лiтaрa.net | тэорыя |
Вяртаньне ў рэвалюцыю
Славамір Адамовіч, 12 сакавiка 1997
Інаўгурацыйная прамова пад час атрыманьня літаратурнай прэміі "Гліняны Вялес [http://litara.net/doc/vieles]".
Усё адбылося так, як мусіла адбыцца: я вярнуўся.
Вазоны ў пакоі пасохлі, але кактус быў яшчэ зялёны. Пакуль я паліваў мужную расьліну з пабітага імбрыка, жанчына прымала душ. Пахла мёртвым лістом, турмой, мышамі й пылам.
“Не, — сказаў я жанчыне, калі яна прапанавала мне пачак прэзэрватываў, — хутчэй я зьем сырой табакі, чым скарыстаю гэта. Я хачу даць табе сваю плоць, а ня гуму.”
Так сказаў я. І ўсё адбылося, як мусіла адбыцца.
Праз колькі дзён кактус наліўся сокам, рассунуўшы свае цёмназялёныя калючыя бакі. Дзесяць месяцаў ён чакаў мяне. А выжыў, бо заставаўся калючым.
На другі дзень жанчына зьнікла. У “Нашай Ніве” мне падаравалі раскошную барвова-бутонную ружу. На калючым дубцы й па сёньня зелянее новы атожылак, які адскочыў замест засохлай кветкі…
Паэзію і Рэвалюцыю цяжка ўявіць без жанчыны і кветак. У турме мы ня мелі першай, але заўсёды ў нас на самаробнай паліцы стаяў букецік – некалькі бярозавых галінак, выцягнутых з камэрнага дзеркача. Дробненькія клейкія лісточкі давалі надзею. Надзея ўтрымлівала дух супраціўленьня. Дух супраціву забясьпечваў выжываньне. Выжыўшы – я тут. Я з радасьцю адзначаю, што за гэтыя дзесяць месяцаў нарадзілася новае пакаленьне – пакаленьне Нацыянальнай Рэвалюцыі. Нарэшце я чую, што рэчы пачалі называць іх уласнымі імёнамі. Паэзія Супраціўленьня набывае сваіх чытальнікаў. Каханьне жыве й пад акупацыяй. Любоў да Бацькаўшчыны расплюшчвае засаўкі рэжыму.
Калі Паэзія – Слова, дык Нацыянальнае Супраціўленьне (Рэвалюцыя) – гэта Справа. Калі Паэзія – Слава, дык Рэвалюцыя – шлях да ўлады. Калі Слава – гэта любоў іншых да цябе, дык улада – гэта свабода для ўсіх нас і незалежнасьць для Беларусі.
Паэзія сёньня – гэта моцнае жаданьне ўлады. Нельга атрымаць увагу жанчыны, пры гэтым не жадаючы яе хаця б крыху…
© лiтaрa.net, пры перадруку не забудзьцеся паставiць на нас спасылку