| Вiтаю, дружа! |
| увайсьцi | зарэгiстравацца |
|
найлепшымі вэрсыфікатарамі ў нашай паэзіі мне здаюцца Багдановіч, Жылка, Дубоўка, Барадулін, Разанаў ("Паэма чырвоных вяровак" ды інш.). Ня ведаю, ці ёсьць у нас лепшыя за іх паэты. Ёсьць, Андрэй, і ты іх ведаеш Багушэвіч, Колас і Купала, ну і Ігар Бабкоў з Толікам Сысам ні на каліва нягоршыя за Брыдуліна з Розанавым. Прашу прабачэння за аўтаплагіят з іншай галінкі, але хацеў бы высветліць наконт франкафаніі: хто памятае, калі і пры якіх акалiчнасцях адраджэнцы захварэлі на Le Vice Français ? Бо я, парыўшыся ў глыбінях сваёй памяці, прыгадаў толькі 1) Ach, ja pamiętam czasy, kiedy do Ojczyzny Pierwszy raz zawitała moda francuszczyzny! Gdy raptem paniczyki młode z cudzych krajów Wtargnęli do nas hordą gorszą od Nogajów, 2) Że nie wierzono rzeczom najdawniejszym w świecie, Jeśli ich nie czytano w francuskiej gazecie. 3) Paryż częstą mody odmianą się chlubi, A co Francuz wymyśli, to Polak polubi. (Пэўны Адам М. напісаў). Нешта ту, мусіць, з Бруксэляй-Страсбургам звязанае ? Зрэшты, былі часы, калі адраджэнцы найбольш любілі ўсё нямецкае, Die Neue Ordnung і ўсё такое. Але гнюткае яно, Адраджэньне, хутка адаптуецца. Жыве і Жывецьме. Слушна я кажу ? Спадару Богушу, эсэісту і чалавеку:))): Гіранічны паэта зь філфаку Зьеў на рытмах і рыфмах сабаку. Ды вакол недавер: "Не паэт ён, а вер- сыфікатар. А ну яго .!" Мне ў гэтым артыкуле не спадабалася адна рэч: сп.Богуш крытыкуе паэта, але не прыводзіць пры гэтым ніводнай цытаты, каб падмацаваць свае думкі. Кепска, недапрацоўка. Мне ў гэтым артыкуле не спадабалася іншае: poczułam się, jakby mi ktoś wylał na głowę wiadro żółci, w którym tu i ówdzie pływały cząsteczki racji i drobiny prawdy. Cóż, jestem tradycjonalistką, jeśli chodzi o sposób prowadzenia dyskusji. A może to odezwało się pradawne białoruskie poczucie КРЫУДЫ ? Прабачце, калі ласка, спадары вельмішаноўныя філолагі, мне маю філасофскую адукацыю, я магу казаць толькі з пазыцыі сьціплага чытача (ён жа - аўтар, гл. Ралана Барта). Не ведаю, дзе вы там накапалі штучнасьці ў паэзіі Хадановіча, але бездакорная форма ў яго ніколі, як на мяне, не паглынала зьместу, болей за тое, здаецца Андрэй - адзін з нямногіх, хто ведае чым ёсьць даўно памерлы постмадэрн і ня кідаецца гэтым слоўцам у сваіх апанентаў. І да таго ж ён не імкнецца пісаць постмадэрновыя вершы, ён піша вершы адмысловыя. P.S. Лепей хварэць на французкую паэзію, чым на французкі насмарк >>Мне ў гэтым артыкуле не спадабалася адна >>рэч: сп.Богуш крытыкуе паэта, але не >>прыводзіць пры гэтым ніводнай цытаты, каб >>падмацаваць свае думкі. Мусіць, сп.Богуш ведае ўсе вершы Хадановіча напамяць і мяркуе, што і ў сэрцах іншых літаранцаў, жывуць радкі "зразумелыя да паловы// І не ўсім жыхарам РБ"? Ці ня ёсьць для яго самога Хадановіч "непераўзыйдзеным ідэалам"? 2maryjka Напэўна так! :-))) Насамрэч, характарыстыка пісьменьнікаў-кумаў удалая, але тое што тычыцца самога Хадановіча, мякка кажучы не зусім. Пісьменьнік-капіталіст дзіўная формула, пахне скарузлымі клішэ. Наконт гумара лічу што ў Хадановіча яго якраз дастаткова: ні зашмат, каб ні казалі, як пра ББЛ блазан, ці эпатажнік ( хаця для нас гэта выдатна);і не замала,.. а ёсьць Праўда трэба для такога гумару ведаць даволі, бо гуляе, Ха!, інтэтектуальна, быццам робіць гімнастыку Вось гэта і пра(пры)колвае. Наконт інфантыльнасьці ня згодны, да Ха! трэ дарасьці. Я, асабіста, ужо не дарасту. Але як казаў Анштайн, толькі інфантыльнасьць дае шанс цікавіцца будовай сьвету, і адкрываць яе. Так, Хадановіч госьць з будучыны Зь беларускай будучыні, таму я набыў бы яго акцыі! ; -) U Hadanovicha zhyvoooot Vo dze