| Вiтаю, дружа! |
| увайсьцi | зарэгiстравацца |
| Закратаванае сэрца А. Сыс. «Сыс». Мiнск. «Мастацкая лiтаратура». 2002 Яго імя ўжо ўпісана ў гісторыю беларускай літаратуры залатымі літарамі. Сыс, вершы — цёмным золатам выведзена на вокладцы апошняй кнігі, якая выйшла пры падтрымцы прыхільніцы творчасці паэта Валянціны Якімовіч. Існаванне такіх адданых аматараў, па праўдзе, цешыць сэрца не менш, чым сам выхад кнігі, доўгачаканай як дождж на пяпялішчы. Такім папялішчам уяўляецца сённяшняя літаратура — дзе рэдкія творы буйных пісьменнікаў выглядаюць дзіўна, як косці мастадонтаў. На жаль, новая кніга Анатоля Сыса таксама больш належыць гісторыі, чым сучаснасці: амаль усе вершы, якія ўвайшлі ў яе, ужо вядомыя. “Пан Лес”, “Агмень” і “Ягамосць”(гэтая кніга так і не выйшла асобным зборнікам) — даўно зрабіліся беларускім міфам. Аднак з”яўленне іх пад адной вокладкай цікавае не як перавыданне і не як збор твораў. “Сыс” - паэтычны арыенцір, па якім яшчэ не адзін год будуць вымярацца каардынаты нацыянальнага. Далёкі ад эталона ў прыватным жыцці, Анатоль Сыс увасабляе класічную традыцыю айчыннай літаратуры. Творчасць яго стала неаддзельнай ад гісторыі нацыянальнага пісьменства адпачатку, калі абраў настаўнікамі Багрыма, Цётку, Купалу, Багдановіча. А яшчэ Гаруна, Каганца, Жылку, Танка, Панчанку, Караткевіча, Разанава… Не для датаў і святаў згадваў Сыс гэтыя імёны — выбудоўваў іерархію, і што дзіўнага, што на вяршыні апынуўся ён сам? Праблема ў тым, што класікі былі для яго не столькі папярэднікамі, колькі старэйшымі суразмоўцамі. Ён гаварыў да іх і на іхняй мове. Паэт размінуўся з сучаснікамі гэтак жа, як сама сучаснасць размінулася з беларускасцю. Знакаміты верш “Вятры маю цалуюць галаву” пра бюст, які “сябры паставілі на пляцы”, па нейкіх прычынах не ўвайшоў у новую кнігу. Між тым, без яго дзёрзка эгацэнтрычнай заўвагі “з Беларусі не сыйшоў Прарок”, і, дзякуючы пазнейшым вершам, уся паэзія Сыса перачытваецца ў іншым ключы — не як творчасць чалавека-помніка, не як дадатак да “адыёзнай постаці” літаратурнага скандаліста, а як адбітак нашых з вамі духоўных пошукаў. Нашых з вамі — незалежна ад таго, ці прыймаеце вы яго асобу. Кожны, хто думае па-беларуску — трошачкі Сыс. Нам мова далася крывёю, ды выпаленымі вачыма, хавалі яе, як зброю, насілі, як горб за плячыма. Сяклі яго гострай шашкай, да костак нагайкай білі і царскай і зверху, ласкай, ды мы яго ўсё ж любілі, хоць рос ён ад сініх шнараў, ад позіркаў воч варожых, ды мы яго, быццам рану, хавалі — свой скарб заможны… Мова — наш Бог і наш Горб — гэта максіма, якую Сыс, вывеў не столькі для сённяшніх чытачоў, колькі для іх дзяцей, нашых нашчадкаў. Яна ўжо пачутая і прынятая маладым пакаленнем, якое прыйшло ў літаратуру, дзякуючы яму. Дзякуючы той пераконваючай інтанаціі, якая і вылучыла яго паэзію сярод адраджэнскай хвалі васьмідзесятых. Якая розніца — моцны ці слабы сам Сыс, калі ён змог паклікаць не падманваючы, не абяцаючы блізкіх выгодаў, малочных рэкаў і кісялёвых берагоў? Беларусы трохі гарбатая нацыя — сама па сабе напрошваецца выснова