| Вiтаю, дружа! |
| увайсьцi | зарэгiстравацца |
| Пазалеташнасць Занатоўкі на маргінэзе тэкстаў Янкі Брыля “Леташняе”, 2002, “Сьцежкі, дарогі, прастор…”, 2001, “Дзе скарб ваш”, 1997 Свойскасць Безумоўна, Брыль — наш чалавек, Брыль — свой, Брыля можна і трэба чытаць і перачытваць, у Брыля ёсць чаму павучыцца: мова, стыль, доўгае жыццё, працавітасць, вастрыня зроку, злосць. Брыль не белебердыст Шамякін, Брыль ні скалазуб Макаёнак, Брыль не скамуніжджаныя Панчанка з Куляшовым, Брыль не ўдрыгвелы Меляж і не ўкамянелы Танк. Брыль — жывы літаратар. Суд Цяжка стрымацца, каб таму ці іншаму здарэнню не паставіць адзнаку, каб да нейкай падзеі не прыставіць азначэнне, каб які ўчынак не пазначыць адмоўнасцю ці станоўчасцю… Наагул выканаць разумную параду: “Не судзі, і цябе не асудзяць”, выканаць немагчыма. Але ж стрымліваць сябе трэба. А як стрымаць, калі злосць кіпіць. Вось Брыль пра Набокава: “Набокава за яго “Лаліту” трэба судзіць па адным артыкуле з гвалтаўнікамі нялетніх”. І я Набокава не люблю за празмерную манернасць, але калі пісьменнік заклікае судзіць другога літаратара па крымінальных артыкулах, гэта вар’яцтва. Тут і задумаешся, ці не надыдзе зноў час, калі майстры пяра перасадзяць і перазабіваюць адзін аднога за творы. Няўжо не паразумнеем?! Аўтапартрэт Люблю аўтапартрэтную прозу з самаіранічнымі ноткамі і шчырымі інтанацыямі. Вось прыклад маленькага аўтапартрэта памерам з жаночае люстэрка… “У электрычцы дзед сядзеў насупраць нішто сабе дамачкі і бездапаможна, тэарэтычны “прелюбодействовал с нею в сердце сваем”. Выдатна. Толькі калі тэарэтычна, тады зусім і не бездапаможна. А цытата магла б і па-беларуску прагучаць — пралюбадзейнічаў зь ёю ў сэрцы сваім. І ўсё адно, добра. Банкеты Хто-хто, а Іван Антонавіч набанкетаваўся за сваё даўжэзнае жыццё напоўніцу. На кожнай дзясятай старонцы яго лірычнай прозы патрапіш на банкет. “А потым — банкет у адным з багацейшых калгасаў”. У гэткіх сказах сапраўдны Брыль-чалавек. Бібліятэка “Нельга чытаць адразу бібліятэку, чытаць можна кнігу, з якіх бібліятэка складаецца”. Правільна Іван Антонавіч, бібліятэка складаецца з кніг. Хто спрачаецца?! А яшчэ са стэляжоў, сталоў, вокнаў, столі, падлогі, бібліятэкара… Бачылі? У добрай бібліятэцы ёсць і прыбіральшчыца, кветкі, і шыльдачка з гадзінамі працы, і каталог… Ведаеце, што такое каталог? Не? Сапраўды? Каб чытаць бібліятэку, трэба чытаць каталог. Паспрабуйце. Шмат цікавага адкрыецца. Пра мяне Чаго я ўсё пра Вас пішу, вельмішаноўны Іван Антонавіч, Янка Брыль, бо Вы пра мяне пішаце. Вы — пра мяне, і я — пра Вас. Удзячны я. Каб іншыя ведалі, дзе ў Вас я, тое сёе працытую і адкаментую… “Малады празаік, ён жа мастак, таксама з прэтэнзіямі на наватарства. Абмахвае сяк-так рэальнае жыццё вялізным веерам недаспелай абстрактнасцю выдумкі. Герой яго купіў сабе чырвоны капялюш і прайшоўся па пляжы. Ну і што? Анічога. Ні больш, ні лепшага”. Усё рэальна, усё праўдзіва… Быў у мяне капялюш пажарнага колеру і па пляжы я хадзіў. А вось наконт вялізнага вееру выдумкі і недаспелай абстрактнасці можна і паспрачацца. У каго з нас веер большы? Хто так-сяк абмахвае рэальнасць? Тутака другая цытата патрабуецца… “Стары, энергічны, вясёлы доктар пра здароўе пытаўся так: “Праздник обеда есть? Струя есть?..” Было яшчэ штосьці сакраментальна трэцяе, не памятаю яго. Ды мяне, зрэшты, цікавіць тут толькі “струя”. “Малады, жарабцоўскі струмень смярдзючай мачы, якую сыны аднаго з нашых пазменна цурболілі на лесвічнай