• лiтaрa.net | рэцэнзii |
“Я мінуў яснавокія штольні вясны, закіданыя друзам…”
Ганна Штэйнман, 5 лiпеня 2002

Віктар Слінко. Штольні вясны: Вершы, паэмы. –
Мн.: “Беларускі кнігазбор”, 2001.


Ты не прэтэндуеш ні на што, аўтсайдэр, апошні ў любой чарзе, жыхар горада ў цэнтры Еўропы, чые прамавугольнікі шэрых дамоў нічога не гавораць тваёй памяці.
(Віктар Слінко. 13 – 16 лістапада 1998 года. Паэма)

Гэта як сказаць. Уласна я – прэтэндую. На вясну. На гарбату зь лімонам. На вершы, якія можна было б сьпяваць і якія б адлюстроўвалі мае пераменлівыя вясновыя настроі. Навінка апошняга сэзону – “Штольні вясны” Віктара Слінко – адпавядаюць настрою настальгічнаму: часам мроіцца Бродзкі, часам – Тацяна Сапач (Так, невыносна на гэтай зямлі, калі без// цябе і крыху іранічных вершаў пра бэз// ані да цябе непадобных і нават да// мяне ані не падобных, а толькі, бадай… (Т.С.) — Птушкі і воблакі адлятаюць на поўдзень, а я// не прасіў дапамогі ні ў кога і толькі мая// ненаглядная радасць заснула на правым плячы// я не ўмеў гаварыць над плячамі падвешваў мячы…(В.С)). Зрэшты, такое “пазнаваньне”, па-першае, натуральнае для постмадэрнізму, а па-другое, надае чытаньню асаблівую асалоду. Заўсёды прыемна знаходзіць у новым штосьці знаёмае, гэта родніць чытача з аўтарам і падвышае думку чытача аб сабе і сваёй літаратурнай абазнанасьці (праверана на ўласным вопыце). Акрамя такой абсалютна ўтылітарнай (каб не сказаць эгаістычнай), ёсьць шэраг больш узьнёслых прычын, зь якіх “Штольні вясны” мусяць упрыгожваць як мага болей кніжных палічак (наконт палічак – умоўна: наклад, на жаль, не дазваляе). Найперш, вершы спадара Слінко, як на маю думку, дык надзвычайна мэлядычныя, і па вялікім рахунку, ня так ужо й важліва, дзе яшчэ раней мы сустракалі падобную рытміку. Галоўнае – радкі, якія запамінаюцца адразу ж пасьля першага прачытаньня, і пасьля карціць цытаваць іх зь любой больш-менш адпаведнай нагоды:

…А нада мной шырокія платаны
І тое, што не будзе растаптана.

Каменьчык белы па вадзе заскача
І жоўты жвір пачуе, як заплача

Слімак у ракавінцы пад маёй нагою.
Цяпельца Богава дыміць над галавою.


Асабліва прыемна й карысна, што вершы не для запісу ў падручнік, а для штодзённага ўжываньня. Можна дэклямаваць на ноч каханай, можна сьпяваць, паклаўшы на музыку, можна зрабіць іх сваёй жыцьцёвай філязофіяй:

Для цябе я хацеў быць заўсёды цікавым
(яліны паколваюць нас, але гэта спачатку)
для цябе я хацеў быць заўсёды ласкавым
(перад тым, як прылашчыць мяне ты здымаеш пальчатку)
і я загарнуўшы ялінку ў тканіну каб не засмеціць
дарагіх дываноў, якімі ты даражыш
выходжу з кватэры і гэта падобна да смерці
выношу маленькае лёгкае цела але без душы;
каб не спалохаць суседзяў перад пад’ездам
дастану яе з тканіны пачую: шапочуць хмызы
і помніць забуду што дома чакаюць абеды
і на вуліцы дождж не па часе касы
размяняю прамоклы абутак на тры кіламетры
да мясцін, дзе за бітаю пліткай сустрэну зямлю
і здзіўлю свае лёгкія чыстым паветрам
і ўспомню чамусьці што некалькі год не палю


Пры жаданьні вершы Віктара Слінько можна нават разабраць на афарызмы: груганы разумеюць веру па-свойму; пад магільнай плітою заўсёды трава жывая; Я не хачу прысутнічаць пры тым, як крылы новыя закончыць майстраваць хлапчук Ікар.

Асобная гаворка пра зьмешчаныя ў зборніку дзьве паэмы: “13 – 16 лістапада 1998 года” і “27 – 28 кастрычніка 1999 года”: Гледзячы збоку, можна было падумаць, што ён п’яны. Але гэта было не так. Ён не піў у той дзень не толькі алкаголю, але нават кавы… Па форме – верш у прозе, па сутнасьці – падобна як дзёньнікавыя нататкі. Чытаць асабліва прыемна, калі сам памятаеш, што рабіў у вышэйзгаданыя дні. А нават калі й ня памятаеш – усё адно прыемна, бо гучыць вельмі прыгожа (калі вымаўляць уголас) і вельмі па-беларуску. Гэты своеасаблівы беларускі гарадзкі калярыт, уласьцівы, у прыватнасьці, творам Міхала Анемпадыстава, у “Штольнях вясны” спалучаецца з фальклёрнымі матывамі, і ў выніку атрымліваюцца вершы адначасова інтэлектуальныя і ўтульныя:

Недзе ў безданях ёсць сенажаці
Але тут застаецца маці
Там ідуць з хатулямі касцы
Але тут застаецца сын
Залатыя там кажуцца словы
Але раптам усё гэта – ловы?


І ўсё ж для тых, чый пэрыяд фармаваньня й сталеньня як асобы прыйшоўся на “вольны” пачатак і “гераічную” сярэдзіну дзевяностых, асаблівая каштоўнасьць “Штольняў” будзе бачыцца ў відавочнай спадкаемнасьці: Тут аматары алкаголю// маюць пэўную годнасць (наогул наколькі магчыма// у гэтых краях ужываць гэта слова)// Прадаўшчыцы аблічваюць пакупнікоў у прыстойных памерах// Праўда, хлеб разбіраюць так хутка// што не заўсёды паспееш// купіць да гарбаты свежы батон (Віктар Слінко) – На нашай вуліцы// усё звычайнае:// таполі пыльныя// дамы панельныя// двары квадратныя// пад’езды брудныя// жыцьцё нармальнае// а людзі розныя (Міхал Анемпадыстаў); Куды нахіліць галаву каб цяклі валасы// да цябе – праз бяссонне зялёнай вады (Віктар Слінко) – Твае валасы зблытаныя з мокрай травой// як чужы ўспамін жужалка паўзе па сьцяне (Ігар Бабкоў).

Зборнік складаецца з васьмі разьдзелаў, тэарэтычна можна вылучыць інтымную, філязофскую й грамадзянскую лірыку, але рабіць гэтага чамусьці ня хочацца. Як ёсьць, так і добра. Рыфмы – складаныя, рытмы – разнастайныя. Што яшчэ трэба, шаноўнае спадарства? Дык далучайцеся, чытайце на здароўе!



© лiтaрa.net, пры перадруку не забудзьцеся паставiць на нас спасылку