| Вiтаю, дружа! |
| увайсьцi | зарэгiстравацца |
| Вальжына Морт як яна ёсьць Пра Вальжыну Морт я ўпершыню пачуў задоўга да асабістага знаёмства зь ёю і ейнымі тэкстамі. Пачуў шмат ад каго. Неяк усе адначасова загаварылі пра фантастычную аўтарку, што столькі абяцае беларускай літаратуры. Я спрабаваў уявіць сябе беларускую Сапфо, Жорж Санд, Эмілі Дыкінсан, трох сясьцёр Бронтэ ў адным фляконе альбо хоць якую самую захудалую Мэры Шэлі. Атрымліваўся хутчэй мэрышэлеўскі Франкенштэйн. Зыходзячы з псэўданіму, я чакаў пабачыць перад сабою жанчыну ў чорным плашчы з капюшонам і з завостранай касою. Пабачыў жа крохкую дзяўчынку, якую хочацца ўзяць на рукі й захінуць ад варожага сьвету, поўнага сэрыйных забойцаў, гвалтаўнікоў і людзей, абыякавых да паэзіі. Падчас адной літаратурнай нарады я кінуўся абараняць паэтку ад крытыкі прызнанага літаратурнага мэтра, хоць у абароне не было ніякай патрэбы, бо й гэты мэтр, здаецца, быў зачараваны. Ейны выступ быў выбухам энэргіі, выклікам, правакацыяй, яўным хуліганствам, ледзь ня зьдзекам з публікі, калі сядзіш агаломшаны, глыбока ўражаны, каб не сказаць “абражаны” – і хочацца крычаць: “Яшчэ! Яшчэ!” Яе сапраўднае прозьвішча, Мартынава, нагадвае пра трагічны фінал Лермантава. Яе псэўданім перакладаецца з францускай мовы як “мёртвая”. Дасьціпны эсэіст Юрась Барысевіч тлумачыць гэта тым, што, мабыць, у школе яе пераехала… Максімам Танкам. У дадатак да ўсяго, гэта яна прышчапіла нашай паэзіі новы стыль, што я называю “какетлівым дзявочым суіцыдам”. Эстэтыка скандальных і трагічных расійскіх рок-паэтак, усіх гэтых Дзягілевых, Арэф’евых і Зэмфір, выгодна атабарылася ў вальжыніных вершах, якія проста просяцца быць пакладзеныя на музыку. Гэта яна знайшла адказ на балючае пытаньне Станіслава Ежы Леца: “Ну, добра. Ты праб’еш галавою дзірку ў сьцяне. Але што ты будзеш рабіць у суседняй камэры?” Знайшла, стварыўшы тэкст “Больніца” – відаць, самы знакаміты твор маладой беларускай паэзіі. Пакінуўшы пасьля сябе некалькіх эпігонак, яна, здаецца, астыла да вершаскладаньня й адчула ў сябе сталасьць, дастатковую для пісаньня прозы. Што ж, як на празаіка, яна па-ранейшаму выглядае ненармальна юнай дзяўчынкаю й па-ранейшаму выклікае жаданьне насіць яе на руках і абараняць ад варожага сьвету. Фрагмэнты з рамана Адзінае, што вам трэба зразумець і засвоіць, гэта тое, што я не збіраюся апавядаць пра нешта асаблівае, – хопіць адкрыццяў, дастаткова новых імёнаў. Ніякіх навінак. – Вальжына складае вершы ? О не, шаноўнае спадарства, час сказаць сарамліваму шаленству – бывай! Вы прамаўляеце сваё пытанне такім тонам, быццам жадаеце даведацца: “Вальжына ездзіць на Запарожцы?” Вы пытаеце пра гэта на вуліцы, у краме, у метро, па тэлефоне, у кіно, у каледжы, з экрану тэлебачання і ў радыёэфіры, дасылаеце сваё пытанне телеграмай, на аудыёкасэце, друкуеце яго на інструкцыях па выкарыстанню швейных машын, выпечцы тартоў і булак. Вам тэрмінова патрэбны адказ. Пад час любой сустрэчы, незвяртаючы ўвагі на тэму размовы, – спорт, сэкс, музыка, палітыка – ўсё роўна спытаеце адно і тое ж. – Кстати, стихи ещё пишешь? Але адказаць такім людзям, як вы:” Так, я паэтка”– тое самае, што сказаць:”Так, гэта