Вiтаю, дружа!лiтaрa.net

 
Вершы са збору “Марыя S.”
18 красавiка 2007 /лiтаратура/
Віктар Сямашка


“Кроў Сусвету”, Менск, 1996
12 студзеня 2007 /лiтаратура/
Валерыя Кустава


Адметнасць шляху ў апраметную для беларуса
12 студзеня 2007 /iнтэрвiю/
Валерыя Кустава


Дзень Дз
4 лiстапада 2006 /няшчырасьць/
Маnn Kurt


Зацірка
29 кастрычнiка 2006 /няшчырасьць/
Маnn Kurt

Адам Глобус [e,ф,8]
Аксана Бязьлепкіна [e,2]
Алесь Аркуш [i,e,ф,6]
Алесь Разанаў [1]
Аляксей Бацюкоў [e,2]
Аліса Бізяева [i,e,ф,17]
Андранік Антанян [i,e]
Андрэй Дынько [i,e,ф,3]
Андрэй Курэйчык [i,e]
Андрэй Хадановіч [i,e,ф,12]
Валерыя Кустава [i,e,2]
Валянцiн Акудовiч [i,e,ф,1]
Вольга Караткевіч [i,e]
Віктар Сьлінко [2]
Віктар Сямашка [i,e,1]
Вінцэсь Мудроў [i,e,ф]
Ганна Гершвін [e,1]
Ганна Кiслiцына [i,e,ф,7]
Зьміцер Арцюх [e,1]
Зьміцер Бартосік [i,e,ф]
Зьміцер Вішнёў [i,e,ф,3]
Зьміцер Дзядзенка [e,1]
Людка Сільнова [1]
Людміла Рублеўская [i,e]
Лявон Вашко [4]
Лявон Вольскі [i,e]
Лявон Юрэвiч [i,e,ф,2]
Маnn Kurt [i,e,ф,14]
Макс Шчур [e,2]
Марыя Мартысевіч [i,e,2]
Мікола Папека [i,e,1]
Міра Лукша [i,e,1]
Павал Сьвярдлоў [i,e,1]
Павел Абрамовiч [i,e,3]
Павел Надольскi [i,e]
Палівач [e]
Пятро Васючэнка [1]
Севярын Квяткоўскі [i,e]
Серж Мiнскевiч [i,e,ф,1]
Славамір Адамовіч [1]
Сяргей Астравец [i,e,1]
Сяргей Сматрычэнка [e,1]
Сяргей Шыдлоўскі [i,e,ф,1]
Тацяна Сьлінка [e,ф]
Уладзімер Арлоў [i,ф,1]
Усевалад Гарачка [e,2]
Францiш Богуш [e,1]
Цiна Клыкоўская [e,1]
Юрась Барысевіч [e,1]
Юры Гумянюк [i]
Ігар Бабкоў [e,7]
Ігар Сiдарук [i,e]
Ўжо ня дзевачка... [i,e,ф,1]
Ільля Сін [i,e]
Інэса Кур`ян [e]
Ірына Хадарэнка [i,e,ф]

i - толькi iнфармацыя
е - ёсьць email
ф - ёсьць фота
лiчба - колькасьць матэрыялаў зьвязаных з аўтарам
Касцёр Самабуся
Міра Лукша, 18 лiстапада 2002

Рашыў Габрусь Самабусь парваць з літаратурай. Адысці годна і ў добры час.

І крытыкі пляснулі ў далоні: „Добра!” Бо ўсё ўжо пра яго панапісвалі, іхні варштат вычарпаўся, а ў дадатак у газетах ды часопісах за опусы пра опусы Габруся Самабуся чамусьці мала ім плацілі. А мо і не так і мала, ды колькі можна пра тыя вершы, нават і самыя геніяльныя! Знойдзе крытык адзін слова-ключ, другі, а колькі ж можна ключыць, хай і на найгеніяльным палетку? А, можа, Габрусь Самабусь быў сапраўды загеніяльны на звычайных крытыкаў, якім не падскочыць вышэй таго, чаму іх навучылі ў інстытутах? Ды і каму гэта патрэбна! Міфічнаму чытачу? І так ніхто гэтага ўсяго не чытае. Нічога не чытаюць. Нават глядзець у тэлевізар людзям няма авхоты, калі там гавораць. Высыхаюць словы-ключы.

