| Вiтаю, дружа! |
| увайсьцi | зарэгiстравацца |
| Таварыства Вольных Літаратараў Утворанае ў 1993 годзе ў Полацку Каардынатар: Алесь Аркуш url: www.knihi.com/tvl (навіны ТВЛ на “Кніжнай палічцы”) Праз ТВЛ выявiлася тэндэнцыя да дэцэнтралiзацыi i адначасна рэгiяналiзацыi лiтаратурнага працэсу. Галоўную ролю ў Таварыстве гралі палачане i гарадзенцы. ТВЛ разгортвала сваю дзейнасьць ня ў Менску, і ад самага пачатку ставiла за мэту ахапiць сваiмi iнiцыятывамi прастору ўсёй лiтаратурнай Беларусi. Галоўны каардынатар Таварыства – Алесь Аркуш (Полацак). У Раду ТВЛ уваходзяць: Вінцэсь Мудроў (Наваполацак), Юры Гумянюк (Гродна), Ігар Сідарук (Кобрын), Лявон Вашко (Масты). Асноўнымі кірункамі дзейнасьці ТВЛ ёсьць: падтрымка нацыянальнай культуры ў рэгіёнах Беларусі; выданьне літаратурных пэрыёдыкаў і мастацкіх кніг; арганізацыя літаратурных сустрэчаў, вечарынаў, канфэрэнцыяў; папулярызацыя беларускай літаратуры ў Беларусі і ў замежжы. ТВЛ не iмкнулася пашыраць кола сваiх сяброў, i таму яно да сёньня застаецца досыць нешматлiкай арганiзацыяй. (Агульная колькасьць сяброў – каля 15 чалавек.) Але ў яе ўваходзяць вядомыя беларускія аўтары: Алесь Аркуш, Вінцэсь Мудроў, Ігар Сідарук, Юры Гумянюк, Лявон Вашко, Юрась Пацюпа, Сяргей Шыдлоўскі ды інш. У першыя гады свайго існаваньня Таварыства аб’ядноўвала, галоўным чынам, паэтаў, сёньня практычна ўсе сябры ТВЛ пішуць акрамя вершаў прозу і эсэістыку, а палова – драматургічныя творы. У галіне драматургіі найбольшых посьпехаў дасягнулі Ігар Сідарук і Лявон Вашко – іх п’есы ставілі ў галоўных беларускіх тэатрах (Віцебскім драматычным, тэатры-лябараторыі “Вольная сцэна” і іншых). Шырока вядомыя п’есы Ігара Сідарука “Галава” і Лявона Вашко “Каханьне па перапісцы”. Ігар Сідарук вядомы таксама як аўтар вершаў для дзяцей і кнігі “Павучальныя гісторыі дзядзечкі Сіда Рука”. Алесь Аркуш і Сяргей Шыдлоўскі пэрыядычна выступаюць у друку ў якасьці літаратурных крытыкаў. Вінцэсь Мудроў у 1970-х гадах выдаваў падпольны літаратурны альманах “Блакітны ліхтар”. Сёньня гэта адзін з самых вядомых тэвээлаўскіх празаікаў, аўтар трох кніг прозы. Лявон Вашко выдае літаратурны альманах аднаго аўтара “Маленькі сшытак Лявона Вашка” (выйшла два нумары) і літаратурны агляд "Дзеячас", а таксама зьяўляецца стваральнікам і рэдактарам электроннай ведамкі "Духахрам" . У 1993 годзе ТВЛ заснавала літаратурную прэмію “Гліняны Вялес” (падрабязьней пра прэмію тут), якая штогод прысуджаецца аўтару найлепшай мастацкай беларускай кнігі. Ляўрэатамі прэміі былі: 1993 - Ігар Бабкоў за зборнік вершаў “Solus Rex” 1994 - Людка Сільнова за зборнік візуальнай паэзіі “Рысасловы” 1995 - Алесь Разанаў за кнігу вершаў “Паляваньне ў райскай даліне” 1996 - Славамір Адамовіч за зборнік вершаў “Каханьне пад акупацыяй” 1997 - Лявон Вашко за зборнік апавяданьняў “Паэты-цары” 1998 - Уладзімер Арлоў за зборнік эсэ “Божая кароўка зь Пятай авэню” 1999 - Мікола