| Вiтаю, дружа! |
| увайсьцi | зарэгiстравацца |
| Minsk. Мартс Пуятс. Эсэ Як нараджаецца сьляза. Ці можа мне хтосьці гэта сказаць. Ці можна гэта сказаць, раскладаючы журавоў у шафе. Як нараджаецца сьляза. Ці можа мне хтосьці гэта сказаць. Ці можна гэта сказаць, раскладаючы журавоў у шафе. Ці можна гэта сказаць, сядаючы ў раскладаны фатэль. Я – ідыёт. Як можна спадзявацца на адказ у гэтым будынку субтытраў. Як. Скажы. Ты. Ты скажы ты навошта расьцягнуўся ў раскладаным фатэлі. Што ты робіш і чаму ня думаеш. Ты – субтытар. Разумееш субтытар. Я – жарабя з бясконца доўгім хвастом я бягу цераз мокрых катоў прыкончаных чарапах. Нічога не разумею. Разумееш я ў Менску. Горад – шаленства. Краіна кантрастаў. Ты. Ці можаш ты гэтае асэнсаваць. Ты, што сядзіш у раскладаным фатэлі. Я думаю сумневаў няма. Горад мроі для гапаты – карусэлі, дзіцячыя горкі, коміны, арэлі належаць гапаце. Возьмем напрыклад хоць гэты дом. 12 паверхаў. Тахта ліфта паўзе па прысадах, што чыхаюць, толькі націсьнеш гузік паверха. Кантакт адбываецца кантакт зь Менскам. panimaješ ja idiot. я не магу жыць у іншым месцы. гэтая іржа трамваяў на маёй скуры. я нядаўна мы ішлі й беглі. я бег. але так гідка бегчы бо. крысьсе кашулі лунае за мною, і я ня ведаў як рабіць і падбег да плота нешта думаў а там цягнуўся калючы дрот і я спыніўся замоўк і пайшоў да чалавека зь якім мы беглі. Мабыць я таксама магу выражацца. Калі чытаеш няма выказваньня. Гэта маўчаньне. Net Ja Hoču Štobi Vi Ničevo Nipanimali. Гэта новы жанар. Я – ідыёт. Нэапсыхапатызм. Разумееш што адбываецца ў поціску рукі. Ты і ты і ты, што сядзіць на адлегласьці поціску рукі, ці ведае тваё мысьленьне дзе нараджаецца сьляза. Дзе нараджаецца возера. Дзе нараджаецца Радоскі калос. Ты, што сядзіць у раскладаным фатэлі ці ведаеш ты дзе нараджаецца транспастаралізм. Дзе нараджаецца транспастаральнае мастацтва дзе нараджаецца Менск зь яго гуркатлівымі трамваямі. Ці стаіць карціна роўна. Ці ўкладзеныя валасы. Ці нармальнае складанае жыцьцё раскладаны фатэль. Дзе нараджаецца нармальнае мастацтва. Дзе НОРМА. Гвазьдзіковая норма. Фабрыка нармальных гвазьдзікоў. Фабрыка сьвежых памідораў “Чырвоны квадрат”. Дзялянка напаўзьедзеных рыбіных касьцей “Добры дзень”. Камісарыят адрэзаных ног “Юрмала”. Рух задушаных бабоў “Бінокаль”. Афіцыйны дылер пераеханай мітусьні. Хрэнавыбухная кампанія “Кашаль”. Вялізныя літары СТЭРЭАВАКАЛІЗ і маленькае тлумачэньне – зьмяшаны хор глухіх. Перамяшаны хор заблытаны аркестар. Парваная сымфонія. Зрынуты струнны квартэт оп. 5. У акно выкінутая саната. Саната Месяцовага сьвятла гучыць так ціха й сэкундная стрэлка зацягваецца на тэрыторыю гвазьдзікоў. Я – ідыёт. Я працую ў аб’яднаньні па ўтапленьні шчанюкоў “Вадаспад” і ня ведаю ці атрымаю за наступны месяц зарплату. Куды. Ты ідзеш. Ты ідзеш у краму фіранак. Ты ідзеш у рэгістрацыйны пункт цаглінападобнага хлеба а можа ты ідзеш у вышэйшую школу тугога мысьленьня. Ідзі ты ўжо бачыш што шпалеры трымаюцца на сьцяне, фіранкі трымаюцца за штангі 12-ы паверх на 11-ым. І менскія рэстараны бістро супэрлангзам афіцыянты трымаюцца за прынцыпы гіпнаматэрыялізму. Не трымаюцца, а прытрымліваюцца. Адпачываюць абапіраюцца каб каб зьдзейсьніць сваё падарожжа. Каб зьдзейсьніць свой апошні забег зь перашкодамі ў каралеўстве ўжываных лямпачак. І нават у трактара, што едзе вуліцаю, ёсьць