з кнігі… Трохі “вярблюды”, нават на прасторах роднага краю. Мажліва, мы і ёсць такія — ўпартыя ідэалісты, якія не жадаюць асіміляваць, прыпадабняцца, яднацца не на роўнапаважальных умовах. Тыя, хто любіць Радзіму насуперак логіцы сучаснасці. І дзяды нашы любілі яе гэтак жа — варта перачытаць таго ж Купалу, які для Сыса — ікона. “…колькі б нас пасля Купалы ні жыло — плюнеш — не паэты — самазваншчына,” — максімалізм моманту, але ж гэта і ўзровень, па якім ён мерае сваю паэзію. Новая кніга яшчэ раз падцвердзіла высокі мастацкі стандарт, зададзены нам усёй папярэдняй літаратурай, і вытрыманы паэзіяй Сыса. Яго сутнасць — не ў звароце да святых паняткаў — мова, Айчына, Бог, — а ў своеасаблівасцях выбудовы сістэмы вобразаў, якія апелююць не столькі да рэальнасці сённяшняга дня, колькі да рэальнасці вечнасці. Мне на сэрцы золатам вышывалі краты, кроў балюча крапала на маю душу з голкі дыяментавай аж у тры караты — вось якое дзіва я ў грудзях нашу, — мастацкая рэканструкцыя вобраза “закратаванага сэрца”, які належыць Алесю Філіповічу (першы радок катрэна — цытата з яго верша) — натуральны працэс ператварэння мастацкага тропу ў архетып. Талент Сыса не толькі ў такіх знаходках-перачытаннях, а ў іх актуалізацыі для сённяшняга моманту. Такія вобразы адлюстоўваюць і трагічнасць нацыянальнага светагляду, і трагізм асабістага лёсу паэта: “Калі краты распілаваць,// атрымаецца шэсць крыжоў.// Калі шэсць начэй не спаць,// а бадзяцца адно з нажом,// рукі выберуць крыж — не нож,// і таму не паўтары// святатацтваў маіх, нябож,// каб не каяцца на алтары,” — чытаем у другім вершы, які яшчэ раз нагадвае, што выбар, зроблены Сысом — на карысць святла, а права на сумненні — неад”емнае права мастака і асобы. “А хто не верыць, ведайце, Багрым пачаў з кажана, скончыў жаўрукамі…” Паступова кажаны сысова сэрца перакідваюцца птахамі, а сам ён вяртаецца да нас праз кнігу, і не шэкспіраўскім блазнам, а сляпым правідцам, які збіўся з дарогі. Я думаў, вершы мае відушчыя, аж пакуль не аслепнуў сам ад маланкі самім жа пушчанай, я гарэў, як бязбожны храм, сам сабе я ў ім здаўся богам, адпускаў сам сабе грахі — грызла ганак, вяла дарога зноў на д”яблавыя кругі, ад яго я вяртаўся ў поўсці і калі цалаваў свой крыж, ён адбіткам жахлівым помсціў, бы люстэрка ці д”яблаў віж, і тагды я складаў малітву, можа ў соты свой самасуд, той малітвай, нібыта брытвай, сашкрабаў у адчаі бруд, і ў адчаі я рэзаў вочы, і жахаўся крыві сваёй, і жагнаўся — набожна, тройчы, — і агідны жывёльны лой з гострай брытвы маёй малітвы, быццам гной, патыхаў маной… “Самасуд” — усё сысова жыццё ў літаратуры. Мы ўсе апынуліся перад фактам духоўнага самасажжэння, якое, як выглядае, аказалася непатрэбным, невырашальным у сённяшняй сітуацыі. Яго чалавечы лёс — незайздросны. Але паэтычнае жыццё, прамільгнуўшае маланкай — ўзорнае, шчаслівае ў вачах паэтычных спадкаемцаў, якія сэрцам прымуць слушнасць паэтавай заўвагі: ”Ёсць агідныя словы… Агідных паэтаў няма”. “Сыс” — лепшая паэзія для дрэнных часоў. |
| |||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
|