я пукнула пад час канцэрту, калі аркестр выконваў “Раманс”, што пачынаецца з ноты сі, Людвіга Бетховена, які нарадзіўся ў 1758 годзе”. Заўважце – якая невыхаваннасць! І я буду рабіць так зноў і зноў, і буду ўсведамляць сваю віну ўсюды, дзе мы ходзім з вамі побач плячо да пляча, дзе глядзім адно аднаму ў твар, дзе палім і п’ем і там, дзе піць і паліць забараняецца. Там, дзе мы проста дыхаем агульным паветрам, дакранаемся да рэцэптараў на аголенай скуры. І дзе нам на дзіва не страшна ад таго, наколькі мы не ведаем адно аднаго, наколькі не разумеем чужых памкненняў, баімся жывых жаданняў. І няма ніводнай справы, якую мы б маглі рабіць разам, ніводнага месца, дзе можна было б сустрэцца, ніводнай мовы, на якой бы змаглі размаўляць больш за два чалавекі. Мы настолькі далёкія ад сапраўднага сэнсу чужых словаў, матываў і ўчынкаў, што адзінае, што нам застаецца зрабіць – гэта вынішчыць саміх сябе паасобку, пакуль нас не знішчыла ласка іншых. Мы хаваемся адно ад аднаго пад слаямі моднай вопраткі, але, калі зняць яе ўраз, то ўсе адразу ўбачаць, што нашае цела – хлусня. Яго няма. Пад гэтай вопраткай – пустэча. Трохпакаёваёвая кватэра замест галавы, штодзённая праца замест рук, запасы на будучыню замест грудзей, страх быць згвалтаваным замест чэлесу. Для таго, каб пра цябе пачалі размаўляць, трэба толькі адыйсці на колькі крокаў, павярнуцца ў процілеглы бок – і тваю хлусню заглыне чужая хлусня. Словы, якія ты казаў хвіліну назад і якія ўсе слухалі, ківаючы галовамі, ізноў узгадаюць, каб зняць з іх штаны, паставіць ракам і гвалтаваць. Гвалтаваць, заклапочана азіраючыся,– ці не збіраешся ты вярнуцца, ці не глядзіш краем вока на тое, што робяць з тым, што ты прынёс. Тваю асабістую бялізну распусцяць на ніткі, зняўшы спачатку адбіткі пальцаў, каб ведаць, хто дакранаўся да цябе апошнія некалькі гадзін. Калі хочаш, каб цябе пакінулі ў спакоі, – пакліч на дапамогу. Я выпускаю зараз сліні сваёй жоўці, боўтаюся ў сусветным лайне і ляплю з яго сваіх стойкіх адважных салдацікаў, таму што вы ніколі не думалі, што, паціскаючы вам руку, я мабыць хацела б, каб на яе месцы была вашая шыя. І той незнаёмы чалавек, што так нечакана выняў з кішэняў квіток на праезд, мабыць, жадаў бы дастаць аўтамат і растраляць усё наваколле. Але finis. Я хаваюся, і гэта вашая чарга лічыць да ста. І пакуль вы будзеце перабірацца з лічбы на лічбу з заплюшчанымі вачамі, хто ведае, што адбудзецца на Зямлі – разбуральныя землятрусы, другое прышэсце, чума, ледавік, рэвалюцыя – а я ўсё буду мітусіцца, перабягаючы з аднаго месца ў другое і крычаць вам: “Чакайце, спадару мажорны Жэўжык! Я яшчэ не схавалася!” – Так Вальжына піша вершы? – Не. /…/ Зімой сустрэчы прызначаюцца на пяць, шэсць гадзін – не пазней. Мы гуляем, то хутчэй, то павольней, потым спяшаемся ў цёплую кватэру, распранаем адно аднаго на канапе, размінаемся пад гукі апошніх навін па тэлебачанні, і ты бяжыш на кухню смажыць пельмені. Я слухаю, як яны трышчаць на патэльні, бы сапраўдны снег у нас пад нагамі. А калі ты вяртаешся, мы вячэраем і пераходзім да абавязковай праграмы, потым – да вольнай, потым – на біс, потым – яшчэ нешта, потым – нічога не памятаю. А праз некалькі