парадкавы нумар. Нават у бабулькі, што ідзе вуліцаю, ёсьць парадкавы нумар. Нават у бабра, што грызе дрэва, ёсьць парадкавы нумар. Але які – гэтага ніхто ня ведае. Магчыма 84. Гэта ведаюць адно чыноўнікі апранутыя ў стракатыя колеры лістападу, гэта ведаюць адно вартаўнікі качаноў капусты. І яны ўсьміхаюцца бо ім належыць інфармацыя якую ўсе хочуць атрымаць. І я таксама хачу, але ж я ня ўмею вартаваць качаны. Гэта праца найскладанейшая з усіх. У параўнаньні зь ёю трансплянтацыя сэрца – дзіцячая прагулянка ў дзіцячым садку. З гэтай пасадаю па ўзроўні складанасьці могуць супернічаць адно майстры пагладжваньня жырафаў. Жырафа – наш нацыянальны сымбаль сацыяльных герояў. Нават тады калі гучыць гімн і ўсім трэба ўстаць прычасаць валасы пачысьціць зубы сьпяваць і прыкласьці руку да сэрца нават тады жырафа можа спакойна ляжаць у сваім раскладаным заапарку. Жырафаў нельга фатаграфаваць як і любы больш-менш сьвятоўны аб’ект. Няможна фатаграфаваць пляц Вечнай Перамогі, статую “Асыміляцыі” таксама няможна й “Парк Бамбардавальнікаў” няможна, “Пляц Дэсантнікаў”, мікрараёны парашутыстаў. Але найстражэй забараняецца ажно 30-цю рулёнамі заканадаўства забараняецца ня толькі фатаграфаваць але й уставаць зь левай нагі з ложка 30-га дня, калі сьвяткуюць чарговы юбілей ДЭВАЛЬВАЦЫІ ў гонар усьмешкі Менску. Усё – тралейбусы ў ледзь відочным руху чарвівыя грушы няскончаныя вуліцы Менску ўсё пакрытае кіпучымі асьвяжальнымі сьцягамі. Бо да грашовай адзінкі зноўку дададзена 6 нулёў і адбываецца кранальны пераход зь мільёнаў у квінтыльёны. Некалі прамая пабіла 9-ы вал цяпер 9000000000 вал. Служба непаказу раёнаў разбураных дамоў і развалінаў іншаземцам на вышыні заданьня. Цэх пашыву гектарных сьцягоў супрацоўнічае із згаданаю арганізацыяй і пастаўляе ім сьцягі і ўсё пакрываецца. Але хутка прыйдзе вечар. Із сваімі камэнданцкімі гадзінамі. У якія штодня засьпяваюць потым ловяць потым хапаюць потым саджаюць потым дапытваюць (пра гэта пазьней) каля 20000 чалавек. Ды гэта й ня людзі гэта пачвары вырадкі праклятыя адмарозкі ідыёты толькі ўявеце сабе як ім ня сорамна ісьці вуліцаю ў шкарпэтках рознага колеру, перакрочваць рэйку разбуранага трамвая левай нагою. Вы зь цяжкасьцю можаце ўсьвядоміць наколькі жахлівымі могуць быць людзі, якія зусім і ня людзі. У Менску толькі АДНАБАКОВЫЯ вуліцы. Праведзена сацыяльнае апытаньне якое называюць “Гвазьдзіковым” апытаньнем. Было зададзенае пытаньне: Ці адпавядае новая карусэль усім нормам бясьпекі? Апытаныя былі швачкі гектарных сьцягоў. Адказ: МОЖНА СЬМЕЛА. І карусэль пачынае працаваць побач зь іншымі разбуранымі й паржавелымі карусэлямі што тырчаць паміж 2наццацьцюпавярховымі дамамі. Крывыя коні з захраслымі ў іх цьвікамі, плястмасавыя жырафы пачынаюць працаваць. Ці разумееш ты што сядзіць у белым доме ты што зьбіраецца хутка сыходзіць ехаць дадому сядаць на ровар з 18 хуткасьцямі. Ці разумееш ты што па радыё рэклямуюць новыя лекі ЙОД – АНТИДЕПРЕСС АД17 яго раяць але па сутнасьці яго ўводзяць ужо тады калі ідзеш у дзіцячы садок разам з прышчэпкаю супраць апазыцыйнасьці, разам з прышчэпкаю супраць самагубства, разам з прышчэпкаю супраць зьяданьня хлеба на пляцы Дэсантнікаў, разам з імплянтантам “ЖИЗНЬ ТОЛЬКО В МИНСКЕ” гэта значыць што калі ты выяжджаеш зь Менску гэты імплянтант ператвараецца ў вялікага вусеня які выядае табе вантробы й тады