Вiтаю, дружа!лiтaрa.net

 
Вершы са збору “Марыя S.”
18 красавiка 2007 /лiтаратура/
Віктар Сямашка


“Кроў Сусвету”, Менск, 1996
12 студзеня 2007 /лiтаратура/
Валерыя Кустава


Адметнасць шляху ў апраметную для беларуса
12 студзеня 2007 /iнтэрвiю/
Валерыя Кустава


Дзень Дз
4 лiстапада 2006 /няшчырасьць/
Маnn Kurt


Зацірка
29 кастрычнiка 2006 /няшчырасьць/
Маnn Kurt

Адам Глобус [e,ф,8]
Аксана Бязьлепкіна [e,2]
Алесь Аркуш [i,e,ф,6]
Алесь Разанаў [1]
Аляксей Бацюкоў [e,2]
Аліса Бізяева [i,e,ф,17]
Андранік Антанян [i,e]
Андрэй Дынько [i,e,ф,3]
Андрэй Курэйчык [i,e]
Андрэй Хадановіч [i,e,ф,12]
Валерыя Кустава [i,e,2]
Валянцiн Акудовiч [i,e,ф,1]
Вольга Караткевіч [i,e]
Віктар Сьлінко [2]
Віктар Сямашка [i,e,1]
Вінцэсь Мудроў [i,e,ф]
Ганна Гершвін [e,1]
Ганна Кiслiцына [i,e,ф,7]
Зьміцер Арцюх [e,1]
Зьміцер Бартосік [i,e,ф]
Зьміцер Вішнёў [i,e,ф,3]
Зьміцер Дзядзенка [e,1]
Людка Сільнова [1]
Людміла Рублеўская [i,e]
Лявон Вашко [4]
Лявон Вольскі [i,e]
Лявон Юрэвiч [i,e,ф,2]
Маnn Kurt [i,e,ф,14]
Макс Шчур [e,2]
Марыя Мартысевіч [i,e,2]
Мікола Папека [i,e,1]
Міра Лукша [i,e,1]
Павал Сьвярдлоў [i,e,1]
Павел Абрамовiч [i,e,3]
Павел Надольскi [i,e]
Палівач [e]
Пятро Васючэнка [1]
Севярын Квяткоўскі [i,e]
Серж Мiнскевiч [i,e,ф,1]
Славамір Адамовіч [1]
Сяргей Астравец [i,e,1]
Сяргей Сматрычэнка [e,1]
Сяргей Шыдлоўскі [i,e,ф,1]
Тацяна Сьлінка [e,ф]
Уладзімер Арлоў [i,ф,1]
Усевалад Гарачка [e,2]
Францiш Богуш [e,1]
Цiна Клыкоўская [e,1]
Юрась Барысевіч [e,1]
Юры Гумянюк [i]
Ігар Бабкоў [e,7]
Ігар Сiдарук [i,e]
Ўжо ня дзевачка... [i,e,ф,1]
Ільля Сін [i,e]
Інэса Кур`ян [e]
Ірына Хадарэнка [i,e,ф]

i - толькi iнфармацыя
е - ёсьць email
ф - ёсьць фота
лiчба - колькасьць матэрыялаў зьвязаных з аўтарам
Бахарэвіч, Праклятыя госці сталіцы
створаны: 14.02.2008, абноўлены: 30.08.2008 23:58, камэнтароў: 20

Панове, хачу падзяліцца ўражаннямі ад апошняй кніжкі Бахарэвіча: звязная кампазіцыя, файная праца з мовай, цікавыя назіранні, калючая іронія. Кожны абзац - добра прапісаная мініятурка. Нарэшце, аўтар не тыцкае пальцам у канкрэтныя месцы, а толькі падае мастацкія вобразы, але Мінск выразна пазнаецца і выглядае вельмі матэрыялізаваным, як той Дублін у Джойса. Прыемна чытаць якасна напісаную літаратуру. Якія будуць думкі?
напiсаў Руды Тамаш 14.02.2008, 17:50


Я згодная з Вамі. Сама маю намер напісаць артыкул: я самай лепшай думкі пра раман. Ці не хацелі б Вы напісаць рэцэнзію?
напiсала Вiка Трэнас 15.02.2008, 11:36


Таксама мне падаецца дзіўным, што з нагоды выхаду кнігі не было амаль ніякага рэзанансу. Цікава, чаму?
напiсала Вiка Трэнас 15.02.2008, 11:37


Дзякуй, Віка, але рэцэнзію пісаць хіба не буду. Я ўсё ж чытач, а не прафесійны крытык, і пісаніна мая будзе дылетанцкай.