пляцоўцы ў той, парваны імі нумар часопіса, у якім нехта пакрытыкаваў іх вялікага тату…” Сакраментальна трэцяе, Іван Антонавіч, было “как стул”. Такі мой выдуманы варыянт. Але Вас цікавіць “струя”. Дык вось, “малады, жарабцоўскі струмень смярдзючай мачы” ляцеў не з мяне і не з майго брата, а з Леаніда Дранько-Майсюка. Крышку не дайшоў Лёня да прыбіральні, не вытрываў і ціха пасікаў на пляцоўцы. З кім не бывае. А нумар часопіса “Полымя” парваў на шматкі я. І зусім не таму, што там нехта крытыкаваў майго сапраўды “вялікага тату”. А таму, што ў тым часопісе ляжалі рукапісы маіх вершаў. Драў я вершы і падраў часопіс. У запале. У п’яной агрэсіі. Бо Рыгор Барадулін раскрытыкаваў мае рыфмы, а потым прапанаваў заліць крытыку гарэлкай. Мы з Лёням так назапіваліся самаробнымі настоямі ў Рыгора Іваныча, што Лёня не данёс запіўку да прыбіральні, а я пашкамутаў паперы. Мая мама вельмі расстроілася, спытала “дзе мы напіліся” і патэлефанавала Барадуліну і накрычала на яго. Нараніцу і нам дасталося ад мамы, яшчэ і ад суседкі нашай Ядвігі Паўлаўны, бо ў тым нумары часопісу быў раман яе мужа Івана Навуменкі. Такая праўды жыцця, Іван Антонавіч. А вееры сваіх выдумак дэманструйце недасьведчаным. А мы — дасьведчаныя, пазнаем сябе і праз недасказанасць і ўбачым усе свае хібы ў вашых мудрых словах, і выправімся, і больш так не будзем рабіць, не буду я “х… пісаць”… “Зноў і зноў сустракаючы ў маладога празаіка пра так званы секс, успомнілася пастушынае: “Міша х… піша”. Тут яно, няхай сабе і па-дурному грубае, зусім дарэчы. Бо не розумам, не сэрцам піша новы кандыдат у геніі”. Правільна. Не розумам, не сэрцам і не х…м я пішу, а рукою. Праўда. Правай рукою пішу. Бывае і левай, калі на кампутары, але збольшага правай. І пішу не пра “так званы”, а проста пра секс. І ўсё ж, дзякуй за ўвагу, Іван Антонавіч. Гразь Выдатна, калі ў беларуса добры абутак. А то па прыходзе саветаў у Заходнюю Беларусь фатограф, які рабіў здымак нашых інтэлігентаў на чале з Рыгорам Шырмам, папрасіў усіх, хто ў добрых чаравіках, стаць у другі рад, а наперад пасадзіў выпадковых людзей у атопках. Таму калі Янка Брыль піша: “Я стаю каля варот бацькоўскага двара, і мне вельмі хочацца зняць свае модныя туфлі, прайсціся па быстрай дажджавой вадзе, памясіць нагамі цёплую, пухкую гразь…” Шчыра радуюся за модныя туфлі нашага заходнебеларускага самавука. Толькі ці ня той камунбальшавіцкі фатограф навучыў Янку мясіць босымі нагамі гразь?! Страляніна Слаўна заўважыў брытанец Арнольд Макмілін, што Брыль, скончыўшы польскую сямігодку, спрабаваў працягваць самаадукацыю. Яно, як для пісьменніка народнага, можа і залішне. Можна і не спрабаваць і не працягваць, а пазіраць на ўсіх і ўсё з недасяжнага Алімпу ды жарцікі адпускаць, паглядаючы на Афіны… “На скалах (гід: “Якія мы называем узгоркамі”) узвышаюцца класічныя руіны, што так красамоўна, так таямніча гавораць пра сілу чалавечага генія. Уносячы ў гэтую антыку элемент сялянскай шэрай солі, рагаталі з Максімам (Танкам — А.Г.) з таго, якую “страляніну” ўздымалі на гэтых горах старадаўнія грэкі, без дапамогі машын варочаючы і цягаючы мармуровае шматпуддзе. Смешна гэта, але ж і не зусім дарэчы, — усюды столькі гаворкі пра багоў ды герояў, а пра тых, што будавалі, пра тыя хоць бы косці рабочага люду, на якіх узвышаецца ўся гэтая краса — ніхто ані слова”. Сапраўды, што гэтыя Фідыі, Гамеры ды Гераклы з Апалонамі, чаго яны вартыя без працоўнага люду, які пускае ветры і варочае шматпуддзі? Нішто! Толькі пахвальба нейкая, як Вы любіце казаць з “гы-гы-гы”. Кут У 1961 годзе Іван Антонавіч падправіў Якуба Коласа, удакладніў, надаў сацыяльнай значнасці вершу. Замест “Мой родны кут, як ты мне мілы” напісаў: “Наш родны кут — так будзе дакладней”. Вылезла з Брыля саўдэпаўскае “мы”, як шыла з меха. І дарма. Бо кут можа быць мілы, калі свой, а не наш, агульны, нічый… Або ёсць уласнік на зямлі, ёсць закон пра прыватную маёмасць, або гібенне ў нічыйнасці. Не трэба цягнуць Коласа ў калгас, не трэба прыхарошваць. Колас і без саламянага брыля прыгожы і геніяльны. Мурзатасць Любіць Брыль мурзатасць. Чамусці, яму падаецца, што менавіта мурзатасць і ёсць сімвал чысціні. Нечаканая, парадаксальная, навязлівая ідэя пераследуе Івана Антонавіча праз усё жыццё, пра гэтую мурзатасць ён увесь час і думае… “Чаму — падумалася цяпер — за сімвал міра ўзяты голуб, а не дзіця? Замурзанае, рассмяянае дзіця!..” Голуба таго, Іван Антонавіч, Пікаса намаляваў, на пракат узяў у хрысціян. Дух святы так — у выглядзе галубка — малюецца ў еўрапейцаў. З дзяцінства Пабла быў зачараваны вобразам голуба, ён свайму невялікаму тату дапамагаў галубоў у касцёлах маляваць. Але я, як і Вы, не лічу, што голуб найлепшы сімвал міра. Каб я выбіраў, дык узяў бы кветку лотасу. Ну і дзіцё, канечне, не безнадзейна… Толькі не ясна, ці то хлопчык, ці то дзяўчынка, ці можа мірны гермафрадытык? Га? Каб нікому крыўдна не было. І галоўнае, калі дзіця — сімвал міра, то ўжо не мурзатае, прабачце. Ананімнасць Калі чытаю подпіс пад творам і замест прозвішча бачу “невядомы мастак”, робіцца крышку сумна. Вось знікла ў траве забыцця імя таленавітага майстра. Не захавалі, не збераглі, не ўспомнілі своечасова і забыліся, пэўна, назаўсёды… Іншы кшталт, калі чалавек баіцца падпісваць твор, баіцца называць рэчы саімі імёнамі. За хітрасцю хавае гнюснасць, за жарцікам — бездапаможнасць… Дастаў нож? Бі! А то такое… “Забалела, што нехта так і пайшоў з жыцця, беспадстаўна чорна думаючы, танна ды пошла пляткарачы, з даносным намёкам пішучы пра мяне ананімна…” Хто ж гэта пасмеў так чорна думаць? Хто спрабаваў пляткарыць, а яшчэ пісаць з даносным намёкам? Пра Вас ды ананімна? Альбо альбо… Альбо пра Вас, альбо ананімна… Ці можа ў нас нехта нешта пра Вас нашрайбаў ды не падпісаў? Бязглуздзіца. Толькі не бяскрыўдная. Гэта не старэчы маразм, гэта пазіцыя кожнага таталітарнага дзеяча. Гітлеру і Сталіну патрэбны былі невядомыя, ананімныя, безымённыя салдаты. Гэта фюрэру балела, што нехта так і сышоў у магілу ананімна, гэта фюрэры ўсіх часоў ствараюць міт пра непераможны дух невядомых салдатаў. Толькі іх — невядомых салдатаў — немагчыма перамагчы, бо іх няма. А таму і змагацца з імі няма патрэбы. Невядомы салдат — існуе толькі ў хворай галаве шызафрэніка. У якой галаве з’яўляецца ананімны крытык? Думаю, ясна, што не ў яснай. І мне сумна з-за гэтага ўсяго мутнага, цмянага, недавыказанага ў нашай з Вамі літаратуры. Пясок Безжыццёвасць пяску апісвалі тысячы геніяў. Нішто так выразна не скажа пра бессэнсоўнасць нашага існавання як пясочны гадзіннік. Таму разумею роспач Брыля, які кажа: “Бывала, дый неаднойчы, такое цягучае, прыкрае адчуванне, што я чытаю зашмат, як ваду ў пясок льючы, амаль усьлед забываючы прачытанае”. І ў мяне бывала… Толькі шкадую, што зашмат пішу, а не зашмат чытаю. Чытанне, самаадукацыя — яны бязшкодныя. А галоўнае, у нашым абсурдным існаванні — не нарабіць шкоды адзін адному. |
| |||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
|