ператвараецца ў мятліка і ляціць назад у Менск на фабрыку ўжыўляльных вусеняў «Гусеничная лента». А найважнейшая прышчэпка якую робяць нават памерламу дзіцяці гэта так званая ВЯЛІКАЯ ПРЫШЧЭПКА якая зьмяшчае 6 літраў вады. Гэта прышчэпка для таго каб усё для цябе было вадзяністым, каб ты нічога не разумеў, каб у цябе заўсёды былі стома й усьмешка. Каб быў эфэкт. Шмат мясцовых навукоўцаў працавала над стварэньнем эфэкту “рыба ў вадзе”, ну вось ён і створаны. Ёд – Антыдэпрэс ПЕКЛА 17 хоць і скарачае жыцьцё на 50 гадоў але моцна стымулюе працаздольнасьць чалавека. Якое зрэшты галоўнае прызначэньне чалавека. Некалі казалі – чытаць кнігі. Лухта. Галоўнае прызначэньне – будаваць 12-павярховыя дамы. Кожнаму чалавеку за сваё жыцьцё трэба збудаваць прынамсі 12 такіх дамоў і Ёд – Антыдэпрэс ПЕКЛА 17 гэта забясьпечвае. Чалавек можа працаваць увесь час. Калі прымаць гэты Ёд ня хочацца есьці й піць нічога ня хочацца хочацца толькі будаваць дамы. Ёсьць дзьве арганізацыі якія вядуць улік дамоў – “Стаханавец” і “Новабудоўля”. Абедзьве канторы месьцяцца на вуліцы Маланкавай вайны на 12-ым паверсе. Бо іншых паверхаў зусім няма. Няма іншых вуліц. Нічога няма. Наагул шмат чаго няма. МІNSK 2 Адчуваю, што Беларусь зьнікае. Што застаецца адно волава каштанаў. Што новая мэнтальнасьць зьбіраецца й вырашае праблемы ў сяброўскім коле, ды гэта й зусім не праблемы. Толькі розьніца ў паглядах. Спэцыяльная розьніца ў паглядах для падтрыманьня размовы пры жыцьці. Што за жыцьцё жыве ў унівэрмагу. А адказ не адказвае. Адказ застаўся ў Беларусі, а Беларусь была ўва мне. Была. Была на маёй разьбітай жыламі шашы. І ніколі больш ня будзе. Ня будзе больш Альгерда, ня будзе Віктара, ня будзе Вальжыны, ня будзе вогнішча ўначы й беларускіх народных песень. Усё гэтае засталося ў калгасе, а калгас ува мне, а я ў Беларусі. Цёмна. Гомельская цемра. Выцерці цьвёрдай рукою ўсю гэтую новую мэнтальнасьць, не старую, а новую, якая не разумее Гомеля, якая не разумее нават калі я апавядаю. Ды што я апавядаю, куды скіраваны мой аповед. Я сам не разумею, сам не разумею гомельскіх рэстаранаў, гомельскі тархун. Лініі, якія я чыркнуў у сябе на руцэ ў Менску, зьнікаюць штораз болей калі я мыю рукі. У мяне ўваходзяць ВЫГОДЫ. Я ў Рызе. На рыскім цэнтральным вакзале. У рыскіх трамваях. У ценю ўнівэрмага “Цэнтар”. У гэтым ценю ПОП мэнтальнасьці. І вось, стыль прэтэндуе на стыль. У ценю сонечных акуляраў, у ценю скрыжаваных ног. АНТЫСТЫЛЬ. Гэта крык. Крык зь 10-га паверха ў Менску. Крык зь лёджыі цераз завод халадзільнікаў “МИНСК”. Але крык пажырае волава каштана, пад якім вядзецца размова. Я ня мыю рук. Я ня мыю, але на маёй руцэ зьяўляюцца прыхаваныя літары, прыхаваныя словы, прыхаваныя, прыхаваныя, заглушаныя стогны, дрыготкія вусны пуху таполяў, сьцягнутыя куточкі вачэй і сьлёзы, дождж ізь сьлёзаў мые мае рукі з галавы да ног, да асфальта, да сьвітаньня ў Менску над пад’ёмнымі кранамі. Калі ў Менску раніца, у Гомелі цёмна. Калі ў Гомелі раніца, у Менску цьвітуць каштаны. А ў Рызе ўвесь час працуе ўнівэрмаг “ЦЭНТАР”. Унівэрмаг “ЦЭМЭНТ”. Але, покуль крама працуе, Вальжына сьмяецца сваім сьмехам роспачы, які адскоквае сам ад сябе, пераходзіць у радасьць, што цямнейшая за гомельскую цемру, цямнейшая за пух таполяў. І нават вугалёк зь БЕЛАМОРА падае з гаўбца 10 паверха – наколькі ярчэйшы за сьвітаньне, цяплейшы