paezija zhyviot! Andrejka,dziciatka(tak nekali Tolia Sys zviartausia da miane samoga),ty neshta pablytau, bo paezija geta neshta inshae Kali nachytany i vedaesh movy - nu i perakladaj sabe,ale ne smiashy maminu pipisu,pretendujuchy na sheragi paetau. I uvogule, hutka ja viartajusia,to jak slavu dzialic budzem? Pryvitanne krytykam! Adamovich. Хадановічу пакінем славу, табе імя! 18 сакавіка 2004 г. у Доме літаратараў (вул. Фрунзэ, 5, вялікая заля) адбудзецца творчая вечарына Андрэя Хадановіча "Бабілёнскі праект". У рамах імпрэзы новыя вершы, песьні й пераклады, а таксама прэзэнтацыя кнігі "Лісты з-пад коўдры". Чакаюцца Валянцін Акудовіч, Уладзімер Арлоў, Зьміцер Бартосік, Джэці й Віктар Жыбуль, Серж Мінскевіч, Алесь Пушкін і ягоны пэрформанс, а таксама гледачы, слухачы дый іншыя прыемныя сюрпрызы. Пачатак а 18.30. Уваход вольны. Якасная крытыка. Хай сабе аўтар і правакуе траха. Пра бяздушнасьць-мэханічнасьць зласьліва. Але пра штучнасьць раздзьмуваньня "госьця з будучыні" вельмі слушна. І Мінскевіч мае рацыю, што да азначэньняў астатняга па-за Хадановічам, нанпр. пра тое, што М.Курт працытаваў. Галоўнае, што напісана добра, чытаецца лёгка. Ня так правільна-нудотна, як Жукоўскі піша. P.S: Славіку-&-Мірыку а што па вяртаньні зашываць будзеш? :)) Vos zha jakaja shtuka vyhodzic: Adamovich - jon i u internece Adamovich,a ty - tolki krambam Haj,taksama zly,ty padzialiu sapraudy pa bracku, a ja hachu pa-spraviadlivasci:Hadanchyku - jago zhyvot-vantroby,Adamovichu - kamplekt palasataj roby Zdrav budz,bojarin! Shto vy dakalupalisia da zhyvata Hadanovicha?Geta hvaroba tvorchaga rostu.Vyrasce,pachne zhyc narmalnym zhycciom paeta,baby jago pachnuc lubic(abo , nu j shto, shto zhanaty!),tady j pastrajnee Dajce chalaveku razgarnucca! "Vos zha jakaja shtuka vyhodzic: Adamovich - jon i u internece Adamovich,a ty - tolki krambam…" Я вельмі нават KRAMBAM! А ты зялёны плашч з капелюшом па праспэкце насіць будзеш? А голы пры луне танчыць будзеш? Ну тады давай, хутчэй прыязджай! А то тут сумнавата сталася (ўсе ў разьездах). U Hadanovicha zhyvoooot… Vo dze paezija zhyviot! А ў Славіка - ні чарта: Ні паэзіі, ні жывата! Спадару Славаміру, калі гэта Вы! Я рады, што згадкі пра мяне не даюць Вам спакою ў далёкай Нарвэгіі! Спадзяюся, што сваю славу Вы давядзеце ня дробным хуліганствам, нявартым Вас, а добрымі вершамі. Я першы за Вас парадуюся, калі Вам яшчэ не слабо! З павагаю, 12 САКАВІКА 2004г. №11/4248: ЛеГалІЗАЦЫЯ Андрэй ХАДАНОВІЧ. “Лісты з-пад коўдры” (вершы; Мінск, Логвінаў, 2004г., рэдактар Ю.Бушлякоў, 500 ас., 150 стар., кошт 5440). Перш чым пісаць гэты тэкст, я ўспомніў пра часопіс “ARCHE” двухгадовай даўнасці з творчым і фота — на ўсю вокладку — партрэтам Андрэя Хадановіча І лепш бы я гэтага не рабіў, бо столькі фіміяму нават да юбілеяў сапраўды знаных айчынных літаратараў на маёй памяці рэдка калі выкурвалася. Ды як не прыкрывайся іроніяй ці самаіроніяй, а існы свой твар надоўга не схаваеш. З гэтай прычыны ў мяне з”явілася выснова, што сучасная культура і літаратура ў прыватнасці ўсё часцей апынаюцца вядомымі і залежнымі ад стыхійных грамадскіх працэсаў, саступіўшы сваю месіянскую ролю вядучых як тое было раней. Літаратура перастала вызначаць арыенціры свайго будучага і чалавечага часу агулам. Страціўшы імунітэт на супраціў глабальнаму нігілізму, яна паступова пераўтвараецца ў рэфлекторнае, чыста імпульсіўнае з інстынктыўнымі праявамі публічнае дзейства. Сённяшнія перформансы і творчыя вечарыны маладзейшых літаратараў мала чым адрозніваюцца ад скамароства (я яшчэ памятаю час, калі зараблялі грошы на выступленнях ад бюро прапаганды Саюза пісьменнікаў, там былі не