Рашыў парваць Габрусь з літаратурай зусім ды назаўсёды. Зваліў з паліцы кнігі ў сваёй хаце. А добрыя яны. У палатняных вокладках. Лакіраваныя. Шкада, што на распалку ў печ не дасі — у доме толькі ацяпляльныя батарэі; у блоку Габрусь жыве. Але ж толькі „рукапісы не гараць”! А гэта, што тут на кучы ляжыць, хутка б занялося, палала б, бо і клей добры, і папера юбілейная, не гаворачы пра кужаль ды лакір на вокладках. Ой, шугала б! Нягледзячы на палымяныя словы ў сярэдзіне тамоў. Пра любоў да радзімы, людзей, свету, прыроды, каханне, чалавечнасць! І заклікі да гэтага самага. А, вось, прыклады дрэні — во, як гэта гарэла б! Характары чорныя як пякельная смала!

Не, паліць не будзе. І ў сметніцу не ўкіне. І не павязе ў склад макулатуры — там яму заплацяць за кнігі менш, чым выдасць на транспарт…

Запаліў Габрусь грамнічку, што з-за іконы дастаў, жаўтлявую, паставіў на круглы столік пасярод кніжнага запыленага балагана, наліў сябе гарачай моцнай гарбаты, адмераў у кубак тры чубатыя лыжачкі цукру. Апусціўся ля канапы, пакрытай паплямленай капай у, здаеца, турэцкія ўзоры. І што з тою літаратурай…

З абвальваючайся рухомай піраміды бліскалі на яго, бы сыпучы пясок, літары прозвішчаў аўтараў і загалоўкаў, выпуклыя і ўплюснутыя, чорныя ды залачоныя, простыя і выкрунтасныя, часам горбам кніга адварочвалася, аздобай стылізаванай… Варушыліся лісты даўно не чапаныя, з уздыхам выпускалі спаміж лістоў шэры пыл і пах чагосьці няўлоўнага, чым аддае ад старых бібліятэк і бібліятэкаршаў. Мо гэтак дыхаюць кнігі, нейкай такой энергіяй, што спіць паміж лістамі, пакуль кнігі не кранеш? Рукой дрыжачай ад захаплення або цікаўнасці? А мо тады, калі кнігі абураныя такім жорсткім да іх падыходам, што іх за горб ды на кучу? Як сёння ўчыніў паэт Габрусь Самабусь? Няўжо кнігам крыўдна! — сцепануў плечуком уласнік літаратуры, зваленай на падлогу. Ён жа ж — паэт — адчуў яе непрыхаваную крыўду і злосць за такое хамства. Ён жа чуе нячутнае іншымі! Ціхі шэргат пылу прабіўся не толькі да яго прачулых, адтапыраных ад выгаленага чэрапа вушэй, а запёк між павекамі. Паэт заплакаў.
Габрусь Самабусь не плакаў даўно. Прынамсі пры сведках. А яны, гадаўкі, вырачыліся літарамі „о”, загагачыліся „г”, разявілі тонказубыя зяпы ў здзіўленні, дыбам паставілі стрункія старонкі… „Што, не бачылі?! — узлаваўся Габрусь. — Ну, плачу! У мяне алергія слязлівая на вас і ваш пыл! На паперу, на ўсё друкаванае. І не буду вас чытаць, бо не хачу плакаць.” — „Спаліш? Спаліш? — зашапталі старонкі. — Дык палі! Толькі рукапісы не гараць. А тваіх рукапісаў даўно сярод нас няма. Спалі! Запалкай, запальнічкай, крэсівам, што з раскопак прывёз…”

