лiтaрa.net | рэцэнзii |
Сон, напэўна, таксама жыцьцё
Аліса Бізяева, 30 красавiка 2002
Кніга Ігара Бабкова нагадвае эцюднік імпульсіўнага мастака, куды той зьбірае свае недапісаныя малюнкі, замалёўкі, ледзь акрэсьленыя алоўкам ідэі. Прычым гэта ня тая наўмысная і лёккая незавершанась, што мы назіраем у работах імпрэсіяністаў, — а матэрыял для вялікіх твораў, натанік ідэяў, якія, відаць, ніколі не рэалізуюцца ў асобны твор.
Ледзь крануты пэндзлем эпізод, у якім адзін з пэрсанажаў Бабкова распавядае пра сваю будучую кнігу, захоўвае ідэю цэлага жанру – антыўтопія наадварот: "Кніга была задумана ў жанры "камэдыі пераапрананьняў" з элемэнтамі антыўтопіі. Мне было вясёла ўяўляць, якім было б жыцьцё, калі б нашая "Ўсходнеэўрапейская Швайцарыя" не ўстаяла ў 1918 годзе. Калі б бальшавікі здолелі разагнаць першы кангрэс, а беларускія карпусы не пасьпелі б прарвацца з румынскага фронту. Я сьмяяўся, апісваючы ва ўсіх дэталях сцэну растрэла Балаховіча (вядома, не міністра ў гэткім выпадку) і высылкі Ластоўскага (спадзяюся, што ў прэзыдэнта не было часу азнаёміцца са сваім лёсам)".
Эпізоды кнігі раптам зьяўляюцца, як працяг учорашняй размовы, і нечакана абрываюцца, пакідаючы ў разгубленасьці і жаданьні разьвіцьця. Пад час чытаньня не пакідае ўражаньне, нібыта чытаеш анатацыі да тэкстаў, якія немагчыма дастаць, таму што яны ніколі не будуць напісаныя.
Ці ня тое ж адбываецца з сучаснай беларускай літаратурай цалкам? Нашыя пісьменьнікі нібыта імкнуцца адно замацаваць за сабой, "закапірайціць" цікавую ідэю, незвычайны сюжэт, а на тое, каб разьвіць іх у больш-менш грунтоўны твор часам не стае ці то энтузіязму, ці то намаганьняў, а, можа, і таленту. Для мітусьлівых творцаў як найлепей падыходзіць постмадэрнісцкая мантажная, калейдаскапічная манэра, а сваю энцыкляпэдычную падкаванасьць можна з посьпехам і эстэтычна выявіць з дапамогай уласьцівых постмадэрну цытаваньня і алюзіяў.
Але ж стаміліся мы ўжо ад сказаў бяз косак, ад плыні сьвядомасьці, якая заводзіць думкі ў тупік, ад назойлівага паўтарэньня адных і тых жа "знакавых" словаў. І двойчы стаміліся, таму што акрамя новых мэтадаў і формы дзеля формы ў сучасную беларускую бэлетрыстыку так і ня трапіў новы настрой, новы зьмест, погляд новага адукаванага пісьменьніка на рэаліі беларускага жыцьця. Засмучае й сюжэтная пустата сучасных беларускіх тэкстаў. Я маю на ўвазе ня проста наяўнасьць падзеі ў творы, а пэўную аўтарскую задуму, канцэптуальнасьць, існаваньне стылёвай лініі, ад якой, калі яна ёсьць ў тэксце, заўсёды бавае адчуваньне мэнтальнай сувязі з аўтарам, пачуцьцё перадачы ім асаблівага сьветапогляду і адчуваньня таямнічага сэнсу. (Дарэчы, адсутнасьць сюжэту прабачаецца ў паэзіі. Ці не таму на сьціплых беларускіх палічках нашых кнігарняў вершаваных зборнікаў нашмат больш за празаічныя тэксты? Гістарычныя творы, якія грунтуюцца на ўжо гатовым сюжэце, таксама зьяўляюцца значна часьцей. Гэта замкнёнае кола: папярэднія творы ўплываюць на наступныя, а новыя надаюць яшчэ адно жыцьцё старым; творы пішуць пісьменьнікі, а пісьменьнікаў пішуць іншыя творы. Адно без аднаго можа зьявіцца толькі выпадкова, у выніку нейкай памылкі: вычварнай мутацыі, цуду ці хваробы. Таму крыху хворая проза Адама Глёбуса, літаратура беларускіх экспэрымэнтатараў ex-бумбамлітаўцаў і Віктара Жыбуля, таму пах вар’ятні не пакідае прастору кнігі Ігара Бабкова.