менш артыстычныя асобы, якія ўмелі інтрыгаваць і забаўляць сабраную на перакур публіку па чатыры-пяць разоў запар за адзін дзень) Той-сёй спрабуе давесці мне, што Хадановіч — паэт інтэлектуальны. Але хіба інтэлектуал будзе ўвесь час іранізаваць і насміхацца над уласным досведам, — супраціўляюся я тым довадам. Інтэлектуал будзе самотнічаць (па Саламону, чым большыя веды, тым большая скруха). Хадановіч жа, хутчэй, выглядае іскрамётным літаратурным эрудытам. Філолагам (фенолагам?) ад паэзіі. Каб вы зналі, зь якога, прабачце, лайна нараджаецца гэтае сьмецце! — іранічна перафразуе ён Ганну Ахматаву. Усе мы ведаем, што ёсць музыка класічная і лёгкая. Падобнага (праўда, нефармальнага) падзелу не пазбегла і паэзія. У А.Хадановіча яна — лёгкая. Гэтая ніша, якая да яго з’яўлення ў айчыннай паэзіі пуставала, з прыходам А.Хадановіча стала ў нашай бязлікай літаратурнай пространі заўважнай і выбітнаю. Трэба аддаць належнае таленту адносна маладога па ўзросце вершатворцы (а я тут ацэньваю яго плён па Гамбургскім рахунку, а не ўцэньваю як тое бывае з шараговымі рыфмарамі), бо — ён ужо сёння зрабіў даволі істотны ўнёсак у сучасную беларускую паэзію. Па-першае, надаў раскаванасці яе знешняму і ўнутранаму стану. Па-другое, на манер Максіма Багдановіча значна пашырыў вершаваныя формы. Па-трэцяе, нацепліў яе паэтычны тэкст пластычнасцю і энергетыкай. І хоць працуе паэт на хадзячых (пераважна чутых і помных) цытатах, пасылах, правакацыйных водгуках, перагуках і асацыяцыях-намёках, нярэдка пасля прачытання яго вершаў ствараецца ўражанне аўтарскай непаўнаты (“невыстраданности стиха”). А калі тое пераходзіць з тэксту ў тэкст, то ўвогуле падаецца інерцыйным і навязлівым, нераўнуючы як у свой час аднастайныя ідэалагічныя схемы ў вершах савецкіх паэтаў. Таму паўстае пытанне: ці здольны А.Хадановіч узняцца над знешнім, каб унутрана (духоўна) спраўдзіцца паэтам насамрэч, у спрадвечным яго класічным разуменні? У мяне такая надзея ёсць. Калі гэтага не адбудзецца, то наша паэзія збяднее на яшчэ адзін дарэшты не рэалізаваны талент (я ўсведамляю і нават уяўна прадбачу рэакцыю паэта на гэты мой чыста суб’ектыўны тэкст і, вядома ж, разумею, што ён мае права быць знакамітым, “якім хоча”, як калісьці пісаў пра сябе А.Твардоўскі). Надзея на паэтычнае ўзнясенне Хадановіча не пакідае мяне, асабліва тады, калі я натыкаюся, да прыкладу, на такія яго адметныя радкі: Сьпелячы словаў смачныя сьлівы, дыхаеш воляй — пад рэбрамі коле. Бо падчас прага быць “своим парнем” перад маладзёвай аўдыторыяй прыводзіць да вульгарных і нават цынічных (няхай і не наўмысных і несвядомых) вершаваных эскападаў дзеля імгненнай дагоды сваім прыхільнікам у стварэнні новага (постмадэрновага) погляду на прамінулыя тэмы савецкага ладу жыцця. Скажам, загуляўшыся з вершам Я.Купалы “Хлопчык і лётчык” (верш “Хлопчык і копчык”), спадар Андрэй можа напісаць так: Тры дні цябе трэсла й ламала, І копчыкам біла аб лёд. Табе гэта, можа і мала, А мне — ляцець толькі ў пралёт. Мы зрэшты і так у пралёце, Нашто нам маскоўскі гатэль? І ўжо зусім цынічныя пасылы да страшнай ваеннай трагедыі: “усё для дзетак бацька мінай// будаўніцтва распачынай” альбо: робіць аборты? Бо акушэр кожны чацвёрты мёртвы мон шэр Творца без вычування меры і гармоніі — нонсенс. Можа, каб паэт быў менш заклапочаны сваім іміджам і літаратурным рэнаме (я, безумоўна, разумею яго творчае эга, папулярызацыю вершавання, а заадно і прапаганду беларускай мовы і літаратуры), то ў яго заставаўся б час на тварэнне асабовай выбітнай біяграфіі, неаддзельнай ад крыві і плоці. Бо ўсякая творчасць вымагае адэкватнай платы. І чым яна вышэй, тым большая плата. Геніі за сваё аддаюць сябе дарэшты Ні ў якім разе я не збіраюся тут некага, у прыватнасці А.