшыя, а край наш забраны”. Пакаленьне “Паміжу” самаідэнтыфікуецца прыкладна так: “Мы не тутэйшыя, а антыглябалісты. А край наш — у Інтэрнэце”. Калі “паміжане” й пагадзіліся б назваць сябе “новымі тутэйшымі”, то ня ў гонар таго эфэмэрнага Таварыства маладых літаратараў, а ў гонар папулярнага парталу tut.by, на форумах якога яны бавяць ладную частку вольнага часу.

Безумоўны набытак другога нумару (апроч добрых перакладаў) — таленавітыя, хоць і даволі цынічныя, тэксты Генадзя Драгуна — “Б…” і прадмова да “Каханка Вялікай Мядзьведзіцы”. Калі не памыляюся, гэта дэбют Драгуна ў папяровым друку, але адчуваецца, што хлопец піша даўно й шмат — аднак, не ў “шуфляду”, а на Інтэрнэтаўскіх форумах: там, мабыць, і склаўся ягоны сьветагляд. Калі й можна казаць пра “паміжанаў”, як пра новае пакаленьне ў беларускай літаратуры (Глёбус назваў гэтую генэрацыю “зубрамі”), дык ягоную адметнасьць варта шукаць менавіта тут. Гэта першае пакаленьне, для якога “архіпэляг Беларусь” складаецца ня з кніг і часопісаў, а зь Інтэрнэтаўскіх сайтаў і відэафільмаў.



© лiтaрa.net, пры перадруку не забудзьцеся паставiць на нас спасылку