за лета ў тархунным горадзе. Але гэта нічога ня значыць, ня значыць нічога, гэта нулі за коскаю. Гэтыя нулі благаньня, гэтыя кпіны каштоўнасьці я аддаю камусьці адно таму, што ён едзе на ровары. Ну і што гэта дае, што гэта дае, што гэта дае, што дае, дае, дае, дае, дае. Што дае паўтор гэтых словаў, калі ровар ужо заехаў за другі квартал, за рог дома й ніколі не даведаецца, што такое Менск. Застаецца амаль дагарэлы жарт. Сходы, якія вядуць у тунэль. Ранішні цень адкідвае сьвежы дождж на прыступкі, а крокі па іх атрымліваюць нішто, атрымліваюць нулі. І вугалёк, што ўпаў, яшчэ сьвеціцца прынамсі праменьнем цемры, крокі скрозь рыскія вуліцы раніцамі не адкідваюць ценю. яны толькі. яны – сымбалі камфортнага мэнталітэту Унэвэрмаг Цэнтар. Трэба быць. Трэба быць іншым імгненьням, трэба быць у менскіх тунэлях, каб адчуць як Беларусь зьнікае. І цяпер яна напраўду зьнікае. На нагах яшчэ тыя самыя нагавіцы, але ўжо зь іншым пылам і памылкамі. Тая самая цемра, але празь яе струменяцца кнайпы з хмельным пахам. РУКІ ЧЫСТЫЯ Добра. Канец. Канцавы гоман. Мроі, цёмныя шнары, усё набывае сваю афарбоўку, я таксама, ты таксама, і квет каштанаў таксама, і вокны цягнікоў. Словы. Імёны. Усё гэта забываецца. Як цябе завуць, я забыўся. Дзе Белая Русь, я не памятаю. Дзе я жыву й сьцялю пасьцель. Гэтага я не магу забыць. Што хочаш забыць, ня можаш забыць. Трэба адно ў кагосьці спытаць – як? дзе? а якой гадзіне?, і вуліцы адкрыюцца, і разьбітая шаша рушыць, і трымайся іх. Але гэта звычайна забываецца, забыць гэта, атрэсьці з пухам таполяў у зэніце лета. Адно спытай – а якой гадзіне? ідзе аўтобус да Менску. НІ А ЯКОЙ. Як? туды трапіць. НІЯК. Што? там трэба рабіць. НІЧОГА. Так зьнікае Менск. Так зьнікаюць народныя песьні і дым вогнішчаў. Яны дымяцца як жарты, выпараюцца як цені - - - - - - пад шатамі дрэваў. Ужо сутонее. Крамы зачыняюцца, я застаюся адзін паміж сабою й дажджлівым днём. І насьмешлівы сьмех. Хто напіша сьмех той доўга плача хто плача калі ўсе бачаць той увесь час сьмяецца й сьмяшлівыя вочы у якіх ён. Ня трэба. Ня трэба сьцьвярджаць што ўсё інакшае. Ня так. Ці зьмяняе цень свой гук, будучы ў Гомелі, ці стаецца ходзішча шашою, калі яно ў Менску. Стаецца. Стаецца шашою стаецца ценем. Стаецца прыцемкамі ценю, але ніколі ня волавам каштана, пад якім вядзецца размова. І размова жыве. Размовы ня можа ня быць, бо інакш без размовы памірае новая мэнтальнасьць, яна вымагае гаворкі, вымагае шэрагу яркіх імгненьняў, вымагае сьветлага дня й вымагае брунатных каштанаў. Волава каштанаў схіляецца над аўтобусам на Менск. Як? туды трапіць. Ніяк. І аўтобус пусты, адно ў ценю крэслаў сядзіць Альгерд з апаленымі вугалем рукамі. >> >> >> >> >> Калі я апавядаю гэта табе. Калі ты глядзіш у акно, як распускаюцца пупышкі. Які тады мае сэнс дзе я. Я паеду дадому. Я адчуваю што Беларусь зьнікла й мне больш няма чаго сказаць. Няма чаго. Шнары загаіліся. Цемра зарасла пухам таполяў. Гэтым заходным дням ня будзе працягу. Я ўжо дзейнічаю бязь іх. Безь нічога. Безь нікому нідзе нікуды ён не ідзе ён стаіць у самым ЦЭНТРЫ Рыгі. Болей ні слова. Болей цішыня. Ніводнага. Куды мне сьпяшацца. Куды вядуць рэйкі ў сутарэньні. Пад Менскам дзе нараджаецца іншы Менск Менск ядлоўцу і рэек. Пераклаў Андрэй Хадановіч Паводле: www.orbita.lv |
| |||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
|