Хадановіча, вучыць ці павучаць жыццю і літаратуры. Я сам вучуся. І ўсё яшчэ з’яўляюся непаспяховым і няўдзячным вучнем, які схільны не толькі прапускаць урокі, а і ўвогуле пакідаць школу. Аднак, каб пакінуць школу і застацца, трэба заснаваць і сцвердзіць сваю І тут — край Адчуваю, што далёка зайшоў. Вярнуцца б Зрэшты, наастатку пагаджуся, што і ў нас цяпер паэзія стала як у людзей — “эўрапэйскага кшалту”, а вось Жодзіна ўсё адно, як і трыццаць гадоў таму, пачынаеца “з разгалістай літары “ж” Ды з гэтай патрэбай мы ўжо неяк звыкліся. Інтрыгуе апошні запытальны радок аўтара, які хацелася б яму і пераадрасаваць: а “ці абяцае працяг?” P.S. Так, будзе. 18 сакавіка ў вялікай зале ДЛ у 18.30 адбудзецца вечарына паэта. Прыходзьце. Усе мы ведаем, што ёсць музыка класічная і лёгкая. Хадановіч - "ёрш" дэзу й хардкору! А какая ж харошая рэцэнзыя. Хто аўтар? (Андрэю, пачаму-та ні халера не атрымаў:( ) Андрэй ХАДАНОВІЧ: Мае вершы як лісты шчасьця Карэспандэнт газэты "Наша ніва" Сьвятлана Курс гутарыць з аўтарам "Лістоў з-пад коўдры" Андрэем Хадановічам. — Чаму "Лісты з-пад коўдры"? Ці добры гэта густ — перадражніваць Каліноўскага? — Гэты назоў узьнік, калі рыхтаваўся ўкраінскі пераклад гэтага зборніка. Ён выйшаў раней за беларускі. Яму бракавала глябальнай "фішкі", і тады ўзьнік гэты назоў. Гэтая адсылка да Каліноўскага прамаўляе пра новую генэрацыю творцаў, якія гавораць не ад нейкага зьбіральнага "мы" (народ, нацыя, рух, адраджэнцы й да т.п.), а ад сябе саміх. Якія ня сеюць разумнага, добрага, вечнага, бо з гэтым лепш спраўляюцца сьвятары, навукоўцы, дыктары БТ Гэта голас цалкам прыватнага чалавека, які ня вучыць жыць, бо сам ня ведае, як гэта робіцца. Вядома, кожным тэкстам аўтар спрабуе адказаць на глябальныя пытаньні, але гэты адказ слушны толькі ў пэўны момант, а абсалютных слушнасьцяў, здаецца мне, не бывае. Ліст з-пад коўдры, як мэтафара паэзіі, — гэта такі сабе ліст шчасьця, які ты атрымліваеш, перапісваеш, рассылаеш па дваццаці адрасох, і будзе табе вялікае шчасьце! Нармалёвы культуртрэгер мусіць рассылаць такія лісты шчасьця (натуральна, нікога не абцяжарваючы перапісваньнем). Цяпер кампутары, і ня трэба нічога перапісваць. Задача й прыемнасьць — ствараць і пашыраць. Ня толькі ж гербалайфу памнажацца! Можна памнажаць усё тое радаснае, крэатыўнае й на сёньня экзатычнае, што робіць чалавека чалавекам, а пасьля ўжо беларусам, інтэлектуалам, паэтам, паштаром шчасьця. — Беларускае выданьне ідэнтычнае папярэдняму ўкраінскаму? — Беларуская кніжка ўнутры зусім іншая. Яна большая, там ёсьць шмат тэкстаў, якія не ўвайшлі ва ўкраінскае выданьне, — вершы, створаныя за апошні год-паўтара. Пагаварылі найперш з украінцамі, а ня з намі, сваім народам… Лягчэй надрукавацца па-ўкраінску, чым па-беларуску? Няма прарока ў сваёй айчыне? Украінцы таксама маюць песьню пра "Бедну басоту". Але іх варыянт на восем радкоў карацейшы за наш. Украінская "бідна голота" адразу пачынае біць дзядзьку багатага, які цьвеліцца з добрых людзей. А беларусы спачатку яго ўгаворваюць, да стала просяць: "А ты ня сьмейся, дзядзьку багаты!" Усе беларускія працэсы адбываюцца з такім васьмірадковым спазьненьнем — фармаваньне нацыі, далучэньне да агульнаэўрапейскіх працэсаў і, нарэшце, станаўленьне іншафарматнай літаратуры. Гуляць у карты, чытаць, пісаць і г.