дзён – адліга. Лужыны разліваюцца па тратуарах, нібы акіяны. Сонца ліецца, як з вядра. Менск раскрывае свае карты. Насцеж! Ён заходзіць надпісам “придерживайте двери” на дзвярах крамаў, адбівае грукатам тралейбусаў, кладзе зверху – вялізных галодных галубоў, дае ў дадатак Марата Казея і універсам “Цэнтральны”. Ён набірае з калоды Акадэмію музыкі, словы “у меня нет сдачи” і халодныя-халодныя слухаўкі вулічных тэлефонаў, бяспройгрышна ідзе сустрэчамі пад гадзіннікам ля Магдональсу, зверху – канцэрт БГ кожны красавік. /…/ Можна было б ніколі не прысутнічаць пры жыцці той жанчыны, што прымала групу замежных літаратараў на другім паверсе літаратурнага музею… Яна паўтарала і перапаўтарала імя Коласа столькі разоў, што калі б мы сабралі ўсіх іх разам і скляпалі з тых Коласаў лесвіцу, то па яе прыступках здолелі б дабрацца да Марса, і, мабыць, нам бы яшчэ хапіла на якое-ніякое жытло, і лазню, і венікі, і штампы ў пашпартах. З абыякавай непрыязнасцю я назірала за тым, як яна карміла нас толькі таму, што словы “карміць” і “Колас” пачынаюцца з адной літары, спявала, таму што “Колас” і “голас” рыфмуюцца, часам выхадзіла мачыцца, таму што нішто чалавечае было яму не чужое. Яна размаўляла на мілагучнай беларускай мове, якую ніхто з замежнікаў не разумеў, і яны з пэўным сарказмам адказвалі ёй невядома што на сваёй мове, а яна гасцінна ўсміхалася, быццам кажучы: “У нашым музеі няма межаў для камунікацыі”. Я не была пачэсным госцем і, седзячы на ўскрайку, піла гарбату з цукеркамі, намагаючыся не ўзнімаць вачэй ні на гасцёў, ні на гаспадыню і не апускаць іх да ўзроўню кіліма, стаптанага худасочнымі нагамі музейных служывак. Пасярод залі сядзелі вядомыя адзін аднаму беларускія пісьменнікі. І пакуль мой позірк, як цыркач, балансаваў паміж падлогай і сценамі, яны намагаліся кланаваць беларускую літэратуру. Яны так трызнелі кланаваць яе, быццам ніколі не бачылі свайго адбітку ў люстэрку, ніколі не чулі свой голас, ніколі не чыталі сваіх твораў і таму не ведалі, што спачатку трэба кланаваць іх саміх. Яны былі здохлыя і трэба было дачакацца другога прышэсця, каб зрабіць замову на ўваскрашэнне хаця б тых, у каго было больш за ўсё публікацый. Яны здохлі і жылі ўсе разам у створаным імі раі адасоблена ад тых, хто ніколі не пісаў раманы і не друкаваўся ў часопісах, якія яны чытаюць. Яны жылі літаратурай. І за ўсё сваё жыццё не зрабілі ані кроку, нават не плюнулі за яе межы. У размовах яны цытавалі самі сябе (яны казалі: “Як я напісаў у артыкуле/вершы/рамане, які надрукаваны/надрукуюць у часопісе/газеце/альманаху/зборніку твораў) і пры кожным зручным моманце прагнулі паказаць, наколькі яны разумнейшыя за астатніх. Пад час іх размоваў у мяне складалася ўражанне, што яны не чуюць адзін аднаго. Кожны выдаваў свой асабісты маналог Гамлета, робячы выгляд, быццам яго прамову транслююць на ўсю планету, і людзі, што жывуць уніз галавою на другім баку зямнога шара, ад сыйшоўшага на іх адкрыцця адрываюцца ад паверхні і падаюць у адкрыты космас. І тут, менавіта тут, у гэтым грэбаным музеі, сярод сініх мерцвякоў я зразумела, што я шчаслівая. Я зразумела, наколькі я шчаслівая ад таго, што не жадаю быць разумнейшай ні за