Раман "Адам Клакоцкі і ягоныя цені" (а сваю спробу стварыць сынтэтычную мастацкую прастору Ігар Бабкоў называе менавіта раманам) прасякае агульная зьвязка – сон і ява. Паралельныя і негіерархічныя, яны лёгка могуць мяняцца месцамі. Ідэя, на першы погляд, ня новая (у мастацтве яе актыўна выкарыстоўвалі сымбалісты і сюррэалісты і, як заўважае сам аўтар: гіпотэза, што жыцьцё – гэта толькі сон, мае "доўгую гісторыка-культурную традыцыю"). Але Бабкоў разглядае сон і яву ў шырокім сэнсе: як дзьве часава-прасторавыя формы існаваньня людзей і падзеяў. Сон і ява такія ж адносныя рэчы, як вар’яцтва і нармальнасьць. Нельга дакладна сказаць, ці існуе дзяцінства (і ўвогуле мінулае) дзе-небудзь акрамя нашых аб ім успамінах.
Нашая рэальнасьць пішацца як антыўтопія жыхаром той самай утопіі, аб якой так часта марылася беларусам: пра 1918-ты год, пра першы кангрэс, пра прэзыдэнта Ластоўскага: "Усе ўтопіі былі пражытыя й цьмяна сьвяцілі з памяці". Адам Клакоцкі зьбірае сны, а сам іх ніколі ня бачыць, і таму: "Пад канец жыцьця, ужо ў глыбокай старасьці, ён нават перастаў верыць, што жыве наяве й лічыў, што ўласна ягонае жыцьцё і ёсьць тым глыбокім, даўгім, абсурдным сном, ад якога ён вось-вось мусіў прачнуцца".
А што ёсьць больш рэальным: аўтар ці ягоны пэрсанаж? І людзі, магчыма, пішуць зусім не літаратурныя творы, а свае асабістыя жыцьці: "…ён гадзінамі ўяўляў, як ён блукае па Парыжы (Мадрыдзе, Лёндане, Рыме…), насяляў гэтыя прасторы сябрамі, падзеямі, тэкстамі. Ён займаўся гэтым, як высокім рытуалам. Урэшце ён мог усю ноч трызьніць "істотнаю размоваю" дзе-небудзь у невялічкай кавярні на ўскраіне Мадрыду".
Пры наяўнасьці занадта відавочных фармальных прыкметаў постмадэрнавай манэры і нягледзячы на лірычныя адхіленьні, напханыя тэарэтычнымі заўвагамі, тэрміналёгіяй і культавымі імёнамі, "Адам Клакоцкі і ягоныя цені" – вельмі цікавы і паводле формы, і паводле зьместу твор. Штучна створаная асоба "зьбіральніка, сыстэматызатара і дасьледніка сноў" Яна Марыі Адама Клакоцкага, падваеньне асобы некаторых герояў (Ганна-Ліна) і разьбіваньне на множнасьць лірычных Я самога аўтара набліжаюць раман да гіпэртэкстаў і апошняга піску – твораў сеткавай літаратуры.
Няўпэўнены ў існаваньні ўласнага Я, аўтар размаўляе зь літаратурнымі пэрсанажамі, шукае сябе ў асобах вядомых людзей, рэальных і нерэальных (Ван Гог, Адам Клакоцкі, Францішак Эн). Сны ў снах. Людзі і падзеі, якіх ня можа быць, але якія ёсьць рэальнейшымі за нас з вамі. Побытовая філязофія, што дапамагае чалавеку жыць. Гэта ня проста цікавая чытанка. У Бабкова і сапраўды атрымалася кніга, зь якой няма выйсьця, як няма выйсьця зь існаваньня, якое складаецца зь бясконцых перакрыжаваньняў сноў і нядрэмнасьці, калі сны спасылаюцца адзін на аднаго.
© лiтaрa.net, пры перадруку не забудзьцеся паставiць на нас спасылку