д. пад коўдрай зь ліхтарыкам — любімы занятак дзяцей, што хаваюцца ад бацькоўскіх воклічаў: "А ну спаць!" Толькі гультай не вінаваціў мяне ў інфантылізьме. Як на мяне, дзяціннасьць — зусім не найгоршая рыса. Шмат азарэньняў, адкрыцьцяў прыходзяць да чалавека, калі ён далёкі ад непапраўнай сур’ёзнасьці, ад сфармаванасьці. Творца ўсё жыцьцё мусіць быць недасфармаваным. Ён зьмяняецца, дасьпявае й расьце ў добрым сэнсе слова. Дай Бог дарослым рабіць такія адкрыцьці, задаваць такія пытаньні й знаходзіць такія адказы, як дзеці. Даросламу чалавеку няма чаго займацца паэзіяй — ёсьць грунтоўная проза, запатрабаваная сёньня чытачом: о, возьмеш кніжку, то маеш рэч, сюжэцец ёсьць, можна чытаць месяц у транспарце. Найлепшае дзіцятка ад паэзіі, якое я ведаю, — гэта народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін, які па-дзіцячаму непасрэдна рэагуе на дотык да рэальнасьці. У гэтым сэнсе дзядзька Рыгор нічым не адрозьніваецца ад ліцэіста Глеба Лабадзенкі, які піша вершы й дасылае на пэйджэр адрасатам, а найчасьцей адрасаткам. І яны таксама маюць сваё вялікае шчасьце! — Ці можаце Вы пахваліцца прыкладамі сваіх "лістоў шчасьця"? — Магу. Напісаў я колькі беларускіх лімэрыкаў і заўважыў, што людзі пачалі перакладаць ангельскія лімэрыкі — Эдварда Ліра, клясыка жанру, або зьяўляюцца гомельскія лімэрыкі, напісаныя гамельчуком, або лімэрыкі Васіля Фірхольда — відавочна, беларускі нашчадак Казьмы Пруткова — з мацюкамі, салёным слоўкам. Праўда, пасьля "Здубавецьця" Барадуліна беларускага чытача такім ужо ня зьдзівіш. Ён страціў сваю цнатлівасьць, і мы ня будзем яе аплакваць. Другая тэхналёгія "лістоў шчасьця" для мяне — гэта "Перакладніцкая майстэрня", якую я праводжу пры Беларускім калегіюме. Раз на тыдзень дзясятак-два "маладых шаленцаў" зьбіраюцца, каб адрэдагаваць, абмеркаваць, у пакутах спарадзіць сымпатычны пераклад. — Вашыя творчыя пляны? — Я ператвараюся ў сэрыйнага маньяка ад выдаваньня кніжак. За другой беларускай кніжкай хутка чакаецца трэцяя — "Землякі, альбо Беларускія лімэрыкі", а там насьпявае й чацьвертая — "Дурка Беларуская" (ня блытаць з Багушэвічам!). Настаў "справаздачны пэрыяд" перад чытачом, які жадаў бы гэта мець у сябе ў выглядзе кніжак. Час ладзіць прэзэнтацыі, відовішчы, "слыховішчы", выносіць сьмецьце з… творчай лябараторыі. Час паэту вылазіць з-пад коўдры! — І калі вылазіны? — У цёплы, спадзяюся, дзень 18 сакавіка. У Доме літаратара а 18.30 будзе прэзэнтацыя "Лістоў з-пад коўдры". Алесь Пушкін прывязе свой новы пэрформанс. Возьме ўдзел і шаноўны Рыгор Барадулін. Будзе Ўладзімер Арлоў, які сьніць экзатычныя сны, у тым ліку пра Хадановіча. Яшчэ будуць Зьміцер Бартосік, Серж Мінскевіч, творчы хаўрус Джэці й Віктар Жыбуль. Апошнія, як на мяне, — адны з самых шматабяцальных у Беларусі аўтараў. Чакаецца шмат харызмы й энэргіі, якой творцы абмяняюцца з тымі, каму гэта патрэбна. — Чым Вы асабіста парадуеце публіку? — Апошнімі часамі паэзія ў нас падзялілася на высокія й нізкія жанры, не раўнуючы як за часоў клясыцызму. Вось жа, на імпрэзе будзе й "высокае", і "нізкае". Будзе, скажам, перасьмешніцтва зь беларускай савецкай літаратуры, кшталту "Хлопчык і копчык", дзе я перапяваю ляўкоўскага Купалу. А зусім днямі, на пачатку посту, напісаўся верш "Пост" зь перасьпевамі Блока, пра дзеўчыну, якая "пела ў шыкоўным бары". — Андрэй, калі Вы пасьпелі так начытацца? У адным Вашым зборніку можна налічыць прыхаванае цытаваньне й алюзіі на сотні аўтараў ад Грабеншчыкова да Гамэра. Ёсьць цытаты з расейскіх папсачоў… Падаецца, Вам усё роўна, з чаго плесьці свае карункі. — Мне часта згадваюцца словы Шарля Бадлера, які казаў, што паэт — як сонца, праменьню якога ўсё адно куды падаць — на залатыя кляйноды ці на кучу лайна. У гэтым сэнсе для мяне сьмецьця не існуе. Любая моўная канструкцыя, любы фрагмэнт культуры, назапашаны чалавекам як у высокім, так і ў нізкім сэнсе, ёсьць як бы фрагмэнтам дзіцячага