аднаго з іх, што не хачу быць разумнейшай нават за прыбіральніцу, што прыдзе сюды мыць і пыласосіць, калі сустрэча скончыцца. Я была шчаслівая ад таго, што трызнела быць, як усе. Як усе, хто не змог прыйсці і ніколі б не прыйшоў на гэтую сустрэчу. Нехта дакрануўся да майго пляча і сказаў: – Малайчына. У мяне таксама з дзяцінства рукі свярбелі пісаць. – У мяне рукі не свярбяць. Я іх мыю разоў дзесяць на дзень. Вам таксама раю. У скрайнім выпадку звярніцеся ў скурна-венерычны. /…/ Час збягае адсюль, як уцякач. Пакідае недаведзеныя да канца справы, незачыненыя дзверы, недацалаваныя вусны. Над разлітай гарбатай ракі назаўжды застыла палавая ануча неба. Менск – гэта тэлевізар, які забыліся выключыць у спешцы ад’езду. Тысячы знакамітасцяў, сусветнапрызнаных куміраў мільгаюць на экране перад апусцелай кіназаляй. У адных галовы ўзнятыя высока ўгару, шыі падкрэслена аголеныя. Яны ідуць не кранаючы абуткам асфальту, не пакідаючы ценю. У іх – эксклюзіўны голас, які яны адцэджваюць па кроплі, быццам гэта шыкоўная парфума. Іншыя – глядзяць ва ўсе бакі, лезуць ва ўсе дзіркі – дзе яшчэ можна нагадаць пра сваю асобу, пакінуць сваю метку. Тут не бывае прамых эфіраў – усё, што адбываецца было складзена і адзнята раней, таму ўсялякае цяперашняе належыць толькі мінуламу. Цяперашняе не атрымаеш проста так яго трэба заслужыць. Мінулае выдае яго людзям па кавалках, як цукар цыркавым жывёлам. Трэба прачнуцца, узняцца з ложку, пляснуць колькі вады на твар і колькі ў кубак, адчыніць дзверы-зачыніць дзверы, каб выйсці з дому, адчыніць дзверы-зачыніць дзверы, каб трапіць на працу, і атрымаць за гэта свой паёк цяперашняга. Я пераключаю горад з вуліцы на вуліцу, пераходжу яго ўздоўж і ўпоперак, назіраю, вынюхваю, вывучаю, падслухваю. Я даўлюся гэтым горадам, трахаюся з ім, як з аблезлым сабакам, і напрыканцы ён усё роўна выяўляе мне сваю адзіную якасьць: колькі ні хадзі па доўгіх тратуарах, колькі ні спатыкайся аб нізенькія бардзюры – усё адно, калі спынішся і задумаешся, ты не здолееш узгадаць ніводнага будынка, ніводнага дрэва, помніка або чалавека. Ты будзеш не ў стане аднавіць у сваёй памяці анічога з убачанага ў гэтым горадзе; і ад безвыходнасці і бездапаможнасці захочацца рваць на галаве валасы, біцца аб зямлю, араць, зрываючы глотку, а птушкі ўсё будуць марудна лётаць над табою, махаючы крыламі, як сурдаперакладчыкі Бога. Вярнуўшыся ў гэты горад, я адчуваю сябе жывым сэрцам, змешчаным у металёвым робаце. Робат трапляе пад моцны дождж і ржавее, а я працягваю жыць у целе, што памерла, хоць і ніколі не было жывым. Яно не дае мне прыпыніцца ні на хвіліну, сказаць уголас тое, над чым думала заўсёды, не дазваляе наблізіцца да таго месца, дзе мая старая недаспалая маці чакае наступнага аўтобусу. Ранак, брудны і смярдзючы, хістаецца па старых вуліцах. Людзі побач перамінаюцца з нагі на нагу, калупаюць думкамі ўбачаныя ўначы сны, і маёй маці здаецца, што Зямля круціцца дакладна так, як бялізна ў пральнай машыне ўчора ўвечары. Ёй хочацца знайсці кнопку stop і націснуць на яе, каб нарэшце адпачыць ад бясконцых клопатаў, працы і поту, але падыходзіць перапоўнены аўтобус. Людзі гвалтам ціснуцца ў вузкі праход