Дастаў з шуфляды паэт крамяні, губку, прыпаў на калені да кастра кніг. Тук-пук! — ударыўся камень аб камень.
Іскры ляцелі, запахла порахам, але не загарэўся касцёр. Габрусь абмахнуў верхам свае вялікае далоні узмакрэлы лоб. Кроплі поту скаціліся на каменьчыкі. Ударыў яшчэ раз. З пальца пацякла кроў… „І поту, і крыві каштуе гэта літаратура!” — скавытнуў Габрусь і шпурнуў каменне за расчыненае акно. Ля пад’езда ўзвыў сабака і сціх. „І не адно жыццё яна, паэзія, забрала!”

Пасядзеў яшчэ хвіліну на падлозе, засыпанай попелам ад папяросаў, змораны паэт. Ні паліць, ні піць яму не хацелася. Гарбату не чапаў. Устаў з крэктам, падаўся да шафы, спрытна схаванай у сцяне. Там, за трыццацітомнікам Маякоўскага мела стаяць непачатая, урачыстая пляшка. Паўлітэрка спірытысу. Якраз за томам, дзе паэма „Воблака ў штанах”, улюбёная Габрусём з часу, калі штудзіраваў рускую філалогію, каб спазнаць маскалёўскі дух.

Не, піць Габрусь не будзе. І не намаўляйце. Не будзе мець над ім уладу зялёны змей. Іншы раз мо і прытуліў бы бутэлечку, родненькую, да распаленых грудзей… Габрусь жорстка крутануў капсель, рашуча падышоў да стуса кніг, што ў амярцвенні ўзіраліся ў яго, бездапаможныя і як нежывыя, і лінуў вадкасць на іх схаладнелыя ад страху спіны.
Выліў усю бутэльку. Паўлітра! Чыркнуў запалкай. Занялося хутка. Гарэлі Мележы, Байраны, Пушкіны, Міцкевічы, Шаўчэнкі, Гюго, Картасары! Рубцовы і Рублеўскія, Адамовічы, Сысы, Бальмонты і Адамчыкі. Сінім полымем успыхнуў Глобус. Пунсова затрапяталі Клімковіч з Ахроменкам. Іскрамі сыпанулі Канапелька, Куртаніч і Сільнова. Арлоў ўзвіўся аж пад столь. Гумянюк аж пішчаў ад жару. Брыль, Танк і Панчанка палалі роўна, ціха. Крапіва тлеў, час ад часу з сыкам пускаючы зялёную іскру. Гётэ з Шылерам капцілі чадам, аж пякло Габрусю ў вачах…
А Біблія не загарэлася.

Неўзабаве ля пад’езда загігікала чырвоная машына. Пажарнікі знадворку прыставілі да сцяны драбіны, сіканулі вадой праз акно…
— І агонь, і вада нас ачысцяць, — прамовіў паэт Габрусь Самабусь, сцягваючы з мокрага торса паласатую майку. Памацаў пакурчанае ад агню валоссе на грудзях, пакляпаўся па сэрцы. — Во, а я нават ля цыцак загарэўся.
Кнігі ўкінулі ў смеццявоз. Падлогу памыла паэтава каханка, настаўніца роднае мовы. Хата сохла за ўсё лета, з пачаткам якога Габрусь з’ехаў у вёску да матулі.

А рукапісы, дальбог, не гараць. Апрача Бібліі застаўся адзін Габрусёў верш. Старэнькі, нідзе не друкаваны. Замок ён, на жаль, настолькі ад пажарніцкае сікаўкі, што няможна было яго расчытаць.


чытаць 6 камэнтараў, вэрсiя для друку



 Беларуская Палiчка
 Pravapis.org
 Навiны ТВЛ
 Наша Нiва
 Arche
 Дзеяслоў
 Фрагмэнты
 Nihil
 Калосьсе
 Асацыяцыя Ўкраiнскiх пiсьменьнiкаў
 
   

2002 © litara.net | iнфармацыя пра праект
хостынг прадстаўлены ext|media