калейдаскопу. Варта яго пакруціць, страсянуць, зазірнуць — ня ведаеш, што складзецца, які ўзор. У мяне пытаюць, ці шаную я клясыкаў, ці зьдзекуюся зь іх. Найперш шаную, а толькі потым сьмяюся. Хто ж вінаваты, што мая пэрсанальная дошка пашаны часам так нагадвае карыкатуру? На люстэрка ў такіх выпадках наракаць не выпадае. = Хадановіч - "ёрш" дэзу й хардкору! = Ты што, абкурыўся?! Хардкор - гэта анарха-рок. Стылістыку не адрозьніваеш. Хадановіч - гэта папса. Ня "Руки вверх", канешне, але недзе побач з "Пролежними" "Ленинграда". Так ано ж з рэцэнзіі вынікае што да хардкору ("А Рейган - вор, ковбой і підераст "). З'іранізаваў я, так скзаць, выбачай. А зь "Ленінградом" А.Х. параўнаць - гэта сапраўды "сьцільна". :(( Хадановіч - наскі Шнур да ўсяго!! Вось жа, Хадановіча ўвапхнулі яшчэ ў адну вольную нішу Не па паняціям, братэлла, разьбіраць нада. Не дарос ішчо Хадановіч да такіх вышыняў. Работаць і работаць. М-да.. 15 Сакавіка 2004 Андрэй Хадановіч: “Я супраць барыкаднай літаратуры” Міхась Скобла, Менск Вясна — пара абуджэньня. У тым ліку й творчых сілаў. Бясконцай чарадой ідуць выставы, прэзэнтацыі, ладзяцца пэрформансы і вечарыны. У Андрэя Хадановіча адна за адной выйшлі дзьве паэтычныя кнігі, і неўзабаве зьявяцца яшчэ дзьве: “Старыя вершы”, “Лісты з-пад коўдры”, “Беларускія лімэрыкі” й “Дурка беларуская”. “Прыйшоў час вылазіць з-пад коўдры”, — кажа 32-гадовы паэт і запрашае паспалітае людзтва на сваё творчае сьвята. А мы запрасілі яго ў “Вольную студыю”. (Міхась Скобла: ) “Андрэй, на вокладцы адной з тваіх кніг ты — у лётніцкай скуранцы ды шлеме часоў авіятараў братоў Райт. Паэзія — гэта палёт?” (Андрэй Хадановіч: ) “Паэзія — гэта палёт, гэта прызямленьне пасьля палёту. Галоўнае — шчасьліва сумясьціць высокі палёт і несьмяротнае прызямленьне ва ўсіх сэнсах гэтага слова”. (Скобла: ) “Наколькі для паэта актуальнае ўвесьчаснае знаходжаньне ў стыхіі роднай мовы? Іосіфу Бродзкаму заміналі пісаць ангельскамоўныя шыльды на вуліцах Нью-Ёрку. Уявім сытуацыю: ідзе паэт Хадановіч па праспэкце Скарыны, а над праспэктам вісіць расьцяжка: “Остановим торговлю женщинами!” (А гэткі плякат сапраўды вісіць.) Табе гэта перашкаджае — на вэрбальным роўні?” (Хадановіч: ) “Гэткі плякат — для мяне добрая тэма!.. Я добра разумею паэта-набэліста. Чужая моўная стыхія, вядома ж, замінае, але… Нават ангелец у сваёй ангельскамоўнай стыхіі таксама замкнёны, у яго свая прастора, свая творчая лябараторыя, ён перабірае свае гукі, сугуччы, адценьні. І дай Бог, каб ён пад грамадзкі транспарт пры гэтым ня трапіў. Моўная стыхія праходзіць паўз вушы на роўні шуму, зь якога калі-нікалі ўдаецца выцягнуць пэрлінку. Навакольны шум паэту глыбока “па барабане”. Ён можа быць для тэмпэрамэнтнага паэта добрым вонкавым раздражняльнікам”. (Скобла: ) “Я так разумею, гэта такі сучасны сынонім натхненьня…” (Хадановіч: ) “Так-так. І чалавек думае: ну добра, паскуды, вы так хочаце, а я па-свойму зраблю. Зрэшты, рэкамэндую ўсім беларусам халерычнага тэмпэрамэнту зранку глядзець па БТ навіны, сэлектарныя нарады з галоўным дзеячам, які іх праводзіць. Калі ў вас апускаюцца рукі, калі вы ня ведаеце, што рабіць далей, калі ўзьнікае адчуваньне стомы й марнасьці — паглядзіце на пэрсанажы, паглядзіце на навакольны абсурд. Глядзіш — і зьявіцца дадатковая матывацыя што-небудзь зрабіць, каб зубы паказаць. Ва ўсьмешцы”. (Скобла: ) “Сёньня ў сьвеце зьявілася мода на мёртвыя мовы. Скажам, папулярныя літаратурныя творы перакладаюцца на старажытнагрэцкую. Другі прыклад — існуе рух нэалаціністаў (у яго, дарэчы, уваходзіць наш Уладзімер Шатон, перакладчык “Песьні пра зубра”), які мае за мэту ператварыць лаціну ў міжнародную