Папека за зборнік вершаў “Чарнавікі…” 2000 - Сяргей Астравец за зборнік прозы “Цэнзарскія нажніцы” 2001 – Віктар Сьлінко за зборнік вершаў “Штольні вясны”. Цырымоніі ўганараваньня літаратурнай прэміяй “Гліняны Вялес” штогод адбываюцца ў полацкім Музэі беларускага кнігадрукавання. ТВЛ арганізавала і правяла тры міжнародныя літаратурныя канфэрэнцыі: “Альтэрнатыўная літаратура. Паасобныя намаганьні да агульнае мэты. Новыя імёны новай Усходняй Эўропы”, Наваполацк, 19-20 лістапада, 1994. “Літаратурны працэс: рэцыдывы посттаталітарнай маргінальнасьці”, Полацак, 4-5 лістапада, 1995. “Недзяржаўны літаратурны друк. Шляхі станаўленьня”, Полацак, 1-2 лістапада, 1996. У канфэрэнцыях бралі ўдзел літаратары і літаратуразнаўцы зь Беларусі, Расіі і Ўкраіны. Па выніках усіх канфэрэнцыяў найлепшыя даклады друкаваліся ў газэце “Культура”. Сьпіс выдадзеных Таварыствам Вольных Літаратараў друкаў (пэрыяд з 1990 да 2002 гг): Альманахі: Ксэракс Беларускі №1-6 (1990-96гг.) “Калосьсе” №1-9 (1993-2001) Кнігі: Алесь Аркуш, Павал Бурдыка. “Тайніца” (паэзія). 1991 г. Сэрыя “Паэзія новай генэрацыі” Юры Гумянюк. “Водар цела”. 1992 г. Славамір Адамовіч. “Зямля Ханаан”. 1993 г. Лявон Вольскі. “Калідор”. 1993 г. Алесь Аркуш. “Крылы ператворацца ў карэньні”. 1993 г. Лера Сом. “Блюз каралеўскае кухні”. 1994 г. Людка Сільнова. “Рысасловы”. 1994 г. Алесь Аркуш. “Разьвітаньне з Танталам”. 1994 г. Славамір Адамовіч. “Зваротныя правакацыі”. 1994 г. Юры Гумянюк. “Твар Тутанхамона”. 1994 г. Ігар Сідарук. “Саната Арганата”. 1994 г. Сяргей Мінскевіч. “Праз ГалеРэю”. 1994 г. Анжаліна Дабравольская. “Пазамежнасьць”. 1994 г. Cэрыя “Бібліятэка часопіса “Калосьсе” Вінцэсь Мудроў. “Зімовыя сны” (проза). 1999 г. Алесь Аркуш. “Выбранае” (паэзія). 1999 г. Юры Гумянюк. “Рытуал” (паэзія). 1999 г. Ганна Брэская “Настурцыі” (паэзія). 2000 г. “апошнія вершы леаніда галубовіча” (паэзія). 2000 г. Ігар Сідарук “Квадратная варона” (проза). 2000 г. Алесь Аркуш “Выпрабаваньне развоем” (літаратуразнаўчая эсэістыка і публіцыстыка). 2000 г. Людміла Рублеўская “Балаган” (вершы). 2000 г. Віктар Шніп “Чырвоны ліхтар” (паэзія). 2000 г. Гала Гара “Спрабую хадзіць” (паэзія) 2002 г. Творы сяброў ТВЛ друкаваліся ў шэрагу замежных літаратурных часопісаў: “Украінський засів” (Харкаў, Украіна), №4, 1994, №6, 1995. “Czas kultury” (Познань, Польшча), №5-6, 1996; №5-6, 1997; №3, 1997; №1, 1999. “Урал” (Екацярынбург, Расея), №8, 1996. “Kartki” (Беласток, Польшча), №1, 1997; №3, 1997. “Borussia” (Ольштын, Польшча), №15, 1997. “Krasnogruda” (Сэйны, Польшча). №12, 2000. а таксама трапілі ў наступныя калектыўныя зборнікі і альманахі: “Современный белорусский верлибр”, Москва, Арго-риск, 1996 “Za niebokresem Europy: antologia nowej poezji bialoruskiej”, Беласток, 1998 “Апокаліпсіс почнеться звідси”, Харкаў, “Майдан”, 1999 “Паезія №1”, Харкаў, 2001 |
| |||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
|