дзвярэй, кідаюць адзін у аднаго камені словаў. Мая маленькая маці прыстасоўваецца на апошняй прыступцы аўтобусу, але нехта з усяе моцы пхае яе ў жывот, і яна падае на асфальт, аглушаная і аслепленая невядомым ёй болем. Як рыбіна, якую вынулі з вады і кінулі на распалены пясок, яна пачынае глытаць паветра вялікімі порцыямі, бы гарачую гарбату, круглымі вачамі калясіць вакол у пошуках таго, дзеля чаго яна магла б выжыць. Ціхі матчын страх перадаецца мне па прывідным тэлеграфе пупавіны, і я пачынаю па-маленьку смяяцца. /…/ Прыцемкі надыходзілі раптоўна сінім колерам сліваў, і твайму голасу было лянота пакалупацца цёплым ротам у свідравіне паветра, каб узламаць маўчанне паміж намі. Вечар – прагулка праз сіні слівовы сад. Слівы паўсюль – на вокнах, пад нагамі, у складках вопраткі. Слівамі абрастаюць учора і заўтра, сон і ява. Імі водарыць у кватэрах, вокны якіх расчыненыя ўсю ноч, імі водараць людзі, якія ідуць побач. Бы кроплі расы на спелых цяжкіх ягадах, блішчаць фары гойсаючых па вечаровым праспекце машын. Машыны пралятаюць па бясконцым цёмна-сінім горадзе, як знічкі, і таму сам горад здаецца на хвіліну адлюстраваннем начнога неба. Мы чакаем, пакуль паспеюць нашыя сінія словы з костачкамі недаверу ўнутры, і потым асцярожна каштуем іх на смак. Ля кіёску, дзе ты купляеш цыгарэты, – высокая лесвіца. Пачынае накропваць, і мокры лесвічны мармур паблісківае сінім колерам, быццам бы нават у ім, як у бурштыне, застылі старажытныя слівы. Па лесвіцы ўзнімаецца чалавек, бязгучна размаўляе сам з сабою, толькі бачна, як варушацца вусны. Ён пацепваецца ад дажджу, хавае рукі ў кішэнях. Другі чалавек у светла-бэжавых штанах спускаецца ўніз, і, калі яны параўняюцца адзін з адным, я зразумею, што яны незнаёмыя. Я чакаю, пакуль ты папаліш пад мастом, дзе пахне мачой, і мы рушым далей. Дамы звужаюцца і звужаюцца з кожным новым паверхам, быццам бы час, вусны набліжаюцца да маіх, і я хапаюся за твой цёплы язык, як за апошнюю саломінку. /…/ У мяне трыпер. Ратуй, Божа! Ужо дзён гэтак пяць адчуваю – ён, больш нічога. Мабыць, так звалі лекара-немца, што вынайшаў гэтую хваробу ў сваім лабараторным пакоі – Hans Tripper. Ідэальнае прозвішча для чалавека з вышэйшай адукацыяй. З мінімальнай колькасці літар змайстравана аптымальнае гучанне. Альбо гэта ад ангельскага слова trip – вандроўка, якое якраз пасуе да назвы заразы, што вандруе з цела ў цела. Але, па вялікім рахунку, чаму зараза? Кажучы шчыра, я не вельмі хвалююся. Некалькі доўгіх месацаў прайшлі ў разладзе з самой сабою, у непаразуменнях з тым, што адбываецца навокал, але трыпер супакоіў і ўраўнаважыў маё жыццё. Ён аказаўся тым ключом, які адчыніў перада мною ўсе дзверы. Я больш не думаю аб тым, як лепш збудаваць сказ, што ўзгадаць, а што пакінуць па-за радкамі. Трыпер – гэта мая самадастатковасць. Венерычная хвароба даруе жанчыне пачуццё ўлады і пэўнага каларыту, ад адчування таго, што ў адным з пакояў яе залатога палацу хаваецца сапраўдная пачвара. Уначы, каля паловы на першую, тэлефануе Іван. Я скачу вышэй за столь – гэта цуд, які ён п’яны! Не размаўляе, а займаецца перацягваннем канату: на адным канцы – Іван, на іншым – Іванавы словы. Ноч плыве за