мову. Як бы ты схарактарызаваў гэтую зьяву?” (Хадановіч: ) “Мне ў гэтым бачыцца спроба стварыць сваю субкультуру і існаваць у ёй. Нешта падобнае мы назіралі ў 1960, 1970, 1980-я гады, калі людзі зьбіраліся ў клюбы бардаўскай песьні, сядзелі каля вогнішча і гралі на гітарах. У сьвеце, дзе кожныя некалькі дзён памірае адна мова, ня можа ня радаваць адваротны працэс, калі да моваў вяртаюцца”. (Скобла: ) “Ці ня робіцца больш аптымістычнай у сувязі з гэтым будучыня мовы беларускай?” (Хадановіч: ) “Беларуская мова яшчэ досыць жыцьцяздольная, і ўсе чуткі пра яе сьмерць, як той казаў, занадта перабольшаныя”. (Скобла: ) “Твае вершы нашпігаваныя відавочнымі й прыхаванымі цытатамі. У сувязі з гэтым раскажу гісторыю. Адзін крытык знайшоў у аднаго беларускага паэта верш, які пачынаўся радком: “Маўчаць труніцы, муміі і косьці…” Ён і напісаў у рэцэнзіі, што гэта радок Івана Буніна. Паэт расьперажываўся, ды так, што неўзабаве сышоў у манастыр. У цябе няма адчуваньня, што за пазычанае трэба ну… хоць бы дзякаваць, а ўнізе пісаць такімі мале-е-нечкімі літаркамі: гэта радок, прыкладам, Максіма Багдановіча?” (Хадановіч: ) “Няма такога адчуваньня. Наадварот, ёсьць адчуваньне, што карыстаньне чужым словам мяне пад манастыр не падвядзе. Чаму я не бяру пазычанае ў другіх у дзьвюхкосьсе? Ды таму, што я ня страціў вялікай павагі да свайго чытача, ня страціў адчуваньня, што мы можам зь ім размаўляць на роўных. Я магу загадваць яму загадкі, і ён здольны іх пасьпяхова разгадваць. Я прапаноўваю гульню, якая цікавая абодвум бакам. Я мог бы зрабіць, як гарадзенец Юрась Пацюпа, якога я, зрэшты, страшэнна шаную. Ён зрабіў санэтны цэнтон: 14 радкоў, і кожны радок сьцягнуты ў нейкага паэта. І Юрась, відаць, вырашыў не трапляць “пад манастыр”, кожны радок узяў у дзьвюхкосьсе і дадаў сьпісачак аўтараў: гэта радок Гаруна, гэта Багдановіча, гэта Арсеньневай. Аднак, гэты прыём не для мяне. Постмадэрністы Умбэрта Эка, Міларад Павіч ды іншыя шмат пісалі пра этычнасьць і неэтычнасьць цытаваньня, маральнасьць і немаральнасьць карыстаньня чужымі тэкстамі. І да чаго прыйшлі? Калі мы чытаем у “Імені ружы” моцную эратычную сцэну паміж манахам і сярэднявечнай куртызанкай, то выяўляецца, што ўсё гэтая сцэна сатканая зь мікрацытатаў зь сярэднявечнанга пісьменства — ад тэалёгіі да самай нізкай літаратуры. І ніводнага слова самога Ўмбэрта Эка ў ёй няма! Пісьменьнік абсалютна шчыры са сваімі чытачамі, ён усімі сродкамі, так бы мовіць, расстаўляе “смайлікі”, па-кампутарнаму кажучы, — зьвярніце ўвагу: гэта літаратурны прыём. Я ня стаўлю дзьвюхкосьсяў, але раблю ўсё магчымае, каб чужое ў маіх вершах чытачамі адразу пазнавалася”. (Скобла: ) “Прадэманструй, як можна чужымі словамі выказваць свае думкі”. (Хадановіч: ) “Прачытаю некалькі двухрадкоўяў і чатырохрадкоўяў з будучай кнігі “Дурка беларуская”: Вёска ў хваляваньні — Піянэр Гарохаў Дзікім паляваньнем Напалохаў лохаў. Сьцены — мат на маце, Падпаліў салому… Не сядзіцца ў хаце Хлопчыку малому. * * * Зайшоў і — рукі дагары, Усе навокал уцякаюць. Сьмяецца Тэрмінатар-3: “Што я мужык, усе тут знаюць!” * * * Ня маючы больш сябровак, У веку пэнсіянэра Завёў сабе дзьвюх каровак І кліча: “Зорка, Вэнэра!” * * * Ах, нумар ейнае мабілы!.. Забыць цябе ня маю сілы. (Скобла: ) “Ты часам парадыруеш творы, зь якіх ніхто да цябе не іранізаваў. Багушэвіч, Каліноўскі, Купала ў нашым літаратуразнаўстве — як сьвятыя каровы ў Індыі. Да якой пары, прызнайся, будзеш “апаганьваць сьвятыні?” (Хадановіч: ) “Як паказвае практыка, наяўнасьць сьвятых кароваў шкодзіць жывёлагадоўлі Я вельмі люблю беларускую літаратуру й лічу, што ўсе добрыя радкі, добрыя слоганы ў ёй ужо ёсьць. Застаецца малое: памяняць іх месцамі, расставіць у патрэбным парадку. І я гэтым займаюся, як гэта адчуваю сам і стараючыся паглядзець на ўсё вачыма сучаснага чалавека. Барані Божа, я не кажу, што гэта памірае, а я займаюся рэанімацыяй! Проста можна сказаць, што я пашыраю адрасную аўдыторыю гэтай паэзіі. Вось верш, які называецца “Хлопчык і копчык”: Мой мілы таварыш, мой хлопчык, Што прагнуў калісьці ў палёт, Я, ведаеш, хворы ўжо копчык, Разьбіты табою аб лёд. Брыдзеш па жыцьці нецьвярозы, Глядзіш у палонку й пятлю. А помніш, як ты з бамбавозу Калісьці глядзеў на зямлю, Як месяц на небе начуе, Як блукае ў лесе мядзьведзь. А сёньня і вуха ня чуе, І вочы працуюць ледзь-ледзь. Твой месячык мае нябёсы, І мае мядзьведзь свой бярлог, А ты, ад гарэліцы косы, Ня маеш нічога, бо лох. Тры дні цябе трэсла й ламала І копчыкам біла аб лёд, Табе гэта, можа, і мала, А мне — ляцець толькі ў пралёт. Мы, зрэшты, і так у пралёце, Нашто нам маскоўскі гатэль. З вышыняў на аўтапілёце Ляцім, як цяжкая гантэль. Маленькаму копчыку, хлопчык, Прыходзіць вялікі капец. І больш не заві мяне “копчык”, Па-наскаму трэба “хвасьцец”. (Скобла: ) “Пад твае цытаты захацелася й мне цытаваньнем заняцца. “Андрэй Хадановіч відавочна ня стане зашываць сабе рота, бо іначай ён ня зможа есьці”, — пісала газэта беларускіх анархістаў “Навінкі”. Якія ж магчымасьці застаюцца паэту для грамадзянскага пратэсту?” (Хадановіч: ) “Дай Бог здароўя беларускім анархістам з “Навінак”: мне здаецца, што яны слушна праніклі ў маю эстэтыку. Безумоўна, актуальныя рэаліі проста правакуюць паэта на пратэст, і не пратэставаць абсалютна немагчыма. Разам з тым, гэты пратэст, як на мяне, не павінен мець нічога супольнага з нашай папярэдняй “змагарнай”, “барыкаднай” літаратурай! Я супраць яе. Найлепшае, што можа зрабіць сучасны паэт, — гэта ўцягнуць у арбіту беларушчыны новых і новых, раней выключна расейскамоўных інтэлектуалаў, даўшы ім зразумець, што беларускамоўны культурны прадукт — гэта зусім ня тое, чым яны раней грэбавалі дзякуючы школе і няўдаламу выкладаньню праграмнай літаратуры. А такога ўцягваньня не адбудзецца без канкрэтных мастацкіх падзеяў, без канкрэтных эфэктных паэтычных акцыяў, без канкрэтнага пасьпяховага “хаджэньня ў народ”!” (Скобла: ) “Тваё чарговае “хаджэньне ў народ” адбудзецца на гэтым тыдні й названае яно “Бабілёнскім праектам”. А Бабілён тут пры чым?” (Хадановіч: ) “Адразу расчарую нядобразычліўцаў: ніводнай бабілёнскай блудніцы на вечарыну запрошана не было. (Хаця магчымыя ўсякія сюрпрызы.) А калі сур’ёзна, то адразу згадваецца Борхесаўская “Бабілёнская бібліятэка”, дзе, як вядома, было ўсё. Апроч таго, да галавы прыходзіць біблійная гісторыя з будаўніцтвам вежы й наступным зьмяшэньнем моваў. Як на мяне, беларускай мове тады не пашчасьціла асабліва: надта ж пэрыфэрыйнае месца заняла яна ва ўсясьветнай культуры… “Бабілёнскі праект” — гэта сьціплая спроба перааадолець згубныя наступствы таго зьмяшэньня моваў. Гэта спроба, у прыватнасьці, наблізіць беларускую мову да носьбітаў іншых культураў, зрабіць нашую культуру болей празрыстай для прадстаўнікоў іншых. А што да вынікаў гэтае спробы, то меркаваць, безумоўна, ня мне, хоць новыя й новыя польскія, украінскія й г.д. пераклады нашай актуальнай літаратуры ўнушаюць непадробны аптымізм! Запрашаю слухачоў Свабоды 18 сакавіка ў 18.30 у Дом літаратара на свой “Бабілёнскі праект”. Ага, цікавае інтэрвію. Я на першую старонку запошчу лінк. усе 33 паведамленьняў Вы павiнны ўвайсьцi ў сыстэму або зарэгiстравацца (калi шчэ не зрабiлi гэтага), каб мець магчымасьць пiсаць камэнтары або навiны. |
| |||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
|