• лiтaрa.net | няшчырасьць |
Аптымістычная трагедыя Беларускай канспірацыі
Маnn Kurt, 2 лiстапада 2003

Недасказанае слоўца, недазразумелы намёк… Глупа, па-віктарыянску закамплексавана хаваемся мы ад сваёй identity…


Цікава атрымліваецца. Славуты еўразійскі пісьменнік Варонін піша раманы ды сцэнары пра трыюмф рускага пасіянарна-спецназаўскага духу, а ў глыбі загадкавай усходнеславянскай душы палымяна спачувае Беларускай Ідэі. Дык падумалася: а мо й Бацька Наш Этнакультуралягічны ёй таксама пакрыёма спачувае ? Можа гэта схаваная жарсць выпальвае ягоную псюхэ загадкавую ЛіМаўскім Полымям ?

Нейкая абсурдная, кафкіянская змова. Усе ад усіх хаваюцца, тояцца, а ў адну прыгожую эсхаталягічную Гадзіну “Г” высветліцца, што ўсе яе набліжалі, як маглі, і што кожная кафля ў Маскоўскім Крамлі, кожная лямпачка РАО ЕЭС, кожны ідыёт і кожны ігрок, ад Берасця да Валодаўсходу, усё і ўсе засведчаць: гэта – мы ! Тут спрадвеку наша зямля ! Наша нафта, гоні і бары !

Вось сюжэт, варты геніяльнай шакспіраўскай мышкі. Алесь Жураўскі ў рамане “Дон Дж.” вывеў творчую асобу, якая, ў прынцыпе, абыякавая да Беларушчыны. Дык высвятляецца, што гэта, па сутнасці, нетыпова. Творчая асоба, а нават і кожны звыклы беларус не можа быць абыякавым да ідэі в которой вскормлен еси. Але ў чарговы раз паўтараецца гісторыя менскага падполля і бел. партызанскага руху. Калі памятаеце, у 20-тысячным Менску было 7,000±1 падпольшчыкаў, а ў лясах – паўмільёна мужных люццоў са стрэльбамі. Вось толькі, сутыкаючыся з выпадковымі мінакамі на вузкіх тады шчэ менскіх вулках, падпольшчыкі звычайна не ведалі, што сутыкаюцца з таварышамі па змаганні: канспірацыя. Магчыма, і Кубэ таксама быў падпольшчыкам, і ягоная смерць – трагічная выпадковасць ? Як жа трагічна-недарэчна загінулі ў свой час Рамэа і Джульета ! Недасказанае слоўца, недазразумелы намёк… Глупа, па-віктарыянску закамплексавана хаваемся мы ад сваёй identity, баючыся прызнацца самому сабе ў пяшчоце ды каханні.

Латэнтнасць. Цяжкая хвароба прыгнечанай шавіністымі душы. Калі мы яе пераадолеем, не будзе на Зямлі тае моцы, каб змагла нас адужаць. Як тыя пруцікі, звязаныя ў венік. А датуль мусім сядзець пад тым венікам ціха, як мышы. Геніяльныя, шэкспіраўскія.



© лiтaрa.net, пры перадруку не забудзьцеся паставiць на нас спасылку