вакном, спатыкаючыся аб верхавіны дрэваў, і галіны гойдаюцца ў сне. Я прагну ўзгадаць, што я зрабіла за дзень. Пэўна нічога. Я чакаю выніку, калі Іван узарве гэтае напружаннае маўчанне, і словы сарвуцца, як спалоханыя коні, каб панесці яго за сабою праз полымя, ваду і каменне, супраць ветру, розуму і самаго сябе. Калі словы будуць кідаць яго ва ўсе бакі, разбіваючы белую галаву да крыві, калі будуць без разбору апускаць на зямлю і ўзнімаць, як стужку, прывязаную да конскага хваста /…/. Сёння ён можа скардзіцца да непрытомнасці. Сёння ён здолеў перацягнуць канат на свой бок. Ён перамог, і я, здаецца, бачу, як ён трымае слухаўку тэлефона, непамерна цяжкую для яго танцавальных рук так, быццам гэта алімпійскі агонь ці кубак свету. Пераможная ўсмешка хістаецца на яго твары, як галіны дрэваў за вакном. Гэтая ўсмешка сарамлівая і нехлямяжая, і яе можна спужаць любым нечаканым рухам, бы малое кацяня. Сёння ён – пераможца. Правадыр сваіх словаў, ён цягне іх, што батрак, каб нарэшце кінуць да маіх цёплых ног. – Вальжына, я зараз на дні нараджэнні ў Іллі. Прыязджай. Так, гэта патрэбна……………………. Ах, так. Позна. Значыць, я сам за табою заеду. Твае п’яныя словы – гэта кароста, сверб. Ты ледзь стрымліваеш сябе, каб не расчухаць, не разадраць іх да крыві. Я чую, як ты пытаеш у ледзь-чутных галасоў на іншым канцы провада, у каго ёсць грошы на таксоўку. Яшчэ раз перапытваеш, злуешся, крычыш, равеш, плачаш, енчыш. Я прашу, каб хто-небудзь паехаў з табою, бо сам ты наўрад ці зробіш і дзесятак крокаў, не паваліўшыся. Нехта рухаецца, каля самай слухаўкі. Няўжо ты не чуеш, што я не адна, што мая раўнівая хвароба прыкрывае мой рот. – Вальжына, вымаўляй, як след. Хто ў цябе? Хто? Скажы яшчэ раз. Ну! Хто? Хто? Хто? … Слухай, зачыні яго ў ваннай, або прывяжы да ножкі ложку. Чула? Божа! Божа! Божа! Ратуй мяне, Божа! Хлеба нашага штодзённага дай мне сёння і адпусці мне грахі мае, як я адпускаю вінаваным сваім. І не ўводзь мяне ў спакусу. Божа! Ён вырашыў, што трыпер – гэта парода сабак. /…/ Стоячы так, насупраць акна, узіраючыся ў начную далеч, запоўненаю ўспышкамі аўтамабільных фараў, я здаюся сама сабе капітанам гэтага трохпакаёвага карабля, які згубіўся ў чорных дарогах акіяну, матросы напіліся да смерці ад думкі, што ўжо нібыта ніколі не ўбачаць зямлі, пацукі з’елі апошнюю ежу, невядомая хвароба пусціла сваё карэнне ў думкі, вочы і сны. Я выйшла ноччу на палубу, каб паглядзець наперад – ці не заўважу таго, што падаруе права на надзею, што карабель рухаецца ў патрэбным напрамку. Рухаецца ўсё далей і далей. Далей і далей, і далей, і я лаўлю сябе на думцы, што ўжо не разумею, хто ёсць хто, што ёсць што, дзе я знаходжуся, дзе была раней і куды збіралася трапіць. Я не чую ніводнага гуку, ніводнага шолаху, але ведаю, што ў цынкавыя дзверы цішыні грукочуць тысячы галасоў, у іх б’ецца крык шчаслівых і зламаных, прыгожых і кульгавых, задаволеных і хворых, каханых і забытых. Іх нямы лямант пераследуе па пятах мяне і астатніх, хто знаходзіцца з іншага боку дзвярэй. Тых, хто кажа: “Няма нічога прасцей за жыццё”. І смяецца і плача. Прадмова й выбар Андрэя Хадановіча |
| |||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
|