Малы рэзананс магу аднесці на конт невялікага накладу і адсутнасці прамоцыі.
напiсаў Руды Тамаш 15.02.2008, 14:09


—Таксама мне падаецца дзіўным, што з нагоды выхаду кнігі не было амаль ніякага рэзанансу. Цікава, чаму?—

Таму, што ў беларускай літаратуры 99% рэцэнзій заказныя. Вось і Віка напіша на свайго знаёмца. Ці будзе яна аб'ектыўнай? Не сумняваюся, што не будзе. Асабістая прыхільнасць замыльвае вочы. І не спрабуйце мяне пераканаць у адваротным.
напiсаў крытык-05 18.02.2008, 11:09


Варта было б параўнаць "Праклятых госьцяў сталіцы" А.Б. з "Малой падарожнай кніжкай па Горадзе Срнца" А.К.

напiсаў werk 19.02.2008, 13:05


Іронія лёсу, але я чытаў "Праклятых" і "Малую падарожную" адна за адной. Як на мой погляд, падабенства там няшмат. Бахарэвіча я б хутчэй параўнаў з Вежнавец. "Малая падарожная" - някепская кніжка, але я не мог пазбавіцца адчування, што гэта - бясплатны бонус да "Горада СОНца". Клінаў прамовіў словамі тое, што і так было відаць з яго геніяльнага альбома і што, відаць, прамаўляць было залішнім.

Вяртаючыся да тэмы крытыкі. Я - дылетант, Віка - неаб'ектыўая. Мо пан Крытык-05 напіша? Прачытаю з цікавасцю.
напiсаў Руды Тамаш 19.02.2008, 23:20


крытык у адпадзе. Спадабалася ідэя. Але ў мастацкім пляне гэта па меншай меры не Кафка. Выбачаюся. Аднак для бел.літаратуры гэта 5 баляў па пяцібальнай сістэме. так трымаць!
напiсаў крытык-05 20.02.2008, 00:00


У абедзьвюх кнігах галоўны герой - не асоба, а дэкарацыя.
Месца падзеяў.
Сталіца.
У Альгерда гэты герой пераважна адмоўны, у Артура станоўчы.
Горад-тэатр і горад-музэй.
Мінатаўр і Тэзэй.
МТЗ.
напiсаў werk 20.02.2008, 01:29


Эмтэзей.

напiсаў werk 20.02.2008, 01:59


Цікавае назіранне наконт дэкарацыі. Але дэкарацыя - нішто, калі яе не апладняе дзейная асоба.
напiсаў Руды Тамаш 20.02.2008, 09:39


У Альгерда Менск - дэкарацыя.
У Артура - ДК "Рацыя".

напiсаў werk 20.02.2008, 11:03


Спадарства, мне думаецца, што ніякага менавіта эстэтычнага падабенства паміж кнігамі Артура і Альгерда няма: розная стылістыка, розныя мэтавыя ўстаноўкі. Зрэшты, хочацца сказаць наступнае: праблема не ў тым, будзе крытыка аб'ектыўнай ці суб'ектыўнай, рацыянальна ці эмацыйна напісанай — праблема ў тым, каб была ХОЦЬ ЯКАЯ КРЫТЫКА. Бо кнігі праходзяць незаўважанымі.
напiсала Вiка Трэнас 20.02.2008, 11:06


Лічыцца, што беларускія словы любяць прыстаўны гук: трэба пісаць ня Ольга, а Вольга, не Мсьціслаў, а Амсьціслаў. Тады атрымліваюцца Вальгерд і Аменск (не Эмтэзей, а Канецк).

напiсаў werk 20.02.2008, 17:49


Далёкая асацыяцыя з Клінавым. Учора пабачыў у Нацыяналцы фотавыставу "Метафізічныя гарады" пра архітэктуру Італіі 1920-40х гадоў. Ідэя тая самая, што ў нашым горадзе СОНца: на замову ўсемагутнага ўраду з чыстага аркуша выбудаваць гарады будучыні.

Архітэктура цікавая, здымкі файныя, пераважна чорна-белыя, зробленыя пры адсутнасці людей у тых будынках. Карацей, сюр. Стаю, любуюся. Тут дзвер у сцяне адчыняецца і выходзіць таварыш Чаргінец з дэлегацыяй брытанскіх бізнэсменаў. Сюр стновіцца ўсеабдымным…
напiсаў Руды Тамаш 11.03.2008, 09:33


Брытанскія госьці сталіцы…
Шмат здымкаў падобнага кшталту зрабіў Міхал Баразна - менскіх і рымскіх: людзей ня бачна, але будынкі тварападобныя.
напiсаў werk 11.03.2008, 11:48


У "Дзеяслове" бліжэйшае абмеркаваньне прысьвечана кнізе Артура Клінава. Далучайцеся.
напiсаў tob 22.04.2008, 00:50


А па мойму ніхто не хоча бачыць аб'ектыўна. Пры ўсёй павазе да аўтара.Кніжка слабая, калі параўноўваць з мінулымі.
Паўтарэнне тых жа прыёмаў, толькі ўжо з новымі героямі і менш таленавітае. Назар Мінус-проста поўны МІНУС.
напiсаў Злыдзень 24.04.2008, 23:30


Разняволены варыянт “лімаўскай” рэцэнзіі, якая чатыры месяцы праходзіла “адсеў”. І не прайшла. Тэкст даволі вялікі, таму пакідаць на будучы збор твораў шкада. Выстаўляю.
Ц.Ч.


Наступствы адзіноты і свабоды

Пра што б ні пісаў Бахарэвіч – усё пра Беларусь атрымліваецца. Як у тым анекдоце пра калыску і кулямёт. Паводле аўтарскіх эстэтычных прынцыпаў, здавалася б, наадварот павінна быць: “Пісьменьнік павінен клапаціцца ў першую чаргу пра сябе й думаць пра сябе, а не займацца праблемамі краіны”, “галоўная й бадай адзіная мая задача – выклікаць у чытача эстэтычную асалоду” (тут і далей курсівам вылучаюцца словы Бахарэвіча). Але ўсе творы (акрамя кароткіх апавяданняў), на жаль, абвяргаюць тэзісы. Асноўная пасылка яго кніг – сцёб з беларускай рэчаіснасці (“мой родны сцёб, як ты мне…”). Цытатамі рознай ступені цяжкасці можна было б запоўніць усю прастору паласы, але ў мае намеры ўваходзіць аналіз рамана “Праклятыя госці сталіцы”, і таму “бліжэй да цела”, як казаў Мапасан.

Кніга падзеленая на восем частак: шэсць – падрыхтоўваюць чытача да дзеяння (дакладней, “дзейства”), знаёмяць з асноўнымі персанажамі; сёмая – уводзіць апавядальніка (зразумела, гэта да болю знаёмы беспрацоўны мізантроп) у прастору тэатра і яго залюстрэчча; восьмая частка рэалізуе сам ход падзей, які павінен неяк падсумоўваць папярэдне выкладзенае. Вельмі каротка абмалюю сюжэт, хаця б асноўныя лініі: некалькі чалавек рознага ўзросту і розных прафесій праходзяць у розных сітуацыях абрад ініцыяцыі – пасвячэння ў новае аблічча (часта для гэтага выкарыстоўваецца бахцінскі прынцып “аўтарытарнага слова”, характэрны для літаратуры жахаў), цалкам адмовіўшыся ад мінулых сваіх экзістэнцый. Ініцыятар ініцыяцый – Назар Мінус, загадкавая асоба, аматар сінематографу, дырэктар тэатра “Мінус”, што месціцца ў былым памяшканні тэатра імя А. Жданава. Старое найменне тэатра раскрывае і метафару (ці не маецца на ўвазе былая “Змена”?) тапічнай характарыстыкі тэкста. Памяшканне перадаецца ў арэнду амаль бясплатна кожнаму, хто пажадае: там ладзяцца лахатрон-“Панацэон” шоў, сойм апазіцыйнай партыі, конкурс прыгажосці для работнікаў завода, рок-канцэрт для падлеткаў, піянерская рэпетыцыя ўскладання вянкоў і інш. Дзействы падобныя да сцэны ў вар’етэ з рамана Булгакава: адкрываюцца самыя нізкія інстынкты мужыка-беларуса “с полным их разоблачением”. Сам Мінус і яго “світа” падчас гэтага ўсяго назіраюць за гледачамі з укрыцця, нябачныя і недасяжныя. Пасля вялікага гарадскога свята – тэатр з’язджае. Асобнай размовы заслугоўвае вобраз Надзіманага, гумовай скульптуры, што робіцца авангардным мастаком на замову гарадскіх уладаў. Канцоўка рамана: падчас свята Надзіманы ўзносіцца ў неба, разломваючыся па дарозе на кавалкі – шары; сотні жыхароў горада зачаравана сочаць за палётам. Каб не рабіць рызыкоўных супастаўленняў не будзем прыгадваць буллгакаўскі хранатоп (там Воланд рабіў свае справы на Страсным тыдні і з’ехаў перад Вялікаднем), бо Бахарэвіч – атэіст.
У рамане захоўваецца своеасаблівае светабачанне бахарэвічаўскай прозы, я назваў бы яго неарамантычным. Чаму так? Амаль ва ўсіх тэкстах аўтара, пачынаючы яшчэ з “Практычнага дапаможніка па руйнаванні гарадоў” выкарыстоўваецца прыём уцёкаў у іншы, створаны самім героем (часам – варункамі жыцця ці самой рэчаіснасцю) свет. Г.зн. знакаміты рамантычны прыём “двоесвецце”. Дарэчы, папулярызатары прыёма – германцы (Наваліс, Шаміса, Гофман), якія гэтак імпануюць зацятаму беларусісту Бахарэвічу. Рамантыкі рэагавалі на дагматычны класіцызм. На што рэагуе Бахарэвіч? Мусіць, на тое, пра што казаў Дз. Ліхачоў: “Пастаяннае імкненне да свабоды існуе адно там, дзе ёсць пагроза свабодзе”. Мяркую, з гэтага паходзіць Бахарэвічава прага “другога свету” – з рэакцыі на беларускую сітуацыю. Але паходжанне адно, а што выйшла? Выйшла нянавісць – абсалютна не творчае пачуццё; праўда, з яго дапамогай можна напісаць тэкст, але нянавісць ніколі не выклікае захаплення “чараўніцтвам” мастака. Больш таго, не будзе і самога “чараўніцтва” . Можа, я памыляюся, можа, я адзін з тых “крытыкаў, якім недаступныя горныя вяршыні мастацкага вымыслу”? Можа, не трэба было чытаць адначасна з Бахарэвічам Рамэна Гары?
Зрэшты, аматараў трэшажэрства заўсёды хапала…
Вось дзядзька ЛеГАЛ пад руку гаворыць, што Бахарэвіч піша “пад Набокава”, ды і сам аўтар пра гэта заўляе. Набокаў? Не ведаю, хутчэй не. Прынамсі стылёва Бахарэвічу да Набокава яшчэ вельмі далёка. Набокаў у юнацтве аглядаўся на Буніна (чытай ліставанне Сірына і Буніна ў 16-тамовым бунінскім ПЗТ) і “ненавідзеў” яго ў амерыканскай сталасці; тое захапленне адчуваецца па даўжэзных прыгожых, меладычных сказах. Бунін, у сваю чаргу, абапіраўся на Талстога і з гідлівасцю ставіўся да Дастаеўскага, як, дарэчы, і Набокаў. “Не ўмеў пісаць Дастаеўскі”, “журналіст” і г.д., што тут зробіш. Праўда, некаторыя старонкі “Праклятых гасцей” адсылаюць да Сірына. Напрыклад, апісанне музыкі падчас дзейства (гл. апавяданне Набокава “Музыка”) і ад’езд тэатра (фрагмент 115). Бясспрэчна набокаўскія і адносіны да дэталі – параўнання, метафары, але ў Бахарэвіча яны больш выяўляюць сатырычны “пункт погляду” аўтара, у Набокава ж – проста нечаканыя, прыгожыя і трапныя. “Сутнасць ірацыянальнасці – у перавазе дэталі над абагульненнем, у перавазе часткі, якая больш жывая за цэлае, у перавазе драбязы” (У. Набокаў, “Гісторыя літаратуры і здаровы розум”). Хутчэй за ўсё праводзіць паралель паміж Бахарэвічам і Набокавым мэтазгодна ў плане светаадчування (асабліва што да пазаэтычнасці мастацтва і здекліва-паблажлівай інтанацыі) і згаданых ужо эстэтычных прынцыпаў, у плане філасофіі творчасці. Часам Бахарэвіч у сваіх інтэрв’ю проста дубліруе выказванні настаўніка (што праўда, Набокаў “выказвацца” пачаў у Амерыцы, пасля “Лаліты”, калі на яго ўсе наваліліся, а напісаў ён свае лепшыя рэчы ў Еўропе, нікому не вядомы).
Агульнае з Набокавым яшчэ і ў тым, што Бахарэвіч таксама слізгае па паверхні персанажаў, не ўзводзіць іх да характараў. Яны, як големы, бяскроўныя і аморфныя, сноўдаюць па старонках, шукаючы сваёй існасці, але аўтар-дэміург часам не дае ім і рота раскрыць (Маленькі Лекар; так і не абуджаная І). Ды і сам Назар Мінус, на пачатку нібыта гюнтэрграсаўскі, пасля – нібыта булгакаўскі ці гофманаўскі персанаж застаецца адно толькі падпарадкаваным аўтарскай метафары, але не самім сабой. Метафару можна тлумачыць колькі хочаш; напрыклад, так: кожны з насельнікаў тэатральнага залюстрэчча, атрымаўшы магчымасць глядзець на свет збоку, не ўдзельнічаючы ў “псеўдажыцці”, пакідае зачараванае кола несапраўднасці (адсюль і “мінус”). Назар Мінус выступае як свабодны творца: змысляе для сябе і сваіх сяброў кінафільмы, толькі акцёры там – рэальныя людзі. Апошнія словы рамана: “Глядзі, Вока!” – магчыма, гавораць, што і за ўсімі людзьмі свету гэтак назірае пільнае Вока, як назіраў Мінус.
Як заўсёды выдатнымі ў Бахарэвіча атрымаліся характары апавядальніка і яго дзяўчыны: відаць, што ўзятыя рэальныя прататыпы. Толькі пад імі не “маецца нешта на ўвазе”
“Праклятыя госці” і “Пасля феерверку” вельмі адрозніваюцца ад папярэдніх твораў новымі падыходамі да пабудовы твора, да яго архітэктонікі: выкарыстоўваюцца многія кінематаграфічныя прыёмы, такія, як мантаж, набліжэнне, “буйны план”. З рамана атрымаўся б някепскі фільм на сУчаснага-еўрапейскі капыл (магчыма, кніга – гэта яшчэ і пародыя на жанр кінастужкі і спектаклю). “Пасля феерверку” – рэч “сыраватая”, кавалкі тэкставай рэчаіснасці разыходзяцца, як тыя… масты (не на карысць цэласнасці), і ўсё, што застаецца ў памяці пасля прачытання, – вырашэнне галоўным героем праблемы мутацыі палавых органаў.
“Праклятыя госці”… Новае яшчэ і ў падыходзе да мовы твора. Падаецца, што аўтар сям-там спрабуе дэканструяваць самую мову: змяняе пол персанажа – той спачатку гаворыць “хадзіў”, а праз абзац ужо “хадзіла”. Выразае непатрэбныя часткі сказаў: “Таварыш Грышук разышоўся так, што калі воплескі заціхлі, у звонкай цішыні яшчэ доўга і г.д.” Унутры тэкста разважае пра яго структуру: “Кіроўца, кавалак мяса ў вакуўмнай упакоўцы, які можна захоўваць – верце мне, верце! – бясконца, бясконца, бясконца! (усё ж тут мусіць стаяць кропка).” Гульня з тэкстамі песень: “Ён вярнуўся наверх, прайшоў па Абрыкосавай, звярнуў на Вінаградную, пастаяў у ценю на Цяністай. /…/ Знерухомеў тралейбус у тралейбусным парку (механік, гад, пераблытаў правады).”
Так, што тут яшчэ ёсць… Ну, канечне, вычварэнствы, забойствы, жахі, ненарматыўная лексіка – гэта зразумела. Што да мацюгоў, то яны, да гонару аўтара, укладаюцца ў вусны тых, для каго ўсё гэта вельмі нават натуральна і нарматыўна. Гратэск, безумоўна (найлепш выпісаны ў эпізодзе “Конкурс прыгажосці”). Цудоўныя бахарэвічаўскія эпітэты: гідлівыя вусны (ці аддана сцятыя, ці бессэнсоўна сцятыя жалезныя), удзячны лоб, ідыёцкія пысы іншамарак, гнілазубая ўсмешка, зямлістыя твары. Асабліва мне спадабаліся спевакі, якія са “змрочнай асалодаю” на тварах цягнулі песню – так і ўяўляеш сабе твар аўтара падчас пісання гэтых словаў.
Відавочна тое, што раманная форма далася Бахарэвічу ў знакі і (на гэты раз) не паддалася. Метад “суплёту навел” не ратуе сітуацыю, бо пакідае заўважныя швы, якіх у добрым рамане (і фільме) быць не павінна. Будзем спадзявацца, што ў новай кнізе яны знікнуць.
Цікава, што амаль адначасна трапілі ў рукі дзве няблага напісаныя кнігі, у якіх аўтары эксплуатуюць ідэю тэатра: “Марыянеткі і лялькаводы” Міхася Южыка і “Праклятыя госьці сталіцы” Альгерда Бахарэвіча. Але раман Южыка, нягледзячы на пэўную стылістычную нязграбнасць (пасля ўвядзення новага персанажа Южык тут жа пачынае раскручваць рэтраспекцыю, і на пяты раз гэта ўжо трохі назаляе), мне больш блізкі, таму што сапраўды напісаны зболеным чулым сэрцам. А творы Бахарэвіча, хоць той і абвяшчае, што “мастацтва нараджаецца з болю”, пішуцца сёння дзякуючы рэлятывізму і гардыні аўтара. Гэтага зусім не было ў “Практычным дапаможніку”, не вельмі адчувалася ў “Афарбоўцы”, але, праўда, у “Валянціне Г.” ужо дакляравалася, між іншым, што “кашчунства – выдуманае людзьмі, гэтаксама як рэлігія”. Ну, калі і рэлігіі, і грахі – выдуманыя, дык чаго ўжо там: “усё дазволена”, як казаў няздара-стыліст Дастаеўскі.
“Чытач чакае ад мастацкай кнігі, каб тая завязала яму вочы, узяла за ганарлівую руку й завяла ў таямнічы лес – завяла і кінула там. Чакае чараўніцтва”. Шчыра кажу, чакаў. І каб за руку, і каб чараўніцтва. Не дачакаўся. Браць у рукі ў трэці раз не буду (звычайна два разы чытаю, калі рэцэнзію пішу).
Мусіць, я не ваш чытач, Альгердзе. Узяў, прачытаў усе вашы кнігі, але, але… Мусіць, зноў вярнуся да “сваіх”. Мне падабаецца глыбіня і шырокасць, як у Кафкі, Джойса, увогуле, класікі рэалізму і мадэрнізму. Вечна малады Борхерт – цудоўны майстар. Бёль. Ды нават весялун Чэстэртан!..
А я ўжо амаль паверыў Шаўляковай…
Вось жа, завяршаю рэцэнзію. Цёплая хваля сонца абрынулася на сцішную залу “нацыяналкі”. Што ні кажы, але “ўсё ж моцна прыкутыя дзвюхногія да зменаў прыроды, варта сонцу з’явіцца, і можна здымаць вяроўку”. Балазе за акном квітнее “светлы, як Вялікдзень, веснавы працэс”.

Ціхан ЧАРНЯКЕВІЧ

напiсаў tsikhan 28.08.2008, 15:45


Я разумею, што на пэўным этапе важна аддаваць належнае духоўным настаўнікам, але пакрысе варта ад гэтага пазбаўляцца. А то складаецца ўражаньне, што спадар ЛеГАЛ проста такі надыктоўваў табе, Ціхане, рэцэнзію. Хоць гэта далёка ня так, наколькі я магу меркаваць.


напiсала maryjka 30.08.2008, 23:58


Вы павiнны ўвайсьцi ў сыстэму або зарэгiстравацца (калi шчэ не зрабiлi гэтага), каб мець магчымасьць пiсаць камэнтары або навiны.



 Беларуская Палiчка
 Pravapis.org
 Навiны ТВЛ
 Наша Нiва
 Arche
 Дзеяслоў
 Фрагмэнты
 Nihil
 Калосьсе
 Асацыяцыя Ўкраiнскiх пiсьменьнiкаў
 
   

2002 © litara.net | iнфармацыя пра праект
хостынг прадстаўлены ext|media