лiтaрa.net | тэорыя |
Замест цэнзуры
Аліса Бізяева, 21 верасьня 2002
Пры стварэньнi Лiтары мы зрабілі памылку. Адразу не папярэдзілі ўсіх пра правілы, на якіх трымаюцца нашыя адносіны.
Роля рэдкалегіі ў разьвіцьці Літары
Літара – цалкам вольная пляцоўка для выказваньня думак. Яе атмасфэру, танальнасьць і настрой вызначае не рэдкалегія рэсурсу, а сталыя карыстальнікі, якія пішуць тэксты й удзельнічаюць у форумах… прычым робяць гэта добраахвотна.
Справа рэдкалегіі – выконваць тэхнічную працу й умешвацца толькі тады, калі самі літаратары не спраўляюцца.
Гаворачы прасьцей, Літара.net ня ёсьць уласнасьцю рэдкалегii сайта, і таму мы ня маем маральнага права здымаць усё, што нам не падабаецца.
У той жа час, мы апэратыўна рэагуем на просьбы паставіць, адрэдагаваць ці зьняць пэўны тэкст, калі гэтага патрабуе ягоны аўтар.
Мы заўсёды ідзем насустрэч аўтарам тэкстаў, калі яны ня згодныя з нашай рэдактурай, ці паведамленьняў, якія трэба адрэдагаваць ці зьнішчыць з пэўных прычынах. (Калі ня ўсе непаразуменьні былі вырашаныя, калі ласка зьвяртайцеся: litara@litara.net [litara@litara.net]).
Асаблівасьці інтэрнэт-прасторы
Любы інтэрнэт-праект, а тым больш дынамічнае інтэрнэт-выданьне, якім зьяўляецца нашая Літара, значна адрозьніваецца ад папяровай газэты ці часопіса, дзе ўсе матэрыялы праходзяць абавязковую рэдактуру й мусяць атрымаць дазвол на выхад у друк.
На Літары ўсё інакш. Усе літаратары й аўтары маюць магчымасьць самастойна публікаваць, рэдагаваць і зьнішчаць свае тэксты на Літары з хатніх кампутараў.
Усе зарэгістраваныя наведвальнікі могуць удзельнічаць у дыскусіях й пісаць камэнтары на ўсе тэксты, што зьяўляюцца на Літары.
Асаблівасьці інтэрнэт-адносінаў
Інтэрнэт – вольная прастора. І калі б не было Літары, зьявіўся б іншы сайт (сайты). Кантраляваць гэтыя працэсы немагчыма. Зьнішчэньне на сайце пэўнага тэксту (асабліва без дазволу на тое аўтара) яшчэ не гарантуе, што гэты тэкст ня зьявіцца паўторна.
Мы далі магчымасьць кожнаму з наведвальнікаў самастойна напаўняць тэкстамі, думкамі й творамі старонкі Літары зусім не для таго, каб потым рабіць сэлекцыю, пакідаючы адно й выдаляючы іншае.
І адказнасьць за зьяўленьне таго ці іншага тэкста на Літары ляжыць на яго аўтары.
Таму адным са спосабаў вырашэньня канфліктаў у інтэрнэце ёсьць свабодная палеміка паміж людзьмі, якія занятыя ў спрэчцы. Для чаго на Літары ёсьць усё неабходнае, у выглядзе дыскусійных форумаў і камэнтароў да кожнага тэкста ці навіны.
Тут, як і ў жыцьці, разьбірацца трэба з крыўдзіцелям, а не з гаспадарамі party, просячы іх не запрашаць непажаданага госьця.
З надзеяй на разуменьне й падтрымку,
Аліса Бізяева
P.S. Мы пачынаем распрацоўваць этыку паводзінаў на Літары, і блізкім часам апублікуем яе на сайце. Калі ў вас ёсьць прапановы, калі ласка, лістуйце: litara@litara.net [litara@litara.net]
© лiтaрa.net, пры перадруку